Біблейская катэхеза

кс. Валерий МартиновскийБіблейскую катэхезу, якая дапамагае пазнаваць Бога глыбей, распазнаваць Ягонае пакліканне для нас на кожны дзень,  на старонках часопіса працягвае ксёндз доктар Валерый Марціноўскі, святар Віцебскай дыяцэзіі (з 2012 г.), выкладчык Святога Пісання ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску.

 

 

«Гнеў  Божы»

ў Апакаліпсісе  (Частка I)

 

 

Гнеў Божы – адна з самых распаўсюджаных  біблейскіх  тэм.  Яна таксама прысутнічае ў новазапаветным  вобразе  Бога, хоць і ў значна меншай ступені. Адной з кніг, у якой  часцей за ўсё гаворыцца  пра гэты аспект Бога, з’яўляецца Апакаліпсіс Св. Яна. У асноўным гэты матыў выступае ў метафарычным кантэксце. Таму мэта артыкула, а дакладней, серыі з чатырох артыкулаў, – адказаць на пытанне  пра значэнне метафар, якія  выкарыстоўваюцца для апісання  гневу  Божага,  іх  асаблівасці, крыніцы і функцыі.

У першай частцы будзе прадстаўлена  само  паняцце “гнеў”, якое  выразна  выступае на старонках  Бібліі;  у  наступных  жа  частках будзе звернута ўвага на асобныя метафары разам з іх старазапаветным  фонам,  каб, урэшце, мець магчымасць адказаць на зададзенае пытанне аб значэнні таго факту, што  гнеў  згадваецца ў такім, а не іншым тыпе метафар у апошняй  кананічнай   Кнізе  Святога  Пісання.

У Новым Запавеце ёсць каля дваццаці  тэрмінаў,  звязаных з гневам,  абурэннем і выкліканнем гневу. Большасць з іх выступаюць вельмі рэдка, адзін ці два разы, і часцей за ўсё апісваюць станы і дзеянні людзей. Пра Божы гнеў аўтары новазапаветных тэкстаў звычайна гавораць з дапамогай назоўнікаў orgз і thymos, якія таксама будуць сустракацца ў аналізаваных метафарах гневу ў Апакаліпсісе.

Першы з тэрмінаў orgз сустракаецца трыццаць шэсць разоў у Новым Запавеце, у тым ліку шэсць разоў у Апакаліпсісе. Другі thymos мы знаходзім васемнаццаць разоў, дзесяць з якіх ён сустракаецца ў апошняй кнізе Новага Запавету. Тэрмін orgз азначае “схільнасць, натуральны парыў, праява тэмпераменту, унутранае ўсхваляванне, моцныя эмоцыі” і ў прыватнасці “гнеў”. У ім адлюстроўваецца значэнне гневу як стану моцнай незадаволенасці з акцэнтам на душэўным перажыванні, так і моцнае абурэнне ўчыненым злом, спалучанае з адплатай і Божай карай.

Тэрмін thymos, з іншага боку, паходзіць ад дзеяслова thyф, які першапачаткова апісваў гвалтоўны рух, такім чынам, слова выкарыстоўваецца для апісання дыхання, розуму, сэрца, сілы, жадання, адвагі і гневу. У Новым Запавеце гэта сінонім orgз, які апісвае гнеў, абурэнне, лютасць.

Спалучэнне orgз і thymos, якое часта сустракаецца ў LXX (Септуагінта – грэчаскі  пераклад  Старога Запавету), служыць для ўзмацнення  ўздзеяння  выказвання. Хоць этымалагічна гэта два розныя паняцці – thymos азначае эмоцыі, а orgз – іх выраз, у біблейскіх тэкстах  адсутнічаюць  падставы для іх  фактычнага  і  дакладнага  адрознення. Характэрна, што ў Старым Запавеце  грэчаскімі  эквівалентамі габрэйскіх  тэрмінаў  звычайна з’яўляюцца orgз і thymos, якія значна часцей  адносяцца  да Божага гневу, чым да чалавечага гневу. У Новым  Запавеце  гэтая дыспрапорцыя  менш  бачная – толькі orgз ў  пяці  з  шасці  выпадкаў  адносіцца да  Бога, у той  час  як thymos часцей апісвае  стан  людзей.

У Апакаліпсісе orgз ніколі не адносіцца да паводзін чалавека, а толькі да гневу Бога або Ягняці. Аднак роднасны дзеяслоў ergodzomai – гэта дзеянне людзей (Ап 11,18 – “І раз’юшыліся (форма ад ergodzomai)  язычнікі; і прыйшоў  гнеў  Твой  і час судзіць мёртвых і даць адплату рабам Тваім, прарокам  і  святым і тым, хто баіцца  імя  Твайго,  малым  і  вялікім, і  загубіць тых, што губілі зямлю”.) і  Цмока (Ап 12,17 – “І раз’юшыўся (форма ад ergodzomai) цмок на жанчыну, і пайшоў, каб  уступіць  у  барацьбу з  тымі  ад  насення  яе, якія  захоўваюць  запаведзі Божыя і маюць сведчанне Езуса Хрыста.”).

Тэрмін thymos у Апакаліпсісе непасрэдна  адносіцца  да гневу Божага ў сямі выпадках. Таксама ён  адносіцца  да  настаўлення  д’ябла  (Ап 12,12а –  “Дык  вось,  весяліцеся,  нябёсы  і  насельнікі  іх!  Гора тым, хто жыве на зямлі і на моры! таму што да вас зышоў д’ябал  у  моцнай  лютасьці”) і Вавілона  (Ап 14,8 – “І  іншы   анёл   ішоў за ім, кажучы: упаў, упаў  Вавілон, горад  вялікі,  бо ён  лютым віном распусты сваёй напаіў усе народы”; Ап 18,3 – “бо лютым віном чужалоства  свайго  яна  напаіла ўсе народы, і  валадары зямныя чужаложылі  з  ёю, і купцы зямныя разбагацелі ад вялікай раскошы яе”).

Такім  чынам,  абодва  назоўнікі “гнеў” адносяцца да выражэння Божага  гневу  і  сустракаюцца трынаццаць  разоў  у  Новым Запавеце. Аднак  гэтыя  тэрміны выступаюць у фрагментах, дзе сустракаецца канцэпт  гневу,  у меншай колькасці ў параўнанні з метафарычнымі  матывамі, якія  нават не ўтрымліваюць назоўніка “гнеў”. Такое  экзэгетычнае  супастаўленне  робіць  тэму  гневу  больш шырокай  і патрабуе дэтальнага аналізу саміх метафар (чым мы і будзем  займацца ў наступных частках артыкула).

Хоць гэта і не з’яўляецца прадметам  даследавання,  варта коратка  адзначыць, што без метафар (апісальны спосаб) гнеў Ягняці і дзень “Яго гневу” згадваюцца толькі ў двух месцах. Першы раз – у кантэксце часу суда пасля ад-крыцця   шостай  пячаткі.  Тады  людзі любога рангу, ад караля да раба, “скажуць горам і скалам: “Спадзіце  на  нас  і  схавайце  нас ад аблічча Таго, Хто сядзіць на троне, і ад гневу Ягняці; на вялікі дзень прыйшоў гнеў Яго, і хто ўстаіць?” (Ап 6,16-17).  Гнеў тут  атаясамліваецца з пакараннем, якое з’яўляецца ўніверсальным, гэта значыць, што яно можа закрануць любога. Другі  раз  гэтае выступленне за-фіксавана  ў  апісанні  трэцяга гора і сёмай трубы з абвяшчэннем надыходу Божага Валадарства. Тут адлюстравана  крыху  іншае  вымярэнне  гневу:  “Разгневаліся  народы, і  прыйшоў  гнеў Твой, і прыйшоў час судзіць мёртвых і аддаць узнагароду  слугам Тваім, прарокам  і  святым, і тым, што баяцца імя Твайго, малым і вялікім, і знішчыць тых,  хто  знішчае зямлю” (Ап 11,18). Гнеў асацыюецца з судом, гэта значыць з разлічэннем чалавецтва; ён  нейкім  чынам вы-клікае  гэты момант, як прынцып упарадкавання, у якім верныя Богу атрымліваюць узнагароду, а злачынцы – знішчэнне (знішчэнне  тых, хто  знішчае  зямлю).

Метафарычна гнеў паказаны ў раздзелах Ап 14-19. Чытаючы Апакаліпсіс  у  кананічным парадку, чытач упершыню сустракае метафары  гневу ў сярэдняй частцы кнігі,  пасля серыі з сямі пячатак (Ап 6,1-8,1) і труб (Ап 8,2-11,19), адразу  пасля  цыкла  бачанняў Жанчыны і Звера, як частку вобразу апошняга часу (Ап 14,1-20). У гэтым  фрагменце  прысутнічае  метафара кубка з віном (Ап 14,10 – “той  будзе  піць віно лютасці Божай, віно цэльнае, прыгатаванае ў келіху  гневу  Яго, і  будзе мучыцца ў  агні і серы перад святымі Анёламі  і перад Ягняці”), які будзе дадзены прыхільнікам  Звера, пра якога  згадваецца ў Ап 13, і  метафара давільні віна (Ап 14,19 – “І кінуў анёл серп свой на зямлю, і абрэзаў  вінаград  на  зямлі, і кінуў у вялікую давільню гневу Божага”).  Найбольш  месца  сярод  іншых займае  метафара  чашы  гневу, якіх сем (Ап 15,1-16,17). Адразу пасля заканчэння  гэтага  цыкла метафара  келіха  з  віном  з’яўляецца  зноў, на  гэты  раз  для  Вавілона  (Ап 16,19 – “І горад вялікі распаўся на тры часткі, і гарады  паганскія  загінулі, і Вавілон вялікі згаданы прад Богам, каб даць яму келіх віна лютасці  гневу  Яго”), падзенне  якога апісваецца ў наступных  двух  раздзелах Апакаліпсіса. Нарэшце, у частцы  аб  канчатковай  паразе сіл зла (Ап 19,11-20,15) выява давільні змешчана другі раз (Ап 19,15 – “З вуснаў жа Яго зыходзіць востры меч, каб ім паражаць народы. Ён пасе  іх  жазлом жалезным; Ён топча  ў давільні віна лютасці і гневу Бога Уседзяржыцеля”).

Такім чынам, метафары гневу ўтвараюць  спецыфічна габрэйскую сістэму перадачы думкі – хіазм. Хіазм (стар.-грэч. : chiasmos – па-крыжаванае размяшчэнне, скрыжаванне) – класічная фігура маўлення,  разнавіднасць  зваротка. Сінтаксічны  паралелізм,  які  заключаецца ў  зваротнай  сіметрыі  дзвюх   сінтаксічных  адзінак,  другая  з  якіх паўтарае  сінтаксічны  парадак  кампанентаў, але ў адваротным парадку. У дадзеным выпадку выглядае ён так АВСА’В’, дзе А – келіх з віном, B – вінаградная да-вільня, C – чаша гневу. Выглядае на тое, што цэнтральнай метафарай з’яўляецца чаша гневу і пошасці. Акрамя таго, варта адзначыць, што як  першаму,  сярэдняму, так  і апошняму з’яўленню метафар папярэднічае пазітыўнае бачанне збаўленых (пар. Ап 14,1-5; 15,2-4; 19,1-10). Аўтар амаль увесь час выкарыстоўвае кантрасты, старанна праводзячы  мяжу  паміж дабром і злом, паміж тымі, хто будзе ўзнагароджаны, і тымі, хто панясе наступствы ўласных грахоў.

Такім чынам, у першай частцы гэтага артыкула мы разгледзелі паняцце “гнеў” і падрыхтавалі глебу  для пазнейшага аналізу метафар гневу, што і стане прадметам даследавання наступных частак дадзенага  апрацавання.

 

 

кс. Валерый МАРЦІНОЎСКІ.

(Працяг будзе)


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий