Біблейскую катэхезу, якая дапамагае пазнаваць Бога глыбей, распазнаваць Ягонае пакліканне для нас на кожны дзень, на старонках часопіса працягвае ксёндз доктар Валерый Марціноўскі, святар Віцебскай дыяцэзіі (з 2012 г.), выкладчык Святога Пісання ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску.
«Гнеў Божы»
у Апакаліпсісе (Частка VI)
Тэма “Гнеў Божы” у Апакаліпсісе, здаецца, прасочваецца праз усю гэтую натхнёную Кнігу. Мы ж у шэрагу нашых артыкулаў засяроджваліся на метафорыцы прадстаўлення дадзенай тэмы. Папярэдне намі было ўказана на праўдападабенства прысутнасці пэўнай семіцкай логікі ў метафарычным апісанні “гневу Божага” у Кнізе Апакаліпсісу. Схема да-дзенага хіазму метафар выглядае так: АВСА’В’, дзе А – келіх з віном, B – вінаградная давільня, C – чаша гневу. Апошняя VI частка нашага экзэгетычнага аналізу будзе прысвечана пэўнаму падсумаванню.
Мы фактычна спрабавалі зазірнуць у “посуд” Божага гневу. Розныя тэрміны, выкарыстаныя для ілюстрацыі такой важнай рэчаіснасці як Божы гнеў, маюць аднясенне з аднаго боку да меры (келіх і чаша), а з другога – да бязмернасці (давільня). Таму Божы гнеў бывае розным – неаднолькавым, у залежнасці ад фактараў, якія яго выклікалі. Калі гаворка ішла пра чашу гневу, што ў нашай схеме прадстаўлена як цэнтральны метафарычны матыў, то належыць засяродзіцца таксама і на факце “вылівання” гэтай чашы. Так, тое, што мае меру, праз выліванне становіцца бязмерным у сваім выяўленні.
У шаснаццатым раздзеле Апакаліпсіса Св. Яна апавядаецца пра паслядоўнае выліванне чашаў гневу на зямлю. Тады пакаранне, як чума, пошасць, ахоплівае ўсе стыхіі: зямлю, паветра, агонь і ваду. З-за гэтых пошасцяў людзі зневажаюць Бога, але не адварочваюцца ад сваіх спраў (пар. Ап 16,11). Паказальна, што Св. Ян выкарыстоўвае тут тэрмін, які на лацінскай мове гучыць як paenitentia (пакаянне). Ён азначае “навяртанне”, “паляпшэнне”, “змена ладу жыцця”. Таму памер чашы гневу (яе мера) мае педагагічны аспект – пакаранне павінна палепшыць жыццё насельнікаў зямлі. Чашы Божага гневу, хоць і маюць негатыўнае значэнне, таксама ўтрымліваюць заахвочванне да навяртання тых, каго яны дакранаюцца.
У Ап 16,1 чытаем, што “моцны голас” загадвае сямі анёлам “выліць сем чаш гневу Божага на зямлю”. Гэта голас анёла, херувіма, Хрыста ці самога Бога. Тое, што голас зыходзіць ад Хрыста ці Бога, маецца на ўвазе ў Ап 6,6, дзе “голас” зыходзіць ад трона, каб загадаць аднаму з херувімаў (пар. Ап 9,13). Пра тое, што тут гаворыць Бог, сведчыць той факт, што Бог толькі што згаданы ў сваім нябесным храме (Ап 15,5-8). Таксама гэты тэкст суадносіцца з Кнігай прарока Ісаі (Іс 66,6: “голас з храма, голас Пана, які аддае адплату сваім праціўнікам”). Гэты загад датычыць “выліцця Божага гневу”, каб абазначыць прысуд альбо над парушальнікамі запавету, альбо над тымі, хто пераследаваў народ Божы.
Выкарыстанне тэрміна ekchein (“выліваць”) у злучэнні з дзеясловам phialai (“чашы”), відавочна заснавана на культавых практыках, але яго значэнне было пашырана ў пераносным сэнсе, каб абазначыць выліванне гневу Божага. Здаецца, пачатак гэтай метафары знаходзіцца ў LXX (Септуагінта) у Ер 7,20 (“Вось, гнеў і раз’юшанасць маю вылью на гэтае месца”). Падобным чынам мы чытаем у Ер 10,25 (“Вылі гнеў Твой на народы”) і ў Ер 14,16 (“і я вылью на іх іх уласнае зло”). Гэтыя тэксты паказваюць, што Ерамія выкарыстоўвае т.зв. мову ius talionis; г.зн., на тых, хто “пралівае” кроў, “выльецца” гнеў Божы, фактычна злыя ўчынкі вернуцца да таго, хто іх здзейсніў. Падобна Пл 2,4 выкарыстоўвае тую ж метафару для Боскага суда: “Ён выліў гнеў Свой, як агонь”. У Пл 4,11 гаворыцца “Ён выліў свой люты гнеў”. Такія ж вобразы сустракаюцца ў Езэхіэля. Выраз “выліваць гнеў на”, знаходзіцца ў Эзх 7,8; 9,8; 14,19; 20,8.13.21; 21,36; 22,22; 30,15; 39,29.
Падсумоўваючы, можна сказаць, што гнеў у Апакаліпсісе аказваецца стаўленнем Бога да зла, Яго радыкальнай нязгодай з ім, настолькі моцнай, што вядзе Яго да актыўнай барацьбы з гэтым злом. Справядлівасць Божага гневу пацвярджаецца таксама самой Кнігай (пар. Ап 15,4; 16,5-7; 19,2). Таму гэты гнеў зусім не з’яўляецца капрызам непрадказальнай асобы, як такое можа мець месца ў выпадку звычайнага чалавека. Ідэя выяўлення Божага гневу прадстаўлена ў метафарах, якія, зразумела, нельга разумець літаральна з-за выкарыстанага літаратурнага прыёму. Можна нават сказаць, што гнеў у Кнізе Апакаліпсіса заўсёды з’яўляецца працэсам, які адбываецца ў гісторыі, і ён ніколі не мае выключна эсхаталагічнага значэння, аднак заканчэнне Кнігі (Ап 22,18-19) пашырае дзеянне справядлівага гневу Божага таксама і на час пазазямной рэальнасці.
Цэнтральны вобраз выбуху гневу, адлюстраваны выліваннем чаш, можа адносіцца да розных падзей у гісторыі свету. Гэтыя разнастайныя бедствы, якія аўтар Бібліі прыпісвае Богу як першай прычыне, адкрываюць магчымасць для чалавека прыняць рашэнне аб навяртанні. Больш за тое, галоўным адрасатам кнігі з’яўляюцца Касцёлы, якія перасцерагаюцца ад адступніцтва, ідалапаклонства і іншых грахоў і заклікаюцца да выпраўлення ўчыненага зла ці занядбанага дабра і да стойкасці. Метафары келіха і вінаграднай давільні, аднак, выражаюць канчатковую і поўную барацьбу са злом і ясна паказваюць, што Бог і Сын Чалавечы выконваюць судовыя функцыі. Сувязь кожнай метафары гневу з Богам з’яўляецца часткай тытула Бога – Суддзі. Такое разуменне паклікана ўзмацніць усведамленне рэальнасці апісанняў, прысутных у Кнізе, а таксама павялічыць пабожны акт поўнай prostratio (найбольш глыбокае пакланенне) перад Тым, Хто сядзіць на троне і з’яўляецца Уладаром гісторыі.
Пасля прадстаўлення вышэйзгаданых апакаліптычных вобразаў гневу неабходна зрабіць пэўны сінтэз. На пачатку варта адзначыць, што пры кожнай з метафар атрымальнікі (адрасаты) гневу не жадаюць яго прыняць – яны паўстаюць супраць гневу Божага. Аднак яны самі з’яўляюцца прычынай гэтага, таму што здзяйсняюць учынкі, за якія Бог карае. Нягледзячы на сваё нежаданне, яны вымушаны прыняць справядлівыя пакуты.
У вобразе келіху гневу Св. Ян прадстаўляе індывідуальнае пакаранне, скіраванае да тых, хто адмаўляецца ад Бога і грашыць супраць годнасці чалавека. Выкарыстанне метафары распіцця келіха падкрэслівае адказнасць чалавека і паказвае пакуты не столькі як Божую кару, колькі як наступства ўласных рашэнняў, непазбежны вынік граху. Віно пажадлівасці, якое становіцца віном гневу, чалавек вырашае выпіць сам, таму у гэтым ён сам вінаваты. Пазней, аднак, гэтая пажадлівасць пачынае дамінаваць над ім, пазбаўляючы яго свабоды, годнасці і, урэшце рэшт, жыцця. Выкарыстанне метафарычнай мовы аўтарам Апакаліпсіса таксама грунтуецца на парадоксах. Прадставіць гнеў у вобразе ке-ліха віна – гэта супрацьлегласць гасціннасці, якая так цэніцца ў культурным асяроддзі аўтара. Можа здацца аднолькава шакавальным і прывабным для адрасата Апакаліпсіса тое, што віно – сімвал жыцця, благаслаўлення, радасці, а таксама чаша, якая выкарыстоўваецца ў літургіі – дзейнасці, якая павінна яднаць чалавека з Богам, з’яўляюцца метафарамі вялікага абурэння і гневу Творцы.
Вялікай людской драмай і адначасова, здаецца, самым балючым вобразам гневу з’яўляецца давільня, у якой Св. Ян паказвае асуджэнне – вечнае пазбаўленне найвялікшага шчасця і дабра, якімі ёсць Бог. Вобраз давільні падкрэслівае Божае дзеянне і моц, бо бязбожнікам вобразна адсякаюць галовы, кідаюць у бочкі і топчуць іх без якіх-небудзь іншых метафарычных дзеянняў. У тых радках Апакаліпсіса, дзе ўзгадваюцца чашы гневу, натхнёны аўтар вучыць аб пакаранні людзей, варожа настаўленых супраць збаўлення. Пакуты закрануць кожнага, хто не выконвае слоў Божых – знамянальна, што пошасці гневу (падобна як егіпецкія пакаранні) знішчаюць усе элементы нераскаянага свету.
Сасуды гневу паказваюць як індывідуальны і калектыўны аспекты пакарання, так і часовы (педагагічны) і вечны аспекты (эсхаталагічны). Праз вобразы праяўлення гневу Божага чытач Апакаліпсіса бачыць праўду, што Бог клапоціцца пра збаўленне чалавека, пасылаючы пакаранне бязбожнікам, але даючы ім магчымасць навярнуцца. Аднак тых, хто гэтым не скарыстаецца, чакае жудаснае пакаранне – вечнае асуджэнне.
кс. Валерый МАРЦІНОЎСКІ.
(Працяг будзе)