На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.
У бягучым годзе тэмамі для разважанняў мы абралі асобныя фрагменты са Святога Пісання, над якімі заклікаем схіліцца разам з намі…
Цуды Езуса
Аздараўленне пракажонага
Калі Езус сышоў з гары, следам за Ім пайшло мноства людзей.
І вось, падышоў пракажоны і кланяўся Яму, кажучы: «Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысціць». Езус працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: «Хачу, будзь ачышчаны!». І той адразу ачысціўся ад праказы. Езус сказаў яму: «Глядзі, нікому не кажы, але ідзі, пакажыся святару і ахвяруй дар, які наказаў Майсей, на сведчанне ім». Мц 8, 1-4
Аздараўленне нямога
Калі ж тыя выходзілі, прывялі да Езуса нямога чалавека, апанаванага злым духам. І калі злы дух быў выгнаны, нямы пачаў гаварыць, а людзі казалі са здзіўленнем: «Ніколі не было такога ў Ізраэлі!». А фарысеі казалі: «Князем злых духаў Ён выганяе злых духаў». Мц 9, 32-34
У парафіі Святога Юзафа ў Гарадзеі парафіяне, сабраўшыся за “круглым сталом”, разважалі над цудамі аздараўлення хворых, якія здзейсніў Езус Хрыстус. Удзельнікамі пасяджэння былі: Алена Курцарова, Ядвіга Чэкман, Алена Чэкман, Тэрэса Гутко.
Вядучым быў пробашч парафіі ксёндз Аляксандр ВІТКО.
Пасяджэнне пачалося з сумеснай малітвы да Духа Святога аб дары разумення навукі Езуса, якая паўстае са старонак Святога Пісання.
– Шаноўныя, сёння мы з вамі паспрабуем разважаць над вельмі важнымі пытаннямі – служэннем Езуса Хрыста, якое выразілася ў аздараўленні хворых. У 8-й і 9-й главах Евангелля ад св. Мацвея апавядаецца пра многія цуды, якія здзейсніў Езус, дазнаўшыся пра хваробы і цярпенні людзей. Аздараўленне слугі сотніка, цешчы Пятра, якая ляжала ў гарачцы, беснаватых, хто быў апанаваны злымі духамі, сляпога, паралізаванага, жанчыны, якая 12 гадоў цярпела на крывацёк… Ведаем, што за Езусам хадзілі цэлыя натоўпы: адныя – з надзеяй атрымаць аздараўленне для сябе і сваіх блізкіх, другія – паглядзець, як дзейнічае Месія. Некаторых ахоплівала радасць ад таго, што здзяйсняў Езус, іншых – страх і неспакой: хто ж гэта такі, што і аздараўляе, і грахі адпускае?
Пытанне: Што ў першую чаргу абвяшчаюць цуды Езуса, якія дзве самыя важныя рэчы нам паведамляюць?
Ядвіга Чэкман:
– Перш за ўсё – яны гавораць пра моц і міласэрнасць Бога. Для Бога няма нічога немагчымага, любы цуд Яму падуладны. З другога боку, калі не будзе веры і жадання ў самога чалавека, то добры вынік наўрад ці атрымаецца, і цуд наўрад ці адбудзецца.
– Уважліва прачытала гэтыя дзве главы. Яны падобныя, бачым адразу аздараўленне фізічнае, пасля – духоўнае, выгнанне бесаў. І ў абедзвюх падкрэсліваецца галоўнае: цуд адбываецца не проста так – паводле веры! Бачым у гэтых главах і сотніка, і мытніка; яны людзі грэшныя, да іх і натоўп ставіўся як да грэшнікаў, але кожны з іх спадзяваўся на дапамогу Езуса. Для сябе зрабіла дзве высновы: па веры і па раскаянню выганяюцца злыя духі з чалавека!
Тэрэса Гутко:
– Хацела б далучыцца да разважання, маючы на ўвазе фрагмент аздараўлення пракажонага. Гэтыя моцна хворыя людзі былі адрынутыя ад асноўнага натоўпу, трымаліся паводдаль, збоку, таму што нават выпадковы дотык да іх мог абярнуцца невылечнай хваробай для іншых. Пан Езус не баяўся, падыходзіў да іх блізка. Сам жа пракажоны ўпаў перад Езусам ніцма, кажучы: “Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысціць”. Пракажоны быццам не просіць, а толькі пытае, маўляў, можаш ачысціць, калі сам гэтага жадаеш. Тут рэч пра волю Божую да чалавека. І Езус адказвае: “Хачу, будзь ачышчаны…” І чалавек адчувае гэтую волю Бога адносна яго, і Бог пацвярджае гэтую волю. Таму, адказваючы на пытанне, я б вызначыла дзве думкі: першая – воля Бога да чалавека; і другая – Божая міласэрнасць. Пан Езус паглядзеў на гэтага чалавека з любоўю, з міласэрнасцю і дапамог.
І чалавек, мяркую, пераканаўся ў міласэрнасці Божай і напэўна павернецца да Бога тварам.
Гэтую веру ў Бога чалавек па-вінен неяк у сабе ўдасканальваць.
Алена Чэкман:
– Хачу дадаць, што вельмі часта, звяртаючыся да Бога ў малітвах па розных сваіх патрэбах, мы азмрочваем самі свой настрой тым, што пачынаем думаць, што Бог нас не чуе, не дзейнічае адразу. На самой справе ўсё іначай. Езус аздаравіў слугу сотніка за той кароткі час, пакуль размаўляў з апошнім; жанчына, якая цярпела ад крывацёку 12 гадоў, аздаравілася адразу, як толькі дакранулася да краю плашча Збаўцы. Чалавек павінен мець адвагу, каб папрасіць Бога. Бог чуе і адказвае, толькі, можа, не заўсёды так, як хочацца нам.
Вядучы:
– Мы ўжо адзначылі, што цуды адбываюцца, калі ёсць вера, Божая міласэрнасць, адпушчэнне грахоў. Што яшчэ? Падказку знойдзеце ў фрагменце аздараўлення паралізаванага, прачытаўшы размову Езуса з тымі, хто быў у доме, пасля таго, як паралізаванага не змаглі ўнесці ў дом праз натоўп і спусцілі з даху дома праз страху і паклалі перад Ім. Убачыўшы іх веру, Ён сказаў: “Чалавеча, адпускаюцца табе грахі твае”. А кніжнікі і фарысеі пачалі разважаць, кажучы: «Хто ён такі, што блюзнерыць? Хто можа адпускаць грахі, калі не сам Бог?”. Пазнаўшы іх думкі, Езус сказаў ім у адказ: (…)“Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі”.
Пытанне: Што патрэбна для таго, каб адбыўся цуд аздараўлення?
Алена Курцарова:
– Фарысеі і кніжнікі словы Езуса называлі блюзнерствам. А Пан Езус пацвярджае для ўсіх няверуючых: як магу Я аздаравіць, так і магу адпусціць грахі. Маю права, дадзенае Мне Божай уладай.
–У гэтым фрагменце падкрэс-ліваецца тое, што Бог прабачае адразу. Чалавек звярнуўся да Бога, і Бог праявіў міласэрнасць. А кніжнікі і фарысеі думалі, што грахі, якія апуталі, прыціснулі гэтага чалавека да ложка, проста так не прабачаюцца, што патрэбны нейкія іншыя дзеянні, што трэба будзе зрабіць нешта надзвычайнае, каб заслужыць гэтае прабачэнне. А Бог не патрабуе ад людзей, каб яны неяк выслужваліся перад Ім, Ён міласэрны, Ён у момант прабачыў і сказаў: “Усё, устань і ідзі!”. У гэтым урыўку бачым непрыйманне Бога фарысеямі і кніжнікамі, недавер Яму, а з другога боку бачым усемагутнасць Бога, Які заўсёды ідзе чалавеку насустрач.
Вядучы:
– Так, фарысеі і кніжнікі не былі гатовыя паверыць у тое, што Бог можа прабачыць грахі тут і цяпер – паводле веры чалавека. Гэта вельмі важная рэчаіснасць. У Бога няма адлегласцей. Яму не трэба многа часу, каб увайсці ў нашую канкрэтную сітуацыю, бо Ён заўсёды прысутнічае ў нашым жыцці і бачыць нашыя сэрцы, ведае нашыя думкі, памкненні.
Пытанне: Чаму жыхары краю гадарэнаў пасля цуду вы-гнання злых духаў папрасілі Езуса пакінуць іх край?
Алена Курцарова:
– Баяліся пераменаў жыцця. Прызвычаіліся жыць так, як жылі, не ведалі, што нясе з сабою Пан Езус, ад гэтага страх напаўняў іх сэрцы.
Тэрэса Гутко:
– Пра моц Бога яны, напэўна, чулі, але не ведалі, як Ён абыйдзецца з імі самымі, як будзе ставіцца да іх. Напэўна, баяліся, што за нейкія дрэнныя ўчынкі пакарае іх, і ў адзін момант іх можа не стаць, як таго статку свіней, што кінуўся разам са злымі духамі з кручы ў мора. І любоў Бога ім не была яшчэ вядомая ў тым памеры, у якім яна на самой справе існуе. Таму і баяліся. Сказана ж, што пастухі паўцякалі, пайшлі ў горад, расказалі пра здарэнне, і жыхары яго выйшлі насустрач Езусу з прапановай, каб пакінуў іх межы…
Вядучы:
– Так, жыхары краю яшчэ не мелі шчырых сэрцаў, не верылі ў любоў Бога да канца. Звярніце ўвагу на словы Езуса, з якімі Ён звяртаецца да тых, каго аздаравіў: “Будзь адважным,сыне, адпускаюцца табе грахі твае!”. Жанчыне кажа: “Будзь адважнай, дачка, вера твая ўратавала цябе”.
Пытанне: Чаму асаблівы акцэнт Езус робіць на адвагу? Як адвага можа перамяніць чалавека?
Алена Чэкман:
– Быць адважным – значыць ні ў чым не сумнявацца. А калі чалавек ні ў чым не сумняваецца? Калі поўнасцю давярае Богу.
Тэрэса Гутко:
– Так, каб быць адважным, трэба мець у сваім сэрцы моцную веру ў Бога. Вера нам дадзеная бацькамі, і гэта вялікі духоўны скарб, якога не трэба цурацца, а адважна, адкрыта яе выказваць, нават на працы. Не крычаць аб гэтым, але і не аднеквацца. “Вера твая ўратавала цябе”, – гаворыць Пан Езус, звяртаючыся да жанчыны. Ні што іншае – вера! За 12 гадоў жанчына, відаць, перабрала многа розных лекараў, але тыя не дапамаглі, і тут сказала сабе: “Калі толькі дакрануся да Ягонага плашча, выздаравею”. Яна моцна паверыла, аддала Богу свой лёс. На мой погляд, гэта і ёсць самае складанае ў нашых адносінах з Панам Богам – аддаць Яму ўсе свае праблемы, даверыцца Яму. Але як пры гэтым зняць адказнасць з сябе і сесці, склаўшы рукі? Не ведаю.
Алена Курцарова:
– На мой погляд, маецца на ўвазе, што і ў Бога трэба прасіць адважна.
– І я лічу, што па-дзіцячы даверыцца Богу, паверыць да канца, што толькі Пан можа пакіраваць так, як трэба, і ёсць самае цяжкае. А вера наша яшчэ слабая. Гады ваяўнічага атэізму не прайшлі без разбуральнай сілы, мы страцілі многа часу на пошук ідэалаў у піянерскіх, камсамольскіх, камуністычных радах… Аказалася, не там шукалі. Іншы раз ахоплівае роспач, плачам: чаму Пан Бог дапусціў тое ці іншае… А пройдзе час, разважыш сябе і падумаеш: як жа прадбачліва Ён паступіў, паслаўшы мне гэтае выпрабаванне, – я ж стала мацнейшай…
Алена Чэкман:
– На маю думку, Езус заклікае чалавека, каб не баяўся агучыць сваю просьбу: будзь адважны! Адвага можа надаць чалавеку сіл, упэўненасці, адкрыць нейкія новыя магчымасці. Там, дзе адвага, там заўсёды ёсць дзеянне і ёсць надзея на аздараўленне!
Будзьце адважныя і настойлівыя, прасіце Бога, і дайце магчымасць іншаму быць добрым чалавекам.
Пытанне: Як думаеце, чалавек, які спазнаў цуд аздараўлення, ці звяжа сваё жыццё з Богам?
Ядвіга Чэкман:
– Раскажу выпадак з жыцця нашай сям’і. Недзе ў 80-я гады мой брат трапляе ў дарожна-транспартнае здарэнне: пералом нагі, чарэпна-мазгавая траўма, з вушэй кроў, шпіталь. Мама з татам – адразу ў касцёл маліцца… Моляцца за яго і ў касцёлах Польшчы, дзе жывуць нашыя родныя. Брат паціху папраўляецца. У дзень выпіскі з бальніцы хірург святой памяці Ігар Мадэставіч Богуш пытае ў яго: “А ці памятаеш, што я дазволіў табе курыць у палаце?”. “Так”. “А чаму?”. “Не ведаю”. “А таму, што я не меў надзеі, што ты будзеш жыць”. У пачатку гэтага года з цяжкаю траўмаю галавы трапляе ў рэанімацыю яго сын, мой пляменнік; некалькі дзён знаходзіцца ў коме. І цяпер ужо ўсе мы – са шчыраю малітваю да Бога: моліцца касцёльная супольнасць, моляцца праваслаўныя браты і сёстры (жонка пляменніка – з праваслаўных), і ён апрытомнеў, пачынае папраўляцца, яму не спа-трэбілася нават аперацыя, пра неабходнасць якой гаварылі напачатку. Пасля ўзялі яго на МРТ – усё добра. І пасля гэтага мой брат ужо пяць ці болей разоў казаў мне: “Веру, што мацней за Божую сілу няма нічога”. А ці навярнуўся ён да Бога? Так, як бы хацелася нам, – не. Затое дзеці і ўнукі яго жывуць з Богам. На кожнага ў Бога свае планы, на ўсё свой час.
Пытанне: Ці адбываюцца цуды моцаю Езуса Хрыста сёння?
Тэрэса Гутко:
– Цуды ў нашым жыцці адбываюцца заўсёды, але ці заўважаем мы іх? І Пан Езус паказаў, напэўна, толькі частку тых цудаў, якія здзяйсняе, каб пераканаць чалавека, каб адкрыць чалавеку вочы – праз дзяцей, праз унукаў, праз нечаканыя выпадкі з ім самым – і пераканаць у тым, што з Богам ўсё магчыма.
Вядучы:
– Звернемся зноў да Евангелля. Што гаворыць яно пра веру чалавека пасля таго, як здарыўся цуд? Два прыклады. У выпадку аздараўлення пракажонага Езус сказаў яму: “Глядзі, нікому не кажы, але ідзі, пакажыся святару…”. Чалавек ідзе, і за ім ідзе пагалоска пра Езуса… У выпадку выгнання злых духаў пастухі самі паўцякалі ў горад і там пачалі ўсім расказваць, што адбылося… Адныя людзі казалі са здзіўленнем, маўляў, ніколі не было такога ў Ізраэлі, другія – казалі: ідзі адсюль, бо мы баімся…
Алена Чэкман:
– Цуд аздараўлення адбываецца моцаю Езуса Хрыста; Бог адпусціў грахі чалавеку, аздаравіў яго, зрабіў яго ношу нашмат лягчэйшай, а вера патрабуе намаганняў ад самога чалавека – узрастаць у веры, удасканальвацца ў практыках, якія дапамагаюць жыць. Калі не ўдасканальвацца, то вельмі лёгка вярнуцца назад – да граху, да хваробы. Я часта разважаю над гэтым, калі прашу ў Бога, каб па-слаў мне цярпення, і рыхтуюся, што Ён пашле мне выпрабаванні.
– Тэма цудаў аздараўлення вельмі вялікая і ў межах аднаго разважання ахапіць ўсе яе нюансы немагчыма, таму на завяршэнне звярну ўвагу на некалькі момантаў: самы першы і самы дасканалы цуд, які адбываецца штодня, – гэта адпушчэнне грахоў падчас споведзі. Тым самым Бог дае нам ласку аздараўлення – паводле нашай веры. У Сакрамэнце споведзі адразу прыходзіць аздараўленне.
Пра што яшчэ не будзем забывацца? Быць адважнымі, мець давер да Пана Бога, быць ўдзячнымі за тое, што Бог аздараўляе нас. І яшчэ пра тое, што цуды існуюць для таго, каб чалавек часцей задумваўся: з Богам ён сёння ці не.
Пасяджэнне за “круглым сталом” завяршылася сумеснай малітвай падзякі Богу за сустрэчу.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD.
Мінская вобласць