Біблейская катэхеза

кс. Валерий МартиновскийБіблейскую катэхезу, якая дапамагае пазнаваць Бога глыбей, распазнаваць Ягонае пакліканне для нас на кожны дзень,  на старонках часопіса працягвае ксёндз доктар Валерый Марціноўскі, святар Віцебскай дыяцэзіі (з 2012 г.), выкладчык Святога Пісання ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску.

 

 

 

Таямнічы скрутак Кнігі Апакаліпсіса

 

 

 У нашых разважаннях над тэмай Божага Валадарства ў Кнізе Апакаліпсіса нам належыць вярнуцца да матыву скрутка, які Ягня, у выніку сваёй перамогі, робіць магчымым для раскрыцця (пар. Ап 5,1-9). Толькі Ягня можа раскрыць скрутак і прадставіць яго змест, таму што гэта яго перамога вядзе да ажыццяўлення мэты Бога, якая змяшчаецца ў скрутку. А мэтай з’яўляецца нішто іншае як будаванне Валадарства Божага. Кажучы больш дакладна, змест таям-нічага скрутка пакажа, як паслядоўнікі Хрыста павінны ўдзельнічаць у прыходзе Божага Валадарства, ідучы за Ім праз сведчанне, ахвяру і перамогу. Паколькі Ягня перамагло, таму менавіта Яно  можа прывесці да таго, што і яго паслядоўнікі перамогуць.

Скрутак, запячатаны сямю пячаткамі (пар. Ап 5,1), якія Ягня адкрывае адну за адной, апісваецца аўтарам, пачынаючы ад Ап 6,1 да 8,1. Але падзеі, якія адбываюцца пры адкрыцці пячатак, не з’яўляюцца зместам скрутка.

Падзеі, якія апісваюцца пры адкрыцці сямі пячатак, проста суправаджаюць сам факт іх адкрыцця. Адкрыццё пячатак адна за адной – гэта літаратурны прыём, які дазваляе Св. Яну расказаць пра шэраг бачанняў, якія рыхтуюць да выяўлення зместу скрутка. Бо ні серыя сямі судоў, якія суправаджаюць адкрыццё пячатак, ні серыя з сямі гукаў труб, якія цесна звязаны са зместам сёмай, апошняй пячаткі (пар. Ап  8,1-6), не з’яўляюцца зместам скрутка.

Матыў скрутка, які цяпер выяўлены, зноў з’яўляецца ў Ап 10,2.8-10. Большасць чытачоў можа давесці да непаразумення слова, ужытае у Ап 10,2.9-10, – biblaridion (слова ў памяншальнай форме, але, як і многія іншыя памяншальныя формы ў грэцкай мове, яно не павінна адрознівацца па значэнні ад асноўнай формы слова; у дадзеным выпадку гэта biblion, якое выкарыстоўваецца ў Ап 5,1-9; 10,8). На падставе гэтага некаторыя экзэгеты меркавалі, што скрутак раздзела 10 будзе адроз-нівацца ад скрутка раздзела 5 (верагодна, памяншальная форма вы-клікана вобразам паядання гэтага скрутка, каб надаць праўдападабенства гэтаму вобразу).

Але аўтар старанна паказвае іх ідэнтычнасць. Анёл, які прыносіць скрутак з нябёсаў (пар. Ап 10,1-2), называецца “іншым магутным анёлам” (10,1). Гэта падкрэслівае літаратурную сувязь з Ап 5,1-9, дзе згадваецца першы “магутны анёл” (5,2). Што яшчэ больш важна, ва ўсіх гэтых раздзелах (4, 5 і 10) Св. Ян уважліва “працягвае” інаўгурацыйнае бачанне кнігі прарока Эзэхіэля (пар. Эзх 1,1-3.11). Як і ў выпадку Эзэхіэля, бачанне Св. Яна датычыць Боскага трона (пар. Ап 4; пар. Эзх 1), што з’яўляецца падрыхтоўкай да перадачы прарочага паслання прароку. Апісанне Св. Янам скрутка ў руцэ Бога (пар. Ап 5,1) зроблена на ўзор падобнага апісання Эзэхіэля (пар. Эзх 2,9-10). У выпадку прарока Старога Запавету, сам Бог раскрывае скрутак і аддае яго прароку з загадам з’есці яго (пар. Эзх 3,1-2). З’яданне скрутка сімвалізуе паглынанне прарокам Боскага паслання, якое ён павінен перадаць людзям. Калі Эзэхіэль есць яго, ён становіцца салодкім, як мёд у вуснах ягоных (пар. Эзх 3,3). У Кнізе Адкрыцця намёкі на гэты ўрывак Старога Запавету пачынаюцца у Ап 5,1, а затым працягваюцца у Ап 10,2.8-10, дзе анёл дае адкрыты скрутак Яну, і ён есць яго, адчуваючы, што гэты скрутак ў яго вуснах становіцца салодкім, як мёд, але горкім ў яго страўніку. Розніца паміж Эзэхіэлем і Апакаліпсісам заключаецца ў раскрыцці скрутка. У новазапаветнай кнізе скрутак павінен быць адкрыты Ягнём перад тым, як ён будзе дадзены Св. Яну для спажыцця. Такім чынам, скрутак узяты з рук Бога Ягнём (пар. Ап 5,7), які раскрывае яго (пар. Ап 6,1.3.5.7.9.12; 8,1). Затым ён перадаецца з нябёсаў на зямлю праз анёла (пар. Ап 10,1-2), які дае Яну спажыць яго (пар. Ап 10,8-10).

Гэты ланцужок адкрыццяў, ад Бога да прарока Яна, дакладна адпавядае вершу Ап 1,1, дзе сцвярджаецца, што адкрыццё – гэта змест кнігі, якая была дадзена Езусам Хрыстом, а ён паказаў гэта сваім слугам, паслаўшы сваіх анёлаў слузе свайму Яну (пар. таксама Ап 22,16). Цяпер мы разумеем, чаму анёл, які павінен быць неабходным звяном у гэтым ланцугу адкрыццяў, не з’яўляецца ў Кнізе аж да першага верша 10 раздзела. Усё тое, што папярэднічала, з’яўляецца  падрыхтоўчым,  неабходным  для разумення гэтага адкрыцця, але  не самім  адкрыццём.

Раскрыццё зместу скрутка Св. Яну займае месца першай часткі пашыранай інтэрмедыі паміж матывамі  шостай  і сёмай трубы (пар. Ап 10,1-11,13). Належыць заўважыць, што  тэкставыя  падказкі ў Ап 9,12 і 11,14  цвёрда  звязваюць гэтую  інтэрмедыю з шостай, а не з сёмай трубой. Чаму скрутак даецца  Яну  ў гэты момант, бліжэй да  завяршэння  другой  серыі з сямі судамі? Усе тры серыі судоў цесна  звязаны  з  бачаннем  Бога як суверэна і тройчы святога (чытай “аддзеленага”), пра што была мова ў Ап 4. Гэтыя серыі судоў маюць на мэце “прынесці” святую волю Божую на злы свет. Але суды аж да шостай трубы ўключна строга абмежаваныя (пар. Ап 6,8; 8,7-12; 9,5.15.18). Яны з’яўляюцца свайго роду папераджальнымі судамі, закліканымі прывесці чалавецтва да пакаяння. У Ап 9,20-21, непасрэдна перад інтэрмедыяй, выразна сказана, што яны (суды) насамрэч не аказваюць такога эфекту. Тыя, хто перажывае гэтыя суды, не каюцца. Маецца на ўвазе, што адных толькі судоў недастаткова, каб прывесці да пакаяння і веры.

Вось чаму ўжо ў пачатку інтэрмедыі прапануецца наступная серыя судоў – сем громаў (пар. Ап 10,3-4). У адрозненне ад скрутка, гэтыя суды павінны заставацца запячатанымі, і Ян не павінен адкрываць іх змест у сваім прароцтве (пар. Ап 10,4). Іншымі словамі, працэс усё больш жорсткага папярэджання праз суды больш не працягваецца. Гэта не тое, што б сведчыла аб завяршэнні цярплівасці Бога, але пацвярджэнне зацвярдзеласці адрасатаў, бо такія суды больш не выклікаюць пакаяння. Такім чынам, шэраг судовых рашэнняў, якія закранаюць чвэрць зямлі (пар. Ап 6,8), і шэраг, які закранае траціну зямлі (пар. Ап 8,7-12; 9,15.18), не выконваюцца, як можна было б гэтага  спадзявацца, другой паловай  зямлі. Без сумневу, менавіта сем громаў былі б такой серыяй судоў, што  ахапілі  б  гэтую “непакаяную» палову зямлі. Але цяпер застаецца  толькі апошні суд – сёмая труба (пар. Ап 10,7). Калі змест сёмай трубы падрабязна выкладзены, то, як і ў выпадку з сямю чарамі (пар. Ап 15,1), адбываюцца  поўныя, а не абмежаваныя суды (пар. Ап 16,2-21), што здзяйсняе канчатковае знішчэнне непакаяных.

З’еўшы скрутак, Св. Ян атрымлівае загад раскрыць змест гэтага скрутка праз прароцтва: “Ты павінен зноў прарочыць для многіх народаў, і моваў, і каралёў” (Ап 10,11). Слова “зноў” супрацьпастаўляе гэтае прароцтва не толькі дзейнасці Яна як прарока да гэтага часу, але і ўсяму папярэдняму прарочаму адкрыццю, на якое спасылаецца Ап 10,7. Прарокам як Старога, так і Новага Запавету Бог адкрыў сваю канчатковую мэту – усталяваць сваё Валадарства на зямлі. Тое, што не было аб’яўлена, за выключэннем намёкаў, якія цяпер робіць Св. Ян, становіцца непасрэдным заданнем паслядоўнікаў Ягняці – прывядзенне свету да пакаяння і веры праз іх сведчанне і смерць.

Змест скрутка раскрываецца ў Ап 11,1-13. Такім чынам, гэты ўрывак змяшчае, у асноўным, цэнтральнае паведамленне ўсяго прароцтва Яна. Ён размешчаны тут, каб паказаць, якую ролю сведчанне Касцёла перад народамі адыгрывае перад апошнім судом сёмай трубы, з моманту гучання якой Божае Валадарства, нарэшце, прыходзіць (пар. Ап 11,15-19). Затым, у раздзелах 12-15, пераможны канфлікт Касцёла з сіламі зла падаецца ў значна больш пашыранай апрацоўцы, якая затым інтэгруецца ў апісанне канчатковага суда і яго вынікаў (пар. Ап 15-22). Адносіны паміж Ап 11,1-13 і раздзеламі 12-15 можна ўбачыць з таго, як серыя новых вобразаў, уведзеная ў Ап 11,1-13 з загадкавымі падрабязнасцямі, прадугледжвае іх больш  поўную  трактоўку ў 12-15 раздзелах:  вялікі  горад  (11,8), звер і яго вайна супраць святых (11,7), сімвалічны перыяд часу (11.2-3), які з’яўляецца перыядам барацьбы Касцёла са зверам. Змест, такім чынам, скрутка (фактычна гэта Ап 11,1-13) дае найбольш поўную трактоўку таго, як Касцёл праз сведчанне рыхтуе пакаянне і веру народаў.

 

 

 кс. Валерый МАРЦІНОЎСКІ.

(Працяг будзе)


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий