Нямала знойдзецца хрысціянаў, якія, хоць не заўсёды ўпрост так гавораць, але лічаць, што за сваю вернасць Божаму Праву павінны быць ужо ў гэтым свеце абароненыя ад усялякага зла і цярпення. І гэтым самым адыходзяць вельмі далёка ад хрысціянства…
Калі тэрмін “хрысціянства” паходзіць ад Хрыста, то варта сабе прыгадаць, што Езус Хрыстус не ўцякаў ад цярпення і наступстваў зла, але прыняў і іх. І сваім паслядоўнікам не абяцаў, што цярпення не будзе. Наадварот – прадказваў шматлікія пераследы, канфлікты і цярпенні з прычыны вызнавання Хрыста перад абліччам гэтага свету. Як жа быць з тым, што павінна прыйсці ў нашае жыццё (але чаго мы ў ім бачыць не хочам), калі мы прагнем быць сапраўды хрысціянамі?
Цярпенне – гэта рэчаіснасць, якую фактычна немагчыма аддзяліць ад зямнога існавання чалавека. Кожны чалавек, у розных кантэкстах, выглядах і акалічнасцях, так ці інакш сутыкнуўся з цярпеннем.
Магчыма, медыцына як навука раскрывае значэнне цярпення найбольш дакладным спосабам, найбольш шырока. Але гэта толькі адно вымярэнне. Поўны абшар цярпення чалавечай асобы значна шырэйшы. Чалавек пакутуе рознымі спосабамі, незаўсёды тымі, на якія звяртае ўвагу медыцына ў яе нават самых спецыялізаваных галінах. Цярпенне з’яўляецца чымсьці больш фундаментальным, чым хвароба, больш разнастайным і ў той жа час больш глыбокім вымярэннем нашай асабовасці. Лепш зразумець гэта дапамагае ўзяцце пад увагу розніцы паміж фізічным і маральным цярпеннем. Асноўным тут ёсць падвойнае вымярэнне існавання чалавека – яго псіхафізічная еднасць, злучаныя ў адно душа і цела. Калі ў нейкім сэнсе можам ужыць як узаемазаменныя тэрміны “цярпенне”, “пакута” і “боль”, то лепш зразумеем, напрыклад, выраз “душа баліць”. І тут гаворка ідзе пра боль духоўнага плану, а не толькі пра псіхічнае вымярэнне болю, якое суправаджае пакуты як маральныя, так і фізічныя. Маральных цярпенняў не менш, чым фізічных, і ў той жа час яны здаюцца як бы меней вядомымі і меней ахопленымі тэрапіяй.
Што да сэнсу, то, разважыўшы, можна і па-чалавечы адкрыць некалькі прычын, чаму цярпенне можа прынесці пэўную карысць. Напрыклад… Па-першае, цярпенне паказвае праўду аб нас саміх. Перад абліччам пакутаў і смерці мы здымаем усе маскі, не маем больш сілаў граць ролі, выдавацца кімсьці іншым. Мы раптам можам прыгадаць сабе перад абліччам страты некага ці нечага важнага для нас, як шмат гэтая асоба ці рэчаіснасць для нас значыць. Цярпенне “агаляе” нашую душу. Па-другое, цярпенне вучыць змагацца, бараніць, “каваць” свае мэты і сваю волю. Гэта толькі прыклады, якіх можна даволі шмат знайсці, але гэта не адказ на пытанне: “Дзе сэнс цярпення?”. І кожны хрысціянін запрошаны знайсці сэнс на тым шляху, які Бог прапануе.
Святое Пісанне – вялікая кніга пра цярпенне. Як жа часта яно сустракаецца на старонках Бібліі – небяспека смерці, смерць дзяцей, блізкіх, няплоднасць, туга па Радзіме, пераслед і варожасць грамадства, насмешкі, самотнасць, пакінутасць, незразуменне – гэта толькі малая частка таго, што можам знайсці ў Старым Запавеце. У Новым бачым, што Езус таксама не быў абыякавы да цярпення – адным з найбольш заўважальных знакаў Яго дзейнасці і боскасці былі шматлікія аздараўленні, суцяшэнні і нават уваскрашэнні.
Можна сказаць, што чалавек церпіць, калі адчувае якое-небудзь зло. Нават у этымалогіі Старога Запавету гэта выражана вельмі добра. І толькі Новы Запавет з новай, грэцкай этымалогіяй, змяняе перспектыву. Цярпенне перастае наўпрост атаясамлівацца з аб’ектыўным злом, але пачынае акрэсліваць сітуацыю, калі чалавек сустракаецца са злом і, выпрабаваны праз яго, становіцца тым, хто церпіць. У цэнтры такога цярпення заўсёды знаходзіцца нейкае перажыванне зла, ад якога чалавек пакутуе.
Такім чынам, рэчаіснасць цярпення выклікае пытанне аб сутнасці зла: што такое зло?
Гэтае пытанне як бы неаддзельнае ад тэмы цярпення. Хрысціянскі адказ на гэтае пытанне адрозніваецца ад таго, што даюць некаторыя традыцыі культуры і іншых рэлігій, якія сцвярджаюць, што існаванне – гэта зло, ад якога трэба вызваліцца. Хрысціянства абвяшчае, што існаванне з’яўляецца добрым, вызнае дабрыню Створцы. Чалавек пакутуе ад зла, якое з’яўляецца нейкім недахопам, абмежаваннем або скажэннем дабра. Такім чынам, у хрысціянскім разуменні рэчаіснасць цярпення тлумачыцца злом, якое заўсёды так ці інакш сутыкаецца з дабром. Як жа нам быць і як сябе паводзіць перад абліччам зла, якое б’е ў нашае, такое крохкае жыццё?
“Мы маем скарб у гліняных начыннях, каб веліч моцы была Божая, а не паходзіла ад нас. Усяляк уціскаюць нас, але мы не прыгнечаныя. Мы ў разгубленасці, але не паддаёмся роспачы. Нас пераследуюць, але мы не пакінутыя. Знішчаюць нас, але мы не гінем. Заўсёды носім у целе кананне Езуса, каб і жыццё Езуса аб’явілася ў целе нашым. Бо мы, якія жывём, няспынна ідзём на смерць дзеля Езуса, каб і жыццё Езуса аб’явілася ў нашым смяротным целе. Так што смерць дзейнічае ў нас, а жыццё – у вас” (2 Kар 4, 7-12). Такімі словамі апостал Павел звяртаецца да вучняў у Карынце. І ў гэтых словах святы паказвае нам новую перспектыву, якую дае Бог. Смерць і цярпенне, якія заўсёды асацыяваліся са злом, набываюць новы сэнс у святле Адкуплення, якое здзейсніў Езус. Яны не становяцца добрымі, але становяцца пэўным “сродкам”. Становяцца рэчаіснасцямі, якія, перажытыя ў пэўны спосаб з Хрыстом, могуць прынесці нам карысць. Гэта можа прагучаць вельмі дзіўна, але сапраўды ад нашага спосабу перажывання цярпення шмат залежыць. Нават само ў сабе цярпенне можа нам дапамагчы ў пазнанні праўды аб сабе.
І вось да гэтага даходзіць шлях такі, як “удзел у цярпеннях Хрыста“. Калі чалавек становіцца ўдзельнікам гэтых цярпенняў, то толькі таму, што Хрыстос сам стаў у сваіх збаўчых цярпеннях удзельнікам усіх чалавечых цярпенняў. Чалавек, адкрываючы праз веру збаўчае вымярэнне цярпення Хрыста, адначасова можа ўбачыць у ім свае ўласныя пакуты, нанова пераасэнсаваць іх праз веру, напоўніць новым зместам і новым сэнсам.
Крыж Хрыстовы пралівае такое пранізлівае збаўчае святло на жыццё чалавека, асабліва на яго пакуты, таму што праз веру Ён прыходзіць да яго разам з Уваскрасеннем – Пасхальнай Таямніцай. Сведкі Хрыстовых цярпенняў адначасова становяцца сведкамі Яго Змёртвыхпаўстання. Апостал Павел прапануе нам шлях, які прайшоў ён сам. Шлях Паўла выразна пасхальны – ўдзел у крыжы (цярпенні) Хрыста прыходзіць праз спатканне з Ім, праз досвед спаткання з Езусам. І праз Крыж вядзе да досведу Змёртвыхпаўстання. Менавіта таму ў выказваннях апостала пра цярпенні так часта з’яўляецца матыў славы, якой Крыж Хрыстоў дае пачатак.
Евангелле, Добрая Навіна, надае новы сэнс нашаму цярпенню, бо ў ім бачым, як бессэнсоўныя, на першы погляд, цярпенне і смерць Хрыста становяцца крыніцай надзеі ў Змёртвыхпаўстанні. І Езус кажа нам, што ў сваіх цярпеннях мы можам прыняць удзел у Ягоных, а праз гэта – знайсці свой сэнс у сэнсе Ягонага Адкуплення, Пасхі. Ці верым мы ў гэта?
бр. Андрэй БАГДАНОВІЧ, OFMCap
ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИ
Христос – целитель
1503
«Сострадание Христа больным и многочисленные исцеления разного рода немощных является ярким знаком того, что «Бог посетил народ Свой» (Лк 7, 16) и что Царство Божие приблизилось. Иисус обладает властью не только исцелять, но также и прощать грехи»: Он пришел исцелить всего человека полностью, душу и тело: Он – целитель, в котором нуждаются больные. Его сочувствие ко всем страждущим идет столь далеко, что Он отождествляет Себя с ними: «Я был болен, и вы посетили меня» (Мф 25, 36). Его особая любовь к увечным не перестает на протяжении веков пробуждать усиленное внимание христиан к страждущим душой и телом. Это внимание лежит в основе неустанных усилий облегчить их судьбу».