Чакаем Твайго прыйсця ў хвале

Такую дэкларацыю падаюць верныя падчас кожнай святой Імшы. Безумоўна, маюць на ўвазе прыйсце Пана Езуса. Хацелася б верыць, што робяць гэта свядома. Але ці насамрэч?

Прыйсце Пана Езуса ў хвале (Парузія) азначае канец сённяшняга жыцця і пачатак жыцця новага. Ці сапраўды мы на гэта гатовыя? Ці мы дастаткова на гэта прыгатаваныя? Уяві сабе, дарагі чытач, што тваё спатканне з Езусам наступіць сёння ўначы. Тваё зямное жыццё скончыцца і ты станеш перад Збаўцай. Не будзе гэта сапраўднай Парузіяй ў літаральным значэнні слова, але да спаткання дойдзе (Пан Езус прыйдзе па цябе, або ты прыйдзеш да Яго). Ці такая думка напаўняе цябе радасцю ці хутчэй жахам? Ці гэта і ёсць тое, чаго сапраўды чакаем кожны дзень?

 

 

Чаго чакаюць людзі?

Менавіта. Ужо на гэтым этапе пачынаюцца так званыя “праблемы”. Сярод мноства іншых можна вылучыць наступныя групы:

  1. Многа маладых людзей папросту не ведаюць, чаго хочуць. Сёння гэта вялікая праблема, бо калі хто не ведае, што або хто можа зрабіць яго шчаслівым, то нават калі шчасце прыйдзе, то не будзе яно заўважана. Гэта дзейнічае па формуле: чаго хачу – не ведаю, а што ведаю – таго не хачу. Таму так многа сужэнцаў, якія не ведаюць, ці далей ім жыць разам, ці разысціся; працаўнікоў, вечна не задаволеных ужо чарговай працай (бо такой спецыяльнай для іх працы яшчэ не знойдзена) і г.д.
  2. 1500 на рукі. Чарговая група – гэта тыя, якія хочуць палепшыць сваё матэрыяльнае становішча. Іх мэта – болей зарабляць, болей траціць, пачаць, нарэшце, паказальны стыль жыцця і выязджаць на дарагія замежныя вакацыі (як у тэлесерыялах або рэкламах).
  3. Людзі, якія чакаюць так званага дзяржаўнага забеспячэння. Гутарка ідзе пра такую стабільную будучыню, у якой, калі нават каго звольняць з працы, або хто сур’ёзна захварэе, то дзяржава ім зоймецца, і не скончыць ён на вуліцы або на могілках.
  4. Нарэшце, трэба сказаць пра тых, хто не хоча вялікіх грошай, ніякіх авансаў – хоча толькі добрага здароўя, добрых сямейных адносінаў і спакойнай старасці (зразумела, без якіхсьці большых праблем).

Тых груп, як і чаканняў, ёсць значна болей. І нічога ў тым дзіўнага. Гэта зразумела, бо ўсё гэта такое людское… І ў гэтым праблема. Ці памятаем, за што Пан Езус назваў Пятра сатаною? ”Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: “Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, але пра тое, што чалавечае!” (Мц 16, 23).

Хрысціянін не можа думаць спосабам людскім.  Павінен думаць спосабам Божым! Калі прывяжамся да перспектываў гэтага свету, то нічым не адрозніваемся ад няверуючых. Шкада, што ўсё радзей гаворыцца аб гэтым у касцёлах. І не з’яўляецца гэта толькі праблемай сучаснага духавенства. Св. Аўгустын (354-430) так пісаў у адным са сваіх казанняў:  “Кім жа ёсць тыя, хто, імкнучыся ўразіць слухачоў, не толькі не падрыхтоўвае  на  маючыя адбыцца выпрабаванні, але нават абяцаюць шчасце на гэтым свеце, якога Бог увогуле свету не абяцаў. Пан запавядаў свету бесперастанныя мукі і цярпенні, ты прагнеш, каб хрысціянін быў ад іх вольны? ..

Пасля ўсяго апостал гаворыць: “Усіх, хто хоча пабожна жыць у Хрыстусе, напаткаюць пераследванні”. А ты, пастар, які шукаеш уласнай карысці, а не Езуса Хрыстуса, калі апостал гаворыць “усіх, хто хоча пабожна жыць у Хрыстусе, напаткаюць пераследванні”, гаворыш: “Калі будзеш пабожна жыць у Хрыстусе, будзеш удосталь мець  усялякі росквіт. Калі не маеш дзяцей – будзеш мець, усіх выгадуеш, і ні адно з іх не памрэ”. Так будуеш? Бачыш, што робіш, на чым будуеш?  Будуеш на пяску. Пройдуць дажджы, разальюцца рэкі, падзьмуць вятры і ўдараць у дом той; і ён упадзе, і падзенне яго будзе вялікае.

Адыйдзі з пяску, будуй на скале. Той, каго хочаш мець хрысціянінам, няхай будзе збудаваны на Хрыстусе. Няхай разважыць несправядлівую муку Хрыстуса, няхай разважыць, як Той, хто не дапусціў ніякага граху, заплаціў доўг, якога не меў; няхай разважыць скіраваныя да яго словы Святога Пісання: “Каго Пан прымае за Сына, таго папракае”. Няхай прыгатуецца на папрокі, або няхай не чакае прыйсця. (Казанне Св. Аўгустына “Пра пастыраў”). Дадаць няма чаго.

 

Чакаць – не значыць нічога не рабіць

Адна з многіх спакусаў д’ябла ёсць падказка: “Спакойна, маеш яшчэ шмат часу…”.

Не рабі звышрадыкальных і неадкладных крокаў. Калі хочаш кінуць курыць – то з наступнага месяца. Калі хочаш пачаць худзець – то з панядзелка. Калі хочаш стаць больш пабожным і пачаць часцей хадзіць да касцёла – то ў старасці. Яшчэ маеш час. Стоп!.. Да старасці і наступнага  месяца можам не дажыць.

Пан Езус, калі гаворыць пра  чаканне спаткання з Ім, не ўжывае слова “чакаць”. Часцей ужывае слова “чуваць”. Чувайце!  Будзьце ў гатоўнасці! І гэта не мова  спячых ляніўцаў. Гэта хутчэй напамінае мову салдат. “Таму чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе. Знайце ж тое, што, калі б гаспадар дому ведаў, у якую варту прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой. Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце” (Мц 24, 42-44).

З гэтай цытаты бачна, што проста “чакаць” – гэтага замала. Пан Езус заахвочвае нас да чування. А прыклад са зладзеем ўначы беспамылковы.

У тым самым раздзеле ёсць вельмі яскравая і канкрэтная мова пра ўзнагароду для тых, хто “чувае” і кара для тых, хто падумаў сабе, што мае яшчэ час, што “гаспадар не спяшаецца”:  “Хто ж верны і разумны слуга, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі даваць ім спажытак у адпаведны час? Шчаслівы той слуга, якога гаспадар ягоны, калі прыйдзе, застане, што ён так робіць. Сапраўды кажу вам, што над усёю маёмасцю сваёй паставіць яго. Калі ж гэты дрэнны слуга скажа ў сэрцы сваім: “не спяшаецца гаспадар мой” і  пачне біць сяброў сваіх, есці і піць з п’яніцамі, то гаспадар слугі  гэтага прыйдзе ў дзень, калі ён не чакае, і ў гадзіну, аб якой не ведае. І адлучыць яго, і вызначыць яму долю разам з крывадушнікамі. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў” (Мц 24,  45-51).

Цытат аб гатоўнасці і чуванні ёсць значна болей. Дастаткова ўспомніць прыпавесць аб неразумных паннах. Не  былі  яны нейкімі асабліва грэшнымі. Але не былі  прыгатаваныя.

“Тыя,  што  былі  падрыхтаваныя,  увайшлі  з  ім на вяселле, і  зачыніліся  дзверы. Пасля прыйшлі і астатнія  панны  ды  кажуць: “Пане, пане, адчыні нам”. А ён адказаў ім: “Сапраўды  кажу  вам: не ведаю вас”. Таму  чувайце,  бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны” (Мц 25, 10-12). 

 

 

 

кс. Яцэк ДУБІЦКІ, СМ


 

 ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИKatechizis

 

 

Пришествие Христа во славе

 

 674

 «Пришествие Мессии во славе, которое может ожидаться  в каждый момент истории, обусловлено  Его признанием «всем Израилем» (Рим 11, 26; Мф 23,39), в котором  по отношению к Иисусу  «отчасти»  произошло «ожесточение» (Рим 11, 25) в «неверии» (Рим 11, 20). Св. апостол  Петр  говорит об этом  иудеям после Пятидесятницы: «Итак,  покайтесь  и  обратитесь, чтобы   загладились  грехи  ваши, да  придут  времена  отрады  от лица Господа,  и   да  пошлет   Он  предназначенного вам  Иисуса Христа, Которого небо должно было принять  до времен совершения  всего, что говорил Бог устами  всех святых Своих пророков от века» (Деян 3, 19-21). Откликом сему звучат слова  Св. Павла: «Ибо  если  отвержение их  – примирение  мира, то что будет принятие, как  не  жизнь из  мертвых»  (Рим 11, 15). (…)».


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий