Рэлігійнае выхаванне дзіцяці нельга абмежаваць выключна пасланнем яго “да касцёла”. А нават недастаткова яго прысутнасці на занятках па рэлігіі. Бацькі сваім прыкладам павінны прывесці дзіця да Хрыста і навучыць яго сяброўскім адносінам з Ім, пастаяннай гатоўнасці адказаць на заклік Божы. “Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае” (Мк 10,14).
Кожны з народжаных на Зямлі людзей ведае, што такое быць дзіцём. Хаця б з той простай прычыны, што і сам быў ці яшчэ з’яўляецца дзіцём. Гэта час безабароннасці, даверу, чысціні. Час, калі закладваецца падмурак для ўсяго дарослага жыцця. Нездарма і Святое Пісанне шматразова звяртае нашую ўвагу на дзяцей, на выхаванне. Нават для самога Езуса Хрыста дзяцінства было часам, калі Ён, дзякуючы святому Юзафу і Найсвяцейшай Панне Марыі, спазнаваў чалавечае жыццё, прабываючы ў паслухмянасці і пакоры. Менавіта з гэтага часу Збаўца і спасцігае тыя жыццёвыя сітуацыі, якія пазней так трапна выкарыстоўвае ў сваіх словах і прыпавесцях.
Таксама хіба не трэба пераконваць каго-небудзь і ў тым, наколькі дзеці важныя для Касцёла. Хрыстус просіць акружыць іх асаблівым клопатам, указвае на іх як на прыклад неабмежаванага даверу да Бога. Ён наказвае дарослым не забараняць дзецям прыходзіць да Яго, бо праўда і шчырасць, якія маюць поўню ў Богу, – натуральныя для дзяцей. Гэтыя словы Езуса таксама звернуты і да нас – сённяшніх бацькоў, катэхетаў, святароў. Менавіта мы праз свой эгаізм, пыху, няшчырасць і жаданне ўсё “трымаць у сваіх руках” можам стаць тымі, хто перашкаджае дзецям прыходзіць да Пана праз шчырасць і натуральнае памкненне да праўды. І не толькі можам, але так часта і становімся…
Падчас сакрамэнту Хросту бацькі дзіцяці бяруць на сябе абавязак выхоўваць яго ў веры. Гэты абавязак вельмі сур’ёзны і вельмі важна зразумець вагу данага абяцання. Важна, каб гэта не былі толькі словы, але каб за гэтым абяцаннем стаў цвёрды намер яго выканання. Гэта вялікая адказнасць перад Богам і Касцёлам. Бацькам трэба ўсвядоміць, што дзіця не з’яўляецца іх выключнай уласнасцю, але перш за ўсё яно належыць Богу.
“Стварэнне” чалавека пачынаецца з моманту зачацця. І ўжо тады існуе адказнасць за дзіця асабліва з боку ягоных бацькоў. Лад жыцця маці, яе звычкі, сямейная атмасфера і многае іншае ўплывае на зачатае дзіця яшчэ да яго нараджэння. Бацькі павінны рабіць усё, што ў іх сілах, каб не прычыніць шкоду здароўю дзяцей. З гэтага часу яны з’яўляюцца саўдзельнікамі Пана Бога ў справе стварэння, тымі, праз каго далей Бог рэалізуе свой план, сваю Волю. Таму момант прыняцця дару новага жыцця непарыўна звязаны з адказнасцю, пра якую ў сучасным секулярызаваным грамадстве так часта існуе спакуса і пагроза забыцца.
Безумоўна, творчае супрацоўніцтва з Богам праяўляецца перш за ўсё ў выхаванні дзіцяці.
“Нараджаючы ў любові і для любові новую асобу, якая сама па сабе паклікана да росту і развіцця, бацькі тым самым прымаюць абавязак забяспечыць ёй жыццё ў поўнай меры чалавечае” (Familiaris Consortio, 36). Выхоўваць – гэта значыць такім чынам уплываць на дзіця, каб яно пастаянна развівалася фізічна, інтэлектуальна, сацыяльна, маральна, рэлігійна і г.д. Бацькі па-вінны так выхоўваць дзіця, каб, дасягнуўшы сталасці, яно ведала, як выканаць усе свае жыццёвыя задачы, сваё пакліканне, каб з цягам часу, калі выбярэ шлях сямейнага жыцця, само было добрым мужам ці жонкай, здольнымі да ахвярнай любові, каб умелі паважаць іншага чалавека, адчуваць яго патрэбы, былі здольнымі спачуваць і ўзяць на сябе адказнасць за іншага чалавека, за яго лёс і вечнае збаўленне.
Дэкларацыя аб хрысціянскім выхаванні “Gravissimum educationis” Другога Ватыканскага сабору гаворыць, што выхаванне накіравана “не толькі да поўнага развіцця чалавечай асобы … але мае на ўвазе перш за ўсё тое, каб ахрышчаныя, якіх паступова ўводзяць у таямніцу збаўлення, з кожным днём што раз больш усведамлялі веліч атрыманага дару веры. Няхай вучацца хваліць Бога Айца ў духу і праўдзе» (пар. Ян 4, 23). “Неабходна дапамагаць дзецям гарманічна развіваць іх здольнасці і паступова набываць усё больш дасканалае пачуццё адказнасці, стала прыкладаць свае намаганні для таго, каб верна весці сваё жыццё і дасягнуць сапраўднай свабоды, мужна і настойліва пераадольваючы цяжкасці.
Па меры сталення ім трэба даваць пазітыўнае і мудрае палавое выхаванне. Акрамя таго, іх варта так рыхтаваць да ўдзелу ў грамадскім жыцці, каб яны маглі, валодаючы неабходнымі і дарэчнымі сродкамі, дзейна ўключыцца ў розныя сферы чалавечага грамадства, быць адкрытымі да дыялогу з іншымі людзьмі і ахвотна садзейнічаць агульнаму дабру” (пар. Gravissimum educationis 1-3).
Сям’я – першая школа сацыяльных цнотаў, у якіх мае патрэбу любое грамадства. Але перш за ўсё ў хрысціянскай сям’і, надзеленай ласкай сакрамэнту сужэнства і прымаючай яго абавязкі, дзяцей ужо з маленства трэба вучыць спазнаваць і шанаваць Бога і любіць бліжняга паводле веры, прынятай пры Хросце. Тут яны атрымліваюць першы досвед і разумнага грамадства, і Касцёла. Нарэшце, праз сям’ю яны паступова ўваходзяць у грамадства і ў Народ Божы.
Нельга абмежаваць рэлігійнае выхаванне дзіцяці выключна пасланнем яго “да касцёла”. А нават недастаткова яго прысутнасці на занятках па рэлігіі. Бацькі сваім прыкладам павінны прывесці дзіця да Хрыста і навучыць яго сяброўскім адносінам з Ім, пастаяннай гатоўнасці адказаць на заклік Божы.
Праз звяртанне ўвагі на Божую любоў бацькі павінны абуджаць давер да Айца Нябеснага і жаданне будаваць сваё жыццё на Божых наказах, якія выражаюць яго прыхільнасць і клопат пра нашае сапраўднае шчасце і вечнае жыццё. Навучаючы вернасці Божым наказам, наказам сумлення, бацькі рыхтуюць сваё дзіця да пастаяннага выканання Божай волі і да рэалізацыі свайго жыццёвага паклікання, якое даў Пан: да сужэнства, да святарства ці манаства або да жыцця ў самоце. Усе формы ўплыву бацькоў на дзіця па-вінны быць накіраваны на тое, каб яно вучылася жыць для іншых і такім чынам імкнулася да вечнага збаўлення.
кс. Юрый ВАРАНКО.
Пры падрыхтоўцы выкарыстоўваліся думкі з “Кs . dr M. Kaszowski „Nauka Kosciola w pytaniach i odpowiedziach”.
ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИ
Родительский долг
2226
«Воспитание веры родителями должно начинаться с самого раннего детства. Оно уже осуществляется, когда члены семьи помогают друг другу возрастать в вере свидетельством христианской жизни, в согласии с Евангелием. Семейная катехизация предшествует другим формам преподавания веры, сопровождает и обогащает их. Задача родителей состоит в том, чтобы научить детей молиться и помочь им открыть свое призвание детей Божиих. Приход – это евхаристическая община и сердце литургической жизни христианских семей; он – самое благоприятное место для катехизации детей и родителей.
2227
«Дети, в свою очередь, способствуют возрастанию родителей в святости. Все вместе и каждый в отдельности великодушно и неустанно должны прощать друг другу боль, вызванную обидами, ссорами, несправедливостью, неисполнением долга. Обоюдная привязанность подсказывает такое поведение. Любовь Христова требует его».