Біблейскую катэхезу, якая дапамагае пазнаваць Бога глыбей, распазнаваць Ягонае пакліканне для нас на кожны дзень, на старонках часопіса працягвае ксёндз доктар Валерый Марціноўскі, святар Віцебскай дыяцэзіі (з 2012 г.), выкладчык Святога Пісання ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску.
Будаванне Божага Валадарства
на зямлі ў Кнізе Адкрыцця:
эсхаталагічны зыход (Частка II)
Эсхаталогія гаворыць пра канчатковыя рэчы мовай, якая называецца апакаліптычнай, гэта значыць выяўляе нешта таямнічае. Аб’яўленне Езуса аб Валадарстве Божым можна з упэўненасцю аднесці да такой рэчаіснасці.
Гэта цэнтральны сімвал вучэння Хрыста, які азначае план стварэння і гісторыі, які Бог хоча рэалізаваць праз свабодную волю чалавека ў супрацоўніцтве з Творцам. Гэты збаўчы план дасягне сваёй паўнаты ў канцы гісторыі кожнай створанай істоты, калі, як мы чытаем у кнізе Адкрыцця, мы ўбачым “новае неба і новую зямлю, таму што першае неба і першая зямля прамінулі” (Ап 21,1). Тады паўстане свет справядлівасці, прыгажосці, любові і праўды, які будзе “эсхаталогіяй” у строгім сэнсе.
Аднак Пан Езус выступае супраць тэндэнцыі ўспрымаць Божае Валадарства толькі як далёкі фон, неаднаразова падкрэсліваючы, што Божы план ужо здзяйсняецца ў цяперашняй гісторыі людзей, хоць дзеянне яго схаванае і падобнае да карставай ракі, якая цячэ па няроўнай паверхні чалавечай гісторыі. Поўны адказ Езуса фарысеям, якія Яго пыталіся, такі: “Валадарства Божае не прыйдзе бачным шляхам; і не скажуць: “Вось яно” або “Вось яно”. Такім чынам, гаворка ідзе не пра “апакаліпсіс” у папулярным сэнсе гэтага слова, гэта значыць гучнае і жахлівае адкрыццё, а пра вельмі стрыманую рэчаіснасць, маленькую, як гарчычнае зерне ці кавалачак закваскі ў муцэ, ці як скарб, схаваны глыбока ў полі або згубленая ў глыбіні жамчужына.
Св. Ян Багаслоў прадстаўляе ў Кнізе Адкрыцця тэму Божага Валадарства як справу, чын Хрыста, спалучаючы тры этапы: месіянская вайна, эсхаталагічны экзодус і сведчанне-мартырыя. Гэты артыкул будзе датычыць другому з трох асноўных сімвалічных чынаў Хрыста па набліжэнні Божага Валадарства – гэта тэма эсхаталагічнага зыходу.
“Зыход” быў ключом у гісторыі выратавання Ізраэля, у якой Бог вызваліў свой народ ад прыгнёту ў Егіпце, знішчаючы прыгнятальнікаў. Бог учыніў Ізраэль сваім уласным народам і прывёў яго да тэакратычнай незалежнасці на яго ўласнай зямлі. Таму гэтая падзея, натуральна, стала ўзорам для прароцтва і апакаліптычнай надзеі на іншую вялікую падзею выратавання ў будучыні.
У некаторых габрэйскіх апакаліптыках эсхаталагічнае ўмяшанне Бога, падчас якога ён канчаткова судзіць злыя сілы і прыносіць канчатковае выратаванне свайму народу, было задумана як эсхаталагічны зыход, які пераўзыходзіць “першы” зыход, так як эсхаталогія пераўзыходзіць гісторыю. Як прыклад такіх апакаліптык з эсхаталагічным зыходам можна падаць перш за ўсё Кнігу прарока Ісаі (пар. Іс 11,11-12,6; 43,14-21; 51,10-11 – “Ці не ты [магутнасць Пана] высушыла мора, воды вялікай бездані, ператварыла глыбіні мора ў дарогу, каб прайшлі адкупленыя? І вернуцца выбаўленыя Панам і прыйдуць на Сіён са спевамі, і радасць вечная над галавою іх; яны знойдуць радасць і весялосць: смутак і ўздыхі адыдуць”). Дадаткова можна прывесці прыклады з небіблійных (лепш: калябіблійных) апакаліптык: 1QM 1-2 (альбо іншая назва гэтага кумранскага дакумента “Вайна сыноў святла супраць сыноў цемры”); Апакаліпсіс Абрагама 30,2-31,1; 1 Енох 1,4-9 (“І адтуль Ён прыйдзе на гару Сінай, і з’явіцца са Сваімі войскамі, і ў сіле Сваёй магутнасці з’явіцца з неба. І ўсё ўстрашыцца, і ахоўнікі здрыгануцца, і вялікі страх і трапятанне абыйме іх да межаў зямлі. Пахістаюцца ўзвышаныя горы, і высокія ўзгоркі апусцяцца, і растаюць, як сотавы мёд ад полымя. Зямля пагрузіцца, і ўсё, што на зямлі, загіне, і адбудзецца суд над усім і над усімі справядлівымі. Справядлівым Ён падрыхтаваў мір і будзе ахоўваць вы-браных, і міласць будзе панаваць над імі; яны ўсе будуць Божыя, і добра ім будзе, і яны будуць бласлаўлёныя, і святло Божае будзе свяціць ім. І вось Ён ідзе з мірыядамі святых, каб учыніць суд над імі, і Ён знішчыць бязбожных, і будзе судзіцца з усякаю плоццю адносна ўсяго, што грэшнікі і бязбожныя зрабілі і ўчынілі супраць Яго”).
Азнакі інтэрпрэтацыі збаўчай справы Езуса Хрыста, якая прывяла да эсхаталагічнага зыходу, можна знайсці ў многіх частках Новага Запавету, але найбольш поўна гэтую ідэю развівае Адкрыццё Святога Яна Багаслова. Цэнтральны вобраз у гэтым прадстаўленні – гэта сам Езус як Пасхальнае Ягня (упершыню дадзены тэрмін ўведзены ў Ап 5,6,9-10). Гэты вобраз Ягняці ў Ад-крыцці адносіцца да ягняці, прынесенага ў ахвяру падчас Пасхі, што становіцца зразумелым, асабліва пачынаючы з Ап 5,9-10. Там сказана, што праз сваю кроў Ягня “выкупіў” народ і зрабіў яго “каралеўствам і святарамі, якія служаць Богу нашаму”. Апошні выраз пераклікаецца з вядомымі словамі сінайскага запавету (Зых 19,5-6), паводле якога Бог стварыў уласны народ праз тое, што вывеў яго з Егіпта. Вызваленне Богам свайго народа з Егіпта часта згадваецца як яго выкуп з рабства, што “дало” Богу права быць уласнікам гэтага народа (напрыклад, Дрг 7,8; 13,5). Той жа самы вобраз можа быць адпаведным і для новага зыходу ў будучыні (пар. Іс 35,10; 51,11). Калі ў Адкрыцці кроў Ягняці разглядаецца як цана адкуплення, гэта сапраўды выходзіць за рамкі ролі, якую кроў Ягняці як Пасхальнай ахвяры адыгрывала падчас зыходу (пар. Зых 12,12.23). Больш за тое, Пасхальнае ягня не адыграла ніякай ролі ў габрэйскім чаканні новага зыходу. Але цалкам верагодна, што ў Адкрыцці 5,6.9 Св. Ян спасылаецца не толькі на Пасхальнае ягня, але і на прарока Ісаю 53,7, дзе Пакутуючы Слуга прадстаўлены ў выглядзе ахвяры ягняці (пакуты Хрыста ў іншых месцах Новага Запавету маюць алюзіі менавіта да гэтага фрагменту Ісаі; пар. Лк 22,37; Грб 9,28; 1 П 2,22). Магчыма, аўтар Кнігі Апакаліпсіса звязаў гэты верш з новым зыходам згодна з мовай Друга-Ісаі і разглядаў Пакуты Слугі Божага з раздзелу 53 як правобраз Пасхальнага Ягняці новага зыходу. У любым выпадку, цэнтральная роля, якую адыграла смерць Езуса ў хрысціянскім разуменні адкуплення, ставіць у галаву вугла вобраз Ягняці як новы матыў экзодуса ў Адкрыцці.
У Ап 15,2-4 хрысціянскія пакутнікі, якія перамаглі і цяпер знаходзяцца на нябёсах, разглядаюцца як людзі новага зыходу, якія стаяць побач з нябесным “Чырвоным морам”, праз якое яны прайшлі, і таму спяваюць новую версію песні хвалы Богу, якую калісьці Майсей і народ Ізраэля спяваў пасля свайго вызвалення з рук фараона на Чырвоным моры (пар. Зых 15). Больш за тое, пошасці, якія ёсць Божым судом над іх ворагамі, у гэтым кантэксце (пар. Ап 15,1,5-16,21) прадстаўлены на ўзор пошасцяў і казняў Егіпта ў часы зыходу. Фіналам і канчатковым спаўненнем гэтай серыі пакаранняў выступае алюзія да Сінайскай тэафаніі (Ап 16,18 – “І паказаліся маланкі, громы і галасы, і зрабіўся вялікі землятрус, якога не бывала з таго часу, як людзі на зямлі. Такі землятрус! Такі вялікі!”).
Іншыя алюзіі на аповед пра зыход знаходзяцца ў Ап 11,6 і 11,8, дзе паказваецца дзейнасць двух сведкаў, адлюстраваная часткова на ўзор Майсея і пошасцяў Егіпта, а таксама Садомы і Егіпта як месца пакутніцкай смерці гэтых сведкаў. Ужо ў Ап 2,14 ілжэнастаўнікі ў Касцёле ў Пергаме, якія пераконваюць хрысціянаў пайсці на кампраміс з паганствам, параўноўваюцца з Валаам, ілжэпрарокам, які быў адказны за спакушэнне ізраільцян на ідалапаклонства, у выніку чаго ім не ўдалося дасягнуць мэты зыходу – уваходжання ў абяцаную зямлю.
Як і ў выпадку з матывам месіянскай вайны, так і ў дадзенай тэме новага зыходу, Св. Ян паказвае, што для яго вырашальная эсхаталагічная падзея ўжо адбылася: новае Пасхальнае Ягня забітае, і праз гэта народ адкуплены для Бога. Мэта новага зыходу аднак яшчэ не дасягнута, бо кульмінацыяй гэтай падзеі стане час, калі народ Хрыста будзе валадарыць з ім як святары на зямлі (пар. Ап 20,4-6; 22,3-5). Такім чынам народ Божы атрымае сваю тэакратычную незалежнасць у абяцанай зямлі. Але новы зыход Адкрыцця не адпавядае паслядоўнасці старазапаветнага апавядання. Вобразы “зыходу” выкарыстоўваюцца у завуальваваных літаральных тэрмінах, непаслядоўна – для характарыстыкі спалучэння ўсіх трох этапаў чыну, справы Хрыста: месіянская вайна, эсхаталагічны экзодус і сведчанне-мартырыя.
кс. Валерый МАРЦІНОЎСКІ.
(Працяг будзе)