Біблейская катэхеза

кс. Валерий МартиновскийБіблейскую катэхезу, якая дапамагае пазнаваць Бога глыбей, распазнаваць Ягонае пакліканне для нас на кожны дзень,  на старонках часопіса працягвае ксёндз доктар Валерый Марціноўскі, святар Віцебскай дыяцэзіі (з 2012 г.), выкладчык Святога Пісання ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску.

 

 

Свежасць сямі лістоў

 

 

Cем лістоў Апакаліпсіса да Касцёльных супольнасцяў цалкам адлюстроўваюць эпоху – а менавіта канец I ст. і лёс хрысціянства Малой Азіі. Кніга св. Яна Багаслова, нягледзячы на ўкаранёнасць у гістарычнай рэчаіснасці, вызначаецца аднак актуальнасцю. Сённяшняму чытачу толькі з першага погляду нялёгка распазнаць выключную свежасць гэтых сямі лістоў, асаб-ліва ў параўнанні з лістамі Св. Паўла, дзе яскрава пульсуюць актуальныя праблемы створаных ім супольнасцяў і ў вельмі спецыфічнай мове і стылі выяўляецца жывы тэмперамент Апостала. Між тым, чытаючы сем апакаліптычных лістоў, чытачу становіцца бачнай іх іератычная схема (г.зн. уласцівая ўрачыстаму рытуалу, асабліва рэлігійнаму), якая так далёкая ад “свабоды” спосабу выказвання думак Св. Паўлам. Таму ў дадзеным артыкуле будзе звернута ўвага на гэтую бачную будову сямі лістоў да Касцёлаў, бо менавіта дзякуючы разуменню задумкі стылю і канструкцыі гэтых пасланняў можна выразна ўбачыць тэалагічную цэласнасць думкі аўтара.

Фактычна, фармальная схема апакаліптычных лістоў да Касцёлаў уключае значна больш нязменных кампанентаў, чым класічныя элементы старажытнага ліста (часта адвольныя): inscriptio (адрас-уступ), corpus epistulae (асноўны тэкст) і conclusio (заключэнне), якія таксама можна знайсці ў Св. Паўла. Кожны з гэтых кампанентаў у лістах Апакаліпсіса таксама пабудаваны па адным і тым жа плане. Разгледзім гэтыя пазіцыі.

1) Inscriptio складаецца з двух элементаў: апастрофа Хрыста да Яна, якая заўсёды паўтараецца нязменна і падае адрасата ў форме: “Анёлу Касцёла ў N. (тут названы гарады і сядзібы гэтых Касцёлаў, пералічаныя па чарзе), напішы” і ўступную формулу на ўзор прарокаў Старога Запавету: “Вось што кажа Пан…”, з той толькі розніцай, што замест імя Яхвэ ў кожным з лістоў стаіць тытул Хрыста (прычым кожны раз ужыта адрозны тытул). Гэтыя тытулы альбо змешчаны ва ўступным бачанні Хрыста (1,9-20), альбо вынікаюць з хрысталогіі Апакаліпсіса. На гэта варта звярнуць асаблівую ўвагу, бо праз тытулы Месіі выяўляецца фактычна тэалагічная задума ўсіх пасланняў. Пералічым гэтыя назовы Хрыста-Месіі: Трымаючы сем зорак у правіцы Сваёй, Той, Хто ходзіць пасярод сямі залатых светачаў; Першы і Апошні, Які быў мёртвы, і вось, жывы; Які мае востры з абодвух бакоў меч; Сын Божы, у Якога вочы, як полымя агністае, і ногі падобныя да халакалівану; Хто мае сем духаў Божых і сем зорак; Святы, Праўдзівы, які мае ключ Давідаў, Які адчыняе – і ніхто не зачыніць, зачыняе – і ніхто не адчыніць; Амэн, сведка верны і праўдзівы, пачатак стварэння Божага.

Што датычыць адрасоў лістоў, то ўважлівы чытач заўважыць розніцу паміж агульным загадам, які Ян атрымлівае ў пачатку, і фармулёўкай уступу да кожнага з лістоў. Загад таемнага голасу гучыць так: “што ўбачыш, запішы ў кнігу і разашлі сямі Касцёлам: Эфесу, Смірне, Пергаму, Тыятыры, Сардзісу, Філадэльфіі і Лаадыкіі (1,11), г.зн. адрасаты, відаць, партыкулярныя Касцёлы гэтых мясцін. Але сам Хрыстос загадвае Яну сем разоў напісаць кожны асобны ліст не Касцёлам, а таямнічаму анёлу дадзенага Касцёла. Узнікае пытанне, як магчыма такая замена, калі адрасатам кожнага ліста адначасова з’яўляецца анёл Касцёла і сам Касцёл. Адносна загадкавасці “анёлаў” ёсць шэраг меркаванняў. Здаецца, найбольш адэкватным можна назваць наступнае: анёл Касцёла з’яўляецца персаніфікаваным духам дадзенай супольнасці, увасобленым у асобе яе біскупа як бачнага прадстаўніка гэтай жывой, арганічнай еднасці.

2) Сціслы, напісаны амаль тэлеграфным стылем, corpus epistulae нязменна складаецца з трох частак: а) Хрыстос у формуле: “Ведаю справы твае…” або проста “Ведаю…” кажа, што валодае поўнай інфармацыяй адносна стану дадзенага Касцёла і яго накірунку дзеянняў; b) па чарзе гэтыя паводзіны ацэньваюцца: гучыць пахвала або папрок; часцей за ўсё тое і другое адначасова; c) пасля ацэнкі Хрыстус настаўляе або падбадзёрвае.

3) Conclusio нязменна складаецца з двух элементаў, якія толькі мяняюцца месцамі (па схеме сямі: 3 + 4). Гэта нязменная формула “Хто мае вушы, няхай чуе, што Дух гаворыць Касцёлам” і аб’яўленне ўзнагароды пераможцу, выражанае ў кожным лісце па-рознаму.

Усе нязменныя элементы, якія мы назвалі, надаюць лістам да сямі Касцёлаў іератычны стыль і такім чынам у значнай ступені мэтанакіравана закрываюць індывідуальнасць чалавека-аўтара лістоў, высоўваючы на першую пазіцыю асобу Хрыста. 

На выбар  гэтых, а не іншых сямі Касцёлаў Малой Азіі, паўплывалі практычныя меркаванні. Што ж менавіта? Адзін з найбольш папулярных варыянтаў кажа, што гэтыя сем гарадоў з’яўляюцца цэнтрамі акругаў, але не адміністрацыйных, а камерцыйных і больш паштовых. Фактычна, калі мы паглядзім на карту, то можам убачыць, што ўсе яны размешчаны на дарозе, якая акружае самыя багатыя і населеныя раёны, а таксама з’яўляюцца зручнымі этапамі для аднаго ганца, які павінен быў даставіць акружное паведамленне. Гэтае, што называецца “па дарозе”, можа быць аргументам таго, што перад зняволеннем на Патмасе састарэлы Св. Ян асабіста наведваў гэтыя Касцёлы, а таму ведаў іх не па чутках. Адлучаны ад сваіх вернікаў у выніку вымушанага выгнання, Апостал шукае ў малітве адказу на пытанне, прадыктаванае яго душпастырскім клопатам. Ён атрымлівае адказ у выглядзе адкрыцця, уключанага ў сяміскладовае паведамленне (адно з сямі частак). Пасылаючы пасланне да сямі канкрэтных Касцёлаў, ён мае на ўвазе не толькі іх, як можна зрабіць выснову з выбару сімвалічнага ліку сем і з апошняй формулы: “Хто мае вушы, няхай чуе, што кажа Дух да Касцёлаў”.

Дасягненні сучаснай экзэгетычнай навукі дазваляюць нам сёння без цяжкасцей пашырыць важнасць інструкцый, перасцярог і заахвочванняў, змешчаных у гэтых сямі лістах, і адчытаць іх як сапраўднае пасланне аб тым, з якімі цяжкасцямі сустракаецца Паўсюдны Касцёл ва ўсе эпохі.

Нарэшце, каб завяршыць карціну, а дакладней, толькі ў зарысе прадставіць актуальнасць сямі лістоў, мы ўкажам на тэалагічнае адзінства гэтага сяміскладовага паслання. На першы план у лістах вылучаецца  іх спецыфічны хрыстацэнтрызм. Усё жыццё Касцёла цалкам залежыць ад Хрыста, надзеленага ўласцівасцямі боскай і чалавечай прыроды. Яго ўсёведанне і  ўсемагутнасць не застаюцца схаванымі дзесьці ў замагільным свеце: Ён дакладна ведае, што зараз адбываецца ў Касцёле, што яму пагражае, і таму гатовы ўмяшацца з  усімі  рэсурсамі сваёй сілы і зрабіць гэта “хутка” (слова паўтараецца шмат разоў!), г.зн., нават перш чым адбудзецца Яго канчатковае з’яўленне.

Стаўленне да асобы Хрыста – галоўная “праверка” вартасці кожнага Касцёла. Па-першае, Касцёл атрымлівае пахвалу – а ў будучыні атрымае ўзнагароду за трывалую вернасць да канца. Гэтая вернасць належыцьменавіта самому Хрысту, Яго навуцы, Яго наказам (пар. Ап 2,3,13; 3,8). Гэтая вернасць з’яўляецца не толькі вернасцю слуг – яна мае рысы сяброўства, як у цыцэронаўскім  тэксце  idem velle, idem nolle (“жадаць таго ж самага, не жадаць таго ж самага; пар. Ап 2,6; 3,4).

Сакрэт эфектыўнасці апостальскай дзейнасці Касцёлаў заключаецца ў любові Хрыста, да Яго справы збаўлення і яе дзеянняў (пар. Ап 3,9). Гэтая любоў надзвычай моцная і энергічная. Ён не цураецца балючых мер, пакуль яны эфектыўныя. Іронія, папрокі і пагрозы насамрэч маюць адну прычыну, якую падае сам Хрыстус: “Каго люблю, таго асуджаю і караю” (Ап 3,19). Узнагародай для пераможцаў з’яўляецца паўната вечнага жыцця з Богам. І гэта таксама мае хрыстацэнтрычныя рысы: гэта ўдзел у жыцці, або сіле Хрыста. Узнагародай з’яўляецца такім чынам сам Хрыстус, на што паказваюць сімвалы “схаванай манны” (Ап 2,17) і “ранішняй зоркі” (Ап 2,28).

Гэты хрыстацэнтрызм надае ўсім пропаведзям апакаліптычных лістоў асаблівую прастату і неадольную пераканаўчую сілу, бо omnia Christus est nobis (“Хрыстус для нас усё”), як кажа св. Амброзій. Зямное жыццё хрысціян выразна пазначана барацьбой, пакутамі і выпрабаваннямі. Аднак яго карціна  не аднабока песімістычная. Зямное жыццё Касцёла і яго членаў – гэта адзіная магчымасць прадэманстраваць учынкі, якія маюць нязменную каштоўнасць у вачах Бога (Ап 3,2). Таму цяперашні час з’яўляецца ўступленнем у вечнасць у сувязі з тым, што з моманту Уцелаўлення ўжо пачаўся эсхаталагічны эон, які пакуль суіснуе з часовасцю да моманту, аж наступіць “новае неба і новая зямля” (Ап 21,1). Суіснаванне гэтых абодвух часоў пацвярджаецца сямю лістамі у канцэпцыі перамогі (грэчаскае слова nicon (“пераможца”) заўсёды ўжываецца ў форме participium praesentis – цяперашні час), хоць пра яе гаворка ідзе нібы ў будучым часе (напрыклад, Ап 2,17; 3,12,21).

Такім чынам, калі неабходна выкарыстаць адзін тэрмін для апісання шматграннай актуальнасці апакаліптычных лістоў да сямі Касцёлаў, найбольш дакладным будзе тэрмін керыгматычнай актуальнасці, гэта значыць актуальнасці паслання, якое Хрыстус абвяшчае вернікам вуснамі Апосталаў і іх наступнікаў на працягу стагоддзяў, у поўнай меры ўлічваючы, хто яны і ў якіх умовах жывуць.

 

 

 кс. Валерый МАРЦІНОЎСКІ.

(Працяг будзе)


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий