«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

Тэмай новага цыкла разважанняў за «круглым сталом» рэдакцыя ў бягучым годзе абрала “Прыпавесці Езуса Хрыста”. Большасць з нас, можа, лічыць, што прыпавесці ўсім добра вядомыя і не патрабуюць ніякіх разважанняў… А калі насамрэч суаднесці ўрокі Езуса, якія даў нам праз іх, з днём сённяшнім, даведаемся шмат новага пра Хрыста як чалавека, які больш за 2000 гадоў таму навучаў у Палестыне. Шмат чаго даведаемся і пра сябе.

 

 

 

Статак і пастух

 

 

 

 

Добры пастыр

Ян 10, 1 – 16

«Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто ўваходзіць не праз браму на авечы двор, але прабіраецца інакш, той злодзей і злачынец. А хто ўваходзіць праз браму, той пастыр авечак.  Брамнік яму адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага; кліча сваіх авечак па імені і выводзіць іх. А калі ўсіх выведзе, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць ягоны голас.  За чужым не ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо не ведаюць голасу чужых». Такую прыпавесць сказаў ім Езус, але яны не зразумелі, што Ён казаў ім.  Тады Езус зноў сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я – брама для авечак. Усе, колькі іх прыходзіла перада Мною, – гэта злодзеі і злачынцы, і авечкі не паслухалі іх. Я – брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу. Злодзей прыходзіць дзеля таго, каб красці, забіваць і нішчыць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку. Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак. Найміт і не пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк, кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх. Уцякае, бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак. Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне, як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. Я жыццё сваё аддаю за авечак. Ёсць у Мяне таксама іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр.


 

У парафіі Святога Андрэя, апостала, у Нарачы разважалі над прыпавесцю Езуса Хрыста “Добры пастыр”. У пасяджэнні за “круглым сталом” прымалі ўдзел Ірына Шнітоўская,  Галіна Жалубоўская, Іна Пірог, Іна Шнайдэр. Вядучым быў пробашч парафіі  а.  Бернард РАДЗІК, OCD.

 

 

 

 

f-str-17Напачатку сустрэчы сабраныя ў сваёй супольнай малітве прасілі Пана Бога, Святога Духа і Найсвяцейшую Панну Марыю  аб апецы пры разважанні над Божым Словам.

 

 

 

 

 

 

 

Пастава Добрага пастыра

 

Ірына Шнітоўская:Шнитовская
– Пра Бога часта гаворыцца як пра Пастыра, а пра Яго народ – як пра статак. Успамінаюцца словы адной  з  маіх  любімых песень, якую  спявалі  больш  за 20 год таму ў  першых пешых пілігрымках у Будслаў, нават не ведаючы, што гэта  словы  з Бібліі, псалом 22: «Мой Госпад – Пастыр добры, з Ім ўсяго даволі. На нівах зялёных пасвіць Ён, да водаў светлых мяне водзіць Ён». У чым  жа сакрэт прыцягальнасці  вобраза  Езуса,  Добрага пастыра?
Каб зразумець сэнс гэтай прыпавесці, спачатку нагадаем, што вучні Езуса не былі вучонымі людзьмі, і  калі  Ён  да  іх  прамаўляў, то выкарыстоўваў вобразы простыя  і  добра ім вядомыя. Галоўная частка тэрыторыі  Іўдзеі  была горным  плато з цвёрдай камяністай  глебай, таму  і прыдатная была больш для жывёлагадоўлі, чым  для  земляробства.  Палесцінскі пастух, у параўнанні з пастухамі ў нашай краіне,  меў  зусім іншы статус. Да сённяшняга часу настаўнікі  палохаюць  гультаяватых вучняў, маўляў, будзеш  пастухом, калі  не  будзеш вучыцца! А ў біблейскія  часы  пастыр – гэта была  ганаровая  прафесія.  У Ізраэлі  нават  вядомыя людзі былі пастухамі – Якаў, Давід, Маісей, Амос. Можна вобразна  сказаць, што гэта было своеасаблівым па-кліканнем. Аднак жыццё  палесцінскіх  пастухоў  было складаным. Травы  ў Палесціне было не многа, паша не была агароджана, і авечкі, пераходзячы з месца  на  месца,  маглі  заблудзіцца,  таму нагляд за імі быў абавязковы і  пастаянны. Пастух ішоў наперадзе  статку, каб  адхіліць  магчымую небяспеку – абараніць авечак  ад драпежнікаў або злодзеяў і разбойнікаў.
Адносіны  паміж пастырам і авечкамі ў Палесціне таксама своеасаблівыя. Там іх разводзяць у асноўным не дзеля мяса, а дзеля поўсці. Таму  авечкі  многа год ходзяць за сваім пастухом, атрымліваюць ад  яго мянушкі, адклікаюцца на яго голас. Расказваюць, што аднойчы два пастухі загналі ў пячору свае статкі на ноч. Як, здаецца,  пазнаць іх потым? Раніцай адзін  пастух выйшаў і паклікаў голасам – і  яго статак адразу выбег да яго.
Вучні  Езуса  не адразу зразумелі  Яго прыпавесць. А  што казаць пра нас,  людзей  сучасных, для  якіх  словы “служэнне”, “клопат”, “самаахвярнасць” такія  далёкія, як анёлы на нябёсах. Мы памылкова лічым,  што Добрым пастырам  павінен  быць толькі святар. Зразумела, што ў першую чаргу  гэта яго датычыцца, і, на жаль, усе  менш  і  менш  становіцца святароў,  якія “ведаюць  сваіх  авечак па імені”, якія  жывуць клопатамі сваіх парафіянаў, а не ўласнымі  амбіцыямі.
Кожны з нас пакліканы быць Добрым  пастырам.  Пакліканне настаўніка,  катэхета,  лекара, мужа, жонкі, бацькі, маці – кожнае  – патрабуе  ад  нас паставы Добрага пастыра.

 

Каб мелі жыццё  ў дастатку

 

Галіна  Жалубоўская:Жалобовская
– Калі  іудэі  не  зразумелі  аповед пра Добрага пастыра, Езус сказаў пра Сябе проста: “Я – брама для авечак”. Што Ён меў на ўвазе? У той  час  у  Палесціне  было  два віды авечых загонаў, і, калі статак пасвіўся далёка ад паселішча, у гарах, у  цёплую пару года авец сабіралі ў загоны  на схілах гор. Загоны  знаходзіліся  пад адкрытым небам і загароджваліся толькі сцяной  з  адтулінай  у  ёй, праз якую авечкі маглі выходзіць і заходзіць. Па начах пастух клаўся ўпоперак уваходу, і ні адна авечка не магла выйсці, не пераступіўшы праз яго. Фактычна пастух станавіўся дзвярыма, брамаю. Гэта метафара, але мы добра ведаем, што толькі праз Езуса, Яго аднаго чалавек можа прыйсці да Бога. Да Хрыста людзі ўяўлялі  Бога ці чужым, ці варожым, але Езус прыйшоў паказаць, якім ёсць Бог і паказаць да Яго дарогу. Гэтая  дарога ў кожнага свая і залежыць ад многіх фактараў. У адных – яна кароткая, простая, у другіх – складаная і ўхабістая. Але маю перакананне, што, якім  бы  заскарузлым  грэшнікам  ні быў  чалавек, у  ягонай душы заўсёды  ёсць надзея на Бога. Мне часта  прыгадваецца адзін выпадак, сведкаю  якога  засталася. Была нядзелька, я прыйшла з касцёла пасля святой Імшы, і звоніць мне стрыечны брат майго мужа і кажа, што хоча абавязкова сустрэцца з ксяндзом. А чалавекам ён быў  слабай волі, любіў чарку выпіць, страціў  сям’ю. Часта прыходзіў да мае мамы пагаварыць, і тады мы ўжо разам заклікалі яго, маўляў, ты католік, ахрышчаны, бярыся за розум! У той дзень у нашым  касцёле  было  многа святароў,  і  я  не пайшла перашка-джаць ім і прасіць пробашча, каб прыняў майго сваяка. Падумала, што зраблю гэта заўтра. А заўтра раніцай  мужчына  памёр… Не лічу сябе  вінаватай, што не пабегла адразу замаўляць яму сустрэчу з пробашчам, але гэта яшчэ раз пераконвае, што  кожны  чалавек  мае патрэбу  прыйсці  да  Бога.  Пытанне толькі ў часе.
У 10-м вершы прыпавесці Езус кажа, што  Ён прыйшоў, каб мы мелі  жыццё і  мелі ў дастатку. Сапраўды, так ёсць: быць паслядоўнікамі  Хрыста, ведаць Яго і разумець – значыць  жыць з дастаткам, жыць не толькі тут, на зямлі, але і мець запас, дастатак на вечнае жыццё ў Валадарстве Божым. І  ў  гэтым  надзвычайна вялікая  роля пастыра, бо пастыр – гэта сучасны  вучань Хрыста, і гэта  праз  яго  Бог мяняе чалавечыя лёсы. Канешне, сучасныя  пастыры вельмі розныя, і ў іх  свае характары, свае слабасці, але, на мой погляд, яны  чыняць  вельмі вялікую і добрую справу – яднаюць чалавека з Богам. Гэта вуснамі пастыра прамаўляе да нас Езус,  гэта з рук пастыра мы атрымліваем Цела Езуса Хрыста і ім узмацняемся.  

 

Палажыць жыццё  за статак свой

 

Іна Пірог:Инна Пирог
– У прыпавесці  можна  назіраць кантраст  паміж  добрым  пастырам і злым, верным і няверным. Праўдзівы  пастыр  нараджаўся для свайго служэння. Калі хлапец дасягаў  неабходнага  ўзросту, яго пасылалі  са статкам, і  авечкі станавіліся  яго  сябрамі  і спадарож-нікамі,  і для  яго  было натуральным думаць  пра іх у першую чаргу. Пастыр  быў  цалкам  адпаведны за статак.  Вялікай  пагрозай  для статка былі ваўкі. Калі звер нападаў  на  авечку і разрываў яе, пастух  павінен быў даказаць сваю нявіннасць, прынесці ўладальніку статка “доказ” ў выглядзе раза-рванага  вуха ці адарванай  нагі  жывёлы. Рызыкаваць сваім  жыццём за авечак для пастуха было справай  натуральнай  і звычайнай. Здаралася, што, калі на статак нападалі злодзеі  і  разбойнікі, пастухі аддавалі  жыццё. А найміт быў пастухом  дзеля заплаты. І калі ваўкі нападалі на статак, найміт забываўся  на ўсё, акрамя  ратавання  свайго жыцця, і  ўцякаў. Захарыя  гаворыць, што  прыметай лжэпастыра  з’яўляецца  тое, што ён  у час небяспекі не імкнецца сабраць статак, які разбягаецца (Зах 11, 16). Як  і  ў жыцці: той, хто працуе  толькі дзеля заплаты, думае  пра  заплату. А той, хто працуе дзеля любові, думае пра людзей, якім  імкнецца  служыць.
Часам у вёсцы, ды і ў горадзе, людзі  гавораць  пра добрага лекара, маючы на ўвазе не толькі яго веды  і  прафесійныя навыкі, але і яго  спачуванне,  дабрыню, міласэрнасць, з якімі ён прыходзіць да хворага  чалавека, і  гэта  робіць яго сябрам усіх.
У гэтай  прыпавесці статак – гэта  Касцёл  Хрыстовы, які  падвяргаецца  двум відам небяспекі: нападкам звонку з боку ваўкоў і знутры –  з боку лжэпастыраў. У Касцёле  заўсёды двайная небяспека. Церпіць  ад  нападкаў  звонку і  часта пакутуе ад дрэннага кіраўніцтва знутры ад пастыраў, якія ў сваім пакліканні бачаць  для  сябе кар’еру, а не служэнне  бліжняму. Другая  небяспека – горшая за першую, бо  верны пастыр абароніць свой статак ад нападкаў  звонку, а калі   пастыр  слабы і няверны найміт, то ворагі звонку могуць пракрасціся ўнутр і загубіць статак. Самае галоўнае ў Касцёле – кіраўніцтва,  заснаванае на пры-кладзе  Езуса Хрыста.
У нашай парафіі – Добры пастыр, мы адчуваем яго апеку і клопат  пра нас. Заклікаю, каб мы маліліся за яго, бо жыццё ў яго складанае.

 

У чым заключаецца  адзінства

 

Іна Шнайдэр:Шнайдер
– Напэўна, самае цяжкае ў свеце, ад чаго не проста адвыкнуць, – гэта  ўсведамленне  сябе  асабліва прывілеяваным, значным у параўнанні  з іншымі. Гэта добра за-своілі  юдэі,  і верылі, што  толькі  яны з’яўляюцца Божым народам, а да астатніх Бог не мае ніякага дачынення. Верылі,  што  тыя іншыя народы створаны быць рабамі ў юдэяў. Але  раптам  Пан  Езус гаворыць, што  прыйдзе час, і ўсе народы  пазнаюць у  Ім  свайго пастыра. І  цяпер мы разумеем, што  Езус  дзейнічаў  вельмі  лагічна, адразу сканцэнтрыраваў увагу на адным (юдэйскім) народзе, хоць Яго канчатковай  мэтай  было  агарнуць  Любоўю ўвесь свет! І з гэтага выцякаюць  тры  ісціны.
Першая:  толькі ў паяднанні з Богам ёсць сапраўдная магчымасць паяднання людзей. У свеце шмат  раздзяленняў на народнасці, расы, нацыі,  класы, але адзінае, што можа згладзіць адрозненні паміж народамі, – гэта  Евангельская  вестка Езуса Хрыста, якая нясе людзям праўду аб усемагутным айцоўстве Бога.
Другая: “Будзе адзін статак і адзін пастыр”. Адзінства прыходзіць не ад таго, што ўсе авечкі будуць у адным загоне, а ад таго, што  будуць  чуць голас аднаго пастыра  і  будуць паслухмяныя яму. “Адзін статак” не азначае, што павінна  быць адна царква, адзін касцёл, адзіны від богаслужэння, адзіны  спосаб  царкоўнага  кіраў-ніцтва.  Азначае гэта, што ўсе канфесіі  аб’ядноўваюцца  адзінай верай у Езуса Хрыста.
Трэцяя: людзям цяжка пазнаць Бога без святара, і ў жыцці рэдка сустрэнеш  чалавека,  які  прыйшоў да  Бога сам, без чые-небудзь дапамогі. І тут паўстае вялікае місійнае  заданне  Касцёла: калі мы ведаем, што нехта побач з намі яшчэ не агорнуты любоўю Бога, мы  можам  прывесці  яго да Хрыста. Мы можам дапамагчы Езусу зрабіць  свет адным статкам, у якога  ёсць  адзін  Пастыр. Хто такія мы?  Мы – гэта  вернікі парафіі,  напрыклад,  нашай,  якія  згуртаваны  пад  кіраўніцтвам  айца Бернарда – сціплага, добразычлівага, разумнага і адкрытага святара, які сваім “магнетызмам” збірае нас вакол сябе і Касцёла.  Дзякуючы яго намаганням, чалавечым якасцям  і  аўтарытэту  вельмі шмат моладзі агорнута любоўю Бога і верай у Езуса Хрыста.   

 

Вядучы:f-str-20
–Разважаючы пра Добрага пастыра, мы перш за ўсё узгадваем Езуса Хрыста – гэта Ён быў  першым   пастырам  хрысціянаў  і  паказаў, як павінен жыць чалавек, каб атрымаць збаўленне і жыццё вечнае. Так, Езус  прыйшоў  на зямлю для таго, каб нас збавіць, але гэтае збаўленне адбываецца ніякім іншым чынам як толькі праз крыж.  Ён паклаў яго  на Свае плечы  і нясе ў вялікім даверы Нябеснаму Айцу.  Прыклад Езуса – гэта прыклад  Добрага пастыра, які аддае жыццё сваё за статак свой, і гэта вялікая таямніца крыжа.  
 У жыцці чалавека таксама бываюць  вельмі  складаныя  сітуацыі, якія патрабуюць напружання духоўных і фізічных сіл, але найперш –  яны патрабуюць даверу Богу, бо менавіта Ён – даўца  жыцця. І тут  мы  павінны вучыцца ў Езуса дабрыні і ахвярнасці, а адначасова –  вучыцца жыць з вялікім даверам Богу, вучыцца прымаць Яго волю.
Падчас Першай сусветнай вайны адзін французскі салдат быў  цяжка  паранены,  яму  ампуціравалі руку. Доктар моцна трывожыўся, як прыме гэтую вестку, гэты  нялёгкі  крыж  сам салдат, калі выйдзе са стану наркозу. І калі  малады чалавек ачнуўся, хірург сказаў яму проста: “Ты  згубіў  руку!”. “Не згубіў, – адказаў салдат, – я  аддаў руку за сваю айчыну – за Францыю!”.  Гэты прыклад – яшчэ адзін доказ таго, што нашае жыццё тады мае вялікую каштоўнасць, калі мае высокі сэнс, а гэты сэнс – у ахвярнай Любові  Езуса  Хрыста,  Які  аддае Сябе за жыццё  іншых.  
Успамінаю свой прыезд cюды і сустрэчу з парафіянкай Ядвігай  Куцкевіч. Яна добра   памятала   айцоў-кармелітаў,  якія служылі ў гэтых мясцінах, у Мядзелі, калі яна была яшчэ  маладой дзяўчынай. Хадзіла  туды  на  набажэнствы, прымала  ўдзел  у  рэкалекцыях, а калі  айцы былі высланыя ў Сібір, дасылала  ім пасылкі і малілася Богу, каб айцы-кармеліты вярнуліся зноў ў парафію.  Для мяне жыццё гэтай парафіянкі таксама было прыкладам шчырага даверу Богу і прыкладам пакоры. Жанчыну пакідалі сілы, яна не магла хадзіць, страціла зрок, пасля зусім ляжала, але ніколі не наракала на свой лёс. Малілася і за ўсіх нас, каб і мы былі пакорныя і паслухмяныя Богу.
Дзякую Пану Богу за нашыя сённяшнія супольныя разважанні  пра  Добрага  пастыра і за тыя словы, якія тут былі накіраваныя ў мой адрас. Усведамляю, што  яны  напамінаюць мне як пастыру пра мае абавязкі, якія прыняў на сябе разам са святарскім пакліканнем, пра тую адказнасць перад Богам, з якой я клічу мой статак усхваляць Бога, дзякаваць Богу, выконваць  Ягоныя  Запаведзі  і  быць пакорным Божай волі.   Амэн.

 

 

Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.
Мінская вобласць.


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий