“Езус сказаў сваім вучням: “Чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе. Знайце ж тое, што, калі б гаспадар дому ведаў, у якую варту прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой. Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце. Хто ж верны і разумны слуга, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі даваць ім спажытак у адпаведны час? Шчаслівы той слуга, якога гаспадар ягоны, калі прыйдзе, застане, што ён так робіць. Сапраўды кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёй паставіць яго. Калі ж гэты дрэнны слуга скажа ў сэрцы сваім: “Не спяшаецца гаспадар мой”, і пачне біць сяброў сваіх, есці і піць з п’яніцамі, то гаспадар слугі гэтага прыйдзе ў дзень, калі ён не чакае, і ў гадзіну, аб якой не ведае. І адлучыць яго, і вызначыць яму долю разам з крывадушнікамі. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў” (Мц 24, 42-51).
Слова “чуваць” вядомае кожнаму чалавеку (у сэнсе – глядзець, назіраць, сачыць, быць пільнымі). Мама чувае над сваім дзіцяткам, салдат – на варце, праваахоўныя службы сочаць за парадкам і бяспекай, рыбак – за вудачкай, банкір уважліва пільнуе фінансы, а кожны чалавек чувае над жыццём і бяспекай сваёй сям’і і блізкіх. Езус многакратна прызывае сваіх вучняў да чування і малітвы. Чуванне, такім чынам, заўсёды актуальнае ў жыцці кожнага чалавека, асабліва – у жыцці кожнага хрысціяніна.
“Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце” (Мц 24, 44). Будзьце напагатове. Усе гэтыя словы ўводзяць нас у глыбокі роздум над жыццём чалавека, яго сэнсам і мэтаю, асабліва – у лістападаўскай атмасферы Ўрачыстасці Ўсіх Святых і Ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў.
Надзейным правадніком на дарогах нашага пілігрымавання па зямлі ў кірунку Неба ёсць Слова Божае, змешчанае на старонках Старога і Новага Запавету. Розныя формы чытання і разважання над Божым Словам выконваюць задачу ўвядзення чалавека ў штораз глыбейшую блізкасць і сувязь любові з Тым, хто першы нас палюбіў. Далей малітва ў розных яе формах збліжае нас і яднае з Богам. Вяршыняй сустрэчы з Богам з’яўляецца практыкаванне глыбокага сакраментальнага жыцця, пабудаванага на фундаменце Святога Хросту, узмоцненага праз наступныя сакрамэнты, а ўкаранаваннем – паяднанне з Богам у Эўхарыстыі.
Сёння многія людзі сцвярджаюць, што дастаткова быць добрым чалавекам і жыць маральна правільна. Так, трэба старацца быць добрым, аднак трэба памятаць, што як асобы, створаныя на вобраз і падабенства Бога, мы пакліканыя да святасці. Крыніца святасці – гэта сам Бог, а пасярэднік між Богам і чалавекам – Езус Хрыстус, Бог–Чалавек. Устаноўленыя Езусам святыя сакрамэнты адкрываюць нам дарогу, каб маглі чэрпаць з той крыніцы. Езус запрашае да яе кожнага чалавека: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас” (Мц 11, 28). З наступных слоў Хрыстуса вынікае, што стан успакаення нашых душ – гэта намаганне наследавання Езуса праз вернасць Яго Запаведзям. У момант Св. Хросту мы прынялі Яго навуку, выбралі Езуса. Згодна са словамі Св. Аўгустына, “Раз выбраўшы, штодня выбіраць мушу”, кожны чалавек павінен, такім чынам, чуваць над тым, каб гэты выбар Хрыстуса штодня пацвярджаць. Павінны мы таксама пільна чуваць над тым, каб штодня шукаць гэтага аблічча Езуса, адкрываць і не фальсіфікаваць яго, не размываць, згодна са словамі псальму 27: “Шукаю, Пане, Твайго аблічча. Не закрывай свайго аблічча перада мною” (Пс 27, 8-9). Таму што можна быць блізка Езуса і не распазнаць Яго і стварыць сабе вобраз Бога на сваё падабенства, як двое вучняў па дарозе на Эмаўс, што выразілі словамі: “…а мы спадзяваліся…”. Або як Філіп, будучы штодня з Езусам, прасіў: “…Пане, пакажы нам Айца…” (Ян 14, 8). Нават з найбліжэйшымі асобамі Езуса як Марыя і Юзаф можа здарыцца, што Яго згубяць і нават не будуць разумець, што да іх гаворыць. Таму патрэбна чуваць, разважаючы і захоўваючы ў сваім сэрцы Слова Божае; так, як Марыя і Юзаф, шукаць Езуса і Яго аблічча.
Хрысціянін павінен быць напагатове.
Сказаў Пан Езус вучням сваім: “Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя”. Сцёгны падпярэзваў у старажытнасці чалавек, які збіраўся ў дарогу, або слуга. Першы – каб лягчэй яму было ісці, другі – каб прасцей было рухацца пры прыслужванні.У абодвух выпадках гэта быў знак служэння. Пан Езус, прыслугоўваючы такім чынам, у прыпавесці хоча расказаць, што вучань Хрыстуса павінен быць заўсёды напагатове і падрыхтаваны на прыйсце свайго Пана. У гэтым евангелічным павучанні аб чуванні рэч аб доўгадыстанцыйнай паставе хрысціяніна, у якой хаваецца рызыка зрабіцца абыякавым. Слугам Пана ўсёроўна, ці вернецца Пан пры другой ці трэцяй варце, – з радасцю Яго вітаюць. З той самай радасцю. Нешта падобнае і з той пільнасцю, да якой заклікаў Езус і аб чым прыпомніў нам Святы Ян Павел II, разважаючы над словам “чувай”, зачэрпнутым са скаўцкай песні, на Яснагорскім Апэлю падчаc свае II пілігрымкі ў Польшчу. Той зварот, скіраваны да скаўтаў, ідзе ў некалькіх накірунках: будзь пільным, паколькі маеш такое заданне, прынятае дабравольна; прыслухоўвайся, каб вораг не напаў на іншых; прыслухоўвайся, ці не кліча хто на дапамогу ў начной цішыні; чувай – або проста будзь на сваім месцы, выконвай сваё “быць” у групе ў лагеры, на вакацыях. Пакажы, што на цябе можна разлічваць, што табе можна давяраць, таксама і ў будучым. Святы Айцец гэтае слова “чувай” прадставіў нам у кантэксце адказнасці – за іншых, за сябе, за сацыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Такі вобраз чування скаўта, слугі, апранутага да працы, як у падарожжы ці ў баі, са светачам у руцэ, вучыць нас пастаяннай гатоўнасці. Напамінае нам, што адказнае чаканне не павінна быць бяздзейным. “Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя” азначае, што вучні Хрыстуса ў кожны момант павінны быць гатовыя і духоўна падрыхтаваныя, каб спаткацца з Панам, павінны быць гатовыя, г.зн. багатыя плёнамі праўды, выпрацаванай за жыццё.
Хрысціянін павінен служыць.
Гэта другая праўда, як Езус гаворыць нам у 24 раздзеле Евангелля ад Св. Мацвея. Для звычаяў Усходу таго часу гэта была чужая праўда, цалкам новая. Пан застае сваіх слугаў чуваючымі і сам становіцца для іх слугою. Падперазаўшыся, сказаў ім сесці за стол і, абыходзячы іх, будзе ім прыслугоўваць. Наступае абсалютная змена сітуацыі: Пан становіцца слугою, а слуга – Панам. У постаці Пана, які падперазваецца, пазнаём Езуса. Як і Ён прайшоў па зямлі, робячы ўсім дабро, не чакаючы, каб Яму служылі, але Сам служачы іншым, так і мы павінны шанаваць іншага чалавека і аказваць яму добразычлівасць, узбагачаць дабратою і любоўю. Гэта вельмі важна ў сённяшнім свеце. І тут Езус дае нам уласны прыклад. На сваім Крыжы Езус уласнай крывёю напісаў, як трэба служыць людзям, даючы ім любоў і жыццё.
а. Казімір МАРАЎСКІ, OCD.
ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИ
Смысл христианской смерти
1014
«Церковь поощряет нас готовиться к часу нашей смерти («От внезапной и нежданной смерти избавь нас, Господи»: Литания всем святым), просить Богоматерь, чтобы Она заступилась за нас «в час смерти нашей» (молитва «Радуйся, Мария») и вверять себя Св. Иосифу, покровителю благой смерти:
Во всех твоих деяниях , во всех твоих мыслях ты должен вести себя так, как если бы должен был умереть сегодня. Если совесть твоя в добром состоянии, ты не сильно убоишься смерти. Следовало бы воздерживаться от греха, а не бежать от смерти. Если сегодня ты не готов, как будешь готов завтра?
Славься, мой Господи, за сестру нашу смерть плотскую, которой ни один живущий не может избежать. Горе тем, что умрут во грехах смертных; блаженны те, кого она застанет в Твоей пресвятой воле, ибо смерть вторая не причинит им зла.