«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

У  бягучым годзе рэдакцыя працягвае  цыкл разважанняў за «круглым сталом» па   “Прыпавесцях  Езуса Хрыста”. Большасць з нас, можа, лічыць, што прыпавесці ўсім добра вядомыя і не патрабуюць ніякіх разважанняў… А калі насамрэч суаднесці ўрокі Езуса, якія даў нам праз іх, з днём сённяшнім, даведаемся шмат новага пра Хрыста як чалавека, які больш за 2000 гадоў таму навучаў у Палестыне. Шмат чаго даведаемся і пра сябе.

 

 

 

 

Стукайце, і адчыняць вам

 

 

 

 

 

Прыпавесць пра настойлівага сябра

 

Лк 11, 5–8

 

 І сказаў ім: «Хтосьці з вас, маючы сябра, пойдзе да яго апоўначы і скажа яму: “Дружа, пазыч мне тры хлябы, бо сябар мой з дарогі зайшоў да мяне, і я не маю чаго даць яму”. А той знутры скажа яму ў адказ: “Не турбуй мяне, дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае ў ложку са мною. Не магу ўстаць і даць табе”. Кажу вам: калі ён не ўстане і не дасць яму праз тое, што той сябра ягоны, то праз настойлівасць ягоную ўстане і дасць яму, колькі патрабуе.


 

f-str-17У парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску абмяркоўвалася “Прыпавесць пра  настойлівага сябра”. У пасяджэнні прымалі ўдзел клерык Сяргей Калюта, OSPPE, Аліна Пяценка, Віялета Сцяпура, Ала Ціхончык, Алена Янушкевіч. Вядучым быў клерык Гродзенскай семінарыі Ўладыслаў Малышка.

 

 

 

 

 

 

Пасяджэнне за “круглым сталом” пачалося малітвай сабраных да Святога Духа, каб дапамог зразумець навуку, якую Езус Хрыстус выказаў  у сваіх прыпавесцях.

 

 

 

Пазычыць хлеба

 

Сяргей  Калюта:Сергей Калюто

–Урывак з Евангелля звяртае ўвагу на тое, што чалавек, які ўначы пайшоў па хлеб да свайго сябра дзеля знаёмага падарожнага, просіць не даць, а пазычыць. Так і сказаў: “Дружа, пазыч мне тры хлябы, бо сябар мой  з дарогі зайшоў да мяне, і я не маю чаго даць яму”. Тры хлябы, бо ведае, што хлеб спатрэбіцца і ў дадзены момант, і на наступны дзень, каб накарміць пілігрыма і нават даць яму лусту ў дарогу. Ведаем, што “пазычыць” азначае ўзяць на сябе абавязак вярнуць хлеб. Калі мы асацыіруем сюжэт прыпавесці з нашымі адносінамі з Богам, то разумеем, што Богу нічога з матэрыяльнага мы не вяртаем, не аддаём і аддаць не можам, бо Богу належыць усё, і гэта  Ён даў нам яго ў карыстанне. Жаданне “аддаць” пазычаны  хлеб узнікае хіба яшчэ з язычніцкай традыцыі прыносіць ахвяру Богу. Нават той “баранак”, які прынеслі Богу, на самой справе Яму і належаў, але людзям заўсёды хацелася прынесці Богу ў дар найлепшае з таго, што яны маюць. Паказальна, што чалавек, да якога прыйшоў уначы падарожны, не адмовіў, не сказаў “прабач, у мяне самога няма хлеба” (і ў тым была праўда), але пайшоў і дапамог, не пакінуў яго галодным і ў роспачы. Асабіста для мяне такім шчырым сябрам, які дапамагае знайсці хлеб, з’яўляецца Езус Хрыстус – дапамагае нам знайсці Бога. А як мы паводзім сябе ў канкрэтных сітуацыях – дапамагаем нашым знаёмым, сябрам выйсці з нейкіх складаных абставінаў ці адразу накіроўваем да каго іншага? І яшчэ. Бог дае нам шмат болей, чым просім у Яго. У гэтым праяўляецца веліч Бога, Ягонае Айцоўства. Сваёй прыпавесцю Езус хоча  сказаць, што і ў вас будуць прасіць, і заклікае, каб мы былі гатовыя аказаць дапамогу, як гэта рабіў, напрыклад, святы брат Альберт, адносячыся да бяздомных. Што датычыцца дапамогі, то мы павінны глядзець на гэтую з’яву шырэй, каб не зводзіць яе толькі да хлеба штодзённага. У жыцці кожнага чалавека бывае шмат момантаў, калі ён патрабуе дапамогі духоўнай, псіхалагічнай, педагагічнай, медыцынскай і шмат якой яшчэ. І нават не з’яўляючыся спецыялістам у той ці іншай сферах, і святар, і любы вернік можа аказаць дапамогу, падказаўшы, куды чалавеку па-трэбна звярнуцца перш за ўсё. Часам каштоўная  парада, выказаная своечасова, можа азначаць самую вялікую дапамогу.


 

Хто з вас? (з нас?)

 

Аліна  Пяценка:Алина Петенко

–Чытаючы ўрывак, я звярнула ўвагу на словы “Хто з вас?”. Прыпавесць чакае ад нас адказу на пытанне: хто і ў якой ступені гатовы вырашаць чужыя праблемы? І ўяўляем сабе карціну: старажытны Ерузалем, няма там ніякіх багатых дамоў са шматлікімі пакоямі, памяшканне  адно, дзе ўся сям’я – разам. Ноч, усе спяць, і нехта раптам моцна грукае ў дзверы, патрабуючы хлеба. З аднаго боку, ноч – гэта час, калі чалавек меней за ўсё чакае станоўчага адказу на свае пытанні, але ідзе, бо яму трэба; з другога боку, той, да каго пастукалі ў дзверы і каго паднялі з пасцелі, крыху абураны, але таксама не замыкаецца ў сабе, а імкнецца дапамагчы. Для мяне ў прыпавесці цікавасць і павагу вызывае роля пасярэдніка – таго, хто не меў дастаткова хлеба сам, а дапамагаў здабыць яго свайму сябру, звярнуўшыся да іншага чалавека. Упэўнена, што нам патрэбна маліцца за такіх пасярэднікаў, за тых, хто каля нас збоку.  Пры пэўных акалічнасцях ролю пасярэдніка  можа і павінен выконваць кожны з нас. Канешне, мы ўсё вымяраем чалавечымі меркамі, але трэба мець на ўвазе, што паміж Богам і чалавекам існуюць больш моцныя адносіны, якія азначаюць апеку Ўсемагутнага над усімі намі. Бог чакае ад нас гарачага памкнення падтрымліваць гэтыя адносіны, чакае больш шчырай і настойлівай малітвы. Не дае адразу таго, што мы просім,  і мы не павінны “надыктоўваць” Богу просьбы, што мне “патрэбна тое… тое… і яшчэ тое…” і чакаць  Яго “маланкавай” рэакцыі. Адказ Бога, ласку Бога адчуем, можа, праз месяц, паўгода, дваццаць гадоў;  можа, і зусім не заўважым, калі яна прыйдзе да нас у іншай форме. Трэба разумець адно: Бог на кожнага чалавека мае свой план і мы павінны быць паслухмянымі волі Божай. А што датычыцца нашых настойлівых памкненняў узмацоўваць адносіны з Богам, то  наша пастава павінна быць такой, якую можна было б выразіць словамі: “Калі цябе прагналі праз дзверы, заходзь праз вакно”.


 

Сябар – гэта хто?

 

Віялета  Сцяпура:Виолетта-2

–Мне падалося, што гэтая прыпавесць паказвае, якім павінен быць сапраўдны сябар. У жыцці  вельмі часта здараецца, што лічым сваімі сябрамі людзей, якія толькі робяць выгляд, што такімі з’яўляюцца, або, што яшчэ горш, заводзяць сяброўства дзеля сваёй карысці. І так атрымоўваецца, што адныя сябруюць і гатовыя падставіць табе сваё плячо ў кожную хвіліну, іншыя – наадварот, чакаюць толькі, каб сваё плячо рэгулярна падстаўляў ім ты. Таму прыпавесць паказвае і слабасць сяброў, і мы павінны разумець, дзе сапраўдная дружба і сяброўства, а дзе – паказушнае, калі  клопат пра сябра існуе, як кажуць, толькі дзеля вока. Дзесьці прачытала, што слова “сябар” сустракаецца ў Бібліі больш за 90 разоў.  Лічу, што гэта падкрэслівае адносіны Бога да такога чалавечага  “звязку”, які называецца сяброўствам. Дарэчы, многія выказваюць думку, што паміж роднымі братамі і сёстрамі або паміж бацькамі і дзецьмі сяброўства не існуе. Але гэта не ў маім выпадку. Для мяне мама і тата –  мае самыя блізкія сябры, а таксама і брат Вадзім, які навучыў мяне чытаць і разумець Біблію. Зараз ад’ехаў з дому,  вучыцца, але і там знайшоў Бога, знайшоў  касцёл, супольнасць, і  сваімі парадамі падтрымлівае мяне здалёк, з’яўляецца маім добрым памочнікам і дарадчыкам.

І калі быць шчырымі ў разважаннях пра сяброўства, то трэба прызнацца: бывае, што сяброў мы “выхоўваем” сабе самі, робячы аднойчы свой выбар. І не забывайма, што для нас, хрыс-ціянаў, першымі сябрамі з’яўляюцца Езус, Марыя, Бог, якія заўсёды – побач.


 

“Карцінка” з жыцця

 

Ала  Ціхончык:Алла Тихончик

–Калі прачытала прыпавесць, перад вачыма паўстала “карцінка” са звычайнага чалавечага жыцця. Бывае, здараецца што-небудзь такое, што не проста хвалюе, а разрывае сэрца, і ты бяжыш хутчэй да родных, калі яны ёсць, або да суседзяў. Расказваеш, не тоячыся, чакаеш спагады і патрэбнай парады, а ён ці яна глядзіць адным вокам на цябе, другім – на тэлеэкран, адным вухам  слухае цябе, другім – героя тэлеэкрана… Пачынаеш разумець, што твае праблемы гэтым людзям зусім не патрэбныя і што дарэмна лічыў ты іх сваімі сябрамі, што не туды ты прыбег, куды патрэбна было… І стано-віцца табе няёмка, нават сорамна. У прыпавесці пра настойлівага сябра бачым прыклад шчырага клопату пра чалавека з боку пасярэдніка. Той, відаць, быў моцна веруючым чалавекам і добра ведаў, што вандруючага пілігрыма патрэбна і напаіць, і накарміць, і даць яму начлег. Нам усім трэба кіравацца гэтымі хрысціянскімі “формуламі” у жыцці. І калі сэрца тваё змучана болем, трэба бегчы да Езуса і, не саромеючыся слёз, адкрываць сваю душу, прасіць у Яго  не адзін хлеб, а, можа, і тры адразу, шукаць пасярэдніка, кім з’яўляецца Марыя. А калі не атрымліваеш ад Бога пажаданага, то ў цішыні ў малітве трэба разважыць, ці тое, аб чым просіш, сапраўды з’яўляецца для цябе першасным. Трэба чакаць, маліцца ў адарацыі і ўмець адчуць, распазнаць, дзе воля Бога адносна цябе.


 

Бог пачуе!

 

Алена Янушкевіч:Алена Янушкевич

–Разважаючы пра клопат, які праявіў у прыпавесці чалавек адносна свайго сябра, пераконваюся, што ён зрабіў усё магчымае, што ад  яго залежала. Выкарыстаў сваё знаёмства, каб дапамагчы нават ноччу. А ці можам параўнаць магчымасці чалавека з магчымасцямі Усявышняга? Гэта як неба  параўноўваць з зямлёю. Тое, што можа зрабіць Гасподзь, непараўнальна з тым, што па сілах нам самым. Любоў Бога ў мільён разоў большая за нашу людскую любоў. Канешне, Бог бачыць нашыя паўсядзённыя клопаты і патрэбы, выслухоўвае малітвы, чуе нашыя просьбы, але чакае шчырасці ва ўсіх нашых словах, дзеяннях, паступках. І калі адказ на нашыя просьбы не прыходзіць адразу, значыць Бог дае нам час для ўзрастання ў веры і ў сталасці, пасылае выпрабаванні, якія абавязкова зробяць нас мужнымі і цярплівымі, навучаць быць смелымі, паслядоўнымі і настойлівымі, з чым мы сустрэліся ў прыпавесці.  Бог чакае ад чалавека даверлівых адносінаў, а давер ніколі не прыходзіць раптоўна. У чалавека павінна заўсёды заставацца надзея на тое, што Бог яго пачуе. І мне здаецца, што ў кожнага бываюць сітуацыі, калі нешта прасіў ён у Бога і атрымаў, атрымаў і заўважыў.


 

Вядучы:оВладислав Малышко

–Шаноўныя, у гэтай прыпавесці кожны з нас пачуў сваё: хто заклік, хто ўбачыў дзеянне, хто прыйшоў да высновы, што заўсёды патрэбна праяўляць цярплівасць і мець надзею. Звернемся да зместу прыпавесці яшчэ раз: чаму навучае нас Езус Хрыстус? Абазначым з вамі  асноўныя аспекты прыпавесці, іх чатыры. Па-першае, чалавек ідзе і просіць, але ў каго? У таго, каму ён давярае. Гэта або сям’я, або блізкі сябра. А каму давяраем абсалютна і заўсёды? Богу! Па-другое: калі ўзнікла гэтая патрэба па-прасіць хлеба? Уначы. Канешне, па людскіх мерках, не ў самы лепшы час. Сям’я адпачывае, дзеці спяць – якая можа быць рэакцыя на гэтую просьбу ў гаспадара дому? Злосць, што разбудзілі. Але ж з іншага боку, хто ў тую хвіліну галодны? Стомлены чалавек,  можа, пілігрым… Падзеі адбываюцца ў Ерузалеме, ніякіх “супер-маркетаў” там няма, дзе ўзяць хлеб? Згодна з традыцыямі габрэяў, падарожнага трэба было і накарміць, і напаіць, і даць яму месца для начлегу, а ў гаспадара самога не знайшлося хлеба. І што ён вырашае? Ісці прасіць, не гледзячы ні на што.  У жыцці мы таксама, бывае, просім, але ж саромеемся, вагаемся: ці ісці, ці не…  А тут – настойлівая просьба. Таксама і да Бога можам звяртацца ў любы час, з любымі просьбамі, і звяртацца настойліва. Бог не будзе злавацца на нас, што просім не ў “той час”, у Яго няма такіх людскіх якасцей, як злосць, абурэнне. Трэцяе: сябра не дае хлеба чалавеку толькі з погляду, што яны – сябры і адзін другому давяраюць, а дае, бо той выказвае сваю просьбу настойліва. І чацвёрты аспект – менавіта гэтая настырнасць. Паняцце “настырнасці” у перакладзе з грэчаскай мовы азначае яшчэ і “адвагу”. Чалавек праяўляе яе не дзеля свае патрэбы, а дзеля таго, каб накарміць бліжняга. Ён асмельваецца гэта зрабіць, і атрымоўвае хлеб. І вось тут асноўная думка: Бог дае не адразу нам тое, чаго мы просім (а просім мы шмат), і не дае па прычыне,  што мы вельмі прыгожа  Яго  просім, выконваючы пры гэтым яшчэ і пэўныя рытуалы, а дае толькі тое, што нам моцна патрэбна  ў дадзены канкрэтны момант.

 

Пасяджэнне за “круглым сталом” у парафіі св. Вацлава  завяршылася сумеснай малітвай падзякі Богу за сустрэчу.

 

 

Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.

Ваўкавыск.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий