Гомель – адзіны горад у Беларусі, дзе служаць сёстры Місіянеркі Міласэрнасці, ці, як іх часцей называюць, сёстры Маці Тэрэзы. У жніўні мы адзначылі важную дату – 25- годдзе служэння сясцёр у Беларусі і дзякавалі Богу за іх прысутнасць сярод нас.
Першы раз я сустрэў сясцёр у 2003 годзе, калі прыехаў у Гомель як семінарыст на душпастырскую практыку і быў вельмі ўражаны гэтым знаёмствам. Даволі часта я прыходзіў да іх у Дом Міласэрнасці (так называюць яны свой кляштар) і дапамагаў у розных справах, найчасцей у іх служэнні бедным пры сталоўцы. Назіраў за іх глыбокай малітвай, іх шчырым жаданнем спяшацца на дапамогу бедным і патрабуючым, бо яны неслі дапамогу не толькі ў кляштары, але і наведвалі бедныя і шматдзетныя сем’і, а таксама часта прыходзілі да тых, хто знаходзіўся у жаночай калоніі, стараючыся і там сведчыць аб Божай любові, несучы практычную дапамогу. Сёння магу дакладна сказаць, што іх прыклад сапраўднай хрысціянскай любові і яе рэалізацыя на практыцы праз малітву і адданае служэнне найбяднейшым моцна паўплывалі на маё пакліканне і жаданне служыць Богу. Падчас святкавання юбілею гучала шмат сведчанняў ад розных людзей, у тым ліку і ад тых, якія трапілі да сясцёр у вельмі складанай жыццёвай сітуацыі, што менавіта прысутнасць сясцёр і сустрэча з імі адкрыла іх сэрцы на сустрэчу з Богам. Святар, які прамаўляў казанне на ўрачыстай святой Імшы, расказаў пра свае ўражанні ад сустрэч з сёстрамі.
Між іншым, ён адзначыў, што шмат разоў спрабаваў першым усміхнуцца пры сустрэчы з імі, але ніколі гэта ў яго не атрымалася, заўсёды сёстры першымі сустракалі яго з радаснай усмешкай. Аднак святар зазначыў, што прысутнасць сясцёр сярод нас з’яўляецца для нас рахункам сумлення, бо кожны хрысціянін пакліканы да дзейснай любові бліжняга і гэта сур’ёзная праблема, што мы нават не звярталі ўвагу на самых бедных, пакуль не з’явіліся сёстры і не паказалі нам, што бедныя сярод нас ёсць.
Усё гэта скіроўвае нашыя думкі да асобы св. Маці Тэрэзы з Калькутты. Менавіта святасць гэтай адданай Богу жанчыны і яе шчырая любоў зрабіла тое, што сёння больш за 5000 сясцёр у 739 кляштарах у 139 краінах служаць у дамах для хворых праказай, туберкулёзам, СНІДам, для фізічна і разумова адсталых дзяцей і дарослых, у начных прытулках, у аб’ектах першаснай медыка-санітарнай дапамогі, дамах для жанчын у цяжкім становішчы, дзяўчынак у небяспецы, цяжарных жанчын, якія адмовіліся ад аборту, і для жанчын, якіх беднасць і голад прымусілі ісці на вуліцы. Біяграфія Маці Тэрэзы вельмі цікавая, але апісваць яе ў межах гэтага артыкула было б складана, спадзяюся, што вы абавязкова пазнаёміцеся з ёю з матэрыялаў духоўнай літаратуры. Пасля размовы с сёстрамі нам падалося, што найлепш было б апісаць некаторыя моманты з яе жыцця, з якіх можна зрабіць адпаведныя высновы пра яе асобу і пра абяцанне Езуса, што кожны добры ўчынак не застанецца без узнагароды.
Маці Тэрэза ва ўсім, што рабіла, цалкам спадзявалася на Бога, не будавала вялікіх планаў, не разлічвала фінансаў, ад самага пачатку глядзела на сваю дзейнасць як на Яго Справу. І Бог не пакідаў яе даверу без узнагароды. Розныя гісторыі, якія здараліся з Маці Тэрэзай, пацвярджалі словы Езуса: “Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці ягонай, а гэта ўсё дадасца вам” (Мц 6,33). Аднойчы Маці Тэрэза аддала апошнюю рупію аднаму святару і не разумела, на што купіць сабе ежу заўтра. Вечарам у яе дзверы пастукалі, і незнаёмы чалавек перадаў канверт з 50 рупіямі: “На вашу працу”.
Пазней, калі сёстры кармілі тысячы жыхароў Калькутты, у іх раптоўна скончыліся запасы. Сёстры хацелі ўжо папярэдзіць жабракоў, што ў бліжэйшыя выходныя яны нічога не атрымаюць. Аднак Маці Тэрэза не дала ім гэта зрабіць. Яна пайшла ў капліцу і пачала маліцца. Раніцай грузавы аўтамабіль прывёз вялікую калькасць малака, хлеба і ншых прадуктаў. Што адбылося? Па нейкай прычыне ў той дзень закрылі школы і знайшоўся прадбачлівы чыноўнік, які накіраваў харчаванне, прызначанае для школьных сталовак, місіянеркам міласэрнасці.
Іншым разам скончылася мука, і не было грошай купіць яе. Сястра, якая працавала на кухні, прыйшла да Маці Тэрэзы з сумам і расказала аб праблеме. Тая спытала: “Ты адказваеш за кухню? Дык ідзі ў капліцу і маліся!” Сястра яшчэ не скончыла маліцца, калі наступны ахвярадаўца пастукаў у дзверы і скінуў на парозе важкі мех мукі.
У першыя гады служэння ў Вене сёстры плацілі даволі высокую арэндную плату за памяшканне, куды прыводзілі жабракоў. Калі Маці Тэрэзе сказалі аб гэтым, яна проста адказала: “Бог паклапоціцца пра гэта”. Пасля гэтай размовы якраз планавалася сустрэча з кардыналам Кёнігам. Пасля сустрэчы Маці Тэрэза спяшалася, але да машыны падыйшлі дзве жанчыны. Маці Тэрэза нават хацела адкласці размову на потым, але затрымалася. Пасля размовы, едучы ў машыне, яна адкрыла сваю торбу, якая была ўся ў латках, там ляжала пачка грошай – 300 тысяч шылінгаў, перададзеныя гэтымі жанчынамі.
Сястра Нірмала, якая ўзначаліла Кангрэгацыю Сясцёр Місіянерак Міласэрнасці пасля Маці Тэрэзы, расказала наступную гісторыю. Аднойчы яна малілася з адной сястрой у базыліцы Беззаганнага Зачацця і, калі яны выходзілі са святыні, на сходах сустрэлі наркамана, які прасіў грошы “на гарбату”. Сёстры сказалі, што не дадуць яму грошай, але могуць купіць гарбату. Ён згадзіўся і пайшоў з імі. Сёстры купілі яму гарбату і штосьці з’есці і аддалі за гэта 99 цэнтаў. Малады чалавек выглядаў задаволеным. А ў вечары хтосьці прынёс сёстрам канверт, там было 100 даляраў. Сястра была ўпэўнена, што гэта выкананне абяцання Езуса, Які абяцаў аддаць у 100 разоў больш тым, хто робіць дабро ў Яго імя. Маці Тэрэза і яе сёстры маглі бясконца расказваць аб падобных сітуацыях, якія адбываліся не толькі ў Індыі, але і ва ўсіх краінах, дзе з’яўляліся місіянеркі міласэрнасці. Гэтыя жанчыны ведалі, што цуды адбываюцца штодзённа і што Езус не пакідае Сваю Справу. Маці Тэрэза ніколі не дапускала нават думкі, што Кангрэгацыя Місіянерак Міласэрнасці – гэта яе справа. Менавіта таму яна адмаўлялася нешта планаваць, што было зусім незразумелым многім людзям. Іншымі словамі, яна так вяла справы, што дабіцца поспеху можна было б толькі ў тым выпадку, калі гэта была Яго Справа.
Сёстры Місіянеркі Міласэрнасці да звычайных шлюбаў паслухмянасці, беднасці і чыстасці далучаюць чацвёрты шлюб – служэння найбяднейшым з бедных. Яны адмаўляюцца ад любой платы за сваю працу. Маці Тэрэза моцна верыла, што Бог дасць ім столькі, колькі будзе патрэбна для працягу працы. І Ён на самой справе даваў усё неабходнае і працягвае даваць праз ахвярадаўцаў з усяго свету. Аднойчы прэзідэнт адной міжнароднай кампаніі наведаў Маці Тэрэзу і запрапанаваў у дар кавалак зямлі ў Бамбеі. Аднак спытаўся, якім чынам яна вядзе свой бюджэт. Маці Тэрэза адказала пытаннем: “Хто вас прыслаў сюды?”. Ён адказаў, што пачуў унутраную патрэбу, каб прыйсці да яе. Маці Тэрэза ўсміхнулася і адказала: “Вось так і іншыя людзі прыходзяць да мяне і адказваюць таксама. Відавочна тое, што Пан пасылае і вас, і ўсіх іншых, каб вы паклапаціліся аб нашых патрэбах, і ёсць мой бюджэт”. Калі б сёстры не спадзяваліся цалкам на Бога, ці маглі б яны ўзяць адказнасць за тысячы і дзясяткі тысяч хворых, паміраючых і галадаючых, за маленькіх дзяцей? Яны б былі ў роспачы! Але сёстры заўсёды ўсміхаюцца. Чаму? Бо жывуць у святле Божага Провіду.
кс. Юрый ВАРАНКО.
ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИ
Поступки добрые и злые
1757
«Объект, намерение и обстоятельства составляют три «источника» нравственности человеческих действий».
1758
«Избранный объект морально определяет действие воли, в зависимости от того, воспринимает ли и оценивает ли его разум как благой или дурной».
1759
«Нельзя оправдать дурной поступок, совершенный с добрым намерением». Цель не оправдывает средств».
1760
«Нравственно благое действие предполагает одновременно добро объекта, цели и обстоятельств».