На працягу некалькі апошніх гадоў запар рэдакцыя часопіса “Дыялог” праводзіць так званыя “круглыя сталы” у парафіях розных дыяцэзій і прыйшла да высновы, што сустрэчы гэтыя – шчырыя, пажаданыя, адкрытыя – вельмі прыемная форма абмену думкамі, разважаннямі, якія выкліканы чытаннем Святога Пісання. Разам мы абмяркоўвалі тэмы Дзесяці Божых Запаведзяў, Святой Эўхарыстыі як вяршыні хрысціянскага жыцця, Прыпавесці Езуса Хрыста. Але старонкі Вечнай Кнігі – невычэрпная крыніца хрысціянскай навукі, таму працягваем вучыцца далей.
І зноў будзем разважаць над асобнымі фрагментамі са Святога Пісання, над якімі заклікаем і вас схіліцца разам з намі…
Будзьце відушчымі!
Аздараўленне сляпога ля Ерыхона
Калі Ён падыходзіў да Ерыхона, адзін сляпы сядзеў пры дарозе, просячы міласціну. Пачуўшы, што праходзіць натоўп, распытваўся, што гэта такое. Яму сказалі, што праходзіць Езус Назаранін. Тады ён закрычаў: «Езу, Сыне Давіда, змілуйся нада мною!» Тыя, што ішлі наперадзе, загадвалі яму, каб змоўк. Ён жа яшчэ мацней крычаў: «Сыне Давіда, змілуйся нада мною!».Спыніўшыся, Езус загадаў прывесці яго да сябе.
Калі той наблізіўся да Яго, спытаўся:«Што хочаш, каб Я Зрабіў табе?» Той адказаў: “Пане, каб я зноў бачыў». Езус сказаў яму: «Будзь відушчым! Вера твая ўратавала цябе». Той адразу стаў бачыць і пайшоў за Ім, славячы Бога. І ўвесь народ, убачыўшы гэта, узнёс хвалу Богу. (Лк 18, 35-43)
У парафіі Адведзінаў Маці Божай у Тракелях сабраныя за “круглым сталом” разважалі над урыўкам “Аздараўленне сляпога ля Ерыхона” з Евангелля Св. Лукі. У пасяджэнні прымалі ўдзел Лілія Воўк-Карачэўская, Ірына Кахоцкая, Ян Ганевіч, Людміла Гурская, кс. Юрый Бяганскі. Вядучай была катэхетка парафіі Людміла ЛАПКО.
Пасяджэнне пачалося з малітвы да Святога Духа, каб раскрыў сэрцы ўдзельнікаў і дапамог ім зразумець тыя ісціны, якія Бог хоча данесці ў Сваім Слове.
Вядучая:
-Паважаныя ўдзельнікі сустрэчы, прызнаюся вам, што Святы Лука — мой любімы евангеліст, падабаецца мне яго вельмі тонкае, дэталёвае апісанне кожнага эпізода жыцця і дзейнасці Пана Езуса. Урывак, над якім будзем разважаць з вамі сёння, невялікі, але паглядзіце, які багаты ў ім змест, кожны радок падштурхоўвае да роздуму. Сапраўды, сляпы чалавек, які ніколі не бачыў (не мог бачыць) Езуса, прасіў міласціну. А даведаўшыся, што ідзе Езус Назаранін, пачаў крычаць да Яго з просьбаю: “Сыне Давіда, змілуйся!..” А чаму крычаў да Яго? Па-першае, ведаў, што ўсемагутны Місія павінен быў з’явіцца, людзі пра гэта ведалі са Старога Запавету, чуў, што Ён дзесьці ўжо ходзіць, робіць цуды, аздараўляе; па-другое – ні ад каго іншага не чакаў дапамогі, верыў толькі Сыну Давіда і таму так голасна прасіў… А тым, хто ішоў наперадзе, гэта не падабалася, патрабавалі, каб сляпы замоўк! Езус выканаў просьбу сляпога, зрабіў яго відушчым, падкрэсліўшы пры гэтым: “Вера твая ўратавала цябе”. З гэтага эпізоду бачым галоўную ісціну ў адносінах між Богам і чалавекам –вера! Фізічнае аздараўленне сляпога Езусам пазбавіла духоўнай слепаты многіх з прысутных, натоўп пайшоў за Езусам, славячы Бога. Гэтае здарэнне, гэты цуд паказвае, як важна для чалавека пазбавіцца духоўнай слепаты.
Людміла Гурская:
-Так, мы духоўна сляпыя, грашым і не бачым сваіх грахоў; а калі бачым, то не так лёгка іх пазбаўляемся, не хапае рашучасці, паслядоўнасці, каб з імі справіцца. Слухаеш у касцёле казанне пробашча і разумееш, што Езус падштурхоўвае, каб мы мяняліся, навярталіся, ішлі правільным шляхам; пачынаеш разумець, што іначай трэба было паступіць у тым ці іншым выпадку, а ты зноў дапусціў грэх… Д’ябал не адпускае чалавека, спакушае. І часам надыходзіць такое глыбокае пачуццё, пагружаешся ў такое глыбокае перажыванне, што ў галаве толькі адна невыказаная думка: “Езу, я хачу бачыць, хачу быць відушчай…Дапамажы мне”.
-Той першародны грэх і даў нам духоўную слепату. Езус здзяйсняе цуды кожны дзень, а мы не хочам іх прыняць. Чаму? Ці не бачым, не заўважаем, ці не верым? Але ў сэрцы ўсё ж на нешта заўсёды спадзяёмся. А без веры надзея наша дарэмная…
Ірына Кахоцкая:
-Мяне моцна кранула акружэнне сляпога. Былі з ім побач, і не толькі не дапамагалі яму, а наадварот, яшчэ і патрабавалі, каб перастаў крычаць і звяртацца да Назараніна. Не проста праявілі раўнадушша, абыякавасць, а яшчэ перашкаджалі, значыць, не праяўлялі аніякай міласэрнасці да няшчаснага. Так і ў нас бывае: прайходзім міма, праяўляем абсалютную бяздзейнасць, адварочваем твар ад тых акалічнасцей, дзе маглі б дапамагчы, змяніць нейкую сітуацыю да лепшай, мы ж людзі… Асабіста я жыву па прынцыпу: прасі і табе дапамогуць, стукай — і табе адкрыюць, вер – і ўсё абавязкова атрымаецца!
Лілія Воўк-Карачэўская:
-А я хацела б вярнуцца да на-дзеі, спадзявання. Сляпы не адразу стаў такім, бо ў сваёй просьбе да Езуса сказаў, што зноў хоча бачыць. Значыць, ад нараджэння быў відушчым, а пасля стаў такім няшчасным. Але ў яго была надзея – моцная, амаль да ўпэўненасці, было чаканне, што яго пачуе Той, хто здзяйсняе цуды, і яму таксама дапаможа. Крычаў моцна, і не адзін раз, не так, як мы ціхенька, шэптам памолімся, папросім нешта ў Езуса і адразу ўжо чакаем таго пажаданага, а яно не спяшаецца прыйсці… Аднак трэба быць настойлівымі, як той сляпы, ніколі, ні пры якіх абставінах не губляць надзею. Ва ўсіх, напэўна, у жыцці ўзнікаюць нечаканыя праблемы і непрыемнасці, што даводзяць да адчаю. Асабіста ў мяне было такое, калі здавалася, няма ўжо амаль ніякага выйсця, ніхто нічым не дапаможа. І ў касцёле, падчас святой Імшы, недзе пасярэдзіне набажэнства прыйходзіць у галаву думка: трэба зрабіць так і так… Значыць, Езус дае чалавеку прадбачанне, падказку, толькі трэба мець веру і надзею. Канечне, кожнаму Бог дае і права выбару- ісці за Ім, ці ў другі бок накіравацца…
Ян Ганевіч:
-Я чалавек ужо ў гадах, пражыў розныя перыяды часу, калі былі і забароны на ўсё, што звязана з рэлігіяй, і ўлады ставіліся да нас не так, як трэба, але за весь гэты час хачу падзякаваць сваім бацькам — ды і не толькі сваім; мы бачылі, як ва ўсёй вёсцы людзі ставіліся да веры і стараліся прывесці да Бога сваіх дзяцей. Вучылі дабрыні, працалюбівасці, і гэта дапамагала нам у жыцці. А што датычыцца веры, то на іх прыкладзе мы бачылі штодзённыя вячэрнія малітвы, яны і нас застаўлялі маліцца, але мы не надта хацелі, бо з боку гаварылі нам іншае: выдумкі, Бога няма. Мы спрачаліся і між сабой, і з рознымі вонкавымі абставінамі, але – на што я звярнуў увагу — і ў старых, і ў малых засталася падзяка Богу. На кожным кроку ўспаміналася імя Бога, адбываўся зварот да Яго. Запытае адзін другога: “Ну, як здароўе?”. У адказ гучыць: “Дзякуй Богу, добра”. Або калі што-небудзь станоўчае, прыгожае адбудзецца, — зноў чуем: “Слава Богу!”. А як праблема якая, то: “Божа мілы, што ж мне з гэтым рабіць?..”.
Вядучая:
-Праз той перыяд, які Вы нагадалі, прайшлі многія з нас. І я памятаю, як з мяне знялі піянерскі гальштук, маму вызвалі ў школу і патрабавалі, каб зняла абразы са сцен, палохалі, што нас з сястрой аддадуць у інтэрнат, а мама адказала: “Абразы ў маёй хаце віселі – і будуць вісець”. З-за гальштука я не перажывала, да камсамола мяне не дапусцілі, таксама не перажывала, адзінае, што было непрыемна, — гэта калі ўся школа аб’явіла нам байкот. Прыходзім на заняткі, а з намі ніхто не размаўляе!..
Ян Ганевіч:
-…Прадаўжаю па тэксту. Чытаем, што натоўп не даваў выказацца няшчаснаму сляпому, нават агучыць сваю просьбу — яму закрывалі рот! Заўважце: у нашым грамадстве гэта па сёння жыве. Просты прыклад: калі ў працоўны калектыў прыязджае які-небудзь важны чыноўнік, працаўнікам выказаць свае думкі не даюць: не высоўвайся, памаўчы, не кажы непатрэбнага. І такія загады, на жаль, матывуе не вера ў штосьці высокае, а чынашанаванне, замоўчванне праблемаў, а Езус жадаў чалавека выслухаць і яму дапамагчы.
Вядучая:
- Апісанне евангелістам Лукой гэтага здарэння паказвае момант пераходу ад цемры да святла. І якія б перашкоды на гэтым шляху ні ўзнікалі, Езус заўсёды бачыць адкрытыя на Яго сэрцы і дапамагае, як тому сляпому ля Ерыхона. І я давучылася ў школе, пасля вучылася далей, набываючы прафесію, але былыя аднакласнікі пры сустрэчах і сёння ўспамінаюць, як класны кіраўнік нават маёй лепшай сяброўцы не дазваляла размаўляць са мною. Аднак асабіста мяне сёння цешыць, што і да тых настаўнікаў прыйшло духоўнае прасвятленне, цемра адступіла, некаторых з іх бачу ў касцёле ў тым самым горадзе, дзе калісьці хадзіла ў школу, хаця і духоўна сляпых яшчэ многа…
Ян Ганевіч:
-А мяне цешыць сітуацыя ў нашай Тракельскай парафіі: штогод болей вернікаў у касцёле.
Кс. Юрый:
-Шаноўны Ян, а ці можаце прывесці пераканаўчыя доказы на карысць такога вываду? Ці абгрунтуеце ?
Ян Ганевіч:
-Напэўна. Па-першае, я кожную нядзелю бываю на святой Імшы і бачу, што колькасць прысутных людзей значна павялічылася. Раней налічваў 25-30 чалавек, а зараз меней чым 100 ніколі не бывае, і гэта на абедзвюх нядзельных імшах. Па-другое: у апошнія гады аднавіліся маёвыя набажэнствы каля крыжоў – у кожнай вёсцы, каля кожнай хаты, дзе стаіць крыж, збіраюцца людзі і моляцца, і не старэнькія бабулькі, як было ў атэістычныя часы, а рознага ўзросту і рознага статусу, пачынаючы ад дырэктара школы і заканчваючы простым працаўніком сяла. Вось гэта і ёсць духоўнае прасвятленне.
Кс. Юрый:
-Разважаем сёння над вельмі важным тэкстам са Святога Пісання, разумеем, аб якой слепаце размова, і павінны прызнаць, што за 2000 гадоў у адносінах Бога з чалавекам амаль нічога не змянілася, хоць свет даў нам іншыя, лепшыя ўмовы жыцця, а слепата, на жаль, застаецца. І справа не ў тым, што чалавек не авалодаў біблійнымі ведамі, — ён не выправіў сваю натуру: не хапае справядлівасці, дабрыні, любові, павагі да іншага, міласэрнасці. Ён патанае ў амбіцыях, песціць сваю гардыню і скардзіцца, што Бог яго не чуе. А сам ты каго слухаеш? І каго чуеш? Адзін старажытны філосаф сказаў: калі хочаш памяняць свет, памяняй спачатку сябе. Прагнеш быць веруючым? Жыві па Евангеллю, наследуй Езуса, і ўсё ў цябе атрымаецца. Нашы продкі былі мудрымі, самі верылі і ўсё добра ўпарадкавалі – і тыя маёвыя набажэнствы, і ружанцовыя, і розныя іншыя…Што прыдумоўваць яшчэ? Нам застаецца толькі выконваць і перадаць новаму пакаленню. І не спадзявацца, што нехта гэта зробіць за нас. Як не мог Езус абыйсці весь свет, каб дакрануцца да кожнага сляпога і паставіць яго на ногі, так сёння і ксёндз не можа аб’ехаць весь рэ-гіён, як, дарэчы, і нашы госці з часопіса “Дыялог”: праект “круглых сталоў” добры, карысны, нясе свет Евангелля тым, хто ўдзельнічае ў гэтых разважаннях, і тым, хто будзе іх чытаць. Але хіба можаце наведаць усе парафіі ўсіх дыяцэзій? Не, не здолееце. Але ўсё мае свой змест, у жыцці няма выпадковасцей, ва ўсім прысутнічае логіка Бога. Таму кожны хрысціянін павінен сам клапаціцца пра свае адносіны з Богам, быць апосталам веры для бліжніх і разумець, што самае вялікае багацце — людзі, бо ў кожным чалавеку ёсць Бог. А калі мы не находзім ў ім Бога, значыць, мы сляпыя…
Лілія Воўк-Карачэўская:
-Таму Бог і пасылае людзей нам насустрач невыпадковых.
Вядучая:
-Але мы павінны быць адкрытымі на кожнага чалавека…
Ян Ганевіч:
-У тэксце ўрыўка яскрава вырысоўваецца яшчэ і тэма лідэрства. За Езусам хадзілі натоўпы — і веруючыя, і кніжнікі, і фарысеі, а калі пераканаліся ў сіле Яго магутнасці, пайшлі за Богам усе – і сляпыя, і аздароўленыя, і няверуючыя. Лідэрства важнае і сярод людзей. Як Бог павёў за сабою народ, так і ў жыцці ёсць лідэры, якія вядуць за сабою, і ўсё залежыць ад чалавека; можна любую добрую справу загубіць, зрабіць непапраўныя рэчы, а можна так зацікавіць людзей, што яны пойдуць за табою і вынік атрымаецца звыш чаканняў. Для гэтага патрэбна валодаць тымі якасцямі, пра якія гаворыцца ў Евангеллі: дабрынёй, справядлівасцю ў адносінах да людзей і да самога жыцця, не быць двудушным, і трэба, каб людзі паверылі ў гэтага чалавека. На кожным кроку гэта бачым і пераконваемся, што ў справе распаўсюджання Добрай Навіны, заахвочвання людзей да больш глыбокага разумення Бога, многае залежыць ад лідэрскіх якасцей духоўнікаў, тых, хто з намі жыве і працуе.
Кс. Юрый:
-Згодзен і лічу, што ў кожным чалавеку заложаны добрыя якасці, але наколькі яны праяўляюцца і развіваюцца, залежыць яшчэ і ад многіх вонкавых абставін. Таму і лідэры неаднолькавыя, ёсць моцныя, ёсць слабейшыя. А мы ад кожнага хацелі б атрымаць адразу максімум. Паглядзіце на Пантыфікаў ужо нашых часоў – Св. Яна Паўла II, які перавярнуў весь свет, Бэнэдыкта XVI – рухавіка незвычайнай моцы і далікатнага Францішка, які на пасадзе Св. Пятра апынуўся ў надзвычай складаныя часы… Розныя, але ўсе – лідэры!
Ян Ганевіч:
-…Той сляпы ля Ерыхона прасіў, крычаў, зноў прасіў і крычаў, каб атрымаць дапамогу ад Езуса і, урэшце, свайго дамогся. Таму такія якасці — мэтанакіраванасць і настойлівасць, — бадай, самыя галоўныя для лідэра.
Вядучая:
-Лідэрам для ўсіх хрысціян з’яўляецца Езус, гэта за Ім хадзілі натоўпы, гэта Ён распаўсюджваў свет любові, вернасці, надзеі на ўсе кантыненты праз апосталаў, сваіх вучняў, якія пайшлі і панеслі Яго вучэнне. І гэта Ён аддаў жыццё, каб мы жылі ў шчасці на зямлі і атрымалі жыццё вечнае. Але ў свеце, які не чуе Бога, ідзе не ў тым напрамку, з’яўляецца многа канфліктаў, непаразуменняў, праблем. Чаму? Таму што мы сляпыя. А калі сляпыя, то бачым толькі свой дабрабыт, фінансы, адпачынак, камфорт. Хіба забыліся, што ўсё гэта часовае?..
На завяршэнне пасяджэння кс. Юрый падзякаваў вядучай, удзельнікам, часопісу “Дыялог” за разважанне над Божым Словам. Пасля сумеснай малітвы пробашч удзяліў прысутным Божае благаслаўленне.
Запісала Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА, SVD
Гродзенская вобласць.