Біблейскую катэхезу, якая дапамагае пазнаваць Бога глыбей, распазнаваць Ягонае пакліканне для нас на кожны дзень, на старонках часопіса працягвае ксёндз доктар Валерый Марціноўскі, святар Віцебскай дыяцэзіі (з 2012 г.), выкладчык Святога Пісання ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску.
Перамога звера
паводле Кнігі Адкрыцця Cв. Яна
(Частка І)
У трох асноўных сімвалічных матывах Кнігі Адкрыцця (мы іх разглядалі ў папярэдніх артыкулах – месіянская вайна, новы зыход і сведчанне) менавіта заклік да чытачоў або слухачоў “перамагаць” з’яўляецца фундаментальным для структуры і тэмы ўсёй Кнігі.
Змест Адкрыцця патрабуе ад адрасатаў актыўнага ўдзелу ў боскай вайне са злом. Эсхаталагічны змест абяцанняў Кнігі з кульмінацыяй ў Ап 21,7 паказвае, што члены Касцёлаў могуць увайсці ў Новы Ерузалем толькі праз перамогу (пар. Ап 22,14). Дзеяслоў “перамагчы” застаецца (інтрыгуюча!) без аб’екта да раздзела 12 (за выключэннем аднаго разу, калі суб’ектам з’яўляецца звер, а аб’ектам – паслядоўнікі Ягняці ў Ап 11,7). Гэта таму, што толькі ў раздзелах 12-13 Кнігі галоўныя ворагі Бога, якія павінны быць пераможаны, каб пракласці шлях для ўсталявання Божага Валадарства, называюцца пайменна. Яны з’яўляюцца сатанінскай “тройцай”: цмок, або змей (першапачатковая, звышнатуральная крыніца ўсялякай апазіцыі Богу); звер, або марская пачвара (імперская ўлада Рыма); другі звер, або зямная пачвара (прапагандысцкая машына імперскага культу).
Вавілон, вялікая блудніца, якая прадстаўляе карумпаваную і эксплуататарскую цывілізацыю горада Рыма, якую падтрымлівае палітычная і ваенная моц імперыі, да раздзела 17 Кнігі мае крыху іншы статус. Бо хрысціяне пакліканы не заваяваць яго, але “выйсці з яго” (пар. Ап 18,4), г.зн. адмежавацца ад яго зла. У той жа час магутныя міфічныя рэзанансы вобразаў у раздзелах 12-13 ставяць будучае супрацьстаянне паміж хрысціянамі і магутнасцю Рыма ў ракурсе касмічнай вайны зла супраць Бога і Яго вернага народу.
Першапачатковае супрацьстаянне паміж змеем і жанчынай, якая нарадзіла дзіця, якое ў рэшце рэшт пераможа змея (пар. Ап 12,1-5), вяртае гісторыю ў Эдэмскі сад (пар. Быц 3,15), і, паколькі жанчына не толькі Ева, але і Сіён, з якога нараджаецца Месія (пар. Іс 66,7-9), таксама ўключае ў сябе гісторыю дахрысціянскага Ізраэля. У дадзенай ілюстрацыі свайго роду аднаўляюцца некаторыя з самых старажытных міфалагічных вобразаў перамогі таямнічага Воіна над пачварамі хаосу. Цмок – гэта Левіяфан, сямігаловы змей, якога Пан пакарае сваім вялікім мячом у апошні дзень (пар. Іс 27,1), у той час як паходжанне звера таксама ўзыходзіць да даўніны (пар. пачвараў у Дан 7,2-8), а менавіта да постаці Левіяфана, бо ён падымаецца з мора. Больш за тое, спалучэнне марскога монстра і зямнога монстра (пар. Ап 13,1.11) паўтарае традыцыйную пару монстраў, Левіяфана і Бегемота, уладароў адпаведна мора і сушы. Такім чынам, звярыныя фігуры з’яўляюцца па сутнасці першабытнымі сіламі зла, пры-значанымі на канчатковае паражэнне боскім Воінам у апошні дзень, але ў цяперашні час увасабляюцца ў прыгнятальную сілу Рымскай імперыі, якая пераўзыходзіць у сваім ваенным гвалце і абагаўленні ўласнай сілы нават імперыі зла мінулага (пар. Дан 7,2-8). Менавіта хрысціяне, будучы войскам Ягняці (пар. Ап 14,1-5), закліканы перамагчы гэтыя страшныя сілы сваім верным сведчаннем аж да смерці, гэта значыць удзелам у моцы крыві Ягняці. Яны ўжо перамаглі цмока (пар. Ап 12,11). Цяпер, калі ён, скінуты з нябёсаў і збірае сілы на зямлі ў выглядзе імперскай улады (пар. Ап 12,12.18-13,2), яны павінны перамагчы гэтага звера (пар. Ап 15,2).
Звернем таксама ўвагу на выкарыстанне дзеяслова “перамагчы” (гр. nikaф). Падобна як у Ап 11,7 зверу “было дазволена весці вайну са святымі і перамагчы іх” (Ап 13,12). Справа не ў тым, што і звер, і хрысціяне атрымліваюць некалькі перамог; хутчэй адна і тая ж падзея – пакутніцкая смерць хрысціян – апісваецца і як перамога звера над імі, і як іх перамога над зверам. Такім чынам, Св. Ян ставіць пытанне: хто сапраўдны пераможца? Адказ залежыць ад таго, ці бачыць чалавек рэчы з зямной перспектывы тых, хто пакланяецца зверу, ці з нябеснай перспектывы, якая праз бачанне адкрываецца Св. Яну і прызначаецца для яго чытачоў. Для жыхароў зямлі (пар. Ап 13,8) відавочна, што звер перамог пакутнікаў. Палітычная і ваенная моц звера, якая, здаецца, ставіць на калені ўсё перад сабой і заваёўвае захапленне і пакланенне свету, малюецца як трыумфуючая нават над сведкамі Езуса.
Тое, што моц звера можа знішчыць хрысціянскіх мучанікаў смерцю беспакарана, здаецца канчатковым доказам непераможнай богападобнай моцы звера. У судовым супрацьстаянні адносна таго, хто з’яўляецца сапраўдным Богам – звер ці той, на карысць каго сведчаць пакутнікі, – здаецца, прысуд ясны: доказы пакутнікаў абвергнуты. Напэўна, нават у хрысціян была спакуса бачыць гэта такім чынам, г.зн. безнадзейны фінал. Бо яны былі нязначнай меншасцю бяспраўных людзей, якія супрацьстаялі пераважнай магутнасці дзяржавы і вялізнаму ціску паганскага грамадства. Адмовіцца ад кампрамісу азначала стаць яшчэ больш бездапаможнай ахвярай.
Які быў сэнс супраціўляцца зверу, калі ён аказваўся непераадольным? Але паведамленне Св. Яна заключаецца ў тым, што з нябеснага пункту гледжання ўсё выглядае зусім інакш. Мучанікі – сапраўдныя пераможцы. Быць верным у сведчанні праўдзівага Бога аж да смерці – значыць не стаць ахвярай звера, але выступіць супраць яго і перамагчы. Але толькі ў бачанні неба (пар. Ап 7,9-14; 15,2-3) або ў вобразе голасу з неба (пар. Ап 11,12; 14,2) мучанікі могуць быць прызнаныя пераможцамі. Нябесная перспектыва павінна ўварвацца ў зямную ілюзію прапаганды звера, каб даць магчымасць па-іншаму ацаніць той жа эмпірычны факт: уяўная перамога звера – гэта сапраўдная перамога пакутнікаў – і, такім чынам, Бога.
Толькі нябесная перспектыва мае сілу праўды. Калі пакутнікі сведчаць на карысць праўдзівага Бога супраць ілжыва боскіх амбіцый звера і адмаўляюцца прызнаць хлусню звера, нават калі такім чынам яны могуць пазбегнуць смерці, яны перамагаюць праўдай над падманам. Хлусня звера не можа падмануць іх ці нават прымусам заваяваць іх. Звер можа забіць іх, але ён не можа здушыць іх сведчанне праўды. Іх смерць не абвяргае іх жыццёвага сведчання, таму што нават у іх смерці сіла праўды і яе моц пераконваць перамагаюць любую фізічную сілу. Такім чынам, мабыць, найбольш важным кантрастам паміж сіламі зла і войскам Ягняці з’яўляецца кантраст паміж падманам і праўдай. Цмок з’яўляецца тым, хто ашуквае ўвесь свет (пар. Ап 12,9; 20, 2-3.7-8); другі звер ашуквае жыхароў зямлі сваёй прапагандай боскасці звера (пар. Ап 13,14; 19,21); Вавілон ашуквае ўсе народы сваімі чарадзействамі (пар. Ап 18,23), але паслядоўнікі Ягняці, як і само Ягня, не маюць у сабе ніякага падману (пар. Ап 14,5; 3,14).
Такім чынам, тэма месіянскай вайны вярнула нас да тэмы сведчання праўды. Як звычайна, асноўныя тэмы Св. Яна інтэрпрэтуюць адна адну. Але тэма месіянскай вайны мае сваю асаблівую вагу. Выкарыстоўваючы вайсковы вобраз для ацэнкі таго, што адбываецца, калі пакутнікі паміраюць, а звер перамагае, у выніку чаго Ягня перамагае, – Св. Ян звяртаецца да пастановы найбольш эфектыўнага вырашальнага пытання аб тым, як чалавек бачыць рэчы: ці з’яўляецца свет месцам, у якім ваенная і палітычная моц перамагае ўсё на сваім шляху, ці гэта свет, дзе пакутнае сведчанне праўды ў рэшце рэшт перамагае? Як бачым, Адкрыццё прапануе сваім чытачам прароцкае распазнанне, якое кіруецца сутнасцю хрысціянскай веры: што Езус Хрыстус атрымаў поўную перамогу над усялякім злом праз адданае сведчанне. Ён таксама заклікае адважна пры-трымлівацца гэтага распазнання на практыцы, як паказваюць заклікі “да стойкасці і вернасці святых” (Ап 13,10; пар. Ап 14,12), што і адпавядае вобразу месіянскай вайны.
кс. Валерый МАРЦІНОЎСКІ.
(Працяг будзе)