Біблейскую катэхезу, якая дапамагае пазнаваць Бога глыбей, распазнаваць Ягонае пакліканне для нас на кожны дзень, на старонках часопіса працягвае ксёндз доктар Валерый Марціноўскі, святар Віцебскай дыяцэзіі (з 2012 г.), выкладчык Святога Пісання ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску.
Ахвяра Ягняці і будаванне Божага Валадарства
Фундаментальным ў Кнізе Адкрыцця для разумення ўсяго шляху, праз які Хрыстос устанаўлівае Божае Валадарства на зямлі, з’яўляецца перакананне, што ў сваёй смерці і ўваскрасенні Хрыстос ужо атрымаў рашучую перамогу над злом. Гэтае перакананне адлюстравана у раздзеле 5 Кнігі, які з’яўляецца працягам асноўнага бачання праўлення Бога на Нябёсах, пра што мова была ў раздзеле 4. Пасля аб’яўлення Божага суверэнітэту на Нябёсах паўстае пытанне аб рэалізацыі гэтай поўнай і абсалютнай улады Усявышняга на зямлі. Святы Ян Багаслоў бачыць у правай руцэ Таго, хто сядзіць на троне, запячатаны скрутак (пар. Ап 5,1). Там змешчана таемнае, праз што мэта Бога аб устанаўленні Сывайго Валадарства на зямлі будзе здзейснена. Змест гэтага скрутку, па сутнасці, уключае тое, што павінна быць адкрыта Яну як прадмет яго прароцтва для Касцёлаў. Але з Божага ўстанаўлення вынікае, што толькі адзін чалавек мае права адкрыць скрутак і раскрыць яго змест. Толькі Езус Хрыстус з’яўляецца адзіным, хто можа адкрыць гэтую таямніцу.
Ключ да бачання Св. Яна забітага Ягняці (пар. Ап 5,6) заключаецца ва ўказанні выразнага кантрасту паміж тым, што ён чуе (пар. Ап 5,5 – “перамог”), і тым, што ён бачыць (пар. Ап 5,6 – “забіты”). Ён чуе, што “Леў з пакалення Юды, Корань Давідаў, перамог”. Гэтыя два месіянскія тытулы (Леў з пакалення Юды і Корань Давідаў) падкрэсліваюць моцна мілітарысцкі і закаранёны ў Божым народзе вобраз Месіі-Давіда як пераможцу народаў, што знішчае ворагаў Божага народу. Вобраз гэты ёсць пераасэнсаваннем таго, што бачыць Ян: Ягнё, чыя ахвярная смерць (пар. Ап 5,6 – “І я зірнуў, і вось, пасярод прастола і чатырох жывёлін і сярод старцаў стаяў Ягня як бы забіты, які мае сем рагоў і сем вачэй, якія ёсць сутнасцю сямі духаў Божых, пасланых на ўсю зямлю”) адкупіла людзей з усіх народаў (пар. Ап 5,9-10). Супастаўляючы два супрацьлеглыя вобразы, Ян стварыў новы сімвал перамогі смерці праз ахвяру. Месіянскія надзеі, пра якія ўзгадвае тэкст Ап 5,5 (“І адзін са старцаў сказаў мне: не плач; вось, Леў з пакалення Юдава, корань Давідаў, перамог і можа раскрыць гэтую кнігу і зняць сем пячатак яе”), не адмаўляюць факту: Езус – сапраўды чаканы Месія-Давід (пар. Ап 22,16). Але паколькі гэтыя надзеі асацыяваліся з ваенным гвалтам і сціслай прыналежнасцю да абранага народу, перавагу атрымала інтэрпрэтацыя праз вобраз Ягняці. Месія, безумоўна, перамог, але ён зрабіў гэта праз ахвяру сябе і дзеля карысці людзей з усіх народаў (пар. Ап 5,9). Такім чынам, сродкі і шляхі, праз якія тлумачыцца перамога Месіі-Давіда, гэта вобраз Ягняці; пры гэтым значэнне вобраза Ягня цяпер разглядаецца ў тым, што яго ахвярная смерць была перамогай над злом.
Каго ці што Ягнё перамагло, у тэксце Адкрыцця не выказана выразна (пар. Ап 3,21 – “Пераможцу дам сесці са Мною на троне Маім, як і Я перамог і сеў з Айцом Маім на троне Яго”) (хоць, верагодна, мы павінны бачыць паразу шатана, здзейсненую Міхалам, як гэта прадстаўлена ў Ап 12,7-9, як сімвал перамогі Ягняці). Тут выкарыстоўваецца спецыяльны прыём, калі аб’ект заваявання пакінуты нявызначаным (пра гэта кажа Ап 5), каб перамога была бязмежнай. Чытач натхнёнага тэксту пакліканы разумець, што ўсё, што супрацьстаіць Божаму кіраванню, пераможана Ягнём. Такім чынам, праз такое неназыванне аб’екту перамогі моц пераможнага Ягняці пашыраецца, каб у чаканні эсхаталагічных плёнаў сваёй перамогі, Хрыстос мог уключыць усё стварэнне ў пакланенне таму, хто сядзіць на троне разам з Ім (пар. Ап 5,13).
Святы Ян падкрэслівае, што ахвярная смерць Хрыста вызваліла хрысціян ад граху (пар. Ап 1,5 – “ад Езуса Хрыста, Які ёсць сведка верны, першынец з мёртвых і ўладар цароў зямных. Яму, Які палюбіў нас і абмыў нас ад грахоў нашых Крывёю Сваёю”) і зрабіла іх эсхаталагічным народам Бога (пар. Ап 1,5; 5,9-10 – “І спяваюць новую песню, кажучы: варты Ты ўзяць кнігу і зняць з яе пячаткі, бо Ты быў забіты, і Крывёю Сваёю адкупіў нас Богу з усякага калена і мовы, і народа, і племя, і зрабіў нас царамі і святарамі Богу нашаму; і мы будзем валадарыць на зямлі”). Што важна ў кантэксце Адкрыцця, Касцёл ужо прадстаўляецца як устаноўленае “Валадарства і святарства, што служыць Богу нашаму” (Ап 5,10), і таму менавіта такую ролю (як ўжо здзейсненае Валадарства) ён павінен адыграць падчас працэсу паўсюднага надыходу Божага Валадарства. Адсюль рэалізацыя Божай улады на зямлі толькі ў рамках Касцёла не можа быць канчатковай мэтай перамогі Хрыста, бо яе перспектыва сягае ўсяго ўніверсума. Пакуль злыя сілы, якія выступаюць супраць Бога, пануюць на зямлі, перамога яшчэ не дасягае сваёй мэты. Але тыя, хто ўжо прызнае Божае панаванне, праз сам факт такога прызнання выконваюць сваю неад’емную ролю ў поўнай перамозе Ягняці.
У раздзеле 5 апісваецца ўжо дасягнутая мэта чыну Хрыста, што прадстаўляецца праз спалучэнне двух матываў: месіянскай вайны і новага зыходу (гэтая тэма разглядалася намі ў папярэдніх артыкулах). Трэці асноўны матыў, які прадстаўляе Хрыста як вернага сведку, не мае непасрэднага дачынення да першых двух матываў, але датычыць адлюстравання мінулых дзеянняў Хрыста. Сувязь усіх трох матываў можна ўбачыць толькі у тым, як самі хрысціяне ўдзельнічаюць у перамозе Хрыста над шатанам: “Яны перамаглі яго [шатана] крывёю Ягняці і словам іхняга сведчання, бо яны не збераглі жыцця нават перад абліччам смерці” (Ап 12,11). Увесь верш патрабуе такога разумення, што спасылку на “кроў Ягняці” належыць адносіць не толькі да смерці Хрыста, але да смерці хрысціянскіх пакутнікаў, якія па прыкладу Хрыста нясуць сведчанне нават цаной свайго жыцця. Але гэтае сведчанне нават да смерці не мае самастойнай каштоўнасці. Яго значэнне залежыць ад гэтай першай ахвяры, ахвяры з сябе Ягняці, і з’яўляецца працягам яго сведчання. Смерць сведкаў перамагае шатана толькі дзякуючы ўдзелу сведкаў у перамозе Ягняці, які атрымлівае перамогу над шатанам сваёй смерцю. Вернасць у сведчанні з’яўляецца істотным для разумення таго, як Хрыстова перамога можа наступіць менавіта дзякуючы вернаму “вучнёўству” паслядоўнікаў Хрыста ў свеце.
кс. Валерый МАРЦІНОЎСКІ.
(Працяг будзе)