Біблейская катэхеза

кс. Валерий МартиновскийБіблейскую катэхезу, якая дапамагае пазнаваць Бога глыбей, распазнаваць Ягонае пакліканне для нас на кожны дзень,  на старонках часопіса працягвае ксёндз доктар Валерый Марціноўскі, святар Віцебскай дыяцэзіі (з 2012 г.), выкладчык Святога Пісання ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску.

 

 

«Гнеў  Божы» у Апакаліпсісе   (Частка III)

 

 

Св. Ян, аўтар Кнігі Апакаліпсіса, упісваючыся ў дактрынальнае развіццё хрысціянскай думкі першых стагоддзяў нашай эры, праз  свой твор хоча паказаць прынцып, які  датычыць  канца гэтага свету. Таму ён так шмат у Адкрыцці  кажа пра гнеў Божы. Ён не інтэрпрэтуе гэты гнеў як праявы  раз’юшанасці Бога. Ён падкрэслівае, што гэты гнеў скіраваны супраць зла, якое пануе ў свеце і ў чалавеку, а не супраць самога чалавека. І задача гэтага гневу – “выціснуць” з чалавека зло. Адсюль у Апакаліпсісе выкарыстоўваюцца метафары на апісанне  дадзенай   рэчаіснасці. Гнеў Божы таксама вынікае з любові  да  чалавека. Такі  “Гнеў Божы” выяўляецца ў тым, што Бог не  можа “вынесці”, каб мы, створаныя  для  чагосьці цудоўнага, прыгожага, добрага і святога, былі ашуканы злом. Таму Кніга Апакаліпсіса  часта  падкрэслівае  драматычную розніцу паміж лёсам  праведнікаў  і  грэшнікаў,  каб матываваць  нас стаць на бок Ягняці.

У першай частцы мы разгледзелі само паняцце гневу Божага, у наступных жа мы звяртаем увагу ўжо на метафорыку, якая прадстаўляе “гнеў Божы” у  вобразах, якія ў сваёй істоце пакліканы зрабіць моцнае ўражанне на чытача гэтай кнігі Новага Запавету. Папярэдне намі было ўказана на праўдападабенства прысутнасці пэўнай семіцкай логікі ў метафарычным апісанні “гневу Божага”. Схема дадзенага хіазму метафар выглядае так: АВСА’В’, дзе А – келіх з віном, B – вінаградная давільня, C – чаша гневу. У другой частцы артыкула было прааналізавана  паняцце віна, цяпер жа пераходзім  да разумення “келіху” ў Апакаліпсісе.

Грэчаскі тэрмін potзrion эквівалентны габрэйскаму kos (“кубак”, “келіх”, “сасуд”). У біблейскай старажытнасці сасуды для піцця  былі пераважна керамічнымі, а таксама металічнымі, каменнымі і шклянымі. У Старым Запавеце паняцце “келіх” сустракаецца каля трыццаці разоў, часцей у пераносным сэнсе. “Келіх”, як і само “віно”, асацыюецца як з благаслаўленнем, так і з праклёнам. Пры дапамозе гэтай метафары вызначаецца лёс чалавека (Пс 10,6 – “дажджом пралье Ён на бязбожных гарачае вуголле, агонь і серу; і палючы вецер – доля іхняга келіху”). Келіх, які даў Пан сваім  верным, перапоўнены – вось такое багатае ў дары Божае благаслаўленне (Пс 22,5 – “Ты падрыхтаваў перада мною вячэру  на вачах ворагаў маіх; намасціў алеем галаву маю; келіх мой напоўнены”). “Келіх” выражае вопыт збаўлення ад Бога (Пс 115,4 – “келіх збаўлення ўздыму і імя Пана паклічу”) і нават ад самога Пана (Пс 16,5 – “Пан ёсць частка спадчыны маёй і келіха майго”). Аднак часцей за ўсё гэтае  паняцце мае негатыўную афарбоўку і з’яўляецца вобразам Божай кары (нр., Абк 2,16 – “Ты насыціўся сорамам замест славы; пі і паказвай сарамату, – павернецца і да цябе келіх правіцы Пана  і пасаромленне сыдзе на славу тваю”).

Тэрмін “келіх” выступае трыццаць адзін раз у пісаннях Новага Запавету, часцей за ўсё літаральна, і тады абазначае проста “посуд  для  піцця”, прычым трынаццаць з іх у кантэксце Апошняй Вячэры. У дадзеным выпадку маецца  на ўвазе келіх супольнасці, у якую людзі ўваходзяць праз піццё з яго. Метафарычна гэта азначае пакуты Хрыста і падобны лёс вучняў. Гэты тэрмін сустракаецца  чатыры  разы ў Кнізе  Адкрыцця. За межамі гэтай кнігі ў Новым Запавеце гэты тэрмін  не азначае непасрэдна гнеў.

Другое прадстаўленне матыву келіха Божага гневу зафіксаваны ў Апакаліпсісе, раздзел 16, і размешчаны пасля паслядоўнасці з сямі чараў, калі ў выніку землятрусу незвычайнай сілы “вялікі горад быў падзелены на тры часткі і гарады язычнікаў ўпалі. Бог успомніў  пра Вавілон Вялікі, каб даць  яму  келіх  віна свайго гневу” (Ап 16,19). Выразна  бачны ланцужок з чатырох звязаных паміж сабой назоўнікаў, якія выступалі раней, размешчаныя ў адрознай паслядоўнасці (Ап 14,10 – “той будзе піць віно лютасці Божай, віно цэльнае, прыгатаванае ў келіху гневу Яго, і будзе цярпець пакуты ў агні і серы перад святымі Анёламі і перад Ягнём”). На гэты раз люты, магутны  гнеў прадстаўлены як віно ў келіху і пададзенае не тым народам, якія ашукваў  Вавілон, а  які  ён  сам, Вавілон,  павінен  выпіць. Указанне на памяць Бога “успомніў” датычыцца бязмежнасці злачынстваў  Вавілона (Ап 18,5 – “бо грахі яе [Вялікай Блудніцы – Вавілона] дайшлі да неба, і Бог узгадаў няпраўды яе”). Божая памяць часта мае сатэрыялагічны характар: Пан ратуе, калі памятае. Калі ж Ён узгадвае пра грахі, гэта вя-дзе да пакарання (Ос 7,2 – “Не думаюць яны ў сэрцы сваім, што Я памятаю ўсе злачынствы іхнія; цяпер атачаюць іх учынкі іхнія; яны перад абліччам Маім”), а забыццё аб іх азначае прабачэнне (Пс 24,7 – “грахоў маладосці маёй і злачынстваў маіх не ўспамінай; па міласці Тваёй успомні мяне Ты, дзеля дабрыні Тваёй, Пане!”). Памяць Бога пра лёс пацярпелых азначае інтэрвенцыю ў іх справы (Пс 9,13 – “бо Ён спаганяе за кроў; памятае іх, не забывае ляманту прыгнечаных”).

Падзенне вялікага горада Вавілона, праілюстраванае падачай яму келіха з віном гневу, адначасова з’яўляецца Божай рэакцыяй на яго грэх і адказам на малітву забітых за веру (Ап 6,10 – “І залямантавалі яны моцным голасам, кажучы: дакуль, Валадару Святы і Праўдзівы, не судзіш і не помсціш тым, хто жыве на зямлі за кроў нашу?”). Гэты канчатковы суд, які падрабязна датычыцца Вялікай Блудніцы, будзе прадстаўлены ў наступных  двух раздзелах кнігі (Ап 17-18). Карані гэтай метафары  знаходзяцца  ў многіх тэкстах Старога Запавету пра Бога як суддзю, які выкарыстоўвае келіх для ілюстрацыі выканання пакарання. “Бо келіх у руцэ Пана, віно  кіпіць  у  ім,  поўны  змешанага рэчыва, і Ён налівае з яго. Нават дрожджы яго будуць выціскаць і піць усе бязбожныя зямлі” (Пс 74,9).

Гэтая метафара часцей за ўсё сустракаецца ў прароцкіх тэкстах і некалькі разоў выкарыстоўваецца прарокам Ераміяй. Бог загадвае яму: “Вазьмі з рук Маіх келіх віна гневу і дай піць усім народам, да якіх Я пасылаю цябе. Яны будуць піць, хістацца і шалець ад мяча, які Я пашлю на іх” (Ер 25,15-16). Вынікам ужывання віна будзе бездапаможнасць супраць нападу (Ер 25,27). Такім чынам, эфект ад ужывання віна гневу Панскага не “выпараецца” праз некаторы час, гэта не дробны прысуд, а прысуд смяротны. У гэтага ж прарока з’яўляецца падобны вобраз піцця горкай, атручанай вады як апісанне “рэпрэсіі” Бога супраць абранага народа і яго ілжэпрарокаў (Ер 8,14 – “Што мы сядзім? Збірайцеся, пойдзем ва ўмацаваныя гарады і там загінем; бо Пан Бог наш прызначыў нас на пагібель і дае нам піць ваду з жоўцю за тое, што мы грашылі перад Панам”; пар. таксама Ер 9,14; 23,15). Гэта можа вынікаць з законаў аб абыходжанні з жонкамі, падазраванымі ў сужэнскай здрадзе. Яны павінны былі піць горкую ваду, якая б прынесла праклён (пар. Ліч 5,18-24). Некаторыя экзэгеты выводзяць з гэтага звычаю метафару віна гневу. Аднак хутчэй за ўсё паходжанне вобраза больш шырокае і звязанае з самім актам распіцця напою. Так, келіх фігуруе ў пераносным значэнні чатыры разы, прычым двойчы як посуд Вялікай Блудніцы (Ап 17,4; 18,6), якая прапанавала віно (пажадлівасць) сваёй распусты (Ап 14,8; 17,2; 18,3), і двойчы, сіметрычна, як келіх Божага гневу (Ап 14,10; 16,19). Гэты паралелізм падкрэсліваецца выкарыстаннем назоўніка thymos у яго двух значэннях: “пажадлівасць” і “абурэнне”, а таксама тым фактам, што келіх выступае адначасова як прылада граху і інструмент пакарання. Гэта нагадвае прынцып (зразуметы метафарычна), які змяшчаецца ў Кнізе Мудрасці: “праз што хто зграшыць, праз тое і бярэ на сябе пакаранне” (Мдр 11,16). Гаворка ідзе не толькі пра пакаранне грэшнікаў як такіх за тое, што яны адмовіліся ад Бога і пайшлі за Зверам, але і пра тое, каб прынесці адплату за забітых хрысціян (Ап 6,15-17 – “І валадары зямныя, і вяльможы, і багатыя, і тысячнікі, і моцныя, і кожны раб, і кожны вольны схаваліся ў пячоры і ў цясніны гор, і кажуць горам і камяням: упадзіце на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, Хто сядзіць на троне, і ад гневу Ягняці; бо прыйшоў вялікі дзень гневу Яго, і хто можа выстаяць?”; пар. таксама Ап 16,6; 17,6).

Падсумоўваючы, метафара келіха з віном на акрэсленне гневу Божага прама прапарцыянальна келіху людскога беззаконня, поўнаму мярзоты і бруду. За гэтую “паўнату” правінаў належыць выпіць “паўнату” Божай адплаты. Такі моцны вобраз у выніку па-кліканы перасцерагчы чытача ад памнажэння  беззаконня і звярнуць у бок памнажэння плёнаў Божай  ласкі.

 

 

кс. Валерый МАРЦІНОЎСКІ.

(Працяг будзе)

 


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий