У бягучым годзе рэдакцыя будзе працягваць цыкл разважанняў за «круглым сталом» па “Прыпавесцях Езуса Хрыста”. Большасць з нас, можа, лічыць, што прыпавесці ўсім добра вядомыя і не патрабуюць ніякіх разважанняў… А калі насамрэч суаднесці ўрокі Езуса, якія даў нам праз іх, з днём сённяшнім, даведаемся шмат новага пра Хрыста як чалавека, які больш за 2000 гадоў таму навучаў у Палестыне. Шмат чаго даведаемся і пра сябе.
Глеба нашага сэрца
Прыпавесць пра сейбіта
Мц 13, 3-9
Ён шмат гаварыў ім у прыпавесцях, кажучы: «Вось, выйшаў сейбіт сеяць. Калі сеяў, некаторыя зярняты ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі іх. Другія ж упалі на камяністае месца, дзе было мала зямлі, і адразу прараслі, бо зямля была неглыбокая. Аднак, калі ўзышло сонца, яны завялі і таму, што не мелі каранёў, засохлі. А іншыя ўпалі сярод церняў, і выраслі церні, і заглушылі іх. Яшчэ іншыя ўпалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно ў сто разоў, другое ў шэсцьдзясят, а іншае ў трыццаць. Хто мае вушы, няхай слухае».
У парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах абмяркоўвалася прыпавесць Езуса Хрыста пра сейбіта. Удзел у разважаннях прынялі члены катэхуменатнай групы: Уладзімір і Валянціна Ліцкевіч, Ліла Пятрушка, Крыстына Аўчыннікава, Леакадзія Буцько, Таццяна Малашчанка, Марыя Сырапятава, Наталля Высоцкая, Вольга Хмарык, Алена і Часлаў Гушта. Вядучым быў пробашч кс. Конрад ПАТЫКА, SVD.
Пад уплывам добрых Майсеяў
–Хацела б падзяліцца з вамі, як на працягу жыцця мянялася глеба майго сэрца – ад камяніцы да крыху болей пладароднай. Мянялася пад уплывам тых добрых Майсеяў, якіх Бог расстаўляў на маім шляху. Справа ў тым, што, як і многія з вас, выхоўвалася ў складаны і бязбожны час, і не ведала Слова Божага. У 16 гадоў засталася без бацькі і пачала дапамагаць маці гадаваць малодшых брацікаў і сястрычку, рана пайшла працаваць і не заўважыла, як бясконцая праца стала адзіным сэнсам майго жыцця. Я нават не заўважыла таго моманту і таго ўсплёску, які адбыўся на пераломе эпохі, калі пачалося навяртанне лю-дзей да Бога, да веры. Але, дзякуючы добрым людзям, я па маленькай кропельцы пачала разумець, што і сама хачу пазнаць Божае Слова. Яно хвалявала мяне, спрабавала чытаць самастойна, але вялікага плёну не атрымала, бо не ўсё аказалася такім адразу простым і зразумелым. Разуменне прыйшло, калі пачала хадзіць да касцёла і слухаць казанні айцоў. Гасподзь паступова мяняў глебу майго сэрца, і я адчула сябе часткай Касцёла – і таго, які ёсць Целам Хрыстовым, і нават часткаю гэтага прыгожага і велічнага будынка. Нягледзячы на свой сталы узрост, адчула сябе маленькай былінкай, якую атуліў Гасподзь, якую арашае, даглядае, любіць і галоўнае – вучыць дзяліцца гэтай любоўю з іншымі. І сёння разумею, што Біблія – гэта галоўная “інструкцыя” жыцця, праз якую магу дасягнуць Божага Валадарства, ужо тут, на зямлі. Разумею, што расказаць чалавеку пра Добрую Навіну, дапамагчы яму навярнуцца – адна з важнейшых Божых спраў, таму моцна жадаю і прашу Пана Бога, каб мае вусны, маё сэрца і маю любоў выкарыстаў для таго, каб яны дасягнулі сэрцаў іншых, каб і я стала для каго-небудзь добрым Майсеем.
І вушы мае адкрыліся…
–Гэтая прыпавесць быццам пра мяне – што ва мне прарастала, які плён ад Божага Слова… Сама нават не разумела. Было такое: пайду ў касцёл, паслухаю, у адно вуха ўляцела, праз другое вылецела, і задавала сабе пытанне: чаму так? Так не павінна быць!.. Шукаю Бога, імкнуся Яго знайсці, а сэрца пустое… Пасля прыняла Сакрамэнт бежмавання, атрымала Святога Духа, быццам пачала болей разумець… Але сапраўдныя перамены ў сабе адчула пасля таго, як прыйшла ў суполку, перачытала Біблію (не як звычайную кніжку, а як слова, якое звяртае Бог да мяне асабіста!). І вушы мае адкрыліся, і вочы мае ўбачылі…
Каб церні не заглушылі
–Мае думкі вяртаюць мяне да тых эпізодаў у Святым Пісанні, калі за Езусам хадзілі натоўпы, Ён прамаўляў, а Яго не разумелі. Думаю пра сябе: дык і я была ў тым натоўпе… За час святой Імшы я магла ў сваіх думках усю дзялку перакапаць… Гэтыя натоўпы і сёння ёсць, і будуць – у Вербную нядзелю, на Вялікдзень, на Божае Нараджэнне… Але на ўсё Божае прыйдзе час, трэба ў гэта верыць і не губляць надзею. Сёння я чытаю Святое Пісанне, казанні і тлумачэнні да яго на кожны дзень, слухаю святара падчас святой Імшы і бачу, дзе ў маім жыцці камяні пры дарозе, а дзе – церні, разумею, што трэба вырваць, а што захаваць. Перакананая, што Пан Езус прыйшоў да нас для таго, каб ачысціць глебу нашага сэрца ад гэтых церняў, каб і пры дарозе што-небудзь вырасла. Што сказаў Езус жанчыне з Самарыі, якая прыйшла да студні зачарпнуць вады: “Айцец шукае сабе праўдзівых вызнаўцаў, якія будуць пакланяцца Яму ў Духу і праўдзе”. Вось і мы, веруючыя хрысціяне, па-вінны такімі быць. І апостал Павел сказаў: «Всё могу в укрепляющем меня Иисусе Христе». Вось дзе нашая моц.
Парасткі
–Роля сейбіта заўсёды вельмі адказная: якія зярняты ён кіне, у якую глебу, а далей ці прарастуць яны… І ў нашым жыцці таксама сейбітаў многа; і самі мы сейбіты, пытанне ў іншым: хто які плён імкнецца атрымаць на сваім кавалку зямлі. Асабіста я пішу вершы на рэлігійныя тэмы, пасылаю іх у “блог касцельны”. Пішу аб духоўных памкненннях, пошуках і знаходках – сваіх, маіх знаёмых, сяброў… Пішу аб тым, што няма і быць не можа сапраўднага жыцця без Божага Слова, без прысутнасці Бога ў нашым жыцці. І вельмі прыемна бачыць хоць невялікія з гэтага парасткі: людзі чытаюць, дасылаюць свой каментар, дзякуюць за тое, што “Ідзеш за Хрыстом і клічаш за сабою іншых”.
(Паэтычным дапаўненнем да разважання Алены быў яе верш “Вялікі дар”, які яна зачытала перад прысутнымі).
Моцны падмурак
–Сённяшняе слова – гэта гісторыя пра кожнага з нас. Сапраўды, каб атрымаць плён у 30, 60 і 100 разоў, трэба пераадолець цярністы шлях па-дзенняў, уставання з кален, шлях узыходжання на гару. Кажучы пра гэта, параўноўваю сябе са старажытнымі габрэямі, якія чакалі Майсея ў падножжы Сіная. Успамінаю сябе, свайго Майсея, якім з’яўляўся мой тата – вялікі для мяне аўтарытэт і прыклад. Нягледзячы на тое бязбожжа, якое панавала навокал, імкнуўся даць нам Бога, чытаў Біблію, мы сумесна ма-ліліся, святкавалі Божае Нараджэнне і Вялікдзень. На жаль, я страціла тату, калі было мне 17 гадоў, але менавіта ў дзень пахавання яго, падчас жалобнага набажэнства ў Свята-Пакроўскай царкве, я пачула незвычайны голас радасці: “Ён не памёр, ён жывы!”. Сярод пакуты, слёз, гора наступіў той момант, калі я ўпершыню паверыла ў жыццё вечнае, калі ў мяне з’явілася ўпэўненасць у нябачным: ніхто не памірае назаўсёды – ён пераходзіць у іншы свет. Не магу сказаць, што тое зерне адразу і прарасло, але замена глебы на лепшую адбылася, і я пачала шукаць Бога рознымі шляхамі. Муж служыў у Расіі, там мы жылі, і я хадзіла ў праваслаўную царкву – іншых храмаў не было. Многа чытала – жыцці святых, разважанні, каментары, і перада мною паўставала сапраўдная постаць Бога, я пачала разбірацца ў канфесіях. Пасля сям’я пераехала ў Баранавічы, і я трапіла адразу ў грэка-каталіцкую царкву. Вельмі ўдзячна ёй за той перыяд жыцця, за тыя зярняты, якія ўпалі на маю глебу ў суполцы грэка-католікаў. Але ў адносінах з Богам мне хацелася ісці далей, паглыбляцца і сапраўды моцны падмурак таму, чаго шукала ўсе гады, я знайшла ў Рыма-Каталіцкай царкве – з яе культурай, эстэцтвам, талерантнасцю. Божае Слова для мяне заіскрылася – на святой Імшы, на катэхезах. Кожны ўрывак Святога Пісання штодня зіхацеў па-новаму, я паступова паглыблялася ў светлую Божую бездань і бачыла сябе то зялёнай травінкай пры дарозе, то завяўшай на каменьчыках, то зноў з ажыўшымі карэньчыкамі…
Засеяныя палеткі
– Слова Божае для кожнага чалавека пасеяна, як зерне, напэўна, у розныя глебы, і ўсходы яго не аднолькавыя, і не ў адзін і той жа час, і нават не ў адну і тую ж пару. Але я ўдзячная Богу, што выбраў нашу беларускую зямлю і прыслаў да нас ксяндзоў-вярбістаў, каб яны засявалі нашыя палеткі. І так адбылося! Разам з імі мы будавалі і Дом Святой Тройцы, і санктуарый Маці Божай Фацімскай, стваралі Легіён Марыі, імкнуліся несці Добрую Навіну іншым людзям. Святары, сёстры законныя, праводзячы катэхезы ўжо для нашых дзяцей, дазвалялі і нам, дарослым, слухаць тлумачэнні Слова Божага, каб мы маглі ўзрастаць духоўна разам са сваімі дзецьмі. Больш чым чвэрць веку сейбітам Слова Божага з’яўляецца таксама часопіс “Дыялог”, які ствараўся на нашых вачах. І калі я чую скаргі, маўляў, Святое Пісанне цяжкае для чытання і разумення, заўсёды даю параду: вазьміце “Дыялог” і чытайце цудоўнага бібліста кс. Адама Дынака, і ўсё вы зразумееце! А каб словы святара падчас літургіі не праляталі міма вушэй, трэба прыходзіць на святую Імшу з падрыхтаваным сэрцам. Для гэтага чытайце разважанні на кожную нядзелю “Хлеб штодзённы” – там усё па полачках разложана.
Набіраюся пазітыву
– Для мяне першымі сейбітамі былі бабуля з дзядуляй: зерне веры пасеялі яны (з самага дзяцінства я ў касцёле), а глебу для яго прарастання рыхтую сама. Бывае яна і камяністая, і з цернямі, але такое само жыццё. Нават сёння, збіраючыся на пасяджэнне, над прыпавесцю разважалі разам з мужам. Запытала ў яго: як лічыш, на якой глебе знаходзішся ты? Ён усміхнуўся: “Відаць, на камяністай”. А я таксама і сярод камянёў, і сярод церняў… І мая дарога, відаць, будзе яшчэ доўгай, пакуль зерне дасць пажаданы плён… Дзякую Богу за нашу супольнасць, у якой знаходжуся разам з мужам і дзецьмі. Некаторыя знаёмыя пытаюць: маўляў, чаго ты туды ходзіш – сама ўсё ведаеш, людзей твайго ўзросту там няма, усе яны старэйшыя… У тым і справа, што старэйшыя браты і сёстры даюць мне такую мудрасць, якой я яшчэ не мела; слухаючы іх, набіраюся пазітыву! Нашыя адносіны з мужам не былі дрэннымі ніколі, але зараз яны сталі яшчэ мацнейшымі. Перакананая, што я выбрала правільны шлях, і яго бачаць нашыя дзеці, у маім дзяцінстве, на жаль, такога прыкладу не хапала. Думала: калі буду мець сваю сям’ю, то сумесная вячэрняя малітва ў нас будзе абавязкова. І так ёсць. А гэта падштурхоўвае, каб хутчэй падняўся, нават калі ты ўпаў…
Шляхі нашы з цернямі…
–Чытаючы прыпавесць, таксама задаю сабе пытанне: на якой глебе я? Аналізірую чатыры вынікі, пра якія гаворыцца ў ёй, і, канешне, знаходжу сябе… Пры дарозе, напрыклад, на глебе камяністай, сярод церняў… Успамінаю, што ў касцёл ішла з радасцю, садзілася дзе-небудзь у лаўкі збоку, а разумець – нічога не разумела. Але ў гэты час за мяне шчыра маліліся мае дачушкі, каб іх мама навярнулася, каб мама пазнала Бога і каб сям’я наша была хрысціянскай. І маліліся не адзін дзень і не адзін месяц…. Сям’я-то наша была добрая, я лічыла сябе шчаслівай, але не разумела, што гэта ўсё ад Бога. І што дзеткі, якія мне цяжка даваліся, таксама ад Бога. А Гасподзь пасылаў і пасылаў выпрабаванні. Толькі значна пазней зразумела, што менавіта гэтыя Божыя іспыты – камяністая глеба, церні – і зрабілі мяне мацнейшай. Моцна дзякую Богу за дзяцей, выхаваных нядзельнай школай, і за тое, што мяне давялі да Бога. І дзякую Ўсявышняму за гэты благаслаўлёны час, калі я ўжо маю пенсію і шмат вольнага часу, які прысвячаю Богу, малітве за родных, за сяброў і за бліжніх, якім імкнуся дапамагчы таксама пазнаць Бога. І не толькі словамі, але і сваімі ўчынкамі. Магу сведчыць, што бачу плён: мае дарослыя сяброўкі перажылі навяртанне, прынялі Першую Святую Камунію. Зараз прашу Бога ўзмацніць мяне, каб магла ісці за Ім далей.
– Шаноўныя! Зараз хацеў бы звярнуць вашую ўвагу на дзве думкі. І першая – гэта вялікая шчодрасць Бога (або з іншага боку можна таксама сказаць: які Пан Бог неэканомны). Хіба гаспадар, які працуе на зямлі і мае кавал свайго поля, будзе кідаць насенне абы-куды? Не, толькі туды, дзе яно напэўна вырасце. І зерне будзе эканоміць. А Пан Бог для чалавека нічога не шкадуе – рассыпае і… Пан Бог заўсёды чакае. Пад рознай глебай тут падразумяваюцца розныя этапы чалавечага жыцця, у якія Слова Божае ўспрымаецца людзьмі таксама па-рознаму, значыць і плёны неаднолькавыя.
Другая думка: сёння пасеялі, а заўтра ўжо вырасла? Так не бывае ніколі. Звярніце ўвагу, як доўга і настойліва маліліся Вольгіны дочкі, пакуль яна перажыла навяртанне. Тое ж можна аднесці і да нашых адносінаў – у сям’і: мужа – да жонкі, дзяцей – да бацькоў і наадварот, таксама на працы, у калектыве. Часам здаецца, гаворым, і нашыя словы быццам у балота патанаюць… Але ва ўсім трэба мець вытрымку, праяўляць цярпенне! Трэба зразумець, што слова нашае таксама праходзіць розныя этапы ўздзеяння на сэрца іншага, на яго свядомасць, таму трэба мець цярплівасць да бліжняга, якую Пан Бог мае да нас.
Супольная малітва падзякі Богу завяршыла сустрэчу за “круглым сталом” парафіі.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.
г. Баранавічы