Студзень – новы пачатак. Не толькі, каб абяцаць сабе, як штогод, паўцякаць з усіх сацыяльных сетак, прачытаць безліч карысных кніг і ўсур’ёз падысці да фізічных практыкаванняў (у выніку кніжкі недачытаныя, сацсеткі перагледжаныя, а на ранішнюю прабежку проста неяк зацёмна і захоладна.) Новы пачатак года ў духоўным сэнсе надае яму кірунак: нешта плануецца, аб нечым марыцца… І нездарма сярод гэтых студзеньскіх памкненняў і мэтаў, паміж васемнаццатым і дваццаць пятым, схавана адна вельмі Хрыстовая – “каб усе былі адно”…
Рэдакцыя прапанавала напісаць артыкул пра экуменізм. Актываваўшы ўсю сваю францішканскую пакору, я згадзіўся, хоць, прызнаюся, што тэма даволі няпростая: Касцёл Хрыстовы – гэта супольнасць, а нават – сям’я (нездарма святары кожны раз звяртаюцца да нас “браты і сёстры”), а вырашаць сямейныя крызісы ды праблемы не асабліва любяць. Хрыстовае Цела не раз было разбітае, а досвед нам падказвае, што, нават калі разбітае склеіць, – застаюцца сляды. Але мэтай гэтага артыкула не з’яўляецца вырашэнне, што наймацней падзяліла Хрыстовую Нявесту – Сабор у Халцэдоне ў 451-м, разлад паміж Усходам і Захадам у 1054-м ці вынік рэфармацыйных рухаў у XVI стагоддзі. А нават не прагне аўтар апісваць гісторыю паўстання ініцыятывы малітвы за еднасць хрысціянаў (а тут ёсць што ўспомніць за сто дзесяць гадоў). Шмат было напісана ў гэтай тэме больш аўтарытэтнымі і адукаванымі – хто шукае, той знойдзе. І Амерыкі, пэўна, не адкрыю ў тым, што для хрысціянскай (асабліва беларускай) душы – “Бог адзін”, хоць гэту еднасць кожны шукае на свой спосаб – дагматычны, іерархічны ці на ўзроўні быту.
Змест выразу “экуменізм”, выкарыстоўваючы пэўнае спрошчванне, можна акрэсліць як “погляды і становішчы, што выражаюць імкненне аб’яднання хрысціян усіх канфесій у адным Хрыстовым Касцёле, пры захаванні тэалагічнага плюралізму”. Але цікава тое, што гэты тэрмін грэцкага паходжання напачатку меў выключна свецкае значэнне і акрэсліваў зямлю, што мела свайго гаспадара і была дагледжаная, у адрозненне ад пустыні ці пушчы. Паяднанне тэрмінаў „oikos” (дом) і „menein” (заставацца, прабываць) дало назву спачатку жылому абшару у геаграфічным разуменні, аб чым сведчаць Герадот і Арыстоцель, а пасля, у часы Рымскай імперыі, – усяму цывілізаванаму свету (які для рымлянаў і быў той самай імперыяй). “Oikoumene” у значэнні культурным і палітычным з аднаго боку акрэслівала свет, а з другога – мела ў сабе ідэю маналітнай эллінскай цывілізацыі, што развівалася пад апекаю рымскага Цэзара. І гэтым самым стала сінонімам паўсюднасці. У Бібліі тэрмін „oikoumene” ужываецца як у свецкім, так і ў рэлігійным значэнні: пазначае абшар і яго жыхароў (Мц 24,14; Лк 4,5;21,26; Дз 17,31; 19,27; Рым 10,18; Гбр11,6), свет, створаны і кіраваны Богам (Лк 21,26), да якога апосталы пасланыя абвяшчаць Евангелле (Мц 24,14) і ў якім спаўняецца гісторыя Збаўлення (Дз 17,31; Ап 3,10; 12,9).
Айцы Касцёла таксама ведалі гэты тэрмін: Юстын і Арыген выкарыстоўвалі яго пры апісанні абвяшчэння Евангелля па ўсёй зямлі, а Палікарп і Ірэнэй – Касцёла на ўсім зямным абшары. Кірыл Ерузалемскі акрэсліваў „oikomene” як “паўсюднасць рэлігійнага ладу”, а яго цёзка з Александрыі меў на ўвазе “паўсюдны супакой”(дарэчы, пра паўсюднасць – сінод ці сабор у IV стагоддзі таксама маглі называць „oikoumene”, што ўказвала на агульны збор усяго адзінага і паўсюднага Хрыстовага Касцёла).
Такі вось доўгі шлях: ад дагледжанай зямлі – да паўсюднага Касцёла. Якраз гэты шлях і дапамог мне знайсці ўласцівы погляд на складаную тэму яднання: кожны з нас мае месца, дзе пасля ўсіх зямных вандровак будзе “дома”. Езус абяцаў, што чакае нас там утульны і спецыяльна для нас падрыхтаваны Айцом пакой. Яго мэтай было, адкупіўшы нас усіх Сваёй Смерцю і Ўваскрасеннем, адкрыць шлях дадому і праз сваю прысутнасць у Касцёле весці туды кожнага, хто заблукаў. Прыняць усур’ёз Хрыста і Яго Евангелле – вось першы крок, “білет” у кірунку нашага супольнага дому. Супольнага, бо мне цяжка ўявіць там, дзе знікне нават намёк на падзелы, каталіцкі квартал, праваслаўны раён ці пратэстанцкае мястэчка. І сэнс нават не ў духоўным плюралізме і дрэнна зразумелай талерантнасці: парадаксальна, шлях да еднасці можа ляжаць у тым, каб мы ўсё больш заставаліся сабою, паглыбляючыся і шукаючы жывога Бога. Бога, які не вагаўся, перад тым як аздараўляць, суцяшаць і прымаць кожнага, не дзелячы на “сваіх” і “чужых”, але адначасова ставіў канкрэтныя маральныя вымаганні, падкрэсліваў вартасць Свайго Слова і сапраўднай прысутнасці ў Целе і Крыві – “праўдзівым спажытку і праўдзівым напоі”, дадзеным “дзеля жыцця свету” (Ян 6, 51 55), а ўрэшце рэшт – абяцаў збудаваць свой непахісны Касцёл на “скале” Пятра (Мц 16,18).
Славутае выказванне Кіпрыяна з Картагіны “Extra Ecclesiam nulla salutis” (“Па-за Касцёлам няма збаўлення”) неаднойчы выкарыстоўвалася, каб даказаць вартасць якой-небудзь канфесіі, што было крыніцаю шматлікіх непаразуменняў і канфліктаў: калі “манаполію” на Хрыста і збаўленне маюць толькі адныя, то што будзе з іншымі? Адчытанне гэтых слоў ў восьмым параграфе дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл “Lumen gentium” у ключы паўсюднага Хрыстовага Касцёла, што “трывае” (subsistit) у Каталіцкім Касцёле, але і па-за ім праяўляецца ў “шматлікіх элементах асвячэння і праўды”, што з’яўляюцца дарамі, уласцівымі для яго, вяртае свядомасць (можа крыху зацёртую ў паламанай штодзённасці), што мы ўсе імкнемся на вяршыню адной і той жа гары, на тую ж гасціну да таго ж Гаспадара – Аднаго ў Трох Асобах.
Як прывітаем адзін аднаго, калі туды дойдзем?
а. Яўген ГОЛУБ, OFMConv
ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИ
Достоинство человеческой личности
1700
«Достоинство человеческой личности укоренено в сотворении ее по образу и подобию Божию (статья 1); оно осуществляется в призвании ее к божественному блаженству (статья 2). Человеку присуще свободно идти к его достижению (статья 3). Своими сознательными действиями (статья 4) человеческая личность принимает – или не принимает – добро, обещанное Богом, подтвержденное нравственным сознанием (статья 5). Люди созидают сами себя и внутренне растут: они используют всю свою чувственную и духовную жизнь в качестве материала для своего возрастания (статья 6). С помощью благодати люди возрастают в добродетели (статья 7), избегают греха, а если совершают его, то отдают себя, как блудный сын, на милость Отца Небесного (статья 8). Так они достигают совершенства любви».