«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

У бягучым  годзе рэдакцыя працягвае цыкл  разважанняў за «круглым сталом»   па “Прыпавесцях  Езуса Хрыста”. Большасць з нас, можа, лічыць, што прыпавесці ўсім добра вядомыя і не патрабуюць ніякіх разважанняў… А калі насамрэч суаднесці ўрокі Езуса, якія даў нам праз іх, з днём сённяшнім, даведаемся шмат новага пра Хрыста як чалавека, які больш за 2000 гадоў таму навучаў у Палестыне. Шмат чаго даведаемся і пра сябе.

 

 

 

Сэнс не ў любові, а ў радасці

 

 

 

 

Прыпавесць пра згубленую авечку

 

Лк 15, 1-7

 

    Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб слухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: «Ён прымае грэшнікаў і есць з імі». Тады Ён расказаў ім наступную прыпавесць, кажучы:  «Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе шукаць згубленую, пакуль не знойдзе яе? А знайшоўшы, бярэ яе на плечы свае з радасцю  і, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: “Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку”.  Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння.


 

f-str-17У парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў в. Лебедзева Маладзечанскага раёна абмяркоўвалася прыпавесць Езуса Хрыста пра згубленую авечку. У пасяджэнні за “круглым сталом” прымалі ўдзел Юля Капусціна,  Аліна і Ангеліна Бандарэнка, Святлана Пашук, Вікторыя Прышчэпіна, Ірына Глябец, Людміла Юрча. Вядучым быў пробашч парафіі кс. Ўладзімір РУСАК.

 

 

 

 

Пра логіку

 

Вікторыя Прышчэпіна:Виктория Прищепина

– Калі чытаеш прыпавесць, адразу кідаецца ў вочы тое, што Езус быў вельмі блізкі з усімі людзьмі, не рабіў між імі ніякай розніцы і навучаў, і гэта не падабалася фарысеям і кніжнікам. Канешне, фарысеі лічылі сябе праведнікамі, бязгрэшнымі, і ім было незразумела, чаму Езус звяртае сваю ўвагу на тых, “меншых, другасортных”. Часам здаецца, што трэба асабліва шанаваць тых, хто робіць добрыя справы, праведны, рэгулярна ходзіць да касцёла, моліцца… Часам здаецца, што Богу да спадобы такія “абразцовыя” людзі.  Але не, Пану Езусу дарагі кожны. Больш таго: асаблівую радасць Бог перажывае тады, калі знойдзе нават тую адну-адзіную авечку, якая адбілася ад статку, згубілася… І тут можа ўзнікнуць пытанне: а што зрабілася з тою авечкай? Адбілася, бо не адчула любові Бога да сябе? Не зразумела гэтую любоў? Ці палічыла сябе нягоднай прысутнічаць сярод тых праведных? А можа, палічыла, што няма патрэбы моцна аглядацца на Бога, у нашым выпадку – хадзіць да касцёла, каяцца, выконваць Божыя запаведзі, рабіць добрыя справы. Ды і наогул: мы ўсе ўверавалі, што толькі там, у нябёсах, шчасце, імкнемся да жыцця вечнага, а на зямлі – як ёсць, так ёсць… Няўжо і ў людзей такая “авечая” логіка?


 

Як пакінуць 99 дзеля адной?

 

Ірына Глябец:Ирина Глебец

– На першы погляд, вельмі незразумела і па-людску нелагічна, чаму Езус пакідае дзевяноста дзевяць авец і ідзе шукаць адну, якая згубілася? Любіць яе мацней за іншых? Наўрад ці…  Па-другое, Святое Пісанне сцвярджае, што няма ні аднаго праведніка ў свеце, а ў прыпавесці чамусьці  увесь той статак лічыўся праведнікамі, якія не патрабавалі пакаяння. Пан Езус, напэўна, палічыў, што  згубленая авечка ў дадзены момант патрабуе найбольшай увагі, а тыя 99 нікуды не дзенуцца, будуць трымацца разам… Прыпавесць не гаворыць, па якой прычыне авечка адбілася ад статку: можа ножку зламала і па гэтай прычыне адстала, можа штосьці іншае прымусіла яе адыйсці.  Але і кожны з нас, асабліва ў цяжкі момант жыцця,  можа стацца такою авечкаю, і гэтага трэба асцерагацца, памятаючы, што Пан Бог заўсёды чакае нас і чакае ад нас пакаяння. Пацверджаннем таго, як Пан Бог прабачае і даруе Валадарства Нябеснае грэшнікам, тым, што пакаяліся, з’яўляецца сюжэт са Святога Пісання пра Укрыжаванне Езуса. Памятаеце, як  разам з Езусам укрыжавалі двух злачынцаў, аднаго з левага боку, другога – з правага. Адзін з павешаных на крыжы зневажаў Яго, а другі прызнаў, што асуджаны справядліва, пакаяўся і папрасіў Езуса: “Узгадай мяне, калі  прыйдзеш у сваё Валадарства”, на што Хрыстос адказаў: “Сёння будзеш са Мною ў раі”.

 Я веру ў плён глыбокага пакаяння.


 

 Чаму авечка пакінула статак

 

Святлана Пашук: Светлана Пашук

– На мой погляд, карэннае пытанне ў тым, чаму авечка пакінула статак? Ці яна заблудзілася, ці яе моцна што напалохала і яна ўцякала… Але, заўважце, галава баліць зараз не ў авечкі, а ў пастуха, які згубіў, так сказана ў прыпавесці, значыць не дагледзеў. Толькі  не трэба адразу думаць, што пастух быў нікчэмны і не карпеў над статкам – так маглі скласціся абставіны!  І ў нашым жыцці вельмі часта бывае, што  адзін чалавек працуе, належным чынам вядзе свае справы, не грашыць, нічога дрэннага нікому не робіць, але вялікага поспеху не мае, а той другі, каторы далёка ад Бога, ад касцёла, ад выканання Божых Запаведзей, наогул ад элементарнай чалавечай маралі і культуры, – як кажуць, “у шакаладзе”. Другое: чаму грамадства не заўсёды заўважае тых, хто многа і плённа працуе  (на карысць таму ж самаму грамадству!), а заўважае тых, хто, можна сказаць, адмоўны, і надае яму шмат увагі! Тут, лічу, нават пакуты  перакладаюцца на плечы тых, хто працуе. Наогул гэта вельмі складанае пытанне.  Возьмем такі школьны прыклад. Вучыцца дзіця выдатна, і сёння, і заўтра, да гэтага ўсе прызвычаіліся, нічога незвычайнага не заўважаюць, а калі лянівы вучань выпадкова атрымаў “восем” ці “дзевяць” – у далоні пляскаюць ўсе! Чаму так адбываецца? І пра што тут можна казаць – пра загану людскога характару ці  адсутнасць разумення хрысціянскай любові і радасці?


 

 Справа ў цярпенні

 

Юля Капусціна:Юлия Капустина

– Па-чалавечы цяжка зразумець і прыняць, чаму Бог атрымоўвае больш радасці з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым  з тых 99 праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння. Хіба Бог любіць кагосьці болей, а кагосьці – меней?..  Не, з прыпавесці відаць, што Бог любіць усіх аднолькава, але чамусьці надае ўвагі болей таму аднаму грэшніку.  Зноў жа, з чалавечага погляду нелагічна, каб таму, хто дапускае неразумныя ўчынкі, паводзіць  сябе не па-хрысціянску, Бог удзяляў больш ўвагі. Але  справа ўся ў тым, што Бог хоча, каб шчаслівымі і свабоднымі ад усялякага граху быў кожны і, урэшце, дасягнуў жыцця вечнага! Або яшчэ: адзін чалавек пакутуе, пражывае ва ўмовах цяжкіх, просіць Бога і не атрымоўвае таго, чаго просіць, а другі – не просіць, а мае радасць з жыцця. І тут, на мой погляд, справа ўжо ў нашым цярпенні. Святы Ян Павел II, разважаючы пра цярпенне, акцэнт акурат і рабіў на тым, што сапраўдны  хрысціянін бачыць шчасце ў тым, каб пакуты перажываць разам з Хрыстом, мужна пераносячы іх; у тым заключаецца наследаванне жыцця Сына Божага.


 

Зайздрасць –  дрэннае пачуццё

 

Ангеліна Бандарэнка:Ангелина Бондаренко

– Многа непаразуменняў у нашым жыцці – у тым ліку і недавер да Пана Бога – здараецца ад таго, што  жыве ў людзях зайздрасць. Пачуццё зайздрасці  – дрэннае пачуццё, але, на жаль, яно часта кіруе думкамі, паводзінамі людзей, іх учынкамі. Чалавека быццам нешта з’ядае знутры, ён становіцца незадаволены і раздражнёны ад таго, што нехта (сусед, сват, брат, знаёмы) мае болей, чым ён. І  менавіта пачуццё зайздрасці вызывае нараканні тыпу: вось яму Бог даў і тое, і тое, а мне – нічога, маўляў, я прашу, а Бог мяне не чуе… Дык, можа, і тая заблукаўшая авечка была зайздросная, а можа, палічыла, што Бог яе не чуе і сама пакінула статак, прычыны мы не ведаем.  Але дарэмна, прыпавесць гаворыць аб тым, што пастух, знайшоўшы авечку, бярэ яе на плечы і нясе дадому, а тады склікае сяброў і суседзяў – радуйцеся, знайшлася! Гэта азначае, што і Пан Бог радуецца кожнаму грэшніку, калі той пакаяўся і вярнуўся на праведны шлях.


 

 А ці будзе час для пакаяння?

 

Аліна Бандарэнка:Алина Бондаренко

–Пад вобразам авечкі ў прыпавесці падразумеваецца грэшнік. І насамрэч мы не ведаем, што было з авечкай да той пары, пакуль пастух не заўважыў, што яна прапала. Пайшоў яе шукаць. Так і Бог заўсёды бярэ пад сваю апеку чалавека, які заблудзіўся. Але чалавек сам павінен папрасіць Бога аб апецы, зразумеўшы свае памылкі, грахі і шчыра пакаяўшыся. І выходзіць так: адзін чалавек саграшыў аднойчы, пасля адумаўся, папрасіў Госпада аб прабачэнні, Ўсявышні адпусціў яму грахі ягоныя, чалавек зноў у стане Божай ласкі, ідзе да касцёла, прымае удзел у Святой Эўхарыстыі, прымае Святую Камунію. Усё добра.  А іншы грашыць на працягу ўсяго жыцця, вя-дзе такі лад жыцця, што людзі збоку звяртаюць увагу, маўляў, грашыш ты, чалавеча. А ён упэўнены, што аднойчы прыдзе адпаведны момант – і ён укленчыць перад Богам, папросіць прабачэння за ўсе свае правіны, Бог яму прабачыць, і будзе ўсё о,кэй!  Такі хлуслівы “сцэнарый” паводзінаў можна назіраць нават у некаторых веруючых. Але пытанне тут прынцыпова ў іншым: а ці будзеш мець час для пакаяння? Ці паспееш пакаяцца?


 

Да каго мы бліжэй – да фарысеяў ці грэшнікаў?

 

Людміла Юрча:Людмила Юрча

–Аднойчы і я была сведкай і ўдзельніцай прыватнай размовы, якая адбылася на тэму грахоў і грэшнікаў. Сапраўды, цяжка зразумець, чаму Бог прабачае ўсім аднолькава – і тым, хто ўсё жыццё грашыў і адзін раз пакаяўся, і тым, хто кожны дзень просіць аб прабачэнні за свае правіны. Хутчэй за ўсё пытанне ў тым, хто з якою “меркаю” падыходзіць да самога сябе і сваіх учынкаў. І гэты выраз з прыпавесці “дзевяноста дзевяць праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння” таксама складаны для разумення: “не патрабуюць”, таму што на самой справе такія праведныя, ці “не патрабуюць”, бо не лічаць сябе грэшнымі? Паняцце пакаяння  не азначае толькі скруху і жаль за  грахі і правіны, якія здарыліся,  а азначае менавіта перамены розуму,  рашэнне абавязкова выправіцца. І зноў жа, дакладна мы не ведаем, у якім стане жылі тыя 99. Хутчэй за ўсё – у камфорце, не ставілі перад сабою непамерных задач, не зайздросцілі нікому, і нішто не згрызала іх знутры. Жылі ў супакоі, таму, можа, і Пан Езус  мог без клопату  іх пакінуць і пайсці шукаць  заблукаўшую авечку? У цэлым гэтая прыпавесць дае шмат падставаў для таго, каб задумацца: да каго мы бліжэй – да фарысеяў ці грэшнікаў?


 

Вядучы: кс. Русак

–Так, шаноўныя, прыпавесць мае вельмі цікавы кантэкст. Перш за ўсё трэба ўсвядоміць, што Езус ходзіць усюды, адкрыты для ўсіх. Асаблівы яго інтарэс накіраваны на грэшнікаў – не таму, што Ён любіць іх больш, чым іншых (Бог любіць усіх аднолькава), а таму, што Ён радуецца, калі грэшнік перажывае навяртанне і набліжаецца да Божага Валадарства. З грэшнікамі Ён садзіцца за адзін стол, “есць з імі”, не дае ім ганьбы, а  праяўляе да іх вялікую павагу. І ўжо гэта вызывае здзіўленне і нараджае пытанне: чаму Езус радуецца адной заблукаўшай авечцы, якую знайшоў, болей, чым тым 99 праведным?  І чаму ў нябёсах будзе больш радасці  з аднаго грэшніка, якія пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці, якія  не патрабуюць пакаяння? Заўважце, не напісана “больш любові будзе”, а напісана: “больш радасці будзе”. Тут варта  пад-крэсліць такі важны момант: паняцці “радасць” і “любоў” у  нашым жыцці вельмі часта падмяняюцца.  Але гэта не словы-сінонімы. Радасць –  адчуванне вялікага душэўнага задавальнення, тады як любоў – пачуццё сардэчнай прыхільнасці, адданасці, самаахвярнасці.  Радасць – гэта эмоцыя, а любоў заўсёды звязана з клопатам.  Хіба можна сказаць, што нехта мяне радуе, таму што люблю яго болей, а іншы меней радуе, бо люблю яго меней? Бывае, што  чалавек цябе цалкам не радуе, а ты яго любіш, бо ён – твой каханы, родны, пра яго твае думкі. Або калі чалавек хворы –  клапоцішся пра яго, прысвячаеш яму весь свой час, любіш яго, а радасці  няма… Ёсць толькі любоў.  І ў прыпавесці мова не пра любоў, не пра інтэнсіўнасць любові Стварыцеля да свайго стварэння, а пра Яго радасць, што грэшнік перажыў навяртанне! Бо такая мэта ў Пана Бога – збавіць ад граху ўсіх!

Другое, на чым хацеў бы зрабіць акцэнт:  чаму згубілася авечка? Пытанне гэтае вы за-краналі і высветлілі, што ў кожнай авечкі можа быць свая “версія”, сваё тлумачэнне. І тут натуральным падаецца тое, што  перад кожным узнікае простае пытанне: сярод каго я? Ці не з’яўляюся часам заблукаўшаю авечкаю? Ці не патрэбна мне ўважлівей прыгледзецца да тых 99, якія не патрабуюць пакаяння, і каму давярае Езус? Ён жа пакінуў іх на пустыні, быў упэўнены, што нікуды не дзенуцца!

 І апошняе – пра пакаянне. Можа, і паспеюць тыя заблукаўшыя ў жыцці “авечкі” ускочыць ў “апошні вагон” і атрымаць у Бога адпушчэнне грахоў; можа, ім пашанцуе з тым цягніком. Але яны ніколі не пазнаюць радасці і любові, якую перажывалі ў сваім зямным жыцці тыя дзевяноста дзевяць праведных. Не паспеюць па часе. Таму паўстае тут  пытанне сапраўднасці пакаяння  – а гэта значыць не толькі дзеяння Бога, бо Ён міласэрны, а і супрацоўніцтва чалавека, які ўсё ж хоча трапіць у Валадарства Нябеснае.

 

 

 

Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.

Мінская  вобл.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий