Біблейскую катэхезу, якая дапамагае пазнаваць Бога глыбей, распазнаваць Ягонае пакліканне для нас на кожны дзень, на старонках часопіса працягвае ксёндз доктар Валерый Марціноўскі, святар Віцебскай дыяцэзіі (з 2012 г.), выкладчык Святога Пісання ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску.
Будаванне Божага Валадарства на зямлі ў Кнізе Адкрыцця:
барацьба (Частка І)
Роля Хрыста ў Кнізе Адкрыцця заключаецца ў будаванні і прыбліжэнні Божага Валадарства на зямлі. У словах Ап 11,15 (“І сёмы анёл затрубіў, і раздаліся на небе гучныя галасы, якія казалі: валадарства свету зрабілася Валадарствам Пана нашага і Хрыста Яго, і будзе валадарыць на векі вечныя”) адлюстраванне гэтай ідэі становіцца відавочным – ператварыць “валадарства свету” (якое ў цяперашні час кіруецца злом) у “Валадарства Пана нашага і Хрыста Яго”. Гэта будаванне і прыбліжэнне Божага Валадарства датычыць як збаўлення, так і суда. Згодна з прадстаўленнем Кнігі Адкрыцця, збаўленне і суд – два непазбежныя бакі адной манеты. Гэта таксама працэс, які пачынаецца з зямнога жыцця і смерці Збаўцы і заканчваецца Яго парузіяй. Перамогу Хрыстос ужо дасягнуў у сваёй смерці і ўваскрасенні, але гэтая перамога павінна быць прадоўжана яго паслядоўнікамі (ахрышчанымі) у сучаснасці і завершана падчас Яго парузіі ў будучыні. Таму належыць адрозніць гэтыя тры этапы (1. Перамога праз смерць і Ўваскрасенне Хрыста; 2. Перамога праз евангельскае жыццё хрысціян; 3. Перамога праз трыумфальнае вяртанне Хрыста – парузію), але таксама разумець узаемасувязь паміж імі. Каб знайсці шлях праз даволі складаныя вобразы, у якіх Св. Ян выказвае сваё разуменне справы Хрыста, першапачаткова будзе карысным распазнаць тры асноўныя сімвалы дадзенай тэмы або комплексы сімвалаў, якія выкарыстоўваюцца ва ўсіх трох этапах Хрыстовай місіі. Кожны з трох дазваляе нам убачыць істотнае адзінства справы Хрыста – ад крыжа да парузіі. Спалучэнне трох перадае больш за ўсё адметнасць тэалагічнай інтэрпрэтацыі Адкрыцця справы збаўлення. Пералічым іх: месіянская вайна, эсхаталагічны экзодус і сведчанне-мартырыя. Дадзены артыкул будзе датычыць месіянскай вайны.
Тэма месіянскай вайны суадносіцца з габрэйскай надзеяй на Месію, які павінен быць нашчадкам Давіда, памазаным Богам на караля, і які выступае як ваеначальнік свайго народа. Гэта Ён павінен весці вайну супраць прыгнятальнікаў-язычнікаў, вызваляючы Ізраэль і ўсталёўваючы праўленне Бога, якое таксама з’яўляецца Валадарствам Бога, Месіі і Божага народу Ізраэля над народамі свету. Істотным для гэтага паняцця, варта адзначыць, з’яўляецца тое, што Месія не вядзе вайну адзін: Ён кіруе войскам Ізраэля супраць ворагаў Ізраэля. Многія старазапаветныя прароцтвы габрэі першага стагоддзя звычайна тлумачылі як тыя, што адносяцца менавіта да гэтага чаканага Месіі-Давіда. Ідэнтыфікацыя Езуса з Месіяй-Давідам была, вядома, вельмі распаўсюджана ў раннім хрысціянстве. Гэта вельмі важна і ў Адкрыцці; таксама і для Яна, як габрэйскага хрысціянскага прарока, гэта адзін з шляхоў, праз які ён можа сабраць надзею прароцкай традыцыі Старога Запавету ў яго ўласнае эсхаталагічнае бачанне з пастаўленнем у цэнтры асобы Езуса. Але гэта важна яшчэ і таму, што адлюстроўвае постаць таго, хто павінен усталяваць Валадарства Божае на зямлі, перамогшы язычніцкія сілы, якія аспрэчваюць Божую ўладу.
Як бачна з гэтай натхнёнай Кнігі, Св. Ян старанна пераасэнсоўвае традыцыю. Яго Месія-Езус не імкнецца атрымаць сваю перамогу ваеннымі заваяваннямі, і тыя, хто падзяляе яго перамогу і яго праўленне, – гэта не “нацыянальны” Ізраэль, а “міжнародны” народ Божы. Але ўсё ж гэта перамога над злом здабываецца не толькі ў духоўнай, але і ў па-літычнай сферы супраць свецкіх валадароў, каб магло быць усталявана Божае Валадарства на зямлі. Паколькі надзея на Давідавага Месію была менавіта звязана з такой перамогай Бога над злом, Кніга Адкрыцця адлюстроўвае справу Хрыста ў тым ліку праз пераемнасць гэтай традыцыйнай габрэйскай надзеі. Праява месіянізму Давіда ў Адкрыцці зыходзіць з гэтага факту, а таксама з дзвюх самадэкларацый Хрыста (Ап 1,17-18 – “І калі я ўбачыў Яго, дык ўпаў да ног Ягоных, як мёртвы. І Ён паклаў на мяне правіцу Сваю і сказаў мне: не бойся; Я ёсць Першы і Апошні, і жывы; і быў мёртвы, і вось, жывы на векі вякоў, амэн; і маю ключы пекла і смерці”; Ап 22,13 – “Я ёсць Альфа і Амэга, пачатак і канец, Першы і Апошні”), якія дапаўняе трэцяя: “Я – корань і патомак Давіда, яркая ранішняя зорка” (Ап 22,16). Першая з гэтых дзвюх назваў трэцяй самадэкларацыі паходзіць з Ісаі 11,10 (“корань Есэя”) і выкарыстоўваецца для акрэслення Давіда-Месіі (“нашчадак” правільна тлумачыць значэнне “кораня”, надаючы яму той жа сэнс, што і “галіна” ў Іс 11,1, што часцей выкарыстоўваецца як месіянскае абазначэнне). Другі тытул адносіцца да зоркі з Кнігі Лічбаў 24,17, якая (у кантэксце Ліч 24,17-19) звычайна разумеецца як сімвал Месіі-Давіда, які перамагае ворагаў Ізраэля.
Тэрмін “Корань Давіда” сустракаецца таксама ў Ап 5,1 побач з іншым тытулам, які прадстаўляе вобраз каралеўскага Месіі, які пераможа народы ваенным чынам: “Леў Юдэйскі” (пар. Быц 49,9). Далейшыя алюзіі на Месію з Ісаі 11 (гэты тэкст па праву можна назваць “любімым” урыўкам для Давідавага месіянізму) – гэта меч, які паходзіць з Хрыстовых вуснаў (пар. Ап 1,16; 2,12.16; 19,21), якім Ён “б’е” народы (пар. Ап 19,15; Іс 11,4; 49,2) і судзіць па праўдзе (пар. Ап 19,11; Іс 11,4).
Адным з ключавых старазапаветных тэкстаў для Св. Яна Багаслова, алюзіі на які прасочваюцца ва ўсёй Кнізе Адкрыцця, з’яўляецца Псальм 2, які кажа пра “народы” і “валадароў зямлі”, што змаўляюцца супраць “Бога і яго Месіі” (вершы 1-2). Месія належыць Богу (верш 7), якога ён паставіў царом на гары Сіён (верш 6), так, каб супрацьстаяць і перамагчы мяцежныя народы. Бог абяцае даць гэтаму царскаму Месіі народы ў спадчыну (верш 8), і што ён жорстка скарыць іх з дапамогай жалезнага жазла (верш 9). Намёкі на гэты аповед пра Месію і яго перамогу над народамі знаходзяцца ў Адкрыцці 2,18.26-28; 11,15.18; 12,5.10; 14,1; 16,14.16; 19,15.
Да таго, што яўна прадстаўлена ў тэксце Псальма, Св. Ян дадае “войска” да канцэпцыі святой вайны Месіі (так, яно прысутнічае на гары Сіён у Ап 14,1 – “І зірнуў я, і вось, Ягня стаіць на гары Сіёне, і з Ім сто сорак чатыры тысячы, у якіх імя Айца Яго напісана на чолах іх”). Гэтае войска падзяляе яго перамогу (пар. Ап 2,26-27). Верагодна, таксама з Псальма вынікае выкарыстанне Янам фразы “цары зямлі” як яго стандартны тэрмін для палітычных сілаў, супрацьлеглых Богу, якіх Хрыстус перамагае (пар. Ап 1,5; 6,15; 17,2.18; 18,3.9; 19,19; 21,24).
Таксама з гэтага ваяўнічага месіянізму паходзіць у Адкрыцці ключавая канцэпцыя заваявання. Яно ўжываецца як у дачыненні да Месіі (пар. Ап 3,21; 5,5; 17,14), так і да яго народу, які падзяляе перамогу свайго Хрыста (пар. Ап 2,7.11.17.28; 3,5.12.21; 12,11; 15,2; 21,7). Вобраз заваявання з’яўляецца выразна мілітарысцкім, што цесна звязана з мовай барацьбы (пар. Ап 11,7; 12,7-8.17; 13,7; 16,14; 17,14; 19,11.19).
Характэрна, што не толькі паслядоўнікі Хрыста перамагаюць звера (Ап 15,2), але і звер перамагае іх (Ап 11,7; 13,7). Гэта відавочна з’яўляецца знакам таго, што адбываецца сапраўдная вайна, у якой ворагі Хрыста перамагаюць таксама ў пэўных бітвах, хоць канчатковая перамога належыць Яму. Варта таксама адзначыць, што мова перамогі выкарыстоўваецца для ўсіх трох этапаў справы Хрыста будавання Божага Валадарства: ён перамог сваёй смерцю і Ўваскрасеннем (пар. Ап 3,21; 5,5); Яго паслядоўнікі перамагаюць у часе перад канцом гісторыі (пар. Ап 12,11; 15,2), і Ён пераможа ў парузіі (пар. Ап 17,14).
Такім чынам, зразумела, што вобраз месіянскай вайны апісвае ўвесь працэс усталявання Божага Валадарства, як гэта прадстаўляе Адкрыццё. Выкарыстанне гэтага вобраза ў Адкрыцці ўключае фундаментальны зрух часовай перспектывы з габрэйскай (перамога моцы, дзеючай у гэтым часе) на хрысціянскую (перамога адвечнага Хрыста) эсхаталогію. Таму месіянская вайна – гэта мінулае, сучаснасць і будучыня. Рашучую перамогу насамрэч ужо атрымаў Хрыстус. Яго паслядоўнікі закліканы працягваць бітву ў сучаснасці. Аднак канчатковая перамога яшчэ ў будучыні.
кс. Валерый МАРЦІНОЎСКІ.
(Працяг будзе)