Ці можам мы так расчуліцца, каб у нас праявіліся канкрэтныя, самарытанскія паво-дзіны? Ці нашае духоўнае жыццё натхняе нас спачуваць пакутам іншых і суперажываць з імі? Як часта здараецца нам з абыякавасцю мінаць патрабуючых, нягледзячы на тое, што мы бачым іх драматычную сітуацыю і маглі б ім дапамагчы? Ці, дапамагаючы іншаму чалавеку, можам застацца сапраўды бескарыслівымі?
Напэўна, вы заўважалі, што вельмі часта Езус навучаў у прыпавесцях. Менавіта так мы называем кароткія біблійныя гісторыі, дзе за простым, на першы погляд, апавяданнем схаваны глыбокі змест. Хрыстус выбраў гэту цудоўную форму для перадачы нам самых глыбокіх і важных праўдаў. Прыпавесці лёгка запамінаюцца, а асобы ў гэтых апавяданнях маюць выразныя рысы характару. Таксама ў іх мы можам знайсці шмат сімвалаў і знакаў з разнастайнымі значэннямі. Гэта значыць, што трэба прыкласці намаганні, каб адкрыць сапраўдны сэнс той ці іншай прыпавесці, які заўсёды будзе звязаны з маральнасцю і ўказваць на тое, як выканаць Божую волю ў жыцці.
Прапаную засяродзіцца на прыпавесці аб добрым самараніне. Гэтую прыпавесць Езус расказаў у размове з кніжнікам, які, як гэта часта здаралася, хацеў выпрабаваць Езуса і спытаў, што яму рабіць, каб дасягнуць вечнага жыцця. Ён добра ведае адказ, бо праз хвіліну сам цытуе без запінкі Святое Пісанне: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцаю тваёй, і ўсім розумам тваім, і бліжняга свайго, як самога сябе». Усё зразумела. Але кніжнік працягвае пытацца: «А хто мой бліжні?». Яго пытанне датычыць мяжы гэтай любові, можа, ён чакаў, што Езус назаве асобы ці нават групы людзей, у адносінах да якіх можна адчуваць сябе звольненым з абавязку, што вынікае з прыказання любові.
Езус не дазваляе ўцягнуць сябе ў непатрэбныя размовы. Кніжнік прыйшоў з жаданнем дыскутаваць, разважаць, а пасля адказу Хрыста адыходзіць з канкрэтным заданнем, якое павінен выканаць. Вось што адказаў Езус: «Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. Выпадкова нейкі святар ішоў той дарогай і, убачыўшы яго, прайшоў міма. Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. А нейкі самаранін, падарожны, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся. Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. І, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім. А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся”. Як здаецца табе, хто з гэтых трох быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў? “Ён сказаў: Той, хто паступіў з ім міласэрна”. Тады Езус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі таксама». (Лк 10,30-37).
Дарога паміж Ерузалемам і Ерыхонам была незвычайнай. Адлегласць паміж гарадамі хоць і невя-лікая, каля 25 кіламетраў, аднак перапад высотаў даволі значны, таму шлях быў няпросты. Але, апроч спякоты і дзікіх жывёлаў, на гэтай дарозе была яшчэ адна небяспека – разбойнікі. Менавіта з імі і меў няшчасце сустрэцца падарожны з нашай прыпавесці. Скончылася сустрэча вельмі сумна – «знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога». І тут на дарозе пачынаюць з’яўляцца людзі. Першым праходзіць святар, аднак ідзе міма і не дапамагае. Крыху пазней падыходзіць левіт, які таксама ідзе сваёй дарогай, не жадаючы дапамагчы па-міраючаму.
Святар і левіт, людзі, якія пакліканы да асаблівай блізкасці з Богам праз выкананне літургічных абрадаў у святыні, не ўзрушыліся цярпеннем іншага чалавека. Іх гісторыя паказвае, што знешне можна быць блізка да Бога і гадзінамі маліцца ў храме, але пры гэтым сэрцам быць далёка ад Таго, хто часта з’яўляецца як патрабуючы і церпячы чалавек. Святы Ян Апостал у сваім Першым пасланні напісаў: «Калі б хто сказаў: «Я люблю Бога, – а брата свайго ненавідзіць, ён ілгун, бо той, хто не любіць брата свайго, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць» (1 Ян 4, 20). Няшмат значаць пустыя формы пабожнасці, калі яны не вядуць да праўдзівага спаткання з Богам у другім чалавеку, калі сэрца чалавека засяроджана на ўласных праблемах і застаецца глухім да праблемаў іншых.
Наступная асоба, якая ўдзельнічае ў падзеях, – гэта самаранін. Адзін успамін аб ім выклікае адкрытую непрыязнасць у яўрэйскіх слухачоў. Гэтая варожасць мае доўгую гісторыю і дасягае часоў, калі пасля смерці Саламона адзіная дзяржава распалася на дзве часткі – Юдэю і Самарыю. Юдэі лічылі самаран людзьмі другога гатунку, таму самаранскі вандроўнік ніяк не мог быць для слухачоў Езуса пазітыўным героем. З’яўленне яго ў прыпавесці выклікала здзіўленне на пытанне Езуса: “Як здаецца табе, хто з гэтых трох быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?” – кніжнік не можа ці нават не хоча адказаць “самаранін”. Кажа: Той, хто паступіў з ім міласэрна». Вось гэта паварот, кніжнік, які лічыў, што сам можа быць прыкладам, атрымаў ад Езуса іншы ўзор – самараніна, нячыстага, нягоднага называцца чалавекам. Але менавіта ён апынуўся чулым і не толькі зацікавіўся няшчасным, але зрабіў усе магчымае, каб дапамагчы яму. Не толькі перавязаў раны, але і завёз у заезд і заплаціў карчмару, каб той далей апекаваўся ім. Яго дапамога не выглядае выпадковай.
Гэтак сама навучае Папа Бэнэдыкт XVI. У сваёй першай энцыкліцы “Deus caritas est” ён піша: «Як паказвае прыклад добрага самараніна з прыпавесці, хрысціянская caritas з’яўляецца, перш за ўсё, адказам на тое, што ў канкрэтнай сітуацыі мае непасрэдную важнасць: галодныя павінны быць насычаны, голыя апрануты, хворых трэба лячыць з надзеяй на выздараўленне, вязняў трэба наведваць і г. д. Дабрачынныя арганізацыі Касцёла, пачынаючы ад Сaritas (на дыяцэзіяльным, нацыянальным і міжнародным узроўні), павінны зрабіць усё магчымае, каб былі адпаведныя сродкі і, у першую чаргу, каб былі людзі, здольныя выконваць такую працу. (…) Тыя, хто дзейнічае ў дабрачынных арганізацыях Касцёла, павінны вызначацца тым, што не абмяжоўваюцца дакладным выкананнем таго, што патрэбна ў дадзены момант, але ўсім сэрцам прысвячаюць сябе другому так, каб ён пазнаў багацце іх чалавечнасці. (…) Любоў з’яўляецца бескарыслівай; не здзяйсняецца для дасягнення іншых мэтаў» (31).
…Езус расказаў гэтую прыпавесць кніжніку, каб той перастаў займацца толькі сабой. Для хрысціяніна цэнтр рэчаіснасці знаходзіцца не ў ім самім, а ў кожным чалавеку, якога ён сустракае на сваёй дарозе і які патрабуе дапамогі, зразумення і любові. Сапраўдны вучань Хрыста не пытае – хто мой бліжні? Такое пытанне выкрывае жаданне вызначыць пэўную групу асоб, якія б мелі права быць міласэрнымі не да ўсіх альбо толькі трошку. Сапраўдная праблема ў тым, як стаць бліжнім для іншых, перасоўваючы цэнтр увагі з сябе на іншага чалавека, незалежна ад таго, кім ён з’яўляецца. Не мае значэння, ці я ведаю, каго трэба любіць, важна ўсведамляць, што ўсе маюць права разлічваць на маю любоў, мой час, увагу, сардэчнасць, а таксама матэрыяльныя даброты, сімвалам якіх з’яўляюцца два дынары, пакінутыя самаранінам карчмару.
Разважаючы над прыпавесцю аб добрым самараніне, варта прыгледзецца да таго, як мы паводзім сябе ў адносінах да іншага чалавека, асабліва тады, калі ён знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі, перажывае пакуты, хваробу, бяду. Ці можам мы так расчуліцца, каб у нас праявіліся канкрэтныя, самарытанскія паводзіны?
Кс. Юрый ВАРАНКО.
ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИ
Любовь к бедным
2447
«Дела милосердия – это движимые любовью действия, которыми мы приходим на помощь нашему ближнему в его телесных и духовных нуждах. Учить, советовать, утешать, поддерживать – значит совершать дела духовного милосердия, так же, как прощать и проявлять терпение. Дела телесного милосердия состоят, в частности, в том, чтобы накормить голодных, приютить бездомных, одеть оборванных, посетить больных и заключенных, похоронить мертвых. Среди этих дел милостыня, подаваемая бедным, является одним из основных свидетельств братской любви: она также есть праведное, богоугодное дело.
У кого две одежды, тот дай неимущему; и у кого есть пища, делай то же (Лк 3,11). Подавайте лучше милостыню из того, что у вас есть: тогда все будет у вас чисто (Лк 11,41) (…)».