«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

Пасяджэнне ўдзельнікаў “круглага стала” у парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне, дзе абмяркоўвалася 8-я Божая Запаведзь – “Не сведчы фальшыва супраць бліжняга твайго”, – пачалося з малітвы. “Прыдзі, Дух Святы, са сваім асвячэннем і асвяці наш розум, нашыя сэрцы, каб гэтая сустрэча дапамагла перамяніцца нам самім і дапамагала жыць надалей, узрастаючы ў цнотах праўды”, – прасілі вернікі.

 

У цнотах праўды

 

f-str-16Вядучы “круглага стала” пробашч парафіі а. Міхаіл Цвячкоўскі, МІС запрасіў  не проста паразважаць над зместам Запаведзі, які ўсім добра вядомы, а падзяліцца сваім роздумам і перажываннямі, якія сустрэлі вернікі, выконваючы яе патрабаванні.
– Прыказанне разумеем дасканала, – падкрэсліў святар, – але як яно адбіваецца ў нашым жыцці? Ці самі не сведчым фальшыва і як успрымаем фальш побач з сабою? Успомніце, калі ласка, сітуацыі, калі вы адчулі, што пра вас нехта сведчыў ілжыва, чым вас моцна абразіў, і якой была рэакцыя вашага сэрца? Што хацелася зрабіць ці сказаць чалавеку, які гэта ўчыніў? Я хацеў бы нават пачуць, як вы расцэньваеце ў святле Божых патрабаванняў сваю рэакцыю на тую абразу. З дзяцінства ведаеце, што Бог даў у рукі Майсея 10 Запаведзей, надаўшы кожнай – пэўную прастору. Ніхто не мае права іх адмяніць, яны – канстытуцыя нашага жыцця, і, калі бу-дзеш знаходзіцца ў гэтай прасторы,– будзеш шчаслівы. Але ў Кнізе Другазаконня чытаем, што чалавеку Бог даў таксама і права свабоднага выбару. Перад кожным з нас – дзве дарогі: дарога дабра і дарога зла, жыццё і смерць, благаславенства і пра-клён. Чалавек мае права зламаць гэтую прастору, выбраць не Божае, а тое, што захоча сам, але разам з гэтым ён выбірае сабе наступствы граху.

 

Яўген:
– Ці былі такія выпадкі ў маім жыцці? Хутчэй за ўсё – не, а калі і былі, то я, відаць, не прыдаў ім вялікага значэння. Лічу, што часцей за ўсё фальшывае сведчанне, як загана ў адносінах паміж людзьмі, існуе адносна людзей публічных, вядомых, якія, як кажуць, заўсёды на віду, робяць нешта карыснае, значнае, займаюцца глабальнымі справамі, грамадскай дзейнасцю і г. д. Іншыя ім моцна зайздросцяць і ў той самы час дапускаюць у іх адрас бясконцую, да таго ж беспадстаўную крытыку, распаўсюджваюць фальшывыя меркаванні, несправядлівыя выказванні, нават плёткі, што шкодзіць рэпутацыі чалавека, можа адбіць у яго усякую ахвоту далей працаваць на карысць іншых, можа наогул загубіць добрую ідэю.

 

Каця:
– Думаю, што ў кожнага чалавека, які пачуў пра сябе несправядлівыя або заведама фальшывыя выказванні, абразлівыя словы, адразу з’яўляецца абурэнне, злосць на таго, хто такую несправядлівасць дапусціў, і ён пачынае шукаць сабе апраўданні, тлумачэнні ўсяму гэтаму. Думаю, што такія моманты кожным чалавекам перажываюцца складана і балюча і могуць выклікаць нават грэх абмовы, гэта значыць, што той, каго абразілі, ў парыве злосці, у парыве “пошукаў апраўдання” таксама можа дапусціць несправядлівыя выказванні адносна ўжо свайго абражальніка. І атрымоўваецца, што грэх распаўсюджваецца ў геаметрычнай прагрэсіі.

 

Пытанне:
– Сапраўды, што рабіць, калі супраць цябе фальшыва сведчаць? Ці трэба сябе бараніць ці ўсё пакінуць на волю Божую?

 

Вядучы:
– Кожны з вас, напэўна, мае свой багаты досвед адносна людскіх паводзінаў у выпадках, калі побач з праўдаю гучыць фальшывае сведчанне. Яно ганьбіць чалавека, знішчае яго асобу. Бог стварыў чалавека на сваё падабенства, таму кожны з нас мае права і павінен бараніць сваю годнасць, але якім спосабам? На фальш адказваць такою ж фальшшу? Памнажаць зло? Адказ адназначны: павінен бараніць толькі годнымі сродкамі! Асабіста для мяне было б некамфортна і прыкра, каб свайму абражальніку я “адплаціў” тым самым чынам – я страціў бы душэўную раўнавагу, страціў бы ў сабе нешта Божае. Да таго ж, наконт гэтага мы добра ведаем навуку Евангелля: калі ўдарылі цябе па правай шчацэ, падстаў і левую. Гэта азначае, што Бог заклікае нас на зло адказваць дабром, а суд і пакаранне тых, хто ўчыніў зло, пакінуць Госпаду.

 

Каця:
– Мне здаецца, што, калі нехта зробіць табе балюча, то ў тваім сэрцы пасяляецца злы дух, які хоча абавязкова адпомсціць, шукае спосаб гэта зрабіць, каб, урэшце, атрымаць нейкую для сябе выгаду. Але ў такіх выпадках трэба праяўляць стрыманасць. Дарослыя гэта разумеюць, а дзяцей мы павінны вучыць. У мяне трое дзяцей, і я заўважаю, як падросткі, гаворачы пра нешта сваё, часам “кучкуюцца” і дапускаюць выказванні супраць нейкай іх сяброўкі: маўляў, і тое яна робіць не так, і іншае не так… Размаўляю са старэйшаю сваёю дачушкаю і тлумачу: якая карысць табе з таго, што ты абгаворыш дзяўчынку, зганьбіш яе? Заўтра сустрэнешся з ёю, можа нават па-просіш у яе дапамогі – ці не бу-дзе табе пры гэтым сорамна? А мой муж у такіх выпадках раіць канкрэтна: перш чым сказаць, далічы да трох – раз-два-тры, эмоцыі пройдуць, тады гавары. І яшчэ: калі хочаш сказаць нешта важнае, задай сабе пытанне – а што сказаў бы пра гэта Бог?

 

Вядучы:
– Сапраўды, эмоцыі не заўсёды бываюць карыснымі – пад іх уздзеяннем чалавека лёгка па-крыўдзіць, лёгка загадзя стварыць негатыўны вобраз таго, каго мы зусім не ведаем. Бывае, што вобраз незнаёмага пачынае фарміравацца і на фактах праўдзівых, але пры гэтым “прамоўца” дадае столькі эмоцый, што пасля, калі пачынаеш бліжэй пазнаваць гэтага чалавека сам, пераконваешся, што чатырох з пяці сказаных аб ім рэчаў – няма. Таму асабіста для мяне прынцыповым з’яўляецца фарміраванне вобразу чалавека на падставе ўласнага досведу, а не на меркаваннях іншых людзей.

 

Каця:
– Сапраўды, меркаванне ў кожнага сваё, свая “карцінка” ўспрыймання свету, адносінаў паміж людзьмі. Для адных сказаць няпраўду – проста смерць, а другія жывуць хлуснёю і плёткамі – і спяць спакойна.

 

Бр. Карнэлій:
– Але гэты грэх фальшывага сведчання мае многа іншых негатыўных наступстваў, якія пранікаюць у розныя сферы нашага жыцця, асабліва, калі скажэнне праўды становіцца мэтаю, у асобных выпадках – нават мэтаю групы людзей. Ведаем такія прыклады, калі для скажэння праўды выкарыстоўваюцца сродкі масавай інфармацыі, ідзе падробка дакументаў, калі наўмысна ганьбіцца добрае імя чалавека, калі няшчасны нясе пакаранне за тое, чаго не рабіў.

 

 
Вядучы:
– Мне падабаецца навучанне Касцёла, якое наконт гэтага тлумачыць: каб такі грэх быў адпушчаны, патрэбна не проста папрасіць прабачэння ў чалавека, чыё добрае імя такім чынам знішчылі ці нанеслі яму або ягонай справе іншую шкоду, а прынцыпова “адкруціць” усё назад. Напэўна, справа гэта цяжкая, але моцна неабходная.

 

Яўген:
– Такіх “сфабрыкаваных” спраў, на жаль, было шмат у айчыннай гісторыі, калі адным верылі на слова, а другіх ні за што саджалі ў астрог.

 

Вядучы:
– Як у часы Старога Запавету. Біблейскі персанаж Навот стаў ахвяраю махлярства двух нікчэмных сведкаў, быў публічна зганьбаваны і адпраўлены на смерць. Але заўважце – на гэта ёсць рэакцыя Бога! Прыходзіць прарок Ілія і насылае пракляцце на весь царскі род, ад імя якога зло над нявінным было ўчынена.

 

Пытанне:
– А ці можа быць выказана канкрэтная хлусня дзеля добрай справы? Напрыклад, каб уратаваць жыццё чалавека, або ў сітуацыі, калі хтосьці моцна хворы, а доктар і родныя ад яго гэты факт утойваюць, маўляў, нічога страшнага няма.

 

Святлана:
– Лічу, што ў апошнім выпадку патрэбна казаць праўду, чалавек павінен быць падрыхтаваны да адыходу з зямнога жыцця, павінен атрымаць пэўныя сакрамэнты…

 

Рэпліка:
– Здараліся выпадкі, калі невылечна хворы дазнаваўся пра свой стан здароўя і накладаў на сябе рукі. То лепей бы яму нічога не казалі…

 

Вядучы:
– Згадзіцеся, тут справа надта тонкая і далікатная: калі сказаць, то – як, а калі не сказаць, то – чаму? У імя ратавання жыцця, а яно ёсць найвялікшым скарбам, можа патрэбна было б пра нешта, як у размове з хворым, і прамаўчаць, але сапраўды гэта заўсёды дылема, якая мае шмат іншых нюансаў і якую (ў выпадку з хворым) вырашае ўрач. Але гэта, мяркую, заўсёды на ягоным сумленні.  Выдаецца слушнай і абавязковай справай урача паведаміць хвораму пра сапраўдны стан здароўя, нават у складанай сітуацыі, каб, рыхтуючыся да смерці, мог падрыхтавацца на спатканне з Богам.

 

Пытанне:
– А калі справа разглядаецца судом, і ты – сведка. Ведаеш, што многае можа залежыць і ад тваіх слоў, але ты перакананы, што той, каму зараз прысудзяць пакаранне, не вінаваты ў той ступені, у якой яго абвінавачваюць, як сябе паводзіць?

 

Вольга:
– Ты павінен казаць праўду, не маеш права ўтойваць яе, скарачаць або перабольшваць, бо ты сам адказваеш за сваё слова перад Госпадам, незалежна ад таго, дзе яно прагучала, – на судзе ці па-за ім. Уявіце, калі кожны са сведкаў будзе нешта ўтойваць, сам сабе вырашаць, сказаць праўду ці толькі палову яе, на руках у суддзі будуць не тыя аргументы, будзе многа ілжы, а хіба можна ў такіх выпадках дабіцца справядлівасці? І той, хто сведчыў ілжыва, хто даваў клятву казаць праўду, а пасля парушаў яе, і той, хто “фабрыкаваў”, і той, хто выносіў несправядлівае рашэнне, абвінавачваючы нявіннага і апраўдваючы вінаватага, адкажуць кожны за сваё, бо ёсць вышэйшы суд – Суд Божы.
Магу сказаць пра сябе. Зараз я таксама змагаюся за справядлівасць. Былы муж сфабрыкаваў справу аб вялікай фінансавай пазычцы, якую мы з ім быццам узялі, жывучы разам. На самой справе гэтага не было. Па існуючаму закону, пасля разводу абавязак вяртання запазычанасці дзеліцца на дваіх, і зараз я павінна выплаціць шалёную суму – мільён долараў. Адразу не ведала, што мне рабіць – па-кінуць усё, як ёсць, ці змагацца; хадзіла ў касцёл, малілася, каб Бог падказаў, якім шляхам мне ісці, а ў душы – абурэнне: за што мне гэта, чаму чалавек так робіць? Пасля супакоілася: незалежна ад таго, якое рашэнне прыме суд канчаткова, перад Судом Божым ён не змахлюе, нікога не падкупіць, адкажа за ўсё. Магу ўдакладніць, што разглядаецца гэтая наскрозь фальшывая справа па месцу нашага папярэдняга жыхарства – у Расіі.

 

Каця:
– Фальшывае сведчанне, як у гэтым выпадку, розныя абгаворы часта маюць на мэце матэрыяльную карысць.

 

Яўген:
– Абгавораў шмат ў асяроддзі бізнэсу, яны сталі амаль звычайнаю справаю: адзін нагаворвае на другога, другі – на трэцяга і г. д. Часам робіць гэта можа нават і несвядома, але заўжды кіне фразу, маўляў, “ён такі, што з ім цяжка дамовіцца”.

 

Вядучы:
– Справа яшчэ і ў тым, што праўдзівыя факты часта наўмысна перамешваюцца з фальшывым сведчаннем, і такая “гібрыднасць” знішчае магчымасць абароны пакрыўджанага.

 

Іна:
– Ёсць людзі, якія толькі і займаюцца распаўсюджваннем “смажаных” фактаў, “дадаючы” нешта яшчэ і ад сябе, а пасля самі становяцца ахвяраю свайго фальшу.

 

Вядучы:

Пробашч парафіі айцец Міхаіл Цвячкоўскі, MIC з удзельнікамі "круглага стала"  – Святланаю (злева направа), Кацей, Вольгай, Яўгенам і Інаю

Пробашч парафіі айцец Міхаіл Цвячкоўскі, MIC з удзельнікамі «круглага стала»
– Святланаю (злева направа), Кацей, Вольгай, Яўгенам і Інаю

– …на сябе вуглі гарачыя сцягваюць. Асабіста мне заўсёды імпануюць людзі, якія ўмеюць прыняць такую інфармацыю, але не распаўсюджваюць, а наадварот – імкнуцца стрымаць яе ў сабе, асабліва, калі яна негатыўная. Такім я моцна давяраю, яны вяртаюць мяне да прыкладу Езуса, які прыняў на сябе грахі свету.
Канешне, адмыслова выканаць кожнае Божае прыказанне вельмі цяжка, і я не сустракаў чалавека, які мог бы сказаць пра сябе, як той багаты юнак з Бібліі, што з маленства захоўваў Божыя Запаведзі. Але Бог даў чалавеку розум, каб кіраваў уласным жыццём, і даў канкрэтныя прыказанні, за якімі – шыкоўнае дабро для ўсіх, шанаванне жыцця і годнасці кожнага чалавека, і толькі Богу пакідаецца права судзіць нашы словы і ўчынкі. Мы павінны дайсці да такога прынцыпу ў паўсядзённым жыцці, калі наша 100-працэнтная людская праўда будзе 100-працэнтна служыць Божай Праўдзе жыцця і любові да бліжняга.

 

                    

Раіса СУШКО
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD


 Прыкладныя пытанні да споведзі па 8-й Запаведзі

 

 – Ці з’яўляешся шчырым, праўдзівым, калі нешта гаворыш і робіш?
–  Ці не  занядбаў абавязку  шукаць  праўду, прытрымлівацца яе і падпарадкоўваць сваё жыццё яе патрабаванням?  
–  Ці крочыш за навукаю Езуса, які сказаў пра сябе: “Я – Праўда”? Ці сцеражэшся двудушнасці, няшчырасці і крывадушнасці?
– Ці даеш сведчанне  евангелізацыйнай праўды ў сваім прыватным і публічным жыцці нават цаною ахвяры ўласнага жыцця?
–  Ці не саграшыў, даючы  фальшывае сведчанне  лжэсведчаннем і махлярствам? Ці не дапусціў грэх паспешнага асуджэння,  абгавору, знеслаўлення і паклёпу, праз якія знішчыў добрае імя чалавека?
– Ці не карыстаўся ліслівасцю, рабалепствам, выхвальствам, імкнучыся  да папаўнення грахоў цяжкіх або дасягнення бязбожнай карысці? Ці памятаеш, што крокі супраць праўды накіроўваюць  да ўтварэння крыўды?
–  Ці шануеш  праўду  ў камунікацыі паміж людзьмі і падчас перадачы інфармацыі? Ці ў гэтым выпадку браў пад увагу  асабістае дабро і дабро супольнае, шанаванне прыватнага жыцця  і небяспеку скандалу?
–  Ці захоўваеш  прафесійную тайну, а таксама тайну, аб якой табе паведамілі пад сакрэтам?  
–  Ці не даваў фальшывых сведчанняў у судзе?
–  Ці не займаешся даносамі на каго-небудзь?
–  Ці не вінаваты  ў клятвапарушэннях?
–  Ці не садзейнічала тваё клятвапарушэнне або лжэ-сведчанне асуджэнню невінаватага, апраўданню вінаватага або павелічэнню пакарання  падсудзімага?
–  Ці не займаешся плёткамі, не распаўсюджваеш іх?
–  Ці не раскрываеш чужыя сакрэты?
–  Ці не выкарыстоўваеш сродкі масавай інфармацыі для скажэння праўды,  распаўсюджання няпраўды?
– Ці не перабольшваеш праўду або ці не скрываеш яе?  


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий