ДАРОГАЮ БІБЛІІ У Баранавіцкім катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага (Дом Святой Тройцы па вул. Шаўчэнкі 6) адкрылася пастаянная экспазіцыя “Дарогаю Бібліі”. Аўтар ідэі і яе выканаўца, вядомы ў каталіцкіх медыя фотамайстра Карнэлій Консэк, SVD расказвае: – У бягучым годзе я меў шчасце наведаць Святую Зямлю, дзякуючы чаму прыблізіўся да таго асяроддзя, у якім жылі людзі Бібліі. Зрабіў многа здымкаў, атрымаў шмат яскравых уражанняў аб культуры, штодзённасці біблійнага свету, і ўзнікла ідэя неяк усё гэта скампанаваць, каб паказаць іншым, які гэта бясцэнны скарб – Біблія, і якое месца павінна займаць яна ў жыцці хрысціяніна. Дарогаю Бібліі, а гэта патрэбна падкрэсліць асабліва, – удакладняе Карнэлій Консэк, – імкнуцца ісці не толькі святары, браты і сёстры законныя. Дарогаю Бібліі ідзе ўсё чалавецтва, і кніга гэта не для выбраных людзей – для ўсіх. …Цішыня памяшкання, у якім экспазіцыя размясцілася, прымушае затаіць дыханне; здаецца, тут прыпынілася эпоха, прыпыніўся час. Размешчаныя экспанаты даюць магчымасць зразумець умовы, у якіх Біблія стваралася, і паказваюць вынікі супрацоўніцтва Бога і чалавека. Святое Пісанне – гэта Слова Божае, але адначасова – яшчэ і твор чалавека, бо ад чалавека паходзіць яго мова, стыль, літаратурны жанр. Нягледзячы на наш занадта бурлівы свет, незвычайная экспазіцыя дае магчымасць адчуць подых біблійных часоў. І недзе ў падсвядомасці ўсплывае выказванне польскага пісьменніка, драматурга і біблеіста Рамана Брандштэтэра: “Будзеш нястомна чытаць Біблію… Ніколі не разлучышся з ёй… А калі састарэеш, дойдзеш да высновы, што ўсе кнігі, якія ты прачытаў у сваім жыцці, з’яўляюцца толькі нікчэмным каментарыем да гэтай адзінай Кнігі”. |
Экспазіцыя адкрыта для шырокага кола наведвальнікаў штодзённа, акрамя нядзелі.
Даведкі па тэл.: 8 (0163) 67-64-94, 8 (0163) 67-64-78.