Тэмай новага цыкла разважанняў за «круглым сталом» рэдакцыя ў бягучым годзе абрала “Прыпавесці Езуса Хрыста”. Большасць з нас, можа, лічыць, што прыпавесці ўсім добра вядомыя і не патрабуюць ніякіх разважанняў… А калі насамрэч суаднесці ўрокі Езуса, якія даў нам праз іх, з днём сённяшнім, даведаемся шмат новага пра Хрыста як чалавека, які больш за 2000 гадоў таму навучаў у Палестыне. Шмат чаго даведаемся і пра сябе.
Ці ёсць альтэрнатыва?
Прыпавесць пра багацея і Лазара
Лк 16, 19-31
Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і вісон і кожны дзень цудоўна баляваў. А нейкі жабрак, імем Лазар, ляжаў каля ягонай брамы ў струпах і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Сабакі прыходзілі і лізалі ягоныя струпы. Памёр жабрак і ўзнесены быў анёламі на ўлонне Абрагама. Памёр і багаты, і быў пахаваны. У адхлані, будучы ў пакутах, ён узняў вочы свае і ўбачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлонні ягоным. Усклікнуўшы, ён сказаў: “Ойча Абрагаме, змілуйся нада мною і пашлі Лазара, каб абмакнуў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў мой язык, бо я пакутую ў полымі гэтым”. Але Абрагам сказаў: “Дзіця, успомні, што ты атрымаў ужо сваё дабро пры жыцці сваім, падобным чынам і Лазар – ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш. І да ўсяго гэтага паміж намі і вамі вялізная прорва, так што тыя, хто хоча, не могуць перайсці адсюль да вас, ні адтуль да нас не могуць перайсці”. Тады сказаў ён: “Дык прашу цябе, ойча, пашлі яго ў дом бацькі майго, бо ў мяне пяць братоў. Няхай засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты”. Абрагам адказаў: “У іх ёсць Майсей і Прарокі, няхай слухаюцца іх”. А той сказаў: “Не, ойча Абрагаме, толькі калі хтосьці з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца”. Тады Абрагам сказаў яму: “Калі Майсея і Прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць”».
У парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Ружанах разважалі над “Прыпавесцю пра багацея і Лазара”. У пасяджэнні прымалі ўдзел Галіна Саўчанка, Тамара і Юрый Шчурскія, Вітальд Канановіч, Алена Капітонава, Уладыслаў Махвіч. Вядучым быў пробашч парафіі кс. Януш Пуліт, CM.
…Запалілі свечку – сімвал Хрыста, памятаючы, што “дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там і Я сярод іх”, малітоўна папрасілі дапамогі ў Духа Святога і пачалі разважаць: ці добра гэта быць багатым і ці дрэнна – бедным, і як трэба сябе паводзіць, калі ты стаў багатым або калі ты – бедны.
Іншае вымярэнне
–У гэтай прыпавесці заложаны вельмі глыбокі сэнс: благаслаўленне – беднаму веруючаму і пракляцце – багатаму “нечестивому”. Кажучы сучаснай мовай, узнята тэма сацыяльнай адказнасці чалавека перад бліжнім сваім, менавіта так! Яна – падказка для нас, як трэба пераасэнсоўваць сваё жыццё, паступкі, адносіны да сям’і, блізкіх і наогул усіх людзей. Пра багатага дазнаёмся з прыпавесці толькі тое, што ён багаты матэрыяльна, і што не дапамагаў жабраку Лазару. Праз пэўны час абодва памерлі. Але бедны апынуўся “на ўлонні Абрагама”, а багаты – у адхлані, у пакутах, і толькі тады ўспомніў пра Лазара… Напэўна, гэта не азначае, што ўсе багатыя абавязкова трапяць у пекла. І Бог не ганьбуе багатых, Ён не супраць багацця, як і не жадае, каб усе былі бедныя. Бог за-клікае быць міласэрнымі! Бо што такое багацце, нажытае намі? Яно ад Божай ласкі паходзіць! Значыць, не будзь сквапны, дзяліся, не шкадуючы, з іншымі, з тымі, хто не мае часам самага неабходнага, бо прыйдзе час – і патрэбна будзе адказаць Богу, ці дапамог ты каму ў жыцці. Сапраўды, колькі маем адзення, бытавых рэчаў, якія маглі б паспяхова паслужыць у меней забяспечаным доме… Дапамагайма! Яшчэ ведаем, што багацце мае і іншае вымярэнне – духоўнае, маральнае: дапамажы словам, парадай, падтрымай бліжняга сваёю разваж-лівасцю, калі той трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю, падкажы, у якім напрамку ісці далей… Ды і пра беднага падумай: з якой прычыны бедны? І ён павінен быць Богу верны.
Закончыць разважанне хацела б словамі Езуса Хрыста, якія запісаны ў Евангеллі ад св. Лукі гл. 12, вершы 21 і 34: “Так бывае з тым, хто збірае сабе скарбы, а не багацее перад Богам”. “Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае”. Гэта датычыцца нас усіх.
Сіла веры
–Здаецца мне, што ўсё ў жыцці чалавека залежыць ад сілы веры, што гэта фактар, які кіруе ўсім астатнім, і заложаны ў нас з дзяцінства. Нават калі моцна не ўглубляцца ў змест прыпавесцей, а верыць, што кожны чалавек – гэта твой брат, як напісана ў Святым Пісанні, то чаму яму не дапамагчы? Або чаго сварыцца з суседам (лічы, з братам), калі ён працягнуў руку, каб сарваць яблык з твайго сада, або калі яго курыца залезла ў твой агарод? Так і ў гэтай прыпавесці. Відаць, багаты не быў дастаткова моцны ў веры сваёй, каб не адварочвацца ад ляжачага, бачачы яго жудасную хваробу, а падыйсці да яго, даць яму паесці, даць адзенне. Усё проста і сёння: калі чалавек не верыць у жыццё вечнае (а думае, яшчэ не вядома, дзе апынуся, ва што я пасля смерці ператваруся – у малекулу, атам ці дух які, ці перайду ў якую іншую сферу, то лепей вазьму ад жыцця поўнае задавальненне тут, на зямлі), то і не будзе праяўляць міласэрнасць да бліжняга. А калі чалавек мае веру непахісную, то думкі яго ідуць у іншым напрамку – шчыра выконвае Божыя Запаведзі, моліцца, імкнецца даць міласціну патрабуючым і “дзесяціну” – не дзеля абавязку, а дзеля справы сэрца.
Бог бачыць!
–Прыпавесці – гэта заўсёды ўрокі. Чытай мы іх у розным узросце – і кожны раз будзем рабіць новыя высновы, асэнсоўваць па-новаму і вызначаць у іх галоўнае для сябе. Разважаем пра багатага і беднага. Але крыніца багацця – гэта благаслаўленне Божае, гэта тое, што даў Бог чалавеку ў пэўны час: здароўе, добрыя помыслы, дапамог набыць веды, вопыт, паставіў на ягоным шляху дабразычлівых і разумных людзей. Багацце – гэта не заўсёды дрэнна, калі чалавек зарабляе сумленна, сам, сваёю стараннаю працаю. І беднасць таксама не самае горшае зло ў свеце, таму што Пан Бог апякуецца беднымі. Але высакароднасць і шляхетнасць бедных у тым, што яны не заўсёды просяць. Часта за іх гэта робяць сродкі масавай інфармацыі, даюць паведамленні аб тых, хто патрабуе дапамогі. Гэта патрэбна бачыць, разумець нам самым і праяўляць шчодрасць, памятаючы, што, дапамагаючы камусьці, мы перш за ўсё дапамагаем сабе – Бог бачыць нашыя ўчынкі! Сапраўды словы “багацце” і “беднасць” – антонімы, і яны амаль заўсёды адно з другім побач. Аднак хачу заўважыць: людзі патрабуюць не толькі матэрыяльнай, але і духоўнай дапамогі, маральна-псіхалагічнай пад-трымкі. Ведаю адзін такі выпадак, калі зусім хворы, без надзеі на жыццё чалавек, даведаўшыся пра іншага, што той атрымаў траўмы, сабраў апошнія фізічныя і маральныя сілы, каб яму пазваніць, знайсці і выказаць словы падтрымкі. Ці гэта не ёсць праяўленне Божага дару?
Не спазняйцеся!
–Хацеў бы вярнуцца да думкі, якая выказана ў просьбе багатага: “Дык прашу цябе, ойча, пашлі яго ў дом бацькі майго, бо ў мяне пяць братоў. Няхай засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты”. Абрагам адказаў: “У іх ёсць Майсей і Прарокі, няхай слухаюцца іх”. Выказванне Абрагама дае зразумець, што ўжо на той час людзі ведалі Законы Божыя. Дзесяць Божых Запаведзей добра вядомыя і нам, і сёння яны моцна актуальныя. Да рэвалюцыі ў школах вывучалі Закон Божы, паціху гэта пачынае адра-джацца зараз: ёсць нядзельныя школы, катэхетычныя класы, каледжы – гэта ўсё вельмі добра. Але выхаванне дзіцяці пачынаецца значна раней, яшчэ ў лоне маці. За выхаванне дзяцей бацькі нясуць адказнасць перад дзяржавай, школа развівае і дапаўняе ўсё добрае, што атрымалі ў сям’і. І вось з гэтага трэба пачынаць – з сям’і. Калі ў ёй не заложана духоўнасць, калі не практыкуе яна міласэрныя адносіны да родных, блізкіх, суседзей і дзіця не бачыць гэтых станоўчых прыкладаў, – нічога добрага далей не атрымаецца. Мы – людзі дарослыя і памятаем (некаторыя ведаюць з расказаў старэйшых), як у атэістычныя часы вытраўлівалася вера ў Бога, людзі баяліся ісці ў храм, бо іх звольняць з працы, з вучобы і г. д. Але, заўважма, і тады былі непахісныя, моцныя ў веры. На свяце ў гонар 400-годдзя нашага касцёла біскуп Казімір Велікаселец расказваў, як, будучы хлапчуком, з Шарашова, дзе ўлады зачынілі касцёл, ездзіў з бацькам на ровары да споведзі ў Ружаны. А як дзеці ішлі да канфесіянала? На каленях, побач з дарослымі, якія загароджвалі іх, каб ніхто з даносчыкаў (былі і такія) не заўважыў. А сёння? Часам пытаю ў каго-небудзь са знаёмых: “Чаму ў касцёл не прыходзіш? Дрэннаму ў ім не навучаць”. У адказ: “Я еще не созрел”, або яшчэ горш: “А что я там забыл?”. Маладыя лічаць за лепшае пражыць сваю маладосць весела, бестурботна, не “зацыклівацца” на духоўнасці. Такое фальшывае паняцце перадаецца прадаўжальнікам роду… А далей з’яўляюцца праблемы са здароўем, з дзецьмі, яшчэ якія-небудзь – і тыя не “созревшие” пачынаюць шукаць Бога, моляцца, просяць дапамогі, гатовы ляцець на край свету… Так, Бог заўсёды чакае, але ты сам можаш спазніццца, як спазніўся багацей з прыпавесці. У жыцці мы спяшаемся ўсюды – да доктара, да юрыста, да натарыуса, бо “выпа-дзем” з чаргі, а да Бога, лічым, па-спеем. А-а, не-е… І да Бога можам не паспець, і тады не дапамогуць ні накопленае золата, ні грошы, калі станеш нямоглы, і дзеці адвязуць цябе ў які-небудзь хоспіс… Не, па-трэбна заўсёды памятаць: што пасеяў, чалавеча, тое і пажнеш…
Ці падставіў плячо?
–Хацела б прадоўжыць тэму багацця, якая тут прагучала. Само па сабе яно – не загана, толькі не павінна станавіцца ідалам, а чалавек – не павінен станавіцца яго рабом. Багацце – гэта дар Божы, і, калі ты багаты, падумай пра іншых, пра тых, хто побач з табою, падзяліся, дапамажы, бо, калі страціш чалавечыя пачуцці, шчырасць сваёй душы – сам застанешся ні з чым. Скончыш свой шлях зямны – прыдзецца адказваць перад Госпадам; а што скажаш Яму? Каму дапамог, каму сваё плячо падставіў? У Святым Пісанні, у кнізе Ёва, напісана: “Прыходзіць чалавек у гэты свет голы, і голы пакіне яго”; матэрыяльныя каштоўнасці не забярэ з сабою – пра духоўныя трэба думаць…
І яшчэ: багацей, апынуўшыся ў пакутах, хацеў папярэдзіць сваіх братоў, каб не паўтарылі лёс яго. Абрагам адказаў на гэта: “У іх ёсць Майсей і Прарокі. Няхай слухаюцца іх”. А людзі і сёння шукаюць прарокаў у далёкіх краінах, на далёкіх сцежках. Шукаюць малітваў, якія дапамаглі б ім у тую ж хвіліну, зусім забываючы пра тое, што дапамога Бога знаходзіцца на адлегласці, як кажуць, працягнутай рукі. І, каб выказаць сваю просьбу Госпаду, не трэба ехаць на край свету – у нашым касцёле, напрыклад, ёсць Цудатворнае Распяцце. Шчырая споведзь, шчырая малітва, шчыры давер Богу (па сабе ведаю) – і твая праблема паціху вырашаецца…
Куды спяшаемся?
–Асабіста ў мяне прыпавесць вы-клікае мноства розных думак. Яны то напаўняюць мяне, то зноў рассейваюцца… Так, багаты жыў, ні на што не звяртаючы ўвагі. Меў усяго даволі і не заўважаў тых, хто патрабуе дапамогі, а яму дастаткова было толькі пальцам пашавяліць – і беднаму Лазару стала б лягчэй… А пасля ўспомніў, што трэба папярэдзіць, каб ягоныя браты вялі пабожнае жыццё і не трапілі, як ён, у адхлань. Але позна ўжо было. Ён страціў час і шанс свой не выкарыстаў. А бедны… Бедны ляжаў моцна хворы, пакінуты, у яго не было ніякіх сіл падняцца… Прыйшоў час, і Гасподзь забраў і багатага, і беднага, але беднага – у сваё Валадарства. Сітуацыі і ў нашым жыцці здараюцца, што нават моцны духам чалавек можа зламацца пад ціскам розных праблем. І пра сябе можам сказаць, як пра багатага: некуды бяжым, спяшаемся, няма часу застанавіцца, каб над сваім жыццём падумаць. Канешне, кіруемся Словам Божым, слухаем парады бацькоў, старэйшых лю-дзей, але жыццёвыя прыярытэты трэба вызначаць для сябе ў кожным узросце: пераасэнсоўваць, пера-ацэньваць. І быць уважлівымі да тых, хто побач. Мне падабаецца выраз з аднаго верша: “Зачем-то Богу мы нужны: один нам, словно ангел, помогает, ну а другого искренне поддерживаем мы”. Вось сапраўдная формула, якая павінна характарызаваць людскія адносіны, тым больш – хрысціянскія.
– Шаноўныя, патрэбна памятаць, што дадзенае нам Слова Божае – гэта вялікі дар Пана Бога, бо дазваляе нам, па-першае, пазнаць Бога, па-другое, кіравацца Ягонымі загадамі. І прыпавесць, якую абмеркавалі з вамі сёння, Пан Езус даў не для таго, каб нас запалохаць, а каб нас узмацніць, бо, калі чалавек глухі да голасу свайго сумлення, да голасу іншага чалавека і да Закону Божага, яго можна колькі хочаш палохаць – дарэмна. Асноўная думка прыпавесці ў тым, што неправільнае выкарыстанне багацця пазбаўляе чалавека шчасця асабістага – Валадарства Божага. І Бог быццам ставіць перад чалавекам альтэрнатыву – ці атрымаць ад жыцця ўсё найлепшае, каб сталася яно лёгкім і бліскучым, ці ўбачыць боль і пакуты тых, каму ў зямным жыцці “повезло” меней, і, дзякуючы сваёй міласэрнасці, дайсці, да чаго мы пакліканыя, – да жыцця вечнага? Рашэнне трэба прыняць зараз і тут, і прыняць абсалютна свабодна…
Папа Францішак вельмі крытычна ставіцца да спажываль-ніцтва, улады грошай і таксама агучвае пытанне: як навучыць дзяцей дабру, спагадлівасці, міласэрнасці, аб чым турбуецеся і вы. Сённяшні свет прапаноўвае моладзі шмат спакусаў, і без веры, без выхавання ў паслухмянасці Богу моладзь становіцца залежнай ад фальшывых задавальненняў. І гэта датычыцца не толькі багатых краін, такая бяспека ёсць і ў нас. Але нельга апускаць рукі, як і нельга жыць у рабстве матэрыяльнага дабра. Калі мы не скупыя, калі мы не раўнадушныя да чужога болю – дзеці бачаць, адчуваюць гэта, і навука гэтая ніколі не прападзе. Напрыканцы прывяду выказванне св. Паўла з I-га Паслання да Цімафея: “Сапраўды, пабожнасць разам з задавальненнем – гэта вялікая карысць. Бо мы нічога не прыносім у свет і не можам нічога вынесці. Але, маючы спажытак і чым прыкрыцца, бу-дзем жа задаволеныя гэтым. А тыя, хто хоча ўзбагаціцца, трапляюць у спакусу і пастку, у шматлікія неразумныя і шкодныя пажадлівасці, якія патапляюць людзей у згубе і пагібелі. Бо корань усялякага зла – гэта любоў да грошай, у пагоні за якімі некаторыя адступіліся ад веры і аддалі сябе шматлікім пакутам”.
Пасяджэнне завяршылася малітвай, у якой сабраныя прасілі Бога, каб напоўніў іх сэрцы міласэрнай любоўю да бліжняга.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.
Брэсцкая вобл.