«Круглы стол» часопіса «Дыялог»

У бягучым  годзе рэдакцыя працягвае цыкл  разважанняў за «круглым сталом»   па “Прыпавесцях  Езуса Хрыста”. Большасць з нас, можа, лічыць, што прыпавесці ўсім добра вядомыя і не патрабуюць ніякіх разважанняў… А калі насамрэч суаднесці ўрокі Езуса, якія даў нам праз іх, з днём сённяшнім, даведаемся шмат новага пра Хрыста як чалавека, які больш за 2000 гадоў таму навучаў у Палестыне. Шмат чаго даведаемся і пра сябе.

 

 

Запрашэнне

ў Валадарства Ягонае

 

 

 

Прыпавесць пра вялікую вячэру

 

Лк 14, 15-24

 

Адзін з тых, хто сядзеў разам з Езусам, сказаў Яму: «Шчаслівы, хто будзе есці хлеб ў Валадарстве Божым». А Ён сказаў яму: «Адзін чалавек наладжваў вялікую вячэру і паклікаў многіх. Калі настаў час вячэры, паслаў слугу свайго сказаць запрошаным: “Прыйдзіце, бо ўжо ўсё гатова”. І пачалі ўсе, як адзін, адгаворвацца. Першы сказаў яму: “Я купіў поле, і мне трэба пайсці паглядзець яго. Прашу цябе, прабач мне”. Другі сказаў: “Я купіў пяць пар валоў і іду выпрабаваць іх. Прашу цябе, прабач мне”.  Іншы сказаў: “Я ажаніўся, і таму не магу прыйсці”. Вярнуўшыся, слуга расказаў пра гэта свайму гаспадару. Тады гаспадар дома разгневаўся і сказаў слугу свайму: “Ідзі хутчэй на вуліцы і завулкі горада і прывядзі сюды ўбогіх, калек, сляпых і кульгавых”. І сказаў слуга: “Пане, зроблена, як загадаў ты, і яшчэ ёсць месца”. Гаспадар сказаў слугу: “Ідзі да дарог і загарадзяў і прымушай прыйсці, каб напоўніўся мой дом. Бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных людзей не пакаштуе маёй вячэры”».


 

 

 f-str-17У парафіі св. Валянціна ў Смалявічах сабраныя за “круглым сталом” вернікі разважалі над прыпавесцю Езуса Хрыста  пра вялікую вячэру. Удзельнікамі пасяджэння былі: Яна Лагуноўская, Ганна Ляйко, Ванда Лазарава, Станіслава Смольская, Ганна Чарняк, Наталля Лаўцова, Ганна Маліноўская, Яніна Фомчанка, Люцына Завадская, бр. Максім Тамковіч. Вядучым пасяджэння быў пробашч парафіі а. Сяргей Мацюшонак, OFMCAP.

 

 

Разважанні вернікаў пачаліся з  малітвы да Духа Святога, каб асвяціў іх розум і сэрцы і дапамог зразумець тую навуку, якую даносіць Езус Хрыстус у сваіх прыпавесцях.

 

 

 

Каб не праз боль і пакуты

 

Ганна Ляйко:Ганна Ляйко

На кожнай святой Імшы святар прамаўляе словы: “Благаслаўлёныя пакліканыя на вячэру Ягоную”. А  ці  мы, якія сядзім у лаўках, заўсёды чуем гэтыя словы, ці надаем ім той змест, які ў іх заложаны? На мой погляд, прыпавесць пра вялікую вячэру яшчэ раз напамінае, што сапраўды шчаслівым можа быць толькі той, хто пабудаваў  добрыя адносіны з Панам: “Шчаслівы, хто будзе есці хлеб ў Валадарстве Божым”. Асабіста  я ў тэксце прыпавесці бачу  людзей  дзвюх катэгорый: адных  можна ахарактарызаваць назіраннем “як трывога – то да Бога”, другіх – “не халодныя, не гарачыя”, можа нават абыякавыя.  Бо, калі Бог нас кліча, находзім мноства адгаворак, каб не ісці да Яго,  як у гэтай прыпавесці: адзін поле купіў, другі – валоў, трэці ажаніўся, і ў кожнага з’явіўся  свой клопат. У пэўны час усе яны, канешне, прыйдуць да Бога, але, напэўна, не ў самы лепшы для іх час… Напэўна, тады, калі зразумеюць, што  няма іншага паратунку, як толькі ў Бога, калі самі пераканаюцца ў неабходнасці шукаць сябе ў Богу. Іншымі словамі, прыйдуць тады, калі напаткае іх гора, бяда. Ну а другая катэгорыя – гэта тыя, хто проста адмовіўся, не маючы аніякіх  адгаворак. І Пан дае параду: ідзіце  па вуліцах і завулках горада, запрашайце ўбогіх, калек, сляпых  і  кульгавых,  дайце  ім шанс атрымаць навяртанне, адчуць ласку і  міласэрнасць Божую. І калі слугі пайшлі і запрасілі на вячэру тых астатніх, хто пакутаваў, патрабаваў, каб Бог дзейнічаў у ягоным жыцці, то іх аказалася нашмат болей, чым тых, хто быў запрошаны напачатку.

Думаю, кожны з нас мае свой асабісты досвед наконт таго, што толькі  жыццё  ў  Богу  надае са-праўдны  сэнс нашаму існаванню, але шлях да Бога ў кожнага свой. І няма  аднолькавых. Успамінаю той гаротны час, калі моцна хварэла мая дачушка, мы з ёю амаль не выходзілі са шпіталя. Здавалася, нас пакідала апошняя надзея… Касцёла  ў  нашых  Смалявічах яшчэ не было, і я, каталічка,  пай-шла ў праваслаўны храм, набыла малітоўнічак  і  пачала  шчыра маліцца.  Прайшоў  пэўны час і бачу ва сне царкву; падумала адразу, што гэта добры для мяне знак і што з нашай дачушкай усё будзе ў парадку. Так яно і сталася, Бог пачаў дзейнічаць у маім жыцці… Не, я не хачу сказаць, што няма патрэбы звяртацца да дактароў падчас хваробы. Звяртацца трэба, але адначасова трэба Бога прасіць, каб пачуў маленні і просьбы нашыя. Сёння сама заўважаю, як насычаюся Божым словам падчас святой Імшы, як лёгка адчуваю сябе, вяртаючыся з касцёла дадому, і нават тыя праблемы, якія несла ў сваім сэрцы і якія здаваліся мне невырашальнымі, падаюцца ўжо дробяззю… І, калі на тэмы рэлігіі і веры размаўляю са сваімі дзецьмі, заўсёды кажу ім: да Бога трэба прыходзіць тады, калі Ён вас запрашае, з лёгкім сэрцам, а не з абцяжараным жыццёвым клопатам, і не  праз боль і пакуты, як гэта здарылася ў маладосці са мною…


 

 

 Бог кліча заўсёды

 

Ванда Лазарава:Ванда Лазарева

Згаджаюся з Ганнаю ў тым сэнсе, што шлях да Бога ў кожнага свой. Вядома, што Бог кліча ўсіх нас аднолькава да прыгатаванай ім вячэры, пад якою падразумеваецца перш за ўсё Эўхарыстычны стол. Кліча ўсіх адразу, можна сказаць, як толькі мы з’яўляемся на гэты Божы свет, і не перастае клікаць, як ужо станем дарослымі. Успамінаю сваё дзяцінства. Бывала мама, пакуль гатуе ў печы снеданне, пасадзіць нас каля стала і вучыць малітвам. Вучыла  па-польску, мы не ўсё разумелі, але тое, што Стварыцелем свету і ўсяго жывога на зямлі з’яўляецца Бог, ведалі. І што жыць патрэбна па Божых Запаведзях, нікога не крыўдзячы, і прабачаць, калі пакрыўдзілі цябе, таксама ведалі. Ведалі, што Богу патрэбна маліцца, а ў нядзельку і ў святы – з асаблівай стараннасцю. З нецярплівасцю чакалі святаў Божага Нараджэння і Вялікадня, калі мама прыгатуе і сукеначку новую, і сандалікі. Наша сям’я жыла ў вёсцы Узнога Клецкага раёна, а ў касцёл у дні вялікіх свят мы ездзілі ў Мядзведзічы Ляхавіцкага раёна, там жыла наша цёця, якая брала мяне і маю сястру  з сабою на ўрачыстасць. У памяці застаўся такі выпадак. Вучылася я, можа,  у 5-м ці ў 6-м класе, і паехалі мы ў Мядзведзічы на Вялікдзень да касцёла.  Пасля святой Імшы выйшлі з храма – дзяцей сабралася  мо чалавек каля 20 –  і проста каля дзвярэй стаіць аўтобус: “Сядайце, дзеці!”. Мы з радасцю пагрузіліся ў той аўтобус, разам  з намі некаторыя дарослыя. Але  на  скрыжаванні, дзе нам патрэбна было выйсці, аўтобус не прыпыніўся, а завёз нас у Ляхавічы, у міліцыю: ”Дзеці, выходзьце!”. Мы  перапалохаліся: “За што ў  міліцыю?”. Дзякаваць Богу, у аўтобусе была адна смелая жанчына, якая не дазволіла, каб мы выйшлі з салона і каб нас завялі ў аддзел, але страху нацярпеліся, ды яшчэ  баяліся, што будуць “разборкі” назаўтра ў школе. Такія перашкоды з боку правячай на той час улады не спрыялі ўмацаванню адносінаў людзей з Богам, і ўсё ж у сэрцах нашых вера жыла і жыве.  Патаемна бралі шлюбы, патаемна дзяцей  хрысцілі,  нягледзячы на тое, што кожны такі ўчынак, прыемны  Пану Богу, чалавеку мог абярнуцца  звальненнем  з  працы.  А што перашкаджае сённяшнім людзям наблізіцца да Бога? Няма ўжо ні поля, ні валоў, ні тых, хто забараняў усялякія зносіны з Богам… Сапраўды – што?


 

 

Не там шукаюць

 

Ганна Чарняк:Ганна Черняк

–Змест прыпавесці зразумелы: гаспадар дому прыгатаваў вячэру, запрашае дарагіх гасцей, хоча пачаставаць іх, а яны чамусьці не ідуць, адгаворваюцца. Гаспадар  яшчэ раз пасылае слугу – не ідуць. Урэшце, цярпенне  яго лопнула, і ён загадвае: “Ідзі да дарог і загара-дзяў і прымушай прыйсці, каб напоўніўся мой дом”. На першы погляд, вера – справа вельмі асабістая, чалавек сам павінен імкнуцца пазнаць Бога, а ў прыпавесці гучыць: “Прымушай!”. Але, калі разважаць  шчыра, то  трэба  прызнаць, што прымус з добрым намерам – рэч неабходная. Як было і ў маім  дзяцінсте.  Усе школьныя канікулы я праводзіла ў вёсцы Бакшты на гродзеншчыне, дзе  жыла мая бабуля. Бывала, у суботу з вечара яна ўжо пачынае збірацца да касцёла. Збірае і мяне, каб на раніцу ў нядзельку ўсё было падрыхтавана, каб не спазніцца на св. Імшу, бо ісці трэба далёка, у Новы Двор. Сказаць, што дзеці беглі туды з вялікаю ахвотаю, не магу, было і пад прымусам. Але з цягам часу наведванне касцёла, удзел у набажэнствах  перарасталі ў прывычку, пасля ў абавязак, гэта станавілася нормай паводзінаў, і  ўрэшце – патрэбай сэрца.

А што  сёння?  Усё часцей і вельмі шмат гаворыцца аб свабо-дзе. Згаджаюся, гэта вельмі цудоўны стан, калі чалавек адчувае сябе не  прыгнечаным, не абмежаваным, мае права выбару спецыяльнасці, адукацыі, занятку ў свой вольны час і г.д.  Пералік гэты можна працягваць. Але, калі паглядзім на свабоду з іншага боку, то напэўна зробім  выснову, што  для бездухоўнага чалавека свабода рызыкуе ператварыцца ва ўсёдазволенасць, адсутнасць маральных  прынцыпаў, ішымі словамі – у простую формулу: “жыву, як хачу; раблю, што хачу”. Што бачым? Дзеці атрымалі ў сваё кругласутачнае карыстанне кампутары, тэлефоны, глядзяць  што хочуць, слухаюць што хочуць… Яшчэ не сфарміраваны  юны  розум  не ў стане разабрацца, што  карыснае, а  што – шкоднае з  таго, што падае інтэрнэт; дзеці проста  губляюць сябе ў моры непатрэбнай і агрэсіўнай інфармацыі, вобразаў, гульняў… І ўжо чуем пра дзіцячую дэпрэсію,  суіцыд сярод падлеткаў.  Адкуль прыйшла  да нас  гэтая небяспека?.. На вялікі  жаль, нешта падобнае назіраецца часам і за дарослымі, і яны шукаюць сябе не там, дзе трэба. І яны не ўмеюць “фільтраваць”, думаюць, што цэлая жменя разнаколерных таблетак зранку і  жменя ўвечары дасць ім здароўе.  А каб Святое  Пісанне пачытаць, над сваім  жыццём паразважаць, памаліцца,  да Слова  Божага наблізіцца –  на гэта ў іх няма часу. І яны не забыліся Бога – яны Яго яшчэ не спазналі. Нават  прыкра  бывае, калі сталага веку жанчына  або мужчына, трапіўшы на бальнічны ложак (працую ў  шпіталі  і  бачу), не выпускае з рук планшэт з “карцінкамі” і вобразамі, мякка кажучы, вельмі далёкімі ад станоўчых… Чаго ж тады чакаць ад дзяцей?


 

 

Не “выбракоўвайце”!

 

Люцына Завадская:Люцына Завадская

Прымушэнне, пра якое гаворыцца  ў  прыпавесці,  на мой погляд, можа мець розныя формы. Нечаканыя  здарэнні з  блізкімі, цяжкія  жыццёвыя сітуацыі, хвароба ці смерць дзетак, што  так цяжка перажываецца перш за ўсё матулямі, гэта, напэўна, і ёсць тыя вы-прабаванні, якія пасылае Бог чалавеку. Такім спосабам, такімі іспытамі Бог прымушае чалавека павярнуцца да Яго тварам,   прыняць Ягонае  запрашэнне і зразумець, хто на самой справе з’яўляецца кіраўніком нашага жыцця. Бог запрашае да сябе ўсіх па чарзе, у тым ліку калекаў, убогіх, сляпых – нікому не дае ганьбы. Тым самым Пан дае узор, як павінны сябе паводзіць і мы  з тымі, каго лічым, можа, не такімі адукаванымі, не такімі  культурнымі,  не  такімі “продвинутыми”. Напэўна, кожны з  нас ведае  прыклады, калі  сям’я  ладзіць  якую-небудзь званую вячэру,  вяселле  ці  юбілей, а запрашае не ўсіх нават блізкіх, быццам “выбракоўвае”: той  такі,  той сякі,  той  п’яніца,  той  весці  сябе ў кампаніі  не ўмее. І атрымоўваецца, што гэтыя людзі – адкінутыя. А на самой справе патрэбна было б наадварот: абавязкова  запрасіць  іх,  няхай глядзяць і вучацца лепшаму ладу жыцця. Або, калі часам у храм прыйдзе бомж і сядзе ў лаўкі, усе на  яго  аглядаюцца, а хто побач – ад  яго  адсоўваюцца. А можа трэба было б пацярпець гэтую гадзінку, можа ў яго сэрцы што-небудзь ўзварухнулася б, і ён падумаў бы пра сваё жыццё, захацеў бы памяняць яго… Менавіта гэтага хоча Пан Бог, таму  запрашае  настойліва, каб на вялікую вячэру трапілі ўсе. 


 

 

Вядучы:о. Сергей Матюшонок

– Шаноўныя, прыпавесць пра вялікую вячэру  яшчэ раз пераконвае ў бязмернай дабрыні і  міласэрнасці Бога, Які  імкнецца, каб у Ягонае Валадарства Нябеснае трапілі ўсе без выключэння. У гэтым сэнсе вельмі паказальныя вершы 12, 13 і 14. Што сказаў Езус кіраўніку фарысеяў, які запрасіў Яго: “Калі наладжваеш абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні родных тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны не паклікалі цябе ў адказ, і ты атрымаў бы адплату. Але калі наладжваеш гасціну, кліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых, і будзеш шчаслівы, што яны не маюць як адплаціць табе, бо адплаціцца табе ў дзень уваскрашэння справядлівых”. І вы заўважылі, якую  настойлівасць  пры гэтым Ён праяўляе.  Адразу запрасіў  на вячэру многіх, а тыя не прыйшлі. Запрасіў убогіх, калек, сляпых і іншых церпячых, але і яшчэ месца засталося. Тады гаспадар дому сказаў свайму слузе: прымушай, каб прыйшлі!  Заўважце, напачатку мова Ягоная вельмі далікатная, спакойная, але не ўсе імкнуцца яе зразумець, і тады Бог вымушаны прамаўляць да людзей моцнай мовай. Прызнаюся, нешта падобнае адбывалася калісьці і ў маім жыцці, калі я не разумеў планы Бога адносна мяне і не разумеў знакі, якія Ён мне пасылаў. І тады Пан прамовіў да мяне вельмі моцна, падкасіў усе мае планы, якія я сабе напрыдумоўваў,  разлажыў мяне “на лапаткі”, а пасля пачаў ляпіць,  як гліну.  Не, не адразу стала ўсё зразумела, але трох гадоў хапіла, каб сапраўды ва ўсім разабрацца, і каб змяніўся мой падыход да Бога, а разам з тым – і маё асабістае жыццё. Перажыць гэта ўсё было вельмі цяжка, і каб не мае родныя і блізкія, а таксама каб не браты, не ведаю, чым бы ўсё скончылася.  Прымус, прымушэнне ў прыпавесці – гэта адзін з вобразаў, якія  Езус выкарыстоўвае  ва ўсіх сваіх прыпавесцях, але трэба быць вельмі ўважлівымі на этапе, пакуль Пан прамаўляе да нас далікатнай мовай, пакуль  запрашае на вячэру. Аб гэтым кажу заўсёды, калі праводжу рэкалекцыі, калі хадзіў па Калядзе, таксама і падчас споведзі: “Людзі, не правакуйце Бога! Ён падае вам знакі, Ён вас запрашае, а вы ўсё яшчэ адмаўляецеся, у вас ўсё яшчэ няма часу для Бога? Не чакайце, каб Пан ужыў да вас моцную мову”.

Хацеў бы звярнуць вашую ўвагу яшчэ на адну вельмі важную рэч: вяртайцеся да Божага Слова часцей,  чытайце яго ў розныя перыяды вашага жыцця і пераканаецеся, што яно – жывое, па-рознаму на вас уздзейнічае, прычым у канкрэтных абставінах – канкрэтна. Менавіта яно дапамагае нам узрастаць у веры, заўважаць  прысутнасць Бога тут і зараз.

 

Пасяджэнне за “круглым сталом” завяршылася супольнай малітвай сабраных з падзякай  Пану Богу за сустрэчу. 

 

 

Запісала Раіса СУШКО.

Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.

Мінская  вобл.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий