Біблейскую катэхезу, якая дапамагае пазнаваць Бога глыбей, распазнаваць Ягонае пакліканне для нас на кожны дзень, на старонках часопіса працягвае ксёндз доктар Валерый Марціноўскі, святар Віцебскай дыяцэзіі (з 2012 г.), выкладчык Святога Пісання ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску.
Войска … пакутнікаў,
або Чальцы Божага Валадарства,
згодна з думкай Кнігі Адкрыцця Св. Яна Багаслова
Калі перамога Хрыста апісваецца і тлумачыцца ў Ап 5,5-9, чытачы і слухачы Адкрыцця ўжо ведаюць, што чакае хрысціянаў. Яны перамогуць, як Хрыстос. Кожнае з пасланняў да сямі Касцёлаў у раздзелах 2-3 уключае абяцанне эсхаталагічнай ўзнагароды “таму, хто перамагае” (пар. Ап 2,7.11.17.26-28; 3,5.12.21), а апошняе з гэтых пасланняў, “стратэгічна” размешчана ў Ап 5,5-6, абвяшчае: “Таму, хто перамагае, Я дам месца са Мною на Маім троне, як і Ясам перамог і сеў з Айцом Маім на троне Яго” (Ап 3,21).
Упершыню мы сустракаемся з гэтымі пераможнымі паслядоўнікамі Хрыста ў раздзеле 7, які працягвае тэму месіянскай вайны, адлюстроўваючы гэтых пераможцаў як войска Давіда-Месіі. У раздзеле 7,4-14 выкарыстоўваецца той жа спосаб, што і ў 5,5-6: гэта супрацьпастаўленне таго, што чуе Ян (7,4), і таго, што ён бачыць (пар. Ап 7,9). 144 000 з дванаццаці плямёнаў Ізраэля (пар. Ап 7,4-8) у адрозненне ад незлічонага мноства з усіх народаў (пар. Ап 7,9). Гэта кантраст, але менавіта такім чынам адлюстроўваецца адна і тая ж рэальнасць. Акрамя таго, такое выяўленне розніцы паралельна двум кантрасным выявам Хрыста ў Ап 5,5-6: 144 000 ізраільцян з’яўляюцца паслядоўнікамі Месіі-Давіда – Льва з пакалення Юды (пакаленне Юды пазначана першым), а незлічонае мноства – гэта людзі, прыналежныя забітаму Ягняці, адкупленыя з усіх народаў (пар. Ап 5,9) – (з аднаго пакалення – з усіх народаў!). Падобна таму, як чаканне Давіда-Месіі было пераасэнсавана з дапамогай вобразу пасхальнага ягняці, таму спачатку выразна звязаны з адным народам вобраз паслядоўнікаў Месіі пераасэнсаваны вобразам паслядоўнікаў з усіх народаў, аб чым было вядома ўжо з біблейскіх абяцанняў патрыярхам. Згодна з гэтым, нашчадкаў патрыярхаў было б незлічонае мноства (пар. Быц 13,16; 15,5; 32,12). Такім чынам, не таму, што хрысціяне ў канцы першага стагоддзя былі “незлічоныя”, але па прычыне веры Св. Яна (аўтара) ў выкананне ўсіх абяцанняў Бога праз Хрыста Касцёл паказаны як незлічоная супольнасць, створаная з усіх народаў.
Аднак існуе дадатковы кантраст паміж 144 000 ізраільцян і незлічоным мноствам, які робіць паралель з Ап 5,5-6 больш дакладнай. 144 000 – гэта войска. Ап 7,4-8 з’яўляецца свайго роду перапісам плямёнаў Ізраэля. У Старым Запавеце перапіс заўсёды быў падлікам ваеннай моцы нацыі, у якой вайскоўцы (толькі мужчыны) падлічваліся, згодна з узростам, адпаведным для нясення вайсковай службы. Дванаццаць роўных кантынгентаў з дванаццаці плямёнаў – гэта войска ўсяго Ізраэля, уз’яднанага ў апошнія дні ,паводле традыцыйнай эсхаталагічнай надзеі, сабранага пад кіраўніцтвам Льва Юды, каб перамагчы язычнікаў – прыгнятальнікаў Ізраэля. Мноства тых, хто святкуе сваю перамогу на нябёсах, прыпісваючы яе Богу і Ягняці (пар. Ап 7,9-10), абмылі вопратку сваю і выбелілі яе ў крыві Ягняці (пар. Ап 7,14). Гэта азначае, што яны пакутнікі, якія атрымалі перамогу, удзельнічаючы праз сваю смерць у ахвярнай смерці Ягняці. Такім чынам, гэтак жа, як Ап 5,5-6 малюе Езуса Хрыста як Месію, які атрымаў перамогу праз ахвярную смерць, а не шляхам ваеннай моцы, так і Ап 7,4-14 паказвае Яго паслядоўнікаў як народ Месіі, які ўдзельнічае ў Яго перамозе, але робіць гэта шляхам аддання сябе і таму часта ахвярнай смерці, а не пры дапамозе ваеннага гвалту.
Раздзелы 12-14 адлюстроўваюць удзельнікаў бязладнай вайны. У раздзелах 12-13 цмок, звер і іншы звер намаляваныя як тыя, хто паспяхова вядзе вайну супраць народу Божага (пар. Ап 12,17; 13,7). Але ў Ап 14,1 Ягня і яго войска супрацьстаіць ім на гары Сіён, месцы трыумфу месіянскага цара над варожымі народамі (пар. Пс 2,6). Паслядоўнікі Хрыста прадстаўляюцца як армія дарослых мужчын, якія, выконваючы старажытнае патрабаванне рытуальнай чысціні, неабходнай для тых, хто ваюе ў “святой вайне” (пар. Дрг 23,9-14; 1 Сам 21,5; 2 Сам 11,9-13), павінны пазбягаць культавай апаганенасці, якая магла ўзнікнуць пры палавым акце. Гэтая рытуальная чысціня належыць да вобразу войска: яго літаральны эквівалент – у ідэале Янавага Касцёла (а асноўная характарыстыка яго – гэта не сэксуальны аскетызм, але маральная чысціня). Спалучэнне мілітарысцкага і ахвярніцкага вобразу Хрыста ў Ап 5,5-6 змяняецца на выключна вобраз ахвярапрынашэння ў Ап 14,4b-5, а разам з ім выява рытуальнай чысціні войска Пана змяняецца на дасканаласць, якой патрабуе ўдзел ў ахвяра-прынашэнні. Слова “беззаганны” (гр. amфmoi) – гэта культавая тэрміналогія для фізічнай дасканаласці, неабходнай для жывёлы, прыдатнай для ахвяры (пар. Зых 29,38; Лев 1,3; 3,1). Вось чаму культавы вобраз перадаецца праз яго літаральны эквівалент: “у іх вуснах не было падману” (Ап 14,5). Св. Ян праз такую алюзію паўтарае значныя тэксты Старога Запавету: Саф 3,13, дзе гаворыцца пра эсхаталагічны народ Божы, а менавіта, што “падступнага языка не будзе ў іхніх вуснах”, і Іс 53,9, дзе гаворыцца пра Пакутуючага Слугу, што “ў яго не знойдзена фальшу”. Паслядоўнікі Ягняці нагадваюць таго, за кім яны “ідуць, куды б ён ні пайшоў” (Ап 14,4). Гэта азначае: прытрымлівацца, пераймаць як праўдзівасць, вернасць, так і ахвярную смерць Ягняці.
Такім чынам, перамога войска Ягняці – гэта перамога праўдзівага сведчання, якое захоўваецца аж да ахвярнай смерці. Як і ў выпадку Ап 12,11, тры вобразы – месіянская вайна, пасхальная ахвяра і вера сведкаў – збіраюцца разам і ўзаемна інтэрпрэтуюць адзін другога. Калі ў раздзеле 7 перамога Ягняці і паслядоўнікаў праз пакутніцтва прадстаўляецца ўпершыню, то гэтая ідэя пазней становіцца галоўнай думкай іншых партый тэксту. Так, між іншым, гэта датычыць адкрыцця “пячатак”. Адкрыццё шостай пячаткі, здаецца, прадказвае неадкладнасць фінальнага прысуду (пар. Ап 6,12-17), але справа гэтая “затрымліваецца”, пакуль слугі Бога запячатаны (пар. Ап 7,1-3) менавіта, як аказваецца, пакутніцкай смерцю. Калі пятая пячатка адкрываецца, то даносіцца стагнанне хрысціянскіх пакутнікаў мінулага, але яны павінны чакаць, пакуль не будзе поўнага складу, г.зн. усіх мучанікаў Хрыстовых. Іншымі словамі, апошні суд над бязбожнымі, які будзе помсціць за пакутнікаў, адкладаецца да моманту апошніх пакутаў апошніх паслядоўнікаў Ягняці.
Якое значэнне тады мае само мучаніцтва? У Кнізе Апакаліпсісу гэты сэнс – працяг справы Хрыста яго паслядоўнікамі, развіццё перамогі, якую ён дасягнуў сваёй смерцю. Прымаючы вобраз людзей новага зыходу у самым відавочным сэнсе, народ Божы, набыты з усіх народаў на зямлі, праз мучаніцтва вызваляецца ад уплываў злога свету. Гэты народ святкуе перамогу ў нябёсах, у той час як яго ворагі на зямлі асуджаныя канчатковым прысудам. Прысуд “зацягнуты” (адкладзены) толькі дзеля таго, каб учарашнія ворагі змаглі пазбегнуць Божага гневу праз … пакутніцтва.
кс. Валерый МАРЦІНОЎСКІ.
(Працяг будзе)