Быць чыімсьці дзіцём

Быць чыімсьці дзіцём – значыць унаследаваць пэўныя рысы, асаблівасці характару, належаць да сямейнай гісторыі і несці за яе адказнасць.

 

Дзеці – вялікая ласка ад Бога і вялікая адказнасць. Але як выхаваць дзіця? Як не памыліцца? На жаль, зараз вялікая колькасць людзей у пытаннях выхавання дзіцяці абапіраецца на тыя вобразы паспяховасці, якія прадстаўляюць нам тэлебачанне, кіно і сацыяльныя сеткі.

Ёсць такі жарт, што пачынаць выхаванне дзіцяці трэба за 9 месяцаў да нараджэння яго маці: такім чынам спачатку выхаваецца мама, а потым яна выхавае дзіцятка. Можна сказаць, што гэта, канечне, нейкая ідэальная сітуацыя, але мне падаецца, што мы можам казаць аб духоўным выхаванні дзіцятка ўжо ад моманту, калі яно з’яўляецца пад сэрцам маці. Але, калі мама ўдзельнічае ў святой Імшы, прымае Цела Хрыста, спавядаецца –праз гэта яна больш адкрываецца на Божую ласку ў выхаванні дзіцяці. Потым, з нараджэннем і ўзрастаннем дзіцятка, выхаванне прыме больш непасрэдныя формы.

Як дзіця пераймае паводзіны сваіх бацькоў, так мы, будучы дзецьмі Найвышэйшага, павінны імкнуцца да пераймання Яго святасці. Як дзіця поўнасцю давяраецца бацькам, так і мы можам усё даверыць любячаму Айцу. У гэтым заключаецца шаленства любові, аб’яўленай Богам праз Хрыста: Пан, якога ўспрымалі як усемагутнага Валадара і справядлівага Суддзю, становіцца нашым Татам. Ён так моцна палюбіў лю-дзей, што прыходзіць у нашыя сэрцы, каб там трываць і ўмацоўваць нас на складаным жыццёвым шляху. Усведамляючы веліч гэтай ласкі, Cв. Павел так пісаў у адным са сваіх пасланняў: “Бласлаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста; […] Ён выбраў нас у Ім перад стварэннем свету […]. Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі” (Эф 1, 3–6).

Аднак быць дзіцём – значыць не толькі мець пэўныя прывілеі, але і абавязкі. А быць дзіцём самога Бога – гэта вялізная адказнасць, бо не заключаецца выключна ва ўпісанні нас у нябесную картатэку, але і ў пэўным духоўным супрацоўніцтве. Св. Тэрэза Бенедыкта ад Крыжа казала: “Быць дзіцём Усемагутнага – значыць аддаваць сябе ў Яго рукі, выконваць Яго волю, даручаць Яму свае клопаты і надзеі, не мучыцца страхам перад будучыняй. У гэтым заключаецца са-праўдная вольнасць і вяселле Божых сыноў”. Ідучы па дарозе жыцця, мы пакідаем свой след. Значыць, існуе шлях, дарога, па якой мы ідзём. І гэтых шляхоў ды дарог, якімі чалавек ідзе, вельмі шмат. Адны шляхі шырокія і прасторныя, іншыя вузкія і цярністыя. Але якім бы наш шлях ні быў, важная канчатковая мэта, куды ён вядзе.

Сёння прапаную прыгледзецца да тога шляху, якім крочыла Св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус у сваім жыцці. Яна адкрыла просты шлях, які вядзе да Бога, называючы яго «малой дарогай». Геніяльнасць гэтага шляху заключаецца ў яго прастаце, ва ўменні даверыцца Богу, адчуць сябе дзіцяткам, якое вядзе любячы Айцец. Гэты шлях цалкам абапіраецца на даверы Богу. Дарагія! Менавіта такога даверу нам сёння не хапае. Мы прывыклі давяраць газетам, часопісам, тэлебачанню, сваім уласным магчымасцям, а забываем, што неаднойчы патрэбны нам шчыры просты давер да Бога, які нас любіць. Менавіта гэтую праўду нам хоча сёння прыгадаць Св. Тэрэза.

Дзякуючы малой дарозе, Тэрэза за сваё нядоўгае жыццё змагла не толькі пазнаць Евангелле, але і ім жыць. Яна як бы нанова прапанавала адчытаць евангельскі ідэал Божага дзяцінства, і таму прыдумала «малую дарогу» да святасці, якая ў яе разуменні азначала дзіцячы давер Богу як Айцу.

Вельмі многіх захапляе духоўнасць гэтай манахіні. Вобразам малой дарогі таксама становіцца пастава дзіцяці, якое назаўсёды прытуляецца да свайго Айца. Вельмі падобны вобраз будзе пазней прысутнічаць у духоўнасці іншых святых. Тэрэза змагла сваю малую дарогу зрабіць папулярнай, зразумелай і даступнай кожнаму.

Дарога Тэрэзы ёсць не што іншае, як спрошчаны варыянт евангельскай дарогі Езуса. Паводле яе, святасць не заключаецца толькі ў здзяйсненні цудаў або адданні сябе на ахвяру ўсеспалення. Усё значна прасцей: святасць – гэта ўменне быць Божым дзіцём, уменне ўсвядоміць сваю маленькасць. Быць Божым дзіцём – значыць крочыць малой дарогай, любячы Бога і людзей, а таксама адкідваючы марнасць гэтага свету з усімі Яго пажадлівасцямі. Гэта мудры выбар кожнага чалавека – таму што свет прамінае, а з ім прамінае і яго пажадлівасць. Адзінае – гэта любоў. Толькі яна трывае навекі. Таксама і ў наш час тыя людзі, якія пазналі «Дзеі душы» Тэрэзы, жадаюць дайсці да Бога простай дарогай, кіруючыся рэкамендацыяй Езуса для дарослых: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім, бо ім належыць Валадарства Божае».

Такім чынам, гэта цудоўны спосаб рэалізацыі «сцежкі» святасці. Ён не патрабуе суровых пакутаў і адрачэнняў або доўгіх гадзінаў медытацыі, нягледзячы на тое, што праз усё кароткае жыццё Тэрэзы цярпенняў усё-такі хапала. Тэрэза ў сваёй малой дарозе кожнаму прапануе паставу малога дзіцяці. І першым крокам на гэтай дарозе ёсць прызнанне ўласнай слабасці, у пэўным сэнсе бязраднасці  і адначасова моцны давер айцоўскім рукам, каб пазней стаць бескарысным дарам для Бога і бліжніх. Сёння Тэрэза хоча прыгадаць, што нам трэба прыняць уласную абмежаванасць і недасканаласць, што па гэтай дарозе трэба ісці да Бога з любоўю і верай, каб менавіта Ён – Бог – мог нас узняць сваёй любоўю і ўдасканаліць сваёю ласкай.

Малая дарога Тэрэзы насычана надзеяй на тое, што нас не павінны знеахвочваць рознага роду цяжкасці і слабасці чалавечай натуры ў дарозе да Бога. Уся цяжкасць малой дарогі зводзіцца да таго, каб перамагчы свой уласны эгаізм, пазбыцца празмернага гонару і празмернага спадзявання толькі на свае ўласныя сілы і магчымасці. Прыгажосць духоўнасці Св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус грунтуецца на тым, што паказвае веліч і неабходнасць айцоўскай любові Бога.

Калі прыгледзецца і паразважаць над жыццём Св. Тэрэзы, няцяжка заўважыць, што ў гэтых 24 гадах жыцця змяшчаецца мудрасць, якая ёсць плёнам Божай ласкі. Памятаем яе святую сям’ю, яе святых сясцёр. А яе манаскі прэдыкат «ад Дзіцятка Езус» таксама шмат аб чым гаворыць. Менавіта ад Езуса Тэрэза вучылася быць малой святой і дзякуючы Яму паказала ўсім, што трапіць у рукі любячага Айца зусім не цяжка. Малая дарога святасці, канешне, не была цалкам ружовай ды дзіцячай, як гэта можа здавацца, калі чытаем «Дзеі душы», і да святасці Тэрэзы – як і ў выпадку многіх іншых святых – руку прыклалі людзі Касцёла. Аднак гэта быў цудоўны спосаб рэалізацыі жадання Тэрэзы: «хачу быць святой».

Няхай Св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус, а таксама яе духоўнасць, у прыватнасці малая дарога, дапамагае кожнаму з нас крочыць уласцівым яму шляхам да Бога, няхай дазволіць Пану ўзяць нас на рукі. Тады крочыць  будзе  значна прасцей.

 

 

    Кс. Алег ГРЫГАРОВІЧ, SAC


 

 ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИKatechizis

 

 «Отче!»

 

 2779

«Прежде  чем сделать «своим» этот первый порыв Молитвы Господней, не лишне очистить со смирением  наше сердце от некоторых лживых образов «мира сего». Смирение помогает нам признать, что «Отца не знает никто, кроме Сына, и кому Сын хочет открыть», то есть  «младенцам» (Мф 11, 25-27). Очищение сердца касается образов отца  или  матери, порожденных  личной  и культурной историей и влияющих на наше отношение  к Богу. Бог, Отец наш,  превосходит категории тварного мира. Переносить  на Него  (или применять против Него) наши идеи в этой области  – значит творить кумиров, чтобы  поклоняться  им или  повергать их. Молиться Отцу означает входить в Его тайну – какой Он есть  и каким открыл нам  Его Сын».

 

2782

«Мы можем поклоняться  Отцу, потому что Он возрождает нас в Свою жизнь, усыновляя нас как детей в Своем Единородном Сыне: крещением Он делает нас членами  Тела Своего Христа и помазанием Своего Духа, которое изливается от Главы на членов Тела, Он делает нас «христами» (памазанниками)».


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий