Біблейскую катэхезу, якая дапамагае пазнаваць Бога глыбей, распазнаваць Ягонае пакліканне для нас на кожны дзень, на старонках часопіса працягвае ксёндз доктар Валерый Марціноўскі, святар Віцебскай дыяцэзіі (з 2012 г.), выкладчык Святога Пісання ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску.
«Гнеў Божы» у Апакаліпсісе (Частка II)
У першай частцы мы разгледзелі само паняцце гневу Божага – тэмы, якая выразна прасочваецца ў поўнай падбадзёрвання і надзеі для Божага люду Кнізе Апакаліпсіса. Цяпер належыць звярнуць увагу ўжо на метафорыку, якая прадстаўляе “гнеў Божы” ў вобразах, якія ў сваёй істоце пакліканы зрабіць моцнае ўражанне на чытача гэтай кнігі Новага Запавету. Папярэдне намі было ўказана на праўдападабенства прысутнасці пэўнай семіцкай логікі ў метафарычным апісанні “гневу Божага”. Схема дадзенага хіазму метафар выглядае так: АВСА’В’, дзе А – келіх з віном, B – вінаградная давільня, C – чаша гневу. Звернемся на метафары келіха з віном.
Віно выступае ў двух з трох вобразаў, якія выкарыстоўваюцца для апісання гневу. Гэта быў асноўны напой (Сір 31,31-34 – Віно карысна для жыцця чалавека, калі будзеш піць яго ўмерана. Што за жыццё без віна? яно створана на весялосць людзям. Радасць сэрцу і суцяшэнне душы – віно, умерана ўжытнае ў час; гора для душы – віно, калі п’юць яго шмат, пры раздражненні і сварцы); яго таксама выкарыстоўвалі ў набажэнстве як вадкую ахвяру пры штодзённым кульце (Зых 29,40-41) і пры іншых ахвярах (Лев 23,13; Нм 13,5). Даступнасць віна асацыюецца з Божым благаслаўленнем (Быц 27,28 – хай дасць табе Бог ад расы нябеснай і ад тлушчу зямлі, і мноства хлеба і віна; Дрг 33,28 – Ізраэль жыве бяспечна; вока Якуба бачыць зямлю багатую на хлеб і віно, і нябёсы ягоныя кропяць расу); аднак побач з благаслаўленнем адсутнасць віна таксама асацыюецца з праклёнам, пакараннем за грахі (Ам 5,11 – Дык вось, за тое, што вы топчаце беднага і бераце ад яго падарункі хлебам, вы пабудуеце дамы з часаных камянёў, але жыць не будзеце ў іх; разведзяце цудоўныя вінаграднікі, а віно з іх не будзеце піць). Эсхаталагічныя часы будуць характарызавацца багаццем віна (Ам 9,13 – Вось, настануць дні, кажа Пан, калі араты застане яшчэ жняца, а вінаград, што таптае, – сейбіта; і горы выціскаць будуць вінаградны сок, і ўсе пагоркі пацякуць; Ёэл 4,18 – І будзе ў той дзень: горы будуць капаць віном і пагоркі пацякуць малаком, і ўсе рэчышчы Юдэйскія напоўняцца вадою, а з дома Пана выйдзе крыніца, і будзе паіць даліну Сітым).
У Апакаліпсісе ж тэрмін oinos (“віно”) сустракаецца сем разоў, у тым ліку толькі адзін раз у літаральным значэнні (Ап 6,6 – І чуў я голас сярод чатырох жывёлін, які казаў: хінікс пшаніцы за дынар, і тры хініксы ячменю за дынар; алею і віна не пашкоджвай). Акт распіцця віна ў Бібліі сімвалізуе ўдзел у нечым, перажыванне чагосьці, а таксама ўдзел у чыіх-небудзь паводзінах або лёсе. Як слова-метафара віно ў Апакаліпсісе выступае толькі тады, калі гаворыцца пра дзеянне Вялікай Блудніцы, у трох вершах: 14,8; 17,2; 18,3. Першы з іх з’яўляецца часткай перыкопы, у якой упершыню прадстаўлена метафара гневу Божага. Гэта Ап 14,6-13; складаецца дадзены фрагмент з паслання трох анёлаў (вершы 6-7, 8 і 9-11) і этычнага заключэння (вершы 12-13). Першы анёл абвяшчае надыход Божага суда і заклікае да пакланення Богу. Гэта заахвочванне, магчыма, з’яўляецца заклікам да пакаяння, абвяшчэннем апошняга шанцу для навяртання або падрыхтоўкай да суда, а паклон становіцца неабходным прызнаннем Божага панавання. Другі анёл абвяшчае будучае падзенне Ва-вілона як падзею, настолькі несумненную, што яна была апісана ў прошлым часе: “Упаў Вавілон вялікі, паў, які віном пажадлівасці [абурэння – грэч. tou thymou] напаіў усе народы распустай сваёй!” (Ап 14,8 – пар. Іс 21,9 – і вось, едуць людзі, коннікі на конях парамі. Потым ён усклікнуў і сказаў: упаў, упаў Вавілон, і ўсе ідалы багоў ягоных ляжаць на зямлі пабітыя). Прычына катастрофы – ап’яненне ўсіх народаў віном.
Паведамленне аб падзенні грэшнага горада зноў з’яўляецца ў Ап 18,2-3. Анёл абвяшчае: “Вавілон, сталіца, упаў, упаў. Ён стаў жытлом для дэманаў, вязніцай для ўсіх нячыстых духаў, вязніцай для ўсіх нячыстых птушак і вязніцай для ўсіх нячыстых і агідных звяроў, бо ён напаіў ўсе народы віном распусты сваёй, і каралі зямныя распуснічалі з ёю (чыт. “Вавілонскай блудніцай”), і зямныя гандляры разбагацелі ад бязмернасці славы яе”. Напаўненне віном пажадлівасці (абурэння) і распусты раўназначна здзяйсненню распусты з гэтай Вавілонскай блудніцай.
У рэшце рэшт, яна Вялікая Блудніца (Ап 17,1-2), якая напівае сваіх патэнцыйных каханкаў, каб падбадзёрыць сябе. Таму ашуканыя ёю народы грашаць як ідалапаклонствам (метафара распусты), так і любоўю да раскошы (купцы). Піць вавілонскае віно – значыць удзельнічаць у яго грахах (пар. Ап 18,4). За гэтыя грахі распусніца павінна быць адпаведна пакараная: “Адплаціце ёй, як яна заплаціла; за ўчынкі яе аддай удвая. У келіху, у якім яна прыгатавала віно, прыгатуй ёй удвая!” (Ап 18,6). Падваенне пакарання, хоць яно было вядома ў заканадаўстве (Зых 22,3.6.8) і прысутнічае ў словах прарокаў (Іс 40,2; Ер 16,18), не павінна быць прынята літаральна, але можа азначаць непазбежнасць і адэкватнасць санкцый.
Назоўнік thymos у дачыненні да віна, якое падаецца паганскай уладай, разумеецца экзэгетамі ў асноўным двума спосабамі – пажадлівасць і абурэнне. Віно пажадлівасці азначала б спакусу – віно, якое вядзе да пажадлівасці. Віно абурэння азначала ў выпадку Вавілона інструментальнасць. Гэта сведчыла б аб тым, што насамрэч Бог перадае келіх праз Вавілон. Некаторыя лічаць магчымым падвойнае значэнне. Выглядае на тое, аўтар Апакаліпсіса выкарыстоўвае двухсэнсоўнасць тэрміна thymos, які, з аднаго боку, паказвае на чалавечую дзейнасць (грэх), а з другога – на яго наступствы ў выглядзе рэакцыі Бога. Такі спосаб ужывання мовы, аднак, больш характэрны для чацвёртага Евангелля; паранамазія (стылістычная фігура мовы, вобразнае збліжэнне падобных па гучанні слоў пры частковым супадзенні марфемнага складу) даволі часта сустракаецца ў Кнізе Адкрыцця.
Найбліжэйшай паралеллю да гэтай метафары з’яўляюцца словы Ераміі, якія знаходзяцца ў перыкопе аб знішчэнні месапатамскага горада: “Вавілон быў залатым келіхам у руцэ Пана, які ап’яняў ўсю зямлю. Віно яго пілі ўсе народы і гублялі розум” (Ер 51,7). Месапатамская ўлада была прыладай Божай кары, але ўрэшце пакаранне атрымала і яна сама.
Гэты вобраз келіха зноў вы-ступае ў Кнізе ў наступнай сітуацыі. Ян бачыць залаты келіх у сваіх бачаннях Вавілона: “Жанчына была апранута ў пурпуру, упрыгожана золатам, каштоўнымі камянямі і жэмчугам, і мела ў руцэ залаты келіх, поўны мярзоты і бруду яе ўласнага кіравання” (Ап 17,4). Вавілон у Апакаліпсісе не адыгрывае ролі ў Божых планах, але падпарадкоўваецца Зверу і праз яго чэрпае моц Цмока. Таму імідж гэтага горада цалкам негатыўны. Трэці анёл таксама прадказвае віно Божага гневу для тых, хто пакланяецца Зверу: “Калі хто пакланяецца зверу і вобразу ягонаму і атрымае знак яго на лбе або на руцэ, той таксама будзе піць віно Божага гневу, прыгатаванае [змешанае], неразбаўленым [змешаным], у келіху гневу Ягонага, і ён будзе цярпець пакуты ў агні і серы ў прысутнасці святых анёлаў і ў прысутнасці Ягняці” (Ап 14,9b-10). Паколькі Звер мае цесную сувязь з Блудніцай Вавілонскай, паведамленні другога і трэцяга анёлаў звязаны паміж сабой. Віно гневу знаходзіцца ў келіху гневу. Яго спажыванне выкліча вечныя пакуты (Ап 14,11), прадстаўленыя ў вобразе агню і серы. Віно мае дзве асаблівасці, апісаныя дзеепрыметнікам і прыметнікам, якія на першы погляд складаюць аксюмарон (вобразнае спалучэнне паняццяў, якія супярэчаць адзін аднаму). Гэта дзеепрыметнік пасіўнага стану прошлага часу дзеяслова keranymi (“змешваць”, асабліва калі гаворка ідзе пра вадкасць) і ўтвораны ад яго прыметнік akratos, што азначае “нязмешаны”, у дадзеным выпадку: неразбаўлены вадой. Адсюль першае з іх можна прачытаць як “прыгатаваны, наліты”. Гэта насычанае віно, гатовае да ўжывання. Такое віно вельмі моцнае, і таму абурэнне нястрымнае, што адпавядае вельмі суроваму суду. Віно знаходзіцца ў келіху гневу, што ўзмацняе вобраз: і посуд, і яго змесціва – гэта, вобразна, гнеў Божы. Не толькі паўтараюцца тэрміны, якія апісваюць гнеў, але кожны з іх мае сваю метафару.
З гэтай метафары “келіх гневу” нам застаецца прааналізаваць паняцце “келіх”. Аднак гэта будзе зроблена ў наступнай частцы артыкула.
кс. Валерый МАРЦІНОЎСКІ.
(Працяг будзе)