Хлеб штодзённы

5 студзеня

2-я  нядзеля пасля Нараджэння  Пана, год Аgr-str-30

 

 Адказаць на Божую любоў

 

 1 чытанне — Сір 24, 1-2. 8-12.

Пс 147, 1-15. 19-20.    

2 чыт. — Эф 1, 3-6. 15-18.

Евангелле — Ян 1, 1-18.

 

“Ён выбраў нас у Ім  перад стварэннем свету, каб мы былі святымі  і беззаганнымі перад Ім у любові” (Эф 1,3-4).

Чытанне  з  кнігі  Мудрасці Сіраха, якое  ўводзіць  нас у сённяшнюю Літургію,  напісана і скіравана да тых, хто  прагне  паглыбіць  свае адносіны з Богам і хто хоча быць верны Божым наказам. У сваім пасланні  аўтар піша пра Мудрасць, якая зыходзіць з нябёсаў, пасланую людзям самім Богам.

У пэўным моманце гісторыі Бог прыказвае  Мудрасці знайсці сабе месца  на  зямлі, закараніцца ў Ізраэлі. Заўважаем  падабенства  паміж  кнігай Мудрасці і сённяшнім Евангеллем. Падобным чынам св. Ян Евангеліст апіша прыйсце на свет Езуса –  Божага Сына. Адвечнае Слова Бога, якое прымае людское цела і знаходзіць сабе месца на зямлі, сярод людзей.

Праз факт Уцелаўленння Бог уваходзіць у чалавечую гісторыю. Мудрасць Бога, якая ўжо не належыць толькі  да выбранага Народу і  не  заключана  толькі  ў  каменных  табліцах  Х запаведзяў і старонках Старога Запавету. Мудрасць, якая прыходзіць да ўсіх людзей, прыняўшы чалавечае цела,– прыходзіць у жывым Слове, прыходзіць як Хрыстус.

Евангелле, запісанае св. Янам, адрозніваецца ад іншых Евангелляў перадусім тым, што аўтар хоча не толькі прадставіць храналогію здарэнняў  Божага  Нараджэння, але спрабуе  прадставіць гісторыю Ўцелаўлення  зусім  з іншай перспектывы,  адсланяючы перад намі таямнічыя  Божыя  праўды:

– «На пачатку  было  слова  і  слова было ў Бога… яно было на пачатку ў Бога…». Бачым  Сына, адвечнае  Слова  Айца,  якое  прабывае з Ім. Уцелаўлёнае Слова – Езус, які прыходзіць на гэты свет як чалавек, без сваёй Боскай усемагутнасці і хвалы, але багаты на любоў і міласэрнасць. Здаецца,  што  менавіта такі быў  план Бога, каб здабыць чалавечае  сэрца  не  моцай, але тым, чаго яно найбольш патрабуе, – шчырай  любоўю.

– Наступная  рэч, якую можам заўважыць, гэта  праўда  пра нас, людзей,  і нашу залежнасць ад Бога: «Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася…». Гэтыя словы ўказваюць на лучнасць паміж  небам  і зямлёй, справамі  духоўнымі і звычайнымі чалавечымі клопатамі, бо крыніцай паўстання  аднаго і  другога  з’яўляецца Бог. Езус, які з’яўляецца не толькі Настаўнікам  ці  Цудатворцам, але Ўцелаўлёным  Богам, уваходзіць у чалавечую  гісторыю, каб вырваць нас  з цемры граху, смерці, роспачы і  адчыніць  людзям брамы Неба. Божы Сын прыходзіць, каб паяднаць Неба і Зямлю, чалавека з Богам, – пакінуўшы  сваю  усемагутнасць і хвалу,  аб’яўляецца чалавеку як чыстая  Любоў.

Усведамляючы  сабе  гэтую рэчаіснасць, варта знайсці ў сваім сэрцы жаданне і пастанову адказаць асабістай  любоўю на Любоў, якую пасылае Бог кожнаму чалавеку.


 

12 студзеня

Свята Хросту Пана, год Аgr-str-31

 

 Добры пачатак!

 

1 чытанне — Іс 42, 1-4. 6-7.

Пс 29, 1-4, 3, 9-10.    

 2 чыт. — Дз 10, 34-38.

Евангелле — Мц 3, 13-17.

 

“Вось слуга Мой, якога ўпадабала душа мая” (Іс 42, 1-2).

 Калісьці пакліканы Езусам мытнік Левій –Мацвей з’яўляецца аўтарам Евангелля, якое было скіравана да хрысціян габрэйскага паходжання. Крыху пазней, пасля 70 года, у сваей адноўленай форме ягонае Евангелле стала катэхізісам і правіламі жыцця хрысціянскай супольнасці. Варта ўвагі тое, што ў сваім пасланні Мацвей прадстаўляе Езуса як новага Майсея – таго, хто ўсталёўвае і аб’вяшчае новы закон Божага Валадарства на гары Благаслаўленняў.

Не выпадкова Мацвей адразу пасля ўступу дзеліць сваё Евангелле на ўзор Пяцікніжжа, запісанага Майсеем, дзе ў першай кнізе знойдзем праграму, планы валадарства (Мц 3-7); у другой гаворка пойдзе пра абвяшчэнне Божага Валадарства (Мц 8-10); у трэцяй частцы адкрыем таямніцы Валадарства (Мц 11, 1-13, 52); у чацвёртай убачым Касцёл – як вобраз і пачатак Божага Валадарства (Мц 13, 53 — 18, 35) і ў апошняй, пятай частцы, указана здзяйсненне Божага Валадарства на зямлі (Мц 19-25). Мацвей, падобным чынам, як Марк і Лука, апісваюць Хрост, перажыты як быццам бы вачыма самога Езуса. У сваім Евангеллі аўтар найбольш за іншых апісаў падрабязнасці, якія датычылі Хросту Пана.

Езус, пасля дыялогу з Янам Хрысціцелем і прыняццем Хросту, працягвае Божую справу, якая ўжо хутка ахіне ўвесь свет. Евангелле паводле св. Мацвея заканчваецца запрашэннем да абвяшчэння Добрай Навіны і ўдзялення Хросту ў імя Святой Троіцы (28, 18-20). Запрашэння, скіраванага да кожнага чалавека.

Кожны год свята Хросту Пана завяршае перыяд Божага Нараджэння. Гэта не толькі прыгожая традыцыя – момант Хросту Езуса, гэта – пачатак Ягонай місіі. Час, калі Езус, які быў 30 год «укрыты» сярод свайго народу, распачынае сваё служэнне. Не выпадкова, што ў гэтае свята мы чуем чытанне з Кнігі прарока Ісаі аб Слузе Пана, які спаўняе Божую волю, не шкадуючы нават уласнага  жыцця дзеля збаўлення людзей. Ад гэтага моманту запрашэнне прыняць гэтае збаўленне і заахвочванне да перамены жыцця скіраваны да кожнага чалавека.

Апісаныя здарэнні над Ярданам  – гэта не толькі пачатак місіі Хрыста, гэта таксама запаведзь Ягонай перамогі і новага жыцця, якім Бог хоча адарыць кожнага чалавека. Над Ярданам мы становімся сведкамі аб’яўлення Святой Троіцы. Бог, які сам з’яўляецца дасканалай супольнасцю, запрашае нас да камуніі з сабою. Адначасова, прыняўшы ласку Хросту, становімся Божымі дзецьмі і адрасатамі слоў з Евангелля: «Ты мой сын, мая дачка ўмілаваная!».


19 студзеня

2-я  звычайная   нядзеля, год А

 

 

Вялікая місія

 

1 чытанне — Іс 49, 3. 5-6.

Пс 40, 2, 4ab. 7-10.    

 2 чыт. — 1 Кар 1, 1-3.

Евангелле — Ян 1, 29-34.

 

 

“Я зраблю цябе святлом народаў, каб збаўленне Маё дасягнула аж да краю зямлі” (Іс 49,6).

Сённяшняе  Евангелле  прадстаўляе нам здарэнне з-над ракі Ярдан пасля Хросту Езуса. Ян Хрысціцель усцяж  застаецца пры Ярдане – у тым самым месцы, дзе ўдзяліў Хрост. Ян не адыйдзе з гэтага месца. Будзе трываць як моцна ўкопаны ў зямлю знак. Знак, які меў толькі адно-адзінае заданне і місію, – указаць на Месію. Хрысціцель не пойдзе за Езусам, не станецца Ягоным вучнем ці апосталам, але  іншых будзе кіраваць да Хрыста. Ян распазнаў Месію, дзякуючы Слову – голасу Айца з неба і здарэнню, калі ўбачыў Духа Святога ў постаці голуба, сыходзячага  на Хрыста. І толькі тады, калі асабіста дасведчыў гэтай рачаіснасці, толькі тады стаў знакам, накіроўваючым іншых на Хрыста. Карыстаючыся  пасхальнай сімволікай,  Ян назаве Езуса «Баранкам Божым», тым, які бярэ на  сябе грахі свету. Вось гэты таямнічы Слуга Пана, аб якім мы чуем у І чытанні з  кнігі  прарока  Ісаі.  Цяпер ужо выразна бачым Ягонае пакліканне – нясці святло і збаўленне не толькі Ізраэлю, але і ўсім народам.

 Святы Ян Евангеліст, апісваючы гэтае здарэнне, указвае на Хрыста як на сапраўдную Пасху, на Таго, хто мае моц вызваліць Божых дзяцей са старадаўняй няволі – ад граху і смерці. Прарочыя словы Яна Хрысціцеля: «гэта Баранак Божы…» спаўняюцца, калі кроў Езуса праліваецца на крыжы менавіта ў тую гадзіну, калі ў святыні забіваюць пасхальных баранкаў…

Езус вырушае далей, пачынае здзяйсняць сваю місію. Варта ўвагі тое, што кожны з нас можа таксама мець сваё заданне ў гэтым збаўчым пакліканні. Бог, які дае нам свайго Духа, мае моц учыніць нас падобнымі да Яго Адзінароднага Сына. Запальваючы  ў  нашых  сэрцах полымя сваёй любові так, каб мы маглі  ўказваць  іншым шлях да збаўлення.


 

26 студзеня

3-я  звычайная   нядзеля, год А

 

 Першыя крокі

 

1 чытанне — Іс 8, 23b – 9, 3.

Пс 27, 1. 4. 13-14.    

2 чыт. — 1 Кар 1,  10-13. 17.

Евангелле — Мц 4, 12-23.

 

 

“Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей” (Мц 4, 19). 

На  працягу ўсяго літургічнага года ў нядзелі будзем чытаць Евангелле, запісанае св. Мацвеем. Сёння чытач становіцца сведкаю першых крокаў  місійнай і адначасова місіянскай працы Хрыста. З гэтага моманту возера Генезарэт будзе ўлюбёнай ваколіцай Езуса, дзе Ён будзе праводзіць шмат часу.  Яго прысутнасць у Галілеі можна параўнаць з ясным променем святла, якое знішчае змрок: Езус заклікае да навяртання,  абвяшчае Божае Валадарства, кліча першых вучняў,  аздараўляе хворых і церпячых. Уваходзіць у розныя чалавечыя праблемы і дае людзям сапраўдную вольнасць. Словы, запісаныя ў кнізе прарока Ісаі, спаўняюцца: «Вось Слуга мой, я спаслаў на Яго свайго Духа,  Ён прынясе народам правасуддзе…».

  Варта ўвагі, што да гэтай місіі  Езус таксама кліча вучняў: Сымона, Андрэя, Якуба, Яна… 

У адрозненне ад тагачасных духоўных настаўнікаў – рабінаў Езус не чакае, калі да Яго прыйдуць вучні. Ён сам шукае і выбірае тых, каго хоча.  У вобразе рыбакоў таксама ўкрыта важная праўда аб заданнях вучня.  Даволі часта Езус будзе ў сваіх навуках карыстацца вобразам палову рыб, каб апісаць рэчаіснасць канца свету і апошняга суда  (Мц 13,47-50).  Бачым, што цяпер чалавецтва ўваходзіць ў новы этап гісторыі, калі Апосталы будуць ратаваць – лавіць людзей перад надыходзячым судом.  Нашыя сем’і, супольнасці, месцы працы і нават парафіі таксама могуць стаць такім часам добрага палову. 

 

 

кс. Юрый ПРАКАПЮК 


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий