Месяц май асаблівым чынам прысвечаны ўшанаванню Маці Божай, у сувязі з чым на працягу месяца адбываюцца Маёвыя набажэнствы, цэнтральнай часткай якіх з’яўляецца адна з найпрыгажэйшых Марыйных малітваў – Ларэтанская літанія.
Гісторыя маёвых набажэнстваў пачалася яшчэ ў далёкім V стагоддзі. Тады ў Егіпце хрысціяне копты збіраліся ў маі на працягу ўсяго месяца і спявалі песні ў гонар Марыі. На Захадзе ж яшчэ ў І стагоддзі ў некаторых мясцовасцях май лічыўся месяцам Марыі. І паступова ўзнікла прапанова прысвяціць гэты месяц Божай Маці. Некаторыя звароты да Марыі раней прысутнічалі ў літаніі да Усіх Святых. З часам да гэтых просьбаў былі дададзены іншыя тытулы Маці Божай і ў канчатковым выніку з’явілася новая, такая папулярная сёння малітва – Ларэтанская літанія.
Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі атрымала сваю назву ад прыморскага горада Ларэта, дзе знаходзіцца самы вядомы ў Італіі Марыйны санктуарый. Назва «Ларэтанская літанія» ўпершыню сустракаецца ў 1575 г., калі рэгент санктуарыя ў Ларэта Кастанцо Порта склаў першае вядомае музычнае афармленне гэтай малітвы на восем галасоў. Неўзабаве пасля гэтага Папа Сікст V ў сваёй буле Redituri заахвоціў католікаў выкарыстоўваць літанію да Панны Марыі і спяваць яе, даючы магчымасць кожнаму, хто ёю памоліцца, атрымаць адпуст.
Ларэтанская літанія была вельмі папулярная сярод вернікаў і карысталася вялікай пашанай у Касцёле. Таму калі Папа Клімэнт VIII у 1601 г. забараніў мноства падобных малітваў у сувязі са шматлікімі памылкамі, якія ў іх утрымліваліся, гэта не датычылася літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі і літаніі да Усіх Святых.
У 1572 г. у Фларэнцыі з’явілася першая друкаваная версія Ларэтанскай літаніі, якая складалася з 43-х заклікаў. Да канца ХVI стагоддзя яна была перадрукавана яшчэ па меншай меры 20 разоў, што сведчыць пра вялізную папулярнасць гэтай Марыйнай малітвы.
З 1631 г. Святы Пасад забараніў уносіць любыя змены ў Ларэтанскую літанію без асаблівага дазволу. Тым не менш гэтая малітва развівалася і ўзбагачалася новымі заклікамі, што адлюстроўвалі гісторыю паўсюднага Касцёла і апеку Найсвяцейшай Панны Марыі ў ім. Афіцыйна ў Ларэтанскую літанію былі дададзены наступныя заклікі:
«Успамога хрысціянаў» – заклік дададзены Папам Піем V у 1571 г. пасля перамогі над туркамі пад Лепанта, што спыніла наступ ісламу ў Еўропе. «Каралева, без граху першароднага зачатая» – заклік дададзены Папам Піем IX у 1854 г. за дзень да абвяшчэння дагмату аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. Леў XIII увёў заклікі «Каралева Ружанца святога»ў 1883 г. і «Мацi добрай рады» ў 1903 г. Заклік «Каралева супакою» ўвёў Бэнэдыкт XV у вельмі неспакойным 1917 годзе, калі ў Фаціме адбываліся славутыя аб’яўленні Панны Марыі. Пій XII увёў заклік «Каралева ўнебаўзятая» ў 1950 г. у сувязі з абвяшчэннем дагмату аб Унебаўзяцці Найсвяцейшай Панны Марыі. «Мацi Касцёла» – тытул, нададзены Марыі Паўлам VI падчас Другога Ватыканскага Сабору. Менавіта гэты тытул у 1980 г. Папа Ян Павел II дазволіў Канферэнцыям Біскупаў далучаць да літаніі ў сваіх краінах. Таксама Св. Яну Паўлу ІІ мы ўдзячныя за тытул «Каралева сем’яў» у 1995 г.
З 1 мая 2018 г., паводле рашэння каталіцкіх біскупаў Беларусі, пасля закліку «Каралева супакою» мы ўжываем заклік «Каралева Беларусі».
З 20 чэрвеня 2020 г., ва ўспамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў лацінскую версію Літаніі, якая з’яўляецца ўзорам для ўсяго Касцёла, пасля закліку “Маці Касцёла” дадаецца зварот Mater misericordiае, пасля закліку “Маці ласкі Божай” – зварот Mater spei, пасля закліку “Прытулак грэшных” – зварот Solacium migrantium. Аб гэтым паведаміла Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў у адпаведным лісце да старшыняў нацыянальных Канферэнцый Біскупаў.
Вось што азначаюць некаторыя заклікі.
Сталіца мудрасці, маліся за нас! На іконе Марыі сталіцы мудрасці мы бачым Багародзіцу, перад якой стаіць Хрыстус-падлетак і трымае Святое Пісанне. Першае, што нам трэба зразумець, што Марыя чэрпала мудрасць ад свайго Сына, калі насіла Яго ва ўлонні, а потым захоўвала Яго словы ў сваім сэрцы. Але што гэта за мудрасць? Гэта геніяльная мудрасць Евангелля, тлумачыць Св. Павел. Апостал кажа, што мудрасць Евангелля — гэта мудрасць крыжа, мудрасць, дзякуючы якой можна пераадолець цяжкасці, вытрываць тое, што чалавеку вытрываць проста немагчыма. І калі мы кажам пра Марыю як пра Сталіцу мудрасці, то ўшаноўваем Яе як тую, якая прайшла ў сваім жыцці праз усе выпрабаванні, не адводзячы вачэй ад Бога, крыніцы мудрасці, і дзякуючы гэтаму не страціла надзею там, дзе, здавалася б, надзеі ўжо няма.
Вежа Давідава, маліся за нас! Кароль Давід на адным з пагоркаў Ерузалема, там, дзе стаяў яго палац, пабудаваў вежу, якая павінна была абараняць горад і ўмацоўваць яго межы. Марыя, дзякуючы таму, што ў Ёй здзейснілася, таксама можа стаць крэпасцю, умацаванаю вежаю, якая здольная абараніць Новы Ерузалем. Яе муры пабудаваныя на адносінах з Богам. Усё, што мае Марыя, Яна мае ад Пана Езуса. Усё, што Яна можа раздаць, чым можа паблагаславіць, Марыя мае ад Бога. Касцёл бачыць у Багародзіцы сваю вежу, якая непахісна стаіць на Божым падмурку: прыняўшы ва ўсёй паўнаце дар чысціні сэрца, Марыя можа ўсцерагчы ад зла і нас.
У Песні песняў чытаем: «Як вежа Давідава — шыя твая, пабудаваная з умацаваннямі, тысяча шчытоў павешана на ёй, усё зброя моцных» (гл. Пп 4, 4). Гэтыя сімвалы ўжываюцца ў кантэксце любові паміж дзвюма душамі. Звяртаючыся да Багародзіцы словамі «Вежа Давідава», мы як бы кажам: «Марыя, Ты дазволіла Богу палюбіць Цябе, дазволіла Яго любові напоўніць Цябе». Хрыстус таксама з любоўю глядзіць і на нас, параўноўваючы кожнага з вежаю Давідавай, якую Ён сам умацоўвае і падтрымлівае.
Брама нябесная. Першая думка, якая, напэўна, узнікае, калі мы называем Марыю Брамаю неба, дастаткова зразумелая: мы можам уявіць унутраны горад, што сімвалізуе неба, і знешні — наш свет. Марыя стала «Брамаю неба», бо менавіта праз Яе Бог у чалавечым целе прыйшоў на гэты свет. Аднак варта паразважаць над гэтым заклікам у святле гісторыі біблійных часоў. У археалагічных і гістарычных даследваннях адзначаецца, што брама ў старажытныя часы была адным з найважнейшых месцаў у горадзе. Калі ворагі атакавалі горад, то першым і найважнейшым пунктам, які яны хацелі захапіць, была менавіта брама, што адкрывала доступ да горада. Марыя як Брама — гэта тая, у якой усё адбываецца: Яна стала месцам супольнага жыцця і правасуддзя, абаронаю ад атакаў злога. Гэта жанчына стала незвычайным месцам сустрэчы Бога з чалавекам. Найперш Яна сама для сябе стала Брамаю, дзе сустракалася з Богам, і такою Брамаю Яна стала для кожнага чалавека. Марыя стала цэнтрам, у якім бурліць Божае жыццё. Нам трэба вучыцца ад Яе быць для сябе і бліжніх тою духоўнаю брамаю, дзе іншы чалавек можа сустрэцца з Богам, спазнаць любоў, падтрымку і прабачэнне.
Кс. Алег ГРЫГАРОВІЧ, SAC
ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИ
Почитание Пресвятой Девы
971
«Отныне будут ублажать Меня все роды (Лк 1, 48): «Благоговение Церкви перед Пресвятой Девой внутренне присуще христианской религии». Пресвятая Дева «с полным основанием прославляется Церковью особым почитанием. И доподлинно, с древнейших времен Преблагословенная Дева почитается наименованием «Богоматери», под покровительством Которой ищут убежища верующие, моля Ее о помощи во всех опасностях и нуждах. (…) Это почитание (…), хотя и совершенно исключительное, тем не менее существенно отличается от поклонения, которое воздается воплощенному Слову, равно как Отцу и Духу Святому, и в высшей степени способно послужить ему»; оно находит свое выражение в литургических праздниках, посвященных Богоматери, и в богородичной молитве, например, в молитве Святого Розария, «сжатом изложении всего Евангелия»».