Гліна, камень і хто тут кім ёсць…

Ганчарства – адно з найстаражытнейшых рамёстваў (вядома з нэаліту), якое практыкуецца па дзень сённяшні. Заснаванае на ручным вырабе  керамічнага посуду і прадметаў штодзённага ўжытку. Матэрыялам для ганчарства з’яўляецца спецыяльна прыгатаваная гліна. Гэты матэрыял вельмі падатлівы ў руках кожнага майстра, які праз яе выраб, біццё, сцісканне развівае таксама свае мануальныя здольнасці. Таму праца з глінаю мае ў сабе аспект тэрапеўтычны як для дзяцей, так і для дарослых.

 

 

Майстэрняй ганчарства з’яўляецца лаўка і ганчарнае кола. На лаве  размешваецца гліна з вадою, падобна, як замешваецца цеста. Ганчарнае кола – гэта два кругі, змешчаныя на адной вертыкальнай восі. Ганчар, седзячы на лаве, нагамі папіхае ніжні, большы круг, прыводзячы кола ў рух.  На верхнім крузе змяшчаецца кавалак гліны, памер якога павінен адпавядаць будучаму вырабу. Круцячы кола, мокрымі рукамі пачынае фарміраваць з кавалка гліны посуд (міску, збанок, вазон і інш.).

Чаму такі ўступ пра ганчарства? Напэўна, не таму што “Дыялог” памяняў свой профіль. Гэта сам Пан Бог запрашае нас разам з Ярэмія  ў дом ганчара, каб паглядзець, як  той працуе пры сваім коле:

“Слова, якім Пан абвясціў Ярэмію: Устань і зайдзі ў дом ганчара; там пачуеш маё слова.  Пайшоў я ў дом ганчара, ён акурат працаваў пры коле. Калі посуд, які ён вырабляў, дэфармаваўся, як гэта здараецца з глінай у руках ганчара, вырабляў з яе іншы посуд, які падабаўся ганчару. Тады Пан скіраваў да мяне наступнае слова: Ці не магу паступіць з вамі, дом Ізраэля, як  гэты ганчар?  – выраз Пана. Як гліна ў руках ганчара, так і вы ёсць, дом Ізраэля, у маёй руцэ”.

Гэтае параўнанне з глінай ёсць не толькі ў Ярэміі. Яшчэ болей канкрэтна і зразумела піша аб гэтым прарок Ісая: “Ці ж скажа гліна таму, хто яе вырабляе: “Што ты робіш?”. Ці яго справа скажа яму: “Няўмека!” (Іс 45,9). Таксама і ў Новым Запавеце знаходзім параўнанне: Бог – ганчар, чалавек – гліна. Св. Павел піша ў лісце да рымлянаў: “Чалавеча, сапраўды, хто ты, што спрачаешся з Богам? Ці скажа зробленае таму, хто зрабіў: “Чаму  ты мяне гэтак зрабіў?”. Ці не мае ўлады ганчар над глінаю, каб з таго ж месіва  зрабіць адно начынне для пачэснага ўжытку, а другое – для непачэснага?” (Рым 9, 20-21).

Вялікі Пост – ідэальны час, каб застанавіцца над пытаннем, вынесеным у загаловак: хто тут кім ёсць? Чалавеча! Хто ты, што спрачаешся з Богам!

Хоць чалавек і ёсць толькі гліна ў руках ганчара, але не заўсёды хоча ёю застацца. Пачынае быць “размаўляючай глінай”, якая не толькі ставіць перад ганчаром пытанні, дыскутуе, але мае прэтэнзіі і сваё бачанне. Помніць старую прыказку: “Хочаш рассмяшыць Пана Бога, раскажы Яму пра свае планы”.

“Размаўляючая гліна” хоча немагчымага – заняць месца ганчара. Хоча тварыць сябе сама. Гэта, канечне, немагчыма і заўсёды скончыцца няшчасцем. Таму, здаецца, людзі найчасцей грашаць супраць першага прыказання (гліна забылася, што ёсць толькі адзін Ганчар, і іншага няма).

Колькі ж здараецца няшчасцяў ад таго, што чалавек не можа знайсці сябе ў жыцці, бо выбраў не тую прафесію, не тога сужонка, ад таго, што сам не можа ніяк “сабрацца”. Можа, праблема  заключаецца ў тым, што чалавек усё, што хацеў, робіць сам? Ніколі не пытаў Стварыцеля, кім бы Ён бачыў яго ў жыцці? Якім посудам павінен быць?  Чарговы раз “размаўляючая гліна” хацела сама сябе ляпіць і чарговы раз гэта скончылася  паражэннем.

Можа, у чарговы раз варта прызнаць, што з’яўляюся толькі глінай. Гэта Пан Бог ёсць тут, ці, ва ўсякім разе, павінен быць на першым месцы.

Хто-небудзь з чытачоў можа падумаць: добра, але што, калі маю ўжо трохі болей гадоў, ці  нават болей, як трохі? Ўжо даўно сфарміраваная пасудзіна, гліна ўжо не з’яўляецца тым  свежым і пластычным матэрыялам, што некалі. Што тады? Напэўна, для звычайнага рамесніка гэта была б складаная праблема. Але не для  Бога-Ганчара. Ён нават любіць старэйшую гліну… Давайце прыпомнім  сабе  пакліканне Абрагама і Майсея. Не былі гэта дзеці. Былі ўжо людзьмі пасля сямідзесяці!!! А Захарыя і яго няплодная жонка? Абое былі ў старэйшым веку. Век гліны не мае значэння. Неважна таксама і тое, што хтосьці  ўжо моцна і канкрэтна сфарміраваны, да таго ж цвёрды, як камень. Добрым прыкладам тут можа быць святы Павел. Пераследаваў хрысціянаў, і вельмі заўзята. Здавалася, што ніхто і ніколі не ў стане змяніць яго погляды і жыццё. Але Ганчар  разбіў той посуд  (скідаючы з каня пад Дамаскам) і сфарміраваў нешта зусім іншае – з ганіцеля маем Апостала народаў.

Калі сустракаемся з выпадкамі смерці людзей у нашым веку – незалежна ад таго, ці маем сорак, ці восемдзесят гадоў –  здараецца, задаём сабе пытанне: чаму яны адыйшлі, а мы жывём?

Можа, для таго, што Пан Бог нечага ад нас яшчэ хоча. Можа, хоча нешта ў нас выправіць, а можа, цалкам змяніць. Можа, прыйшоў час канкрэтна ўслухоўвацца, а не ў чарговы раз быць “размаўляючай глінай”.

Камень. Гэта ўжо значна цвярдзейшы матэрыял і значна цяжэйшы пры апрацоўцы. Не буду тут пісаць пра вытворчасць. Спынімся на скульптуры з граніту. Скульптурныя майстэрні звычайна пішуць на сваіх старонках у інтэрнэце, што граніт з’яўляецца дастаткова спецыфічным матэрыялам.Трэба прыкласці многа сіл і спрыту, каб атрымаць пажаданую форму. Але форма – гэта яшчэ не ўсё. Мала хто ведае аб тым, што такая  скульптура  з граніту павінна таксама выяўляць колер, фактуру і матэрыял, з якога выканана.

Вышэй гаварылі пра ганчара і гліну, а зараз крыху пра скульптуру з граніта.

Падобна, што сапраўдны мастак-скульптар у звычайным кавалку граніта бачыць форму “укрытай” у ім постаці. Іншымі словамі, мы бачым звычайны прамавугольны гранітны блок, а скульптар – Геркулеса, цара на троне, або дзяўчынку  з букетам кветак… Для яго гэта відавочна. Фігура “ў пастцы” мармуровай глыбы, “схаваная”. Дастаткова яе толькі дабыць і паказаць свету. Тое дабыванне  рэалізуецца праз адкідванне лішніх кавалкаў граніта. З дапамогай малатка і долата скульптар паступова і настойліва адбівае кавалак за кавалкам усё тое, што “засланяе” прыгажосць данай постаці.

Так з намі і Панам Богам. Нам здаецца, што сябе ведаем. Але гэтая праўда не да канца.  Вельмі часта бачым гранітны блок. Ведаем сябе з нашымі грахамі і слабасцямі (сябе іншых не ведаем!). Пан Бог бачыць усю нашу прыгажосць. Такімі, якімі павінны быць, – святымі.  Каб пазнаць сябе сапраўдных, вымушаныя  з Яго дапамогай,  кавалак за кавалкам адбіць з гэтага  блоку ўсё, што з’яўляецца грахом і недасканаласцю. Толькі тады ўбачым сябе вачыма Бога. Вялікі Пост – гэта час, калі варта прыпомніць сабе, што з’яўляемся глінай у руках Бога. Гэта таксама аказія, каб пазбыцца граху ці вады, каб “адсланіць” нас  сапраўдных. 

 

 

кс. Яцэк ДУБІЦКІ, СМ


 

 ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИKatechizis

 

 

 Равенство и различия  между людьми

 

1934

«Люди созданы по образу  единого Бога и наделены одинаковой разумной душой; у всех людей одна и та же природа и одно и то же происхождение. Они  искуплены  жертвой  Христа и все призваны участвовать в том же божественном блаженстве: значит, все обладают равным достоинством».

 

 1935

«Равенство между людьми касается  основным образом их личного достоинства и прав, из него вытекающих».

 1936

 

«Появляясь на свет, человек не обладает всем, что необходимо для его жизненного развития, материального и духовного. Он нуждается в других людях. Возникают различия, вызванные возрастом, физическими способностями, нравственными  и интеллектуальными возможностями, обменом с другими людьми, который каждый мог бы использовать, и распределением богатств. «Таланты» не распределяются одинаково».


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий