Шаноўныя!

Дзякуем, што сваю руку вы паклалі на нашу адкрытую далонь – зазірнулі на сайт культурна-рэлігійнага часопіса “Дыялог”, заснаванага Ордэнам Айцоў Вярбістаў у 1994 годзе. Каля крыніц часопіса стаяў айцец Ежы Мазур SVD. Сімвалічна, што першы яго нумар убачыў свет у тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў.
  
Часопіс “Дыялог” выходзіць раз на месяц, друкуючы матэрыялы на беларускай і рускай мовах. Распаўсюджваецца на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі.
  
Мэта, якую ставілі перад сабою заснавальнікі часопіса на пачатку гэтай Божай справы, – несці слова Евангелля людзям, ісці разам з імі па дарозе штодзённага жыцця ў пошуках Бога, – застаецца галоўным арыентырам для часопіса і надалей. ХХІ стагоддзе прыняло ад папярэдняга ўсе грахі атручанага атэізмам асяроддзя, сучасны чалавек часта блудзіць, пажынае тое, чаго не сеяў, і часам не бачыць выйсця. Яму трэба дапамагчы! Таму сведчанні веры, сцвярджэнне Хрыстовай любові і захаванне надзеі на жыццё вечнае і для сённяшніх стваральнікаў часопіса – як крынічка з жывой вадой, з якой хочацца напіцца самым і ўталіць смагу іншых… Мы імкнемся быць адкрытымі на любоў Бога і бліжняга, імкнемся несці гэтую адкрытасць сваім чытачам, прапануючы ім дыялог – з Богам і чалавекам, іншымі канфесіямі і рэлігіямі, з іншымі культурамі і традыцыямі.
   
На старонках часопіса чытач заўжды знойдзе Слова Свяцейшага Айца, навіны з жыцця Каталіцкага Касцёла на Беларусі і ў свеце, духоўныя разважанні, артыкулы з гісторыі Касцёла і хрысціянскай культуры, расказы пра святыя мясціны і святых, асноўныя хрысціянскія святы, гісторыі жыцця вернікаў і шмат іншага, што складае наш духоўны скарб.
  
Надаем вялікую ўвагу распаўсюджванню хрысціянскіх каштоўнасцей і праз іншыя праекты: рэдакцыя часопіса “Дыялог” –  удзельнік распрацоўкі і падрыхтоўкі да друку  падручнікаў па катэхізацыі для дзяцей да першай Камуніі, наглядных дапаможнікаў для катэхізатараў, адзін з заснавальнікаў Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Magnificat”.
   
Разлічваем на вашу шчырасць і адкрытасць да нас. Будзем рады, калі падкажаце для нас новыя тэмы, рубрыкі, тэматычныя выпускі, якія б зацікавілі таксама іншых.
Да новых сустрэч на старонках часопіса і сайта!

Няхай усім нам дапамагае Бог!

 


Заснавальнiк – Касцёл Маці Божай Фацімскай, г. Баранавічы.

Часопіс зарэгiстраваны ў Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 
Рэгiстрацыйны № 551.

Часопіс выдаецца  на ахвяраванні вернікаў.


Перадрукаванне матэрыялаў магчыма толькi з дазволу рэдакцыi.