Жыццё вечнае – гэта мэта жыцця кожнага хрысціяніна. Мэта, якую трэба паставіць вышэй за усё, таму перакананы, што многія з вас часта задаюць сабе і Езусу гэтае пытанне: што мне рабіць, каб атрымаць жыццё вечнае?
Якімі мы насамрэч з’яўляемся і што для нас важна, мы даведваемся, гледзячы на нашу рэакцыю ў нечаканых і цяжкіх сітуацыях. Толькі тады праяўляюцца нашы страхі, якія не дазваляюць нам адважна прыняць тое, што прапаноўвае Бог. Аказваецца, што наша прывязанасць да зямных спраў значна большая, чым мы сабе ўяўляем.
Шчыра кажучы, такія прывязанасці перашкаджаюць або робяць немагчымым нашае збаўленне, якое патрабуе ад нас перамены светапогляду. З такой сітуацыяй сустрэўся чалавек з евангельскай гісторыі.
“І калі Езус выходзіў у дарогу, вось падбег да Яго адзін чалавек, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: «Настаўнік добры, што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?» Езус сказаў яму: «Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог. Ведаеш запаведзі: не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці». А той адказаў Яму: «Настаўнік, усё гэта я захоўваў з юнацтва майго». Езус паглядзеў на яго з любоўю і сказаў: «Табе не хапае аднаго: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Потым прыходзь і ідзі за Мною». А ён засмуціўся ад гэтых слоў і адышоў маркотны, бо меў вялікую маёмасць” (Мк 10,17-22).
Езус працягваў свой шлях у Ерузалем, дзе Яму трэба будзе заплаціць за выратаванне чалавецтва. Падчас гэтага шляху і адбылося Яго спатканне з чалавекам, якога Мацвей называе юнаком, Лука гаворыць, што ён быў начальнікам, а Марк адзначае, што ён быў багаты. Гэта інфармацыя вельмі цікавая, можна сказаць, што чалавек мае ўсё для шчаслівага жыцця (маладосць, багацце, сацыяльны статус), але не мае самага важнага – жыцця вечнага, і яго гэта вельмі турбуе.
Пытанне гэтага юнака можна прадставіць іншымі словамі: “Якімі справамі можна заслужыць жыццё вечнае?”. Яго рэлігійныя погляды абапіраліся на перакананне, што жыццё вечнае можна атрымаць праз выкананне добрых спраў. На жаль, многія хрысціяне маюць падобнае меркаванне. У гомельскім касцёле, дзе я служу, у адным памяшканні ёсць вітраж з дзіўнай выявай. На ёй можна ўбачыць пальму, а на яе версе знаходзіцца… лангуст! Гэты вобраз у форме мазаікі можна ўбачыць у адной з першых хрысціянскіх катэдраў у італьянскай Акуйлеі. Лангуст – гэта вялікі марскі рак без клюшняў. Ён жыве выключна на дне мора, дзе пануе цемра, холад, і ніколі не выходзіць на бераг. Якім чынам ён мог апынуцца на верхавіне пальмы? Справа ў тым, што гэты нетыповы абраз знаходзіцца ў месцы, якое раней выкарыстоўвалася для катэхуменаў, якія рыхтаваліся да сакрамэнту Хросту. Мазаіка дапамагала асабліва тым, хто не зусім разумеў хрысціянскую навуку, якую ім абвяшчалі. Гледзячы на гэты вобраз, яны маглі параўнаць сваё жыццё з жыццём гэтага лангуста, жыццём у цемры, холадзе, як на дне мора. Аднак пасля прыняцця Хросту і ўваходу на хрысціянскую дарогу, калі яны пачнуць давяраць Богу і ісці за Ім, то стануць як лангуст на пальме, узнятыя ўверх, да сонца, да цяпла, да шчасця, будуць у месцы, да якога б самі ніколі не дабраліся. Гэты вобраз цудоўна адлюстроўвае праўду, што толькі ўласнымі сіламі збаўленне заслужыць немагчыма. Бэнэдыкт XVI у энцыкліцы “Spe salvi” піша: “Валадарства Божае – гэта дар, і менавіта таму яно вялікае і цудоўнае і дае адказ на надзею. І таму мы не можам, ужываючы класічную тэрміналогію, “заслужыць” сабе неба сваімі справамі. Яно заўсёды з’яўляецца нечым большым, чым тое, што мы заслужылі, таксама як немагчыма “заслужыць” любоў, гэта заўсёды – дар. Аднак, пры ўсёй свядомасці вялікай вартасці, якую мае неба, правільным застаецца і тое, што нашыя дзеянні неабыякавыя для Бога”. Знакам таго, што нашыя ўчынкі ўсё ж маюць вартасць, з’яўляюцца словы Езуса: “не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці”.
Езус спаслаўся на запаведзі, якія паказваюць адносіны да бліжняга, акурат на тыя, якія, як думаў юнак, ён выконвае бездакорна. Так яно і было. “Усё гэта я захоўваў з юнацтва майго”. Чаму ж тады ён задаў гэтае пытанне? Нягледзячы на тое, што юнак выконваў усе запаведзі, ён не адчуваў сябе задаволеным. Сёння многія людзі адказалі б, што гэтыя запаведзі больш неактуальныя, і што жыццё вечнае – гэта проста фантазія. І яны ў яшчэ горшым становішчы, чым гэты малады начальнік. Ён лічыў, што яго жыццё было ўзорным, часам я гэта чую ад некаторых людзей, перакананых у сваёй справядлівасці, аднак часцей за ўсё гэта перакананасць з’яўляецца вынікам няведання духоўнай прыроды Божага закона і яго шырыні.
Юнак спадабаўся Езусу, і Ён скіроўвае ўвагу на яго вялікі недахоп. Езус прапаноўвае яму прадаць усё, что ён мае, і раздаць бедным. Толькі ў гэтым выпадку ён атрымае сапраўдную свабоду і вызваліць сябе ад багацця, якое палюбіў больш, чым Бога. Св. Аўгусцін піша: “Першая свобода ў тым, каб не здзяйсняць злачынствы (…) такія як забойства, чужаложства, распуста, крадзеж, падман, святатацтва і тым падобныя. Калі чалавек пачынае пазбягаць гэтых злачынстваў (а не павінен іх рабіць ніводзін хрысціянін), ён пачынае паднімаць позірк да свабоды, але гэта толькі пачатак свабоды, а не дасканалая свабода”. Але не толькі гэта прапаноўвае юнаку Езус, пасля вызвалення ад ідала яму трэба вярнуцца і пайсці за Ім, такую прапанову Ён рабіў далёка не кожнаму.
Цана аказалася занадта высокай для багатага юнака. Яго любоў да багацця і адмова раздаць яго, каб ісці за Езусам, паказваюць, што ён не быў гатовы прыняць слова Хрыста і фактычна парушаў самую вялікую запаведзь закона “Палюбі Пана, Бога Твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёй душою сваёй, і ўсёй моцаю сваёй”, палюбіўшы больш сябе і свае каштоўнасці. Хоць і без добрых спраў жыцця вечнага не дасягнуць, аднак, адныя толькі справы выканання закона без любові да Бога і гатоўнасці адрачыся ад сябе дзеля Яго не дапамогуць дасягнуць жыцця вечнага.
Пасля адыходу юнака Езус звяртаецца да сваіх вучняў са словамі: “Як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае”. Пры гэтым Езус тлумачыць, што небяспека паходзіць не ад самога факта валодання багаццем, а ад таго, што чалавек спадзяецца на яго, чэрпае ад яго ўпэўненасць, чакае ад яго абароны і забеспячэння, карацей кажучы, багацце становіцца на месца Бога. Тыя, хто так адносіцца да сваіх матэрыяльных каштоўнасцей, ніколі не ацэніць Хрыста і яго ласкі.
Жыццё вечнае – гэта мэта жыцця кожнага хрысціяніна. Мэта, якую трэба паставіць вышэй за усё, таму спадзяюся, што многія з вас часта задаюць сабе і Езусу гэтае пытанне: што мне рабіць, каб атрымаць жыццё вечнае? Перш за ўсё трэба паклапаціцца, каб ніхто і нішто не стаяла паміж намі і Езусам. Матэрыяльная забяспечанасць – найбольш часты наш ідал і перашкода, аднак ёсць шмат іншых пастак, таму варта сачыць за сваім духоўным станам, назіраючы, што мне не дазваляе наблізіцца да Бога. Варта пастаянна абуджаць у сабе жаданне служыць Богу, быць гатовым ахвяраваць усё дзеля Яго і слухаць Яго, бо Езус не толькі адкрыў нам неба, але і паказвае нам шлях да яго.
кс. Юрый ВАРАНКО.
ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИ
«Да придет Царствие Твое»
2820
«Рассуждая по Духу, христиане должны отличать возрастание Царства Божиего от общественного и культурного прогресса, в котором они участвуют. Это различие – не разделение. Призвание человека к вечной жизни не отвергает, а усиливает его долг использовать силы и средства, полученные от Творца, чтобы служить на земле справедливости и миру».
2821
«Это прошение возносится и исполняется в молитве Иисуса, присутствующей и действенной в Евхаристии; оно приносит плод в новой жизни по Заповедям Блаженства «.