«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

Тэмай новага цыкла разважанняў за «круглым сталом» рэдакцыя ў бягучым годзе абрала “Прыпавесці Езуса Хрыста”. Большасць з нас, можа, лічыць, што прыпавесці ўсім добра вядомыя і не патрабуюць ніякіх разважанняў… А калі насамрэч суаднесці ўрокі Езуса, якія даў нам праз іх, з днём сённяшнім, даведаемся шмат новага пра Хрыста як чалавека, які больш за 2000 гадоў таму навучаў у Палестыне. Шмат чаго даведаемся і пра сябе.

 

 

 

Пшаніца  на тваіх палетках

 

 

 

 

Прыпавесць пра каласоўнік

 

Мц 13, 24-30

Іншую прыпавесць прапанаваў ім, кажучы: «Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік, і пайшоў. Калі ж збажына ўзышла і дала плён, тады паказаўся каласоўнік. Прыйшоўшы, слугі гаспадара дому сказалі яму: “Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на сваім полі? Адкуль жа на ім каласоўнік?”. А ён сказаў ім: “Варожы чалавек зрабіў гэта”. Тады слугі сказалі яму: “Хочаш, мы пойдзем выпалаць яго?”. Але ён сказаў: “Не, каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы. Пакіньце расці разам тое і другое аж да жніва; а ў час жніва Я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць, а пшаніцу збярыце ў засекі мае”».


 

f-str-17У парафіі Святой Тэрэзы Авільскай у Шчучыне  за “круглым сталом” абмяркоўвалася  прыпавесць Езуса Хрыста пра каласоўнік. У пасяджэнні прымалі ўдзел Галіна Ванэлік, Таццяна Бадзюкова, Марына Жданко, Ірына Гайдукевіч. Вядучым  разважанняў быў пробашч парафіі а. Вітальд Пяцельчыц, SchP.

 

 

 

 

Напачатку разважанняў сабраныя памаліліся да Духа Святога, каб асвяціў іх сэрцы і розум, каб Божае Слова, якое належыць пачуць ім на гэтай сустрэчы, узмацніла іх веру, дадало надзеі,  памножыла іх любоў.  

 

Не пашкодзіць карані!

 

Ірына Гайдукевіч:Ирина Гайдукевич
–Гэтая прыпавесць гаворыць  аб тым, што побач з дабром у свеце суіснуе  зло. Сімвал дабра ў прыпавесці  – пшаніца, сімвал зла – каласоўнік. І тое,  і  другое  прыходзіць на свет з зярняці: але пшаніцу пасеяў  Пан  Бог, а каласоўнік – нейкі вораг, злы чалавек. Калі ён гэта зрабіў?  Ноччу, калі ўсе спалі, не праяўлялі  аб пасевах ніякага клопату, не чувалі… Наогул,  калі  ніхто не спадзяваўся на прыход злога. Але  так  з-пад цішка  заўсёды дзейнічае,  заўсёды  спакушае і падбухторвае шатан, д’ябал, калі  сумленне  чалавека, яго “унутраны” зрок  прытамляецца або засляпляецца  іншымі  справамі, і ён не заўважае, як  пустазелле вырастае там,  дзе  павінна   каласіцца  пшаніца… Так, як у прыпавесці: праз некаторы  час,  калі  ўзышла  пшаніца,  паказаўся і каласоўнік… І што з ім рабіць? Слугі дому гаспадара  адразу прапануюць прапалоць,  павырываць  непатрэбнае, але  гаспадар  стрымлівае  іх: можаце  павырываць і добрыя расліны, бо ў іх перапляліся карані! Гаспадар  праяўляе  разважлівасць і цярплівасць! Прыпавесць вучыць: не супрацьдзейнічаць  злу – сілаю.
Так і ў кожным чалавеку: ёсць і дабро, і зло, але  ўсё ж каласоўнік не можа заглушыць пшаніцу. Калі  я чытала  прыпавесць, разважала яшчэ аб сучасных маладых сужэнствах: як многім з іх не хапае гэтых вельмі  важных  якасцей –  разважлівасці і цярплівасці! Адразу, калі  толькі  пачынаюць  сумеснае жыццё, пакуль існуюць між імі рамантычныя адносіны – нішто не вызывае трывогі, усё здаецца ім прыгожаю  аднароднаю  пшаніцаю, яны проста ідэалізуюць адзін другога.  А  калі  жыццё  пачынае “падсоўваць” часам складаныя і цяжкія выпрабаванні і побач з іх пшаніцаю  пачынае  расці  пустазелле, якая першая рэакцыя – развод! А  якія наступствы яго пасля?.. Што будзе далей?.. Мы з мужам пражылі 16 гадоў. І  побач  з  нашаю пшаніцаю таксама ўзыходзіла пустазелле, і  непаразуменні  здараліся, і  сваркі, але  ўсё  ж  павінна перамагаць цярплівасць, міласэрнасць, любоў. Што кажа Пан Бог напрыканцы гэтай прыпавесці? Што ў пэўны  час  каласоўнік збяруць, звяжуць  у  пучкі  і спаляць, а пшаніца  будзе  сабраная  ў засекі гаспадара! Значыць, трэба клапаціцца пра сваю пшаніцу ў полі, наглядаць за ёю, не даць ёй загінуць заўчасна – не пашкодзіць яе карані!

 

Пра шакалад і “ціхіх” троечнікаў

 

Таццяна  Бадзюкова:Татьяна Бадзюкова
–Дарэчы, варта заўважыць, што знешне каласоўнік мала чым адрозніваецца ад пшаніцы.  Як і чалавек, адразу можа падацца табе ўвасабленнем самога дабра, а пасля павернецца і раскрыецца іншым бокам; звычайна дзе мёд – там і воцат. І часам так цяжка заўважыць той момант, калі пачынае ўзыходзіць каласоўнік! Асабліва гостра адчуваюць гэта настаўнікі. Сама ўжо трыццаць гадоў працую ў школе, кожны год да нас прыхо-дзяць новыя вучні. І, безумоўна,  кожны кавалачак  “глебы” імкнемся засяваць паўнацэнным зернем, каб атрымаць усходы “добрыя і вечныя”, а хіба так заўсёды выходзіць? Часам за тое пустазелле, з якім змагаемся з усіх сіл,  зачэпіцца і разам выцягнецца карэньчык і добрай расліны… Моцна адчуваем атмасферу сям’і, у якой дзіця расце і выхоўваецца. Выдатнікі ў вучобе – звычайна  ад пачатку дысцыплінаваныя, матываваныя дзеці, ведаюць самі, да чаго імкнуцца, гэта такая школьная “пшаніца”. Складаней бывае з тымі, каго школа даўно называе “ціхімі” троечнікамі, але і пра іх не трэба думаць, што расце толькі каласоўнік. Часцей за ўсё такія дзеці не маюць належнай падтрымкі і зацікаўленасці з боку сям’і, не маюць ўмоваў для развіцця, таму вельмі важна праявіць да іх цярплівасць, заўважыць і належным чынам адзначыць  кожны, няхай сабе і маленькі, іх поспех. Успамінаю аднаго вучня з сям’і, у якой не было ладу: і маці, і бацька злоўжывалі алкаголем, сынам не цікавіліся, вучыўся слаба. Але як заўважыць, бывала, што  з  цяжкаю сумкаю  іду,  здалёк  крычыць: “Таццяна  Чаславаўна, затрымайцеся  на  хвілінку, я вам сумку паднясу!”. І застаецца ўражанне (здаецца, не ў адной мяне): тыя дзеці, якія  з маленства на сабе зведалі, што такое зло, недахоп любові і  цяпла, што такое церніі, калючкі, тыя  разумеюць  жыццё і больш  спагадлівыя; а  тыя, хто вырас  “у шакаладзе”,  вельмі  хутка забываюць пра дабро, якое ім зрабілі,  больш  таго, лічаць, што для іх так павінна быць заўсёды. Але  не-е,  церніі,  каласоўнік  павінны  існаваць, і  шлях  Хрыста павінен паўтарацца ў тым сэнсе, што  менавіта ў Пана Езуса малады  чалавек  павінен  вучыцца  пераадольваць  пэўныя  цяжкасці,  прымаць на сябе адказнасць, вучыцца цярпенню  і  мужнасці.
Як настаўнік бачу праблему яшчэ і ў тым, што сёння  нашым дзецям  не  хапае  нармальных чалавечых стасункаў, размоваў, дыялогаў. Шмат часу яны праводзяць адзін на адзін з інтэрнэтам, што  не  спрыяе  развіццю  іх  асобы, між  сабою  размаўляюць на моладзевым  слэнгу, ужо забыліся  прыгожую  чалавечую  мову. Сучасныя  іспыты  ў  форме ЦТ, хочацца сказаць, таксама “выхаласцілі” іх, дзеці  страцілі здольнасць разважаць, выказваць сваю думку.  На  мой погляд, вельмі цэнныя былі б такія з імі  разважанні, як мы разважаем сёння з вамі. Неабходна, каб дарослыя больш размаўлялі з маладымі людзьмі –  але  гэта павінны быць не толькі настаўнікі і не толькі бацькі… Уся  людская супольнасць.

 

Пакіньце да жніва!

 

Марына Жданко:Марина Жданко
–Мяне  найбольш  ускалыхнуў і здзівіў той момант, калі Пан Езус кажа, што не  трэба  адразу  палоць пасевы! Па-людску здавалася б, што ад пустазелля трэба пазбаўляцца  адразу,  пакуль  яно  моцна  не ўкаранілася,  а  Пан Бога кажа: “Пакіньце   расці  разам  тое і другое аж  да  жніва; а  ў час  жніва Я скажу жняцам…” Заўважма: гэта вельмі важная  частка прыпавесці, якая зноў  падказвае  нам: адзіным кіраўніком і суддзёй для чалавека з’яўляецца Пан Бог: “Я скажу жняцам…”. А ў жыцці вельмі часта здараецца,  што  мы з лёгкасцю прымаем за іншага чалавека рашэнні, з  такою  ж лёгкасцю  асу-джаем  адзін  другога – той такі, той сякі,  той  у касцёл  не ходзіць…  А можа  ён дома, на каленях, гадзінамі  адплаквае  перад  Госпадам  за ўсе  свае  грахі… Ніколі  не  трэба спяшацца  асуджаць  чалавека, выносіць  адносна  яго нейкі свой “вердыкт” – па-першае, не маем права, па-другое,  наша  паспешная ацэнка можа быць памылковай. Раскажу  адзін  выпадак.
Я везла да сябе сваю пажылую слабенькую  маму, ехалі  мы ў плацкартным  вагоне. Пачала  рыхтаваць ёй пасцель, як  заходзіць мужчына  і  да  нас   з  крыкам: “Вы не на сваім месцы!”. Нам стала няёмка, я хутка пераклала маму, падумаўшы:  які  грубіян!  Ён таксама ўладкаваўся і, не марудзячы, пачаў  хваліцца:  кватэраю, дачаю, бібліятэкаю  з  рэдкімі  старымі выданнямі. Я  слухала і думала: ну і пустазвон, ну і  хвалько! Пасля заўважыла  яго  старэнькі  абшарпаны партфель, з  якога  час  ад часу даставаў таблеткі… Заўважыла моцна  пацёрты  каўнер яго кашулі… Аказалася, што ў мінулым быў  важным  чыноўнікам, а зараз у свае 79 гадоў ехаў на радзіму прадаваць старую бацькоўскую хату. Часта  хварэе,  лечыцца, карыстаючыся старажытнаю (XIX стагоддзя)  кніжкай пра лекавыя травы, якую возіць з сабою ў тым абшарпаным  партфелі… Уражанне ад першых хвілін знаёмства з дзядуляю  знікла, і  мне  стала моцна яго шкада…
У прыпавесці  Езус падказвае: не спяшайцеся, не  выносьце прысуд, сваёю паспешнасцю можаце нашкодзіць, на ўсё прыйдзе свой час.  А  час  сапраўды  прыходзіць, зменьваючы  і  нас,  і нашыя светапогляды.  У мяне  ёсць повесць  Валянціна Распуціна “Последний срок” на рускай мове, якую я перачытала ўжо некалькі разоў. Змест просты: старэнькая маці ў стане перад смерцю, і  да  яе  з’язджаюцца  дзеці. Калі  чытала  першы раз, у  маладосці,  мяне  ўразіла  тое, што нямоглая  старая, ужо  перад смерцю, ляжыць  на бруднай пасцелі. Другі раз чытала, ужо ў  больш  сталым  узросце,  адчула асабістую настальгію – мне не хапіла нечага  вясковага,  роднага, што акружала мяне з дзяцінства і па чым  часам  моцна  шчыміць душа. А  калі  чытала  апошні  раз, перажыла радасць, што да гэтай маці прыехалі  ўсе яе дзеці… Гэта ж добра – прыехалі  дзеці! Што хачу падкрэсліць: у  кожны  перыяд  свайго жыцця мы заўважаем розныя рэчы, якія  на  той  момант падаюцца нам самымі актуальнымі. Ідзе час – і  зменьваюцца абставіны, погляды,  ацэначныя высновы, а тыя рэчы, якія здаваліся актуальнымі,  могуць падацца зусім ня-значнымі.  Але  так  бывае.

 

Як луста хлеба з маслам

 

Галіна Ванэлік:Галина Ванелик
–Прыпавесць пра каласоўнік – гэта цалкам пра мяне.  Я была харошым чалавекам, добрай дзяўчынай. Вышла замуж, нарадзіла дзяцей.  Мы мелі сваё жыллё, дарагі аўтамабіль,  сама ездзіла за рулём. І ў які час, якой ноччу падкраўся гэты вораг, гэты змей, не ведаю, але я стала залежнай ад алкаголю, страціла характэрныя рысы  жанчыны,  жонкі, маці.  Ад мяне  адвярнулася  сям’я, муж, дзеці, суседзі;  я  разумела, што нікому не патрэбна і пачынала ўміраць. Аднойчы раптоўная думка: “Бог! Ёсць жа на свеце Бог!”. Стала  на  калені і, моцна  плачучы, проста,  як  дзіця,  папрасіла: “Забяры мяне! Болей  так  жыць не магу!”. І ў адрозненне ад маіх блізкіх – мужа, дзяцей, родных – Бог прыйшоў да мяне імгненна. Як перад гэтым  мне  было  моцна дрэнна, так у  адну  хвіліну  ў сэрцы, у душы, ва ўсім сваім целе я адчула палёгку. Падняўшыся  раніцай  наступнага дня, я ўжо ведала, што мне трэба рабіць, – мяне  вёў Святы Дух. Паступова пачало мяняцца мысленне, грамадства  заставалася  тым  самым, а  я  станавілася іншым   чалавекам.  Пайшла ў групу АА,  якая  створана пры парафіі  Святой  Тэрэзы Авільскай  (наведваю яе 16 гадоў), паступіла ў катэхетычны  каледж  імя Зыгмунта Лазінскага  ў  Баранавічах.  І  гэта ў   свае  58  гадоў! Калі атрымала  студэнцкі  білет,  прывезла яго дамоў і паказала дырэктару фірмы, у  якой  працавала,  ён  узяўся за галаву: “Што-о-о?”. Тры гады я  ездзіла ў каледж, каб глыбей пазнаць Бога,  навуку  Касцёла. Мне моцна хацелася  змяніць  сваё жыццё, адчуваць  водар  гэтага пшанічнага  зерня,  удыхаць яго спеласць і свежасць  адначасова.  І Бог дапамог мне ў гэтым, я зразумела, што можна жыць ў іншым вымярэнні: пайшла ў III Закон свецкіх францішканаў, сведчу аб Божай любові да мяне і дзялюся гэтым сведчаннем  з  іншымі. Сваё жыццё сёння параўноўваю з лустаю  хлеба, памазанаю маслам, якую далі  грэшніку,  што  выйшаў з  чыстца. Вельмі спадзяюся, што нехта  пачуе  маё  сведчанне і таксама знойдзе шлях да Бога, каб не застацца сухім  каласоўнікам на полі, які, урэшце, спаліць  агонь…

 

Вядучы:о.Витольд Пательчиц
–Шаноўныя, вы заўважылі, якая кароценькая гэтая прыпавесць пра каласоўнік, і які багаты мае ў сабе змест! Падчас сустрэч з вернікамі мы, святары, часта чуем пытанне: чаму Бог, калі Ён добры,  дапускае, каб чалавек  трапляў  у  розныя складаныя сітуацыі, перажываў хваробы, цяжкія  здарэнні, няўдачы і г.д. і  чаму Ён не дапамагае чалавеку адразу, чаму дапускае няшчасці? А давайце зноў звернемся да  гэтай прыпавесці: Бог не  проста дапускае існаванне каласоўніка  побач  з  пшаніцай, а нават не дазваляе, каб яго павырывалі: няхай расце да часу – да самага жніва! Людзям здаецца гэта дзіўным, а ў Бога свае планы на нашае збаўленне. Так, менавіта на збаўленне. Вы слухалі  сведчанне Галіны і, напэўна, пераканаліся ў тым, што Бог вёў яе таксама няпростымі жыццёвымі  сцежкамі, жанчына многа перацярпела, але Бог адкрыў ёй вочы для  разумення сапраўднага сэнсу жыцця і  дазволіў ёй самой зрабіць выбар. І так кожнаму чалавеку: Усявышні заўсёды дае шанс, чакае ад яго  цярплівасці, пакоры, але на  кожным  кроку  перасцерагае:  чувайце! Не  дапускайце, каб прыйшоў  уначы  неспадзяваны  вораг, засыпаў пшаніцу на вашых  палетках  каласоўнікам і тым самым загубіў яе пасевы. Прыпавесці Езуса Хрыста вобразна  называюць  жамчужынамі  Евангелля, кожная з іх  дае згустак  маралі і паказвае нам самым,  хто  мы ёсць у сённяшнім свеце. Варта іх чытаць, перачытваць  і  шчыра  над імі  разважаць.

 

Пасяджэнне за “круглым сталом” завяршылася малітвай падзякі за сустрэчу з Божым Словам, за тыя павучанні, якія Езус даў верным у сваіх прыпавесцях.

 

 

 Запісала Раіса СУШКО.
Фота Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Гродзенская вобл.


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий