Да свята засталося меньш чым месяц. Дзе-нідзе ўжо ўпрыгожваюцца ялінкі, набываюцца падарункі і гучаць калядкі. Усе пры справах, амаль як на іконе Божага Нараджэння: тры каралі на конях прабіраюцца за зоркаю праз горы, не забыўшыся на дары, пастухі бягуць да пячоры, анёлы пільнуюць, каб усе паспелі на час, а ў купальні, што вельмі нагадвае эўхарыстычны келіх, ужо рыхтуецца вада для купання Малечы Езуса. І толькі Святы Юзаф, пакінуўшы Марыю з Немаўляткам, забраўся ў ніжні левы кут і слухае, стомлены і сумны, маналог нейкага таямнічага дзядка, апранутага ў звярыную шкуру. Некаторыя даследчыкі бачаць у ім прарока Ісаю, што прадвяшчае народзіны Збаўцы. Іншыя ж іканапісцы дамалёўваюць таямнічаму дзядулю капыты.
Пачатак Евангелля, паводле святога Мацвея, дэмаскуе ўсе нашыя традыцыйныя ўяўленні адносна Святой Сям’і. У біблійным апісанні няма нічога з ідыліі “а ля Дунін-Марцінкевіч”: амаль кожнае месца, дзе паяўляюцца разам, пазначанае крызісам. Неспа-дзяваная і таямнічая цяжарнасць Марыі, якая яшчэ не стала паўнапраўнай жонкай Юзафа, адсутнасць месца для годнага нараджэння дзіцяці, узнёслае і змрочнае адначасова прароцтва Самуэля, пошукі згубленага дзіцяці ў Ерусаліме – Бог не шкадуе выпрабаванняў для сваёй сям’і. А тым часам у гэтых гісторыях скептык знойдзе пацверджанне звычайнай штодзённай святасці, бо толькі ў крызісе чалавек раскрывае сваё сапраўднае аблічча, усё духоўнае ўбоства і багацце. Асоба святога Юзафа падаецца быць непахіснай, быццам высечанай са скалы: нешматмоўны, рашучы, заўсёды знайходзіць выйсце з сітуацыі – адным словам, недасягальны ўзор мужнасці. Тым больш моцна адчуваецца драма Юзафа, шчаслівага жаніха Мірыям з Назарэту, калі высвятляецца, што нявеста, якую ён яшчэ не мог узяць пад свой дах, ужо цяжарная і гэта стоадсоткава не яго дзіця. Нескладана ўявіць ды адначасова даволі цяжка усвядоміць сабе ўсю тую буру болю, здрады і адчаю, якую перажывае Юзаф. Нездарма слова “egertheis”, якім евангеліст апісвае палёгку Юзафа пасля таго, як стала вядома аб Божым паходжанні Дзіцяці, азначае і “абудзіцца са сну”, і “ўваскрэснуць”. Сітуацыя, у якой ён вымушаны бараніць перш за ўсё перад самім сабой, ва ўласнай галаве сваю цяжарную нявесту, была для Юзафа нібы смерць – увесь свет, які ён ведаў і паступова крок за крокам будаваў, разваліўся ў адначассе. Цікавы таксама факт, што Юзаф у аддаленні Марыі бачыць спосаб аберагчы яе перад „deigmatisai” – публічным знеслаўленнем. Права ў гэтым выпадку наказвала б пакараць Марыю смерцю праз укаменаванне (Дрг 22, 23-24), хоць, калі верыць біблістам, у часы нараджэння Езуса яно ўжо амаль не захоўвалася і жанчыну, якая, будучы заручонай, зацяжарыла б ад іншага, разам з дзіцём маглі чакаць толькі галеча і знеслаўленне. Юзаф, як бы моцна ні быў паранены незразумелай яму цяжарнасцю сваёй нявесты, ставіў яе дабро вышэй за ўласную пакрыўджаную годнасць і гатовы быў прыняць удар на сябе. Прыметнік “справядлівы”, якім адорвае яго Мацвей, не толькі акрэслівае маральную беззаганнасць Юзафа з Назарэту… Але перадусім паказвае яго вернасць у захаванні Божага Права (што для пабожнага габрэя тых часоў значыла б, па сутнасці, адно і тое ж). Жэст Юзафа набывае для нас яшчэ большы размах, калі здолеем усвядоміць, што гэта, бадай, ці не адзіны выпадак у яго жыцці, калі Тора адыходзіць на другі план – ён ставіць лёс і будучыню жывой і любімай асобы вышэй літары Права. Бярэ на сябе ўсю адказнасць за злачынства, якога насамрэч і не было. Бог у сваёй міласэрнасці не дае Юзафу здзейсніць гэты, без сумнення, мужчынскі ўчынак, які зруйнаваў бы іх з Марыяй сямейнае шчасце. Дапускаючы Юзафа ў свае планы збаўлення свету, дае яму, парадаксальна, самаму найменшаму годнасцю ў Святой Сям’і, стаць яе галавою і зямным апекуном Божага Сына, які адгэтуль будзе лічыцца “сынам цеслі”, яго спадкаемцам. Цытуючы прарокаў Ерамію ды Ісаю, Божы пасланнік падкрэслівае на фоне жэсту Юзафа тое, што надыходзіць новы час, час міласэрнасці і збаўлення для грэшнікаў. Само імя Езуса – “Ехошуа – Яхвэ збаўляе” ў поўні вымоўнае для гэтай сітуацыі.
Святога Юзафа заўсёды прадстаўляюць як узор для сапраўднага каталіцкага мужчыны: і цвік заб’е, і паліцу змайструе, гаворыць мала або ўвогуле не гаворыць, робіць шмат, жонку слухае, сяброў не мае, бацька ідэальны і г. д. І бедныя каталіцкія мужчыны, што ў жыцці сваім розныя крызісы, праблемы і што там укрываць – грахі перажываюць, на старце разумеюць, што дарасці да такога ўзору ім ніколі “не свеціць”. І фруструюцца, бедныя. Або з гэтай прычыны хрысціянства агулам і Евангелле паасобку ўспрымаюць у якасці нейкай нерэальнай ідэі, ідэальнай і неіснуючай мадэлі, на якую і ўзірацца не варта, хіба дзеля таго, каб кадзілам узмахнуць у яе кірунку. І тут евангеліст Мацвей прыходзіць нам на дапамогу – ушчэнт разбівае гэты жаласны бо нерэальны і гэтым самым шкодны стэрэатып. Аказваецца, Юзафу таксама баліць, і ён мае пачуцці, якія не заўсёды прыемныя. І вынікі адпаведнага вырашэння таксама не ідэальныя, хоць па чалавечых мерках высакародныя: не кожны з сучасных мужчын адважыўся б ўзяць на сябе ўвесь цяжар адказнасці за жаночую памылку. І плана Божага Юзаф таксама не бачыць, таму і распазнае, а тое распазнаванне нібыта цяжкі і маркотны сон, складанае. Вось гэта ўжо партрэт куды больш падобны на рэальнасць! А калі далічыць сітуацыі, якія вынікаюць са свядомасці, што адкрыў Юзафу анёл, у спіс можна дабавіць яшчэ, магчыма, пачуццё ўласнай неадпаведнасці, нязначнасці, не чужое сучасным сынам Адама. А можа нават іначай – пакоры, дзякуючы свядомасці факту, што ёсць хтосьці больш важны, чым ты сам. Бо ці ж магчыма не навучыцца пакоры, калі дома Цябе чакае з вячэрай будучая Каралева неба і зямлі, а вакол яе бегае з цацкамі па кухні Збаўца свету. У гэтай сітуацыі яго ўласныя сіла і спрыт адыходзяць на другі план, даючы магчымасць дзейнічаць на ўсіх абшарах Таму, Хто даверыў Юзафу самае каштоўнае – Сваю Маці і Сябе Самога.
І тут можна было б паставіць прыгожую кропку ці нават клічнік, але ж застаецца яшчэ адна нераскрытая інтрыга з уступу. Як быць з дзіўным дзядком у звярыных скурах? Чаму справядлівы муж, слухаючы Яго, падаецца быць маркотным і заклапочаным? Мудрасць іканапісцаў прыпісвала гэтай постаці два значэнні. Аптымісты бачаць ў ім не больш не меньш прарока Ісаю, які, ўказваючы на бэтлеемскую зорку, тлумачыць святому веліч будучай місіі Божага Сына. Для іншых жа, што старанна дамалёўваюць яму капыты, бо рогі былі б ужо занадта празрыстай падказкай … Ну тут ужо вы і самі, пэўна, здагадаліся. Два падыходы, два значэнні. І мудрасць у тым, што гэта нам, як і ў жыцці, выходзячы ад кантэксту іконы, ад яе зместу трэба здагадацца самім. Бо таксама, як спакуса можа выдавацца Божым голасам, Божая воля можа выдавацца “peiasmos” – даслоўна, выпрабаваннем, якое зменіць нашае сэрца і жыццё, так як дзве тысячы з хвосцікам таму змяніла жыццё аднаго цесляра ў невялікім габрэйскім мястэчку.
а. Яўген ГОЛУБ, OFMConv
ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИ
Приготовления
522
«Пришествие Сына Божия на землю – событие столь необъятное, что Бог постановил подготовлять Его на протяжении веков. Обряды и жертвоприношения, образы и символы «первого завета» (Евр 9, 15) – Он все устремляет ко Христу; Он возвещает Его устами пророков, сменяющих друг друга в Израиле. Вдобавок Он пробуждает и в сердцах язычников неясное ожидание этого пришествия».
524
«Совершая ежегодно литургию Адвента, Церковь возобновляет это ожидание Мессии: приобщаясь к долгому подготовлению первого Пришествия Спасителя, верующие обновляют пламенное желание Его второго Пришествия. Празднуя рождение и мученическую кончину Предтечи, Церковь присоединяется к его желанию: «Ему должно расти, а мне умаляться (Ин 3, 30)».