Біблейская катэхеза

кс. Валерий МартиновскийБіблейскую катэхезу, якая дапамагае пазнаваць Бога глыбей, распазнаваць Ягонае пакліканне для нас на кожны дзень,  на старонках часопіса працягвае ксёндз доктар Валерый Марціноўскі, святар Віцебскай дыяцэзіі (з 2012 г.), выкладчык Святога Пісання ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску.

 

 

Будаванне Божага Валадарства

 на зямлі ў Кнізе Адкрыцця:

сведчанне (Частка III)

 

 

Трэцяя тэма, якая выкарыстоўваецца для характарыстыкі справы Хрыста, – гэта сведчанне. Тэма сведчання – адна з найбольш  важных  тэалагічных  тэм апошняй кнігі Новага Запавету. Частата выкарыстання самога назоўніка “сведчанне” (martyria) паказвае, што гэта тыпова прыналежны Св. Яну тэрмін, паколькі з трыццаці сямі разоў выкарыстання яго ў Новым Запавеце (пар. Мк – 3 разы; Лк – 1; Ян – 14; Дзеі – 1; 1 Цім – 1; Ціт – 1; 1 Ян – 6; 3 Ян – 1) у Св. Яна Багаслова ён выступае ў 9 выпадках (у той час як дзеяслоў “сведчыць” (martyreо) з 76 у Адкрыцці з’яўляецца толькі 4 разы).

У кнізе, якая завяршае канон Новага Запавету, назоўнік “сведчанне” заўсёды ўжываецца ў адзіночным ліку. Найбольш распаўсюджаны выраз – “сведчанне Езуса” (пар. Ап 1,9; 12,17; 19,10[x2]; 20,4 і 6,9, дзе імя Езуса вынікае з кантэксту). Больш за тое, у самым пачатку Кнігі ў Ап 1,2 згадваецца “сведчанне Езуса Хрыста”, запісанае Св. Янам, а ў Ап 11,7 гаворыцца пра “іх сведчанне” у сувязі з двума сведкамі; у Ап 12,11 аўтар спасылаецца на “слова іх сведчання”, гэта значыць хрысціянаў, якія перамаглі шатана.

Назоўнік “сведчанне” тройчы суправаджаецца дзеясловам “мець”, з якім ён утварае сінтагму “мець сведчанне” (пар. Ап 6,9; 12,17; 19,10). На думку некаторых каментатараў, гэта сведчыць аб больш глыбокай ідэнтычнасці вучняў Езуса. Чаму? Належыць прыгледзецца да значэння гэтага слова.

Этымалогія назоўніка “сведчанне” разумеецца як памяць пра людзей і падзеі. Martys азначае таго, хто мае нешта ў памяці, памятае, чэрпае са сваіх успамінаў веды пра нейкую рэчаіснасць і таму можа перадаць звесткі пра гэта. Таму ён і становіцца сведкам. Адсюль значэнне назоўніка martyria – гэта памяць, якая вынікае з вопыту і разважанняў, г.зн. з суаднясення суб’екта martyria да перажытай і праверанай (запомненай) рэчаіснасці, якая не падлягае забыццю. І такі вопыт перадаецца іншым. Таму сведчанне мае свае карані ў вопыце. Яно, можна сказаць, жыве дзякуючы памяці аб тым, што адбылося. Значыць, сведка (martys) – гэта той, хто перадае, і дзякуючы памяці якога пэўныя падзеі, рэаліі і асобы з мінулага “ажываюць”.

Сам Езус – “верны і праўдзівы сведка” (Ап 3,14; пар. Ап 1,5). Назва адносіцца перш за ўсё да сведчання, якое Езус прынёс Богу падчас свайго жыцця на зямлі праз сваю вернасць, падмацаваўшы гэтае сведчанне нават цаной свайго жыцця. Слова “сведка” (martys) у Адкрыцці яшчэ не мае тэхнічнага хрысціянскага значэння “пакутніка” (таго, хто сведчыць праз адданне жыцця за веру). Яно не спасылаецца на саму смерць як на сведчанне, але на вуснае сведчанне аб праўдзе Божай (асацыяцыя са сведчаннем “словам Божым”: Ап 1,2,9; 6,9; 20,4 (“І ўбачыў я троны і тых, хто сядзеў на іх, якім дадзена было судзіць, і душы абезгалоўленых за сведчанне Езуса і за слова Божае, якія не пакланіліся зверу, ні вобразу яго і не прынялі напісання на лоб свой і на руку сваю. Яны ажылі і валадарылі з Хрыстом тысячу гадоў”). Гэтае вуснае сведчанне непазбежна спалучана з жывой паслухмянасцю Божым загадам (пар. сувязь сведчання з выкананнем запаведзяў: Ап 12,17 – “І раз’юшыўся цмок на жанчыну, і пайшоў, каб уступіць у барацьбу з іншымі ад насення яе, якія захоўваюць запаведзі Божыя і маюць сведчанне Езуса Хрыста”). Але тым не менш пры дадзеным паняцці “сведка” выразна маецца на ўвазе тое, што вернае сведчанне выклікае супрацьдзеянне і прыводзіць да смерці (пар. Ап 2,13; 11,7; 12,17). Гэтае сведчанне Езуса, што прывяло Яго да смерці, моцна адлюстроўвае паслядоўнасць тытулаў, пералічаных у Ап 1,5: “Езуса Хрыста, Які ёсць сведка верны, першынец з мёртвых і ўладар цароў зямных […] Які палюбіў нас і абмыў нас ад грахоў нашых Крывёю Сваёю”.

Чын, справу сведчання Езуса працягваюць Яго паслядоўнікі, якія не толькі суадносяць сябе са сведчаннем свайго Настаўніка (Ап 17,6 – “Я бачыў, што жанчына была напоеная крывёю святых і крывёю сведкаў Езуса, і, бачачы яе, дзівіўся здзіўленнем вялікім”; пар. Ап 2,13), але таксама маюць “сведчанне Езуса» (Ап 12,17; 19,10 – “Я ўпаў да ног ягоных, каб пакланіцца яму; але ён сказаў мне: глядзі, не рабі гэтага; я – той, хто служу разам з табою і братамі тваімі, якія маюць сведчанне Езуса; Богу пакланіся, бо сведчанне Езуса ёсць дух прароцтва”). Мець сведчанне Езуса – гэта тое, што стала іх уласным сведчаннем (Ап 6,9; 12,11 – “Яны перамаглі яго крывёю Ягняці і словам сведчання свайго, і не палюбілі душы сваёй нават да смерці”). “Сведчанне Езуса” азначае не толькі “сведчанне Езусу”, але сведчанне самога Езуса, якое яго верныя паслядоўнікі працягваюць несці. Гэта перш за ўсё Езусава сведчанне і сведчанне яго паслядоўнікаў аб праўдзівым Богу і Яго праўдзе, якая выкрывае ілжывасць ідалапаклонства і зло тых, хто пакланяецца зверу. Тэма сведкі звязана з дамінуючай у Кнізе Адкрыцця заклапочанасцю адносна жыцця ў праўдзе ці ў хлусні. Можна скарочана прадставіць наступную схему развіцця галоўнага пасылу гэтай прароцкай Кнігі Новага Запавету: свет – гэта свое-асаблівая зала суда, у якой вырашаецца пытанне аб тым, хто галоўны, які Бог праўдзівы. У гэтым судовым спаборніцтве Езус і яго паслядоўнікі сведчаць аб праўдзе. Пасля завяршэння гэтых дэбатаў сведчанне хрысціянаў, якія жыццём пацвярджаюць сваю пазіцыю, прызнаецца праўдзівым і становіцца аргументам і доказам супраць тых, хто адмовіўся прыняць – “звера” і яго прыхільнікаў. Такім чынам, у трэцяй “стадыі” чыну Хрыста, ці яго парузіі, само сведчанне становіцца суддзёй. Той, хто быў верным і праўдзівым сведкам (пар. Ап 3,14), цяпер названы верным і праўдзівым у даверанай ім функцыі суддзі (пар. Ап 19,11).

Калі назва “верны сведка” (пар. Ап 1,5) у адносінах да Хрыста заснавана на Псальме 89,36-38 (“Аднойчы Я прысягнуў святасцю Маёй: ці зманю Давіду? Насенне яго застанецца вечна, і трон ягоны, як сонца, перад Мною, навек будзе трывалы, як месяц, і верны сведка на нябёсах”), то безумоўна прасочваецца сувязь такога сведчання з Давідавым месіянізмам. Св. Ян, безумоўна, развіў тэму сведчання ў сваім уласным ключы, а менавіта ў судовым вымярэнні гэтай рэчаіснасці. Акрамя гэтага, аўтар выразна выкарыстоўвае побач з фактам сведчання таксама вайсковую яго праяву – вобраз месіянскай вайны. Яго выкарыстанне можа быць натхнёным прароцтвамі Дэўтэра-Ісаі. Праз гэта адлюстроўваецца судовае спаборніцтва, у якім у якасці справы вырашаецца прэрэгатыва Бога быць адзіным сапраўдным Богам, Творцам і Панам гісторыі. Суд і сведкі маюць быць тым, што фактычна выносіць апраўдальны прысуд Усявышняму перад багамі народаў, якія не могуць пахваліцца сведчаннем аж да праліцця крыві праз сваіх паслядоўнікаў. У гэтым кантэксце народ Ізраэля атрымлівае новую назву-заданне – “мае сведкі” (пар. Іс 43,10.12; 44,8), чыім пакліканнем будзе сведчыць усім народам, што толькі Пан праўдзівы Бог і Збаўца. Гэтыя тэмы блізкія да тэалагічных ідэй Адкрыцця, дзе акцэнт робіцца ўжо на ролі Касцёла як Новага Ізраэля ў сведчанні ўсім народам (і супраць ідалапаклоннікаў, прыхільнікаў Звера), што Бог – адзіны сапраўдны Бог.

 

 кс. Валерый МАРЦІНОЎСКІ.

(Працяг будзе)


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий