Чытаючы Апакаліпсіс

кс. Валерий МартиновскийНа працягу сямі гадоў Біблейскую катэхезу з чытачамі часопіса вёў  доктар тэалагічных навук кс. Адам Дынак і сёння маем нагоду, каб шчыра падзякаваць яму за плённую працу, за тое, што Божае Слова – спадзяёмся! – дайходзіла да сэрца тых, хто шукае Бога. Пачынаючы з сённяшняга нумару Біблейскую катэхезу згадзіўся працягваць кс. доктар Валерый Марціноўскі, святар Віцебскай дыяцэзіі (з 2012 г.), выкладчык Святога Пісання ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску.

 

 

 Многія лічаць, што чытаць Аб’яўленне Св. Яна Багаслова, або Апакаліпсіс, непадрыхтаванаму чалавеку немагчыма і нават духоўна небяспечна. Існуе меркаванне, што Апакаліпсіс, называны “Кнігай за сямю пячаткамі”, хоць з тытулу мае заданне адкрыць, аднак так і застаецца цалкам закрыты для чытача. Тым часам, як кажа Апостал Павел, усё Пісанне карысна і ўсё дадзена нам для навучання (пар. 2 Цім 3,16). Такім чынам, чытанне Апакаліпсіса не з’яўляецца чымсьці забароненым, і змест яго не так незразумелы, як здаецца. Большая частка Апакаліпсіса расшыфроўваецца пры чытанні Святога Пісання Старога Запавету, таму што аўтар не толькі жыў і думаў яго паняццямі і вобразамі, але праўдападобна і ведаў яго амаль на памяць.

Што ж такое Апакаліпсіс? Апакаліпсіс – адмысловы жанр святога біблейскага пісьменства і старажытнага пісьменства наогул. Слова гэта азначае “адкрыццё”. Бог адкрывае нешта асобным мудрым мужам, якія расказваюць свету пра тое, што здзяйсняецца ў глыбінях гісторыі, якія сілы кіруюць, да чаго ідзе чалавецтва і ўвесь сусвет.

Гэты жанр адрозніваецца ад жанру прароцкіх кніг. Прарокі дзейнічалі і былі голасам Бога ва ўмовах свайго часу. Яны былі грамадскімі барацьбітамі, слугамі Храма. У цяжкі час яны выступалі з асаблівага ўзвышэння ў Храме. У часе набажэнства быў такі момант, калі прарок павінен быў вымавіць прамову. Тады на яго сыходзіў Дух Пана, і ён канкрэтна казаў людзям аб тым, што будзе з імі заўтра. Ён казаў аб палітычных сілах, аб сутыкненнях імперскіх моцаў, ён заклікаў да жыцця па законе Божым.

У сваю чаргу Апакаліпсіс – гэта твор пісьменніка, які не ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, – ён піша. І тое, што яму адкрываецца, амаль не можа быць перададзена словамі. Прарок кажа так, як гаворыць Пан, а ў апакаліптыкаў інакш, таму што таямніцы гісторыі і лёсу свету не могуць укласціся ў слоўныя формулы, і містыкі-пісьменнікі малююць іх з дапамогай метафар, сімвалаў, алегорый, вобразаў. Апакаліптыка заўсёды вобразная, яна заўсёды злучана з бачаннямі, з нейкімі карцінамі. Больш за тое, апакаліптыка не столькі гаворыць аб канкрэтных падзеях часу, колькі паказвае будучыню. Свет у вачах апакаліптыкаў – гэта нешта, што ўжо завяршаецца, сыходзіць; усе іх намеры накіраваны на апошнюю барацьбу дабра са злом. Для прарокаў злыя сілы яшчэ не гэтак відавочныя, яны выяўляюцца ў дзеяннях пэўных носьбітаў зла: грахоўных валадароў, жорсткіх імператараў, няслушнага натоўпу і г. д. Для апакаліптыкаў цёмныя сілы гісторыі – гэта ўжо цэлыя дэманічныя полчышчы злых духаў, якія прыводзяць у рух імперыі, натхняюць гвалтаўнікоў, ініцыююць адступніцтва натоўпу.

Без усялякага сумнення, кнігу з сямю пячаткамі з Ап 5 можна назваць адным з найбольш яскравых і запамінальных вобразаў Апакаліпсіса. Таму ў пэўным сэнсе – гэта сама кніга Апакаліпсіса. Вобраз таямнічай кнігі ў 5-м раздзеле Апакаліпсіса адразу ж прыцягвае да сябе ўвагу чытачоў. Цалкам зразумела, што сем пячатак на кнізе сімвалізуюць патаемнасць і таям-ніцу, таму пра змест кнігі можна меркаваць толькі будучы “ўтаям-нічаным”. Такое ўражанне складаецца не толькі на падставе вобразнасці сямі пячатак, але і пасля прачытання расповеду пра кнігу ў цэлым. З аднаго боку, у тэксце Адкрыцця Яна Багаслова дадзена падрабязная знешняя характарыстыка кнігі, раскрыта яе важная роля ў шэрагу падзей 5-га раздзела. З іншага боку, у апісанні кнігі існуюць прабелы, што адкрывае магчымасць яе неадназначнай інтэрпрэтацыі. Таму звернемся да тэксту Ап 5 і разгледзім дадзены вобраз падрабязней.

Апісанае ў 4-м і 5-м раздзелах бачанне адкрывае сабой увесь цыкл наступных нябесных вобразаў Апакаліпсіса (Ап 4-22). У 4-м раздзеле аўтар упершыню трапляе на неба і бачыць першае нябеснае бачанне, апісанне якога працягваецца і ў 5-м раздзеле. Гэта – бачанне прастола Божага і нябесных сіл, якія пакланяюцца “Таму, хто сядзіць на троне”, як Творцу і Валадару. У Ап 5,1 гаворыцца, што ў правіцы “Таго, хто сядзіць на троне” знаходзіцца кніга, “напісаная ўнутры і звонку, запячатаная сямю пячаткамі”. На абвяшчэнне моцнага анёла: “хто варты раскрыць гэтую кнігу і зняць пячаткі яе”, не можа адгукнуцца ніхто “ні на небе, ні на зямлі, ні пад зямлёю”, паколькі ва ўсім сусвеце не аказваецца нікога вартага.

Гэта выклікае плач аўтара, які адначасова з’яўляецца сузіральнікам гэтых таямніцаў. У сваёй скрусе аб тым, што ніхто ў свеце не можа раскрыць кнігу, ён атрымлівае суцяшэнне ад аднаго з 24 старцаў, якія атачаюць трон Божы і якія кажуць: “Не плач; вось, леў з пакалення Юды, корань Давідаў, перамог, і можа раскрыць гэтую кнігу і зняць сем пячатак яе” (5,5). Тут перад намі камбінацыя з двух традыцыйных месіянскіх тытулаў, узятых з Быц 49,9 і Іс 11,10, якія ўказваюць на паходжанне Месіі з царскага роду Давідава. Апакаліптык Ян чуе пра Льва, але пры гэтым бачыць “Ягняці, як бы забітае” (5,6).

Гэтая яскравая трансфармацыя выяў паказвае, што вядомыя старазапаветныя месіянскія прароцтвы атрымліваюць прынцыпова новае тлумачэнне: Езус Хрыстус са-праўды пераможца зла, але Ён дасягае гэтай перамогі менавіта праз Сваю ахвярную смерць. Ягня падыходзіць да прастола і бярэ кнігу з правіцы таго, хто сядзіць, і ў Яго гонар гучаць тры гімны. Чатыры жывёлы і дваццаць чатыры старцы пакланяюцца Ягняці і спяваюць Яму “новую песню”: “Годны Ты ўзяць кнігу і зняць з яе пячаткі, бо Ты быў забіты і крывёю Сваёю адкупіў нас Богу з усякага калена і мовы, і народу, і племені і зрабіў нас валадарамі і святарамі Богу нашаму, і мы бу-дзем валадарыць на зямлі” (5,9-10). Другі гімн спявае незлічонае мноства анёльскіх істот: “Годнае Ягня закланае прыняць сілу і багацце, і мудрасць і моц, і гонар і славу і блаславенне”.

Згодна з думкай шматлікіх да-следчыкаў, цэнтральнай тэмай Ап 5 з’яўляецца прыняцце Ягнём паўсюднага валадарства. Таму трэці гімн звернуты да Бога і Ягняці разам і ахоплівае ўсё стварэнне: “І ўсякае стварэнне, якое знаходзіцца на небе і на зямлі, і пад зямлёй, і на моры… казала: Таму, хто сядзіць на троне, і Ягняці – благаслаўленне і гонар, і слава на вякі вякоў” (5,13). Затым, у 6-м раздзеле, намалявана зняцце Ягняці пячаткі з кнігі, што адкрывае цыкл бачанняў сямі пячатак. Такім чынам, захаваная ў правіцы Божай запячатаная кніга перадаецца толькі слаўнаму Хрысту, Пераможцу зла (5,5).

Як можна ўбачыць, кніга з’яўляецца цэнтральным вобразам 5-га раздзела Апакаліпсіса, і ўсё апавяданне канцэнтруецца вакол яе. Несумненна, запячатаная кніга мае велізарную важнасць (адсюль аўтар і адначасова сузіральнік плача з немагчымасці адкрыць кнігу (5,4)). Тлумачэнне вобразу кнігі непасрэдна ўплывае на разуменне яе мовы, і таму гэты эпізод прадстаўлены ў самым пачатку цыкла бачанняў Апакаліпсіса і тым самым задае найважнейшыя багаслоўскія акцэнты для ўсяго апавядання. У сувязі з гэтым цалкам зразумела, што запячатаная кніга прыцягвала да сябе асаблівую ўвагу шматлікіх экзегетаў і багасловаў розных эпох. Аднак пры спробе інтэрпрэтацыі вы-явы запячатанай кнігі даследчыкі апынаюцца перад шэрагам экзегетычных праблем. У першую чаргу гэта звязана са спецыфікай апісання кнігі. У той час як вонкавыя характарыстыкі запячатанай кнігі пазначаны вельмі падрабязна (кніга напісана “ўнутры і звонку” і запячатана “сямю пячаткамі”), якія-небудзь указанні на яе змест у тэксце Апакаліпсіса адсутнічаюць. Такое спалучэнне дэталёвай распрацаванасці знешняй формы кнігі і незразумеласці яе зместу дае падставу да пабудовы шматлікіх гіпотэз. Назавём асноўныя: (1) запячатаная кніга як Пісанне Старога Запавету (незразумелае без Хрыста), (2) як запісаныя Богам лёсы свету і (3) як Запавет Божы. Усе тры так ці інакш адпавядаюць заданню Кнігі Св. Яна Багаслова – адкрыць Бога, які аб’яўляецца Касцёлу – Нявесце Хрыстовай.

Але якія крытэрыі дазваляюць зразумець Адкрыцці Божыя? Перш за ўсё – час. Тое ці іншае Аб’яўленне прызначана, перш за ўсё, тым, хто ў дадзеным яму часе акунецца ў прадказаныя падзеі, або будзе мець з імі судакрананне. Бо ніколі не зможа чалавек, сілай свайго розуму, зразумець тое, што за межамі яго ўспрымання. Другая прыкмета, якая дазволіць спазнаць адлюстраванае ў Адкрыцці прадказанне, гэта здольнасць распазнаць прысутнасць Божага Духу ў гісторыі. Бо без гэтага ўспрыняцце навакольнага свету і інтэрпрэтацыя падзей ў ім – у кожнага свая, але толькі ўсведамленне прыкмет створанасці свету надае накірунак усёй гісторыі.

Падсумоўваючы, мова паслання аб’яўлення Апакаліпсіса – гэта зразумелае абяцанне тым, хто, будучы “божым чалавекам”, перамагае свет, які імкнецца заглушыць голас Творцы. Гэта адкрыццё абяцання Касцёлу ў пераследаванні, што ён будзе жыць з Богам у Яго новым свеце і на новай зямлі (адсюль у старым свеце і старой зямлі такая мова гучыць незразумела непадрыхтаваным і прадказвае тое, што ад неачышчанага вадою пакаяння вока закрыта). Урэшце, таямнічасць такой мовы гэта адначасова і пагроза тым, хто баязлівы і няверны, бо такое настаўленне вядзе да аддзеленасці ад Бога (“другая смерць” як таксама немагчымасць быць у лучнасці -дыялогу з Творцам, а г. зн. Страціць жыццё).

 

 

кс. Валерый МАРЦІНОЎСКІ.

(Працяг будзе)


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий