Крыніца РУЖАНЦА

Str-12Хлопчыка, які моцна трымаў маму за руку, запыталі: ці ведаеш, што такое Ружанец? Малы падняў  ўгару  другую руку з ланцужком пластмасавых шарыкаў і весела ўсклікнуў: “Ведаю,  пацеркі!”. Без такіх пацерак некаторыя дарослыя не выходзяць з дому. Такія пацеркі вельмі часта можна ўбачыць у аўтамабілях, грамадскім транспарце. А насамрэч – што такое Ружанец, што складае яго сутнасць, якая традыцыя характарызуе яго? Аб гэтым – размова з а. Віталіем Сапега, ОР,дыяцэзіяльным душпастырам  сямей у Віцебску.

 

 

 

 

f-str-13– Ойча, раскажыце, калі ласка, адкуль  бярэ пачатак Ружанец, хто быў заснавальнікам гэтай малітвы і якая ідэя ў ёй заложана?
– Сваімі каранямі Ружанец сягае да Усходняй Царквы, да тых першых манахаў — пустэльнікаў, якія шукалі еднасці з Богам, шляхоў збаўлення, а таксама  практычнага адказу на заклік Езуса Хрыста з Евангелля: “Маліцеся безупынна”. Задума-ліся,: як гэта  “безупынна” і як гэта павінна выглядаць, калі чалавек мае шмат  простых, але абавязковых  штодзённых клопатаў пра цела, пра ежу. Аднак па крысе пачаў фарміравацца такі досвед, што,  нягледзячы на тое, чым чалавек  займаецца, ён можа весь час праводзіць малітву сэрцам, заклікаючы імя Збаўцы. Досвед напоўніўся перакананнем, што Езусава малітва  ачышчае сэрца ад дрэнных думак, абараняе ад дзеянняў злога духа, прыносіць супакой і радасць, і паступова ператварыўся ў Ружанцовую малітву. Пэўны ўнёсак у гэты працэс зрабіў аба Кас’ян, манах, папулярызатар  усходняга манаскага  ладу жыцця ў Царкве Заходняй, які для  медытацыі часта выкарыстоўваў біблійныя вершы, а таксама Псальмы. Словы “Божа, памілуй мяне, грэшнага, паспяшайся да мяне з паратункам!” з 70  (часамі ў Бібліі  пазначаны 69) Псальма  сталіся  найчасцей  ужыванымі,  прый-шло разуменне, што паўтарэнне гэтых слоў дапамагае чалавеку весь час знаходзіцца ў прысутнасці Божай. Паступова гэты  досвед  перайшоў да Заходняй Царквы.
Трэба асабліва падкрэсліць, што Ружанцовая малітва – гэта  і ёсць медытацыя,  разважанне аб таямніцах Хрыста, а таксама  адмысловы спосаб сузірання Яго зямнога жыцця. Ён заснаваны на паўтарэннях вядомых нам малітваў.
У ХII ст. была распаўсюджана практыка чытання 150 заклікаў: “Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою, благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго”. Выраз, узяты з Евангелля, стаў вельмі распаўсюджанай малітвай і з літургіі перайшоў у народную практыку. За такую форму  малітвы дзякуем ірландскім манахам-бенэдыктынцам, якія ў Х– ХI ст. зрабілі шмат для яе распаўсюджання. Чаму менавіта 150?  Гэта тлумачыцца наступнымі абставінамі: Біблія была перакладзена калісьці св. Геранімам з габрэйскага на латынь, але нешматлікая колькасць людзей магла карыстацца ёю па-латыні. Падчас споведзі за якія-небудзь правіннасці спаведнік вызначаў  верніку за пакуту  вычытванне псальмоў, а паколькі, зноў жа, чытаць мала хто меў, то псальмы  замяняліся заклікамі: на пачатку – “Ойча наш”, пазней – “Вітай, Марыя». А псальмоў, як вядома,  –  150. Распаўсюджанне Ружанцовай малітвы звязваецца звычайна  з іменем святога Дамініка, якому, як падае легенда,  Найсвяцейшая Маці ў прыватных аб’яўленнях  параіла заахвочваць людзей чытаць малітву “Вітай, Марыя”. Але насамрэч  заслуга святога ў тым, што ён вырушыў са Словам Божым туды, дзе шырыліся ерасі, такім чынам увёўшы новы  лад манаскага жыцця – жыцця не на адным месцы (stabilitas loci), калі манахі прысягалі маліцца і працаваць да канца жыцця выключна ў адным кляштары, а  жыцця мабільнага і прапаведніцкага. З манастырскай супольнасці  Дамінік са Словам Божым вырушыў да людзей паблуканых, знаходзячыхся пад  уплывам розных ерасей, людзей   простых,  не адукаваных, не падрыхтаваных,  але прагнучых жыць духоўна. Святы Дамінік бачыў, што, дзякуючы гэтай малітве хрысціяне вяртаюцца ва ўлонне Маці Царквы, праз гэтую малітву адбываецца паратунак людзей, яны адыходзяць ад ерасей, якімі была запоўнена тагачасная  Еўропа.

 

 
– Прабачце, адкуль узялася назва – Ружанец?
– Наконт гэтага існуе некалькі меркаванняў, але большасць  схіляецца да таго, што прыйшла яна са свецкай культуры Сярэднявечча,  ад звычайнай прыгожай ружы, якая была сімвалам любові і чысціні. У эпоху развіцця рыцарства, калі асабліва ўсхвалялася жаночая прыгажосць, жанчыны ўпрыгожвалі сябе вянкамі з ружаў, якія ўзгадвалі пра таямнічасць, далікатнасць, непаўторнасць. У некаторых краінах ружам прыпісваліся  розныя магічныя якасці.У каталіцкай традыцыі Ружа з цягам часу стала сімвалам Марыі, Яе дзявоцтва, Яе дасканаласці і гармоніі з усім Божым стварэннем. Звярніце ўвагу: Панна Марыя заўсёды ўпрыгожана гэтымі райскімі кветкамі. Марыя – новая  Ева, якая з’ яўляецца найкарацейшай дарогай да райскага саду. Складаючы вянкі з ружаў на алтар у храме, хрысціяне ўшаноўвалі  Хрыста,  Маці Божую і святых. І калі ў паэзіі ў ХIII ст. з’явілася параўнанне кожнай малітвы “Вітай, Марыя” з ружай, з’явілася і назва Ружанец (на лацінскай мове  rosarium – ружавы кветнік).

 

– Ойча, ці можам гаварыць аб тым, што з  цягам часу  малітва  эвалюцыяніравала, узбагачалася?
– Пра ўзбагачэнне малітвы гаварыць не можам, таму што яна сама – багацце, дзякуючы якому і ўзбагачаецца чалавек духоўна.  Безумоўна, з цягам часу Ружанцовая малітва выкрысталізавалася, да справы яе распаўсюджання  спрычыніліся многія святыя. У ХIII ст. да названага вышэй выразу з Евангелля “Вітай, Марыя”, якім арханёл Габрыэль абвясціў Панну Марыю, што Яна  народзіць Сына,  дабавілася імя Збаўцы – Езус, – і малітва дайшла да нас у такім гучанні: “Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою,  благаслаўлёная Ты між жанчынамі  і благаслаўлёны плод улоння Твайго, Езус”. Малітва стала такім чынам ужо хрыстацэнтрычнай, праз Маці звяртаемся да Яе Сына і разважаем разам з Марыяй усе таямніцы Яго зямнога жыцця, якія ла-гічна  аб’яднаныя ў чатырох частках Ружанца. Назіраючы Яго нараджэнне – бачым святасць самога жыцця,  назіраючы жыццё ў Назарэце – спасцігаем  задумы Божыя  пра сям’ю, назіраючы Яго грамадскае служэнне, атрымоўваем свет, які вядзе ў Божае Валадарства, суправаджаючы Яго на Галгофу – адкрываем для сябе збаўчы сэнс пакутаў. Урэшце, гледзячы на  трыумф Езуса і Яго Маці, бачым мэту, да якой павінен імкнуцца кожны чалавек. Канешне, гэта нялёгкая малітва, яна патрабуе  перш за ўсё розуму і роздуму,  засяроджанасці на тым, што, з аднаго боку,  хрысціяніну  добра вядома, але, з другога боку, і на тым, што вызывае яго заклапочанасць сёння. Таму можна сказаць, што кожная таямніца Ружанца, калі разважаць над ёю шчыра, а не механічна паўтараць завучаныя з дзяцінства словы, дапамагае зразумець таямніцу чалавека як Божага стварэння і самому сабе адказаць на пытанне: хто я тут сёння  і для чаго я тут сёння? Іншымі словамі, Ружанец – гэта скарочаная Біблія, крыніца, з якой мы можам чэрпаць бясконца.

 

– Чаму кастрычнік лічыцца ружанцовым месяцам?
– Як вядома з гісторыі, калі ў  ХVI ст. Еўропе пагражалі мусульмане, Папа Рымскі Пій V, дарэчы, дамініканін, заўважыўшы пагрозу, запрапанаваў вернікам маліцца на Ружанцы.  Дзякуючы Заступніцтву Найсвяцейшай Маці, як лічыў святы Папа, хрысціянскія войскі 7 кастрычніка 1571 года   атрымалі перамогу над туркамі ў марской бітве пад Лепанто. Дзеля ўшанавання памяці аб гэтай падзеі Святы Айцец устанавіў у 1572 г. свята Маці Божай Пераможнай, гэты дзень прыпадае менавіта на 7 кастрычніка. А ў 1573 годзе яго наступнік, Грыгорый XIII, называе гэтае свята святам Маці Божай Ружанцовай. У кастрычніку Ружанцовая ма-літва становіцца  таксама  літургічнай малітвай Касцёла, Ружанец звычайна чытаецца разам са святаром перад  Езусам Хрыстом, выстаўленым у Найсвяцейшым Сакрамэнце.

 

– Скажыце, калі ласка, ойча, Ружанцовая  малітва абавязковая ці пажаданая? Ці можна чытаць яе часткамі?
–Абавязковых малітваў няма, наогул Пан Бог нікога не змушае, не абавязвае – толькі заахвочвае. Але гэта духоўнае паветра для самога чалавека, і, калі ён хоча атрымаць Божую ласку, калі імкнецца быць у “духоўнай форме”,  сам да гэтага павінен імкнуцца. Патрэбна спрабаваць, медытаваць, быць шчырым перад Богам і сабою – і адкрыецца плён малітвы. Існуе думка, быццам для мужчын маліцца на Ружанцы асабліва цяжка. Магчыма. Хаця, як паказвае гісторыя, менавіта мужчыны-пустэльнікі адкрылі саму медытацыйную малітву і яе сэнсоўнасць. І больш таго, заахвочвалі і заахвочваюць да яе штодзённага застасавання. Можа, і  для іх тая навука была цяжкай, але  яны  адчувалі прагу авалодаць ёю. Лічу, што, калі ёсць цяжкасці ў практыкаванні Ружанцовай  малітвы, то  варта  прасіць Маці Божую, каб навучыла маліцца,  і больш таго – разам з Ёю маліцца да Свайго Сына.

 

– Ойча, Ружанец спадарожнічае чалавеку ў касцёле, у дарозе, падчас адпачынку… Ці можаце сказаць, якое  месца займае Ружанцовая малітва ў Вашым  асабістым духоўным жыцці?
– Так, чалавек можа маліцца заўсёды і ўсюды, больш таго, гэта – адзін з паказчыкаў яго асабістых адносінаў з Богам. Я ведаю айца, пажылога ўжо веку, дамініканіна, які штодня ездзіць на ровары. За вызначаную для сябе адлегласць, пакуль яе пераадолее, адгаворвае тры часткі Ружанца. У маім жыцці Ружанец таксама прысутнічае кожны дзень. Я, нават калі моцна заняты, адгаворваю хоць бы частку Ружанца. Частка – гэта пяць таямніцаў. Парадак ма-літвы ўсім вядомы: называем таям-ніцу, затым настае хвілінка цішыні для разважання над адпаведным Евангельскім сюжэтам, разважаем шлях Збаўцы і Яго Маці, адчуваючы кожны іх поступ. Трываем, радуемся і церпім разам з Імі. Далей чытаем “Ойча наш”, 10 разоў – “Вітай, Марыя”, а пасля – прамаўляем даксалогію “Хвала Айцу і Сыну, і Святому Духу!”. Асаблівым сэнсам для мяне напоўнена малітва  “Ад агню пякельнага”, якую прасіла  дадаваць Маці Божая падчас свайго аб’яўлення ў Фаціме. Перакананы, што маліцца лепей меней, але больш якасна. Можна сказаць, што ў нейкім сэнсе мы нанізваем на Ружанец “бусінкі” свайго жыцця, суадносячы іх са Словам Божым.  Для мяне гэтая малітва – адна з самых прыярытэтных, бо яна па сутнасці біблійная, цалкам сатканая са Слова Божага. Заўважце, людзі заўсёды шукалі і сёння шукаюць нейкай асаблівай малітвы, экзатычнай медытацыі, а медытаваць можна на Ружанцы, ён трымае нас блізка Бога, але гэтаму патрэбна вучыцца, а не прамаўляць яго, спяшаючыся, механічна ці скорагаворкай.

 

f-str-15– У многіх  храмах склалася практыка пачынаць дзень малітвай на Ружанцы, у іншых Ружанец чытаецца перад вячэрняй святой Імшой. Чаму асабіста Вы аддалі б перавагу, ойча?
– Не мае значэння, калі гучыць Ружанец у храме. У кожнай парафіі – свая традыцыя, свая практыка, якая, напэўна, улічвае  занятасць парафіянаў. Пачынаць дзень з Ружанца, папрасіць дапамогі ў Пана Бога, у Найсвяцейшай  Маці –  вельмі разумна і прыгожа. Уваходзячы ў разважанні, пачынаючы  медытацыю, мы сузіраем, як Марыя выконвала волю Бога, і становімся побач з Ёю, бо і мы хочам годна выканаць волю Бога ў сваім жыцці!   У такой малітве чалавек адчувае сёння вялікую па-трэбу, бо  жыццё  стала  стрэсавым, трывожным, забруджаным розным непатрэбствам. Канешне, калі ланцужок з пацеркамі будзе проста рэччу, што ляжыць на панэлі ці гойдаецца ў салоне аўтамабіля, то плёнаў няма чаго чакаць. Гэта называецца звычайным магічным мысленнем.  Бароніць  нас Бог, калі мы звяртаемся  да Яго стала, у  трывалай  малітве, з пакораю  для  Яго волі ў нашым жыцці.

 
– Ойча, Вы належыце да Ордэна святога Дамініка. Ці  ёсць адмысловыя  Ружанцовыя практыкі, характэрныя для вашай кангрэгацыі?
– Адмысловых няма, але ў нашых дамініканскіх статутах ёсць заахвочванне да Ружанцовай малітвы. Кожны дзень у храмах праходзіць Ружанцовае набажэнства, мы з радасцю захоўваем гэтую традыцыю, якая з’яўляецца актуальнай для кожнага пакалення вернікаў. Я перакананы, што на нашых тэрыторыях Касцёл і выжыў, і адрадзіўся, дзякуючы менавіта набажэнствам малітоўным, перш за ўсё – Ружанцовым.

   
– Ойча,  якіх плёнаў ад Ружанцовай малітвы можам чакаць? Ці сустракалі Вы сведчанні аб сіле  гэтай малітвы?
– Зноў  факт з гісторыі. У Польшчы, у адной з парафій, падчас II Сусветнай вайны пробашч  запрапанаваў маліцца на Ружанцы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам штодня. Ма-ліліся на працягу ўсяе вайны, і ні адзін мужчына з той мясцовасці не загінуў. Таму я вымушаны зноў падкрэсліць: малітва на Ружанцы павінна быць з роздумам, з сумленнем, з пакораю, шчырай і ра-зум-най. Па-лічыце, колькі  разоў мы заклікаем Маці Божую на дапамогу, пакуль адгаворваем  Ружанец? І Найсвяцейшая нас чуе, дапамагае! Самы найбольшы цуд праз заступніцтва Маці Божай Ружанцовай, якія сустракаў я ў сваім пастырскім жыцці, – гэта  навяртанне!  Яно адбываецца на кожным кроку. А што можа быць лепей для чалавека, чым перамена яго жыццёвага накірунку ў бок Пана Бога?!  І кожны,  хто моліцца, атрымае  плён, кожны  ўбачыць сваё ачышчэнне,  сваё ўзыходжанне па духоўнай лесвіцы. Ружанец  – адна, калі можна так выразіцца, з самых дзейсных  малітваў, праз яе Бог мяняе людскія лёсы.

 

Размаўляла Раіса СУШКО.
Здымкі бр. Карнэлія КОНСЭКА, SVD
г. Віцебск.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий