Марыя Магдалена

Маю ўвагу заўсёды прыцягваў момант першай сустрэчы Марыі Магдалены з Хрыстом Уваскрослым – яе роспач пасля таго, як яна ўбачыла магілу пустой, разгубленасць, слёзы, а потым – захапляючая дух радасць…

 

“Марыя стаяла каля магілы і плакала. Калі ж плакала, зазірнула ў магілу і ўбачыла двух анёлаў у белым адзенні, якія сядзелі адзін каля галавы, а другі каля ног, дзе ляжала цела Езуса. І яны сказалі ёй: «Жанчына, чаго ты плачаш?». Яна адказала ім: «За-бралі Пана майго, і не ведаю, дзе паклалі Яго». Калі гэта сказала, азірнулася і ўбачыла Езуса, які стаяў, але не ведала, што гэта Езус. Сказаў ёй Езус: «Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш?».  Яна, думаючы, што гэта садоўнік, сказала Яму: «Пане, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я забяру Яго». Езус сказаў ёй: «Марыя!». А яна азірнулася і сказала Яму па-габрэйску: «Раббуні!» (што азначае «Настаўнік!»). Сказаў ёй Езус: «Не затрымлівай Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца. Ідзі ж да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, да Бога Майго і Бога вашага». Пайшла Марыя Магдалена абвясціць вучням, што бачыла Пана і тое, што Ён сказаў ёй”(Ян, 20, 11-18).
Здзіўляе, што, нягледзячы на тое, што Марыя вельмі добра ведала Настаўніка, яна не пазнала Яго адразу. А што мы ведаем пра Марыю Магдалену?
Шчыра кажучы, аб Магдалене мы ведаем мала. Нарадзілася яна ў горадзе Магдала недалёка ад Капернаума на заходнім узбярэжжы Тыверыядскага возера ў Галілеі. Евангелле амаль нічога не кажа пра яе мінулае, і гэта далікатнае маўчанне Бібліі спара-дзіла ў коле даследчыкаў дзве версіі.
Першая група багасловаў, пераважна ўсходняя, схільная бачыць у Марыі адну з вылечаных Хрыстом жанчын, якая, пазбавіўшыся ад сваёй хваробы, кінула ўсё і рушыла ўслед за галілейскім Прапаведнікам. Евангелле коратка ўзгадвае, што Магдалена была апантаная – з яе Збаўца выгнаў сем дэманаў. “І былі з Ім Дванаццаць, а таксама некаторыя жанчыны, аздароўленыя ад злых духаў і хвароб: Марыя, называная Магдаленай, з якой выйшла сем злых духаў” (Лк 8,1-2). А што такое апантанасць? Гэта жудасны стан, калі чалавек у той ці іншай ступені знаходзіцца пад кантролем цёмных сіл. У сваім крайнім выразе апантанасць прыводзіць да поўнага падпарадкавання дэманскай волі, таму ўратаванне ад такой страшнай хваробы ўспрымаецца няшчасным чалавекам як другое нараджэнне на свет. Гэта вызваленне стала святам і для Марыі. Цалкам верагодна, што падзяка жанчыны Хрысту была настолькі вялікай, што яна вырашыла прысвяціць Пану ўсё сваё жыццё.
Другая, заходняя, група даследчыкаў атаясамлівае Магдалену з блудніцай, якую Хрыстос выратаваў ад збіцця камянямі і якая здзейсніла вельмі кранальны ўчынак – калі Езус абедаў ў аднаго з фарысеяў, яна прыпала да ног Ягоных, стала ліць на іх каштоўны духмяны алей, абмываць іх слязьмі і выціраць сваімі валасамі. Евангелле змяшчае тры згадкі аб гэтым эпізодзе. Прынамсі, адзін з іх прыпісваецца Марыі.
Але ўсё гэта – толькі версіі. Зразумела толькі адно – пасля сустрэчы з Хрыстом жыццё Марыі крута змянілася. Яна цалкам пакінула свой ранейшы лад жыцця, якім бы ён ні быў, і стала неразлучнай спадарожніцай Езуса, дапамагаючы Яму і Яго вучням. Уважлівае чытанне Евангелля паказвае, што яна не была адзінай вучаніцай Збаўцы – разам з Ім хадзілі яшчэ некалькі жанчын. Усе яны былі бліжэйшымі сваячкамі апосталаў, у чые абавязкі ўваходзіла ствараць элементарны мінімум бытавых выгод для членаў апостальскай супольнасці.“Было там таксама шмат жанчын, якія глядзелі здалёк і якія спадарожнічалі Езусу ад Галілеі, служачы Яму. Была сярод іх Марыя Магдалена і Марыя, маці Якуба і Юзафа, і маці сыноў Зэбэдэя” (Мц 27, 55-56).
У адрозненне ад большасці вучняў гэтыя жанчыны вучаніцы не разгубіліся ў крытычнай сітуацыі. Не спужаў іх раз’юшаны натоўп і магчымасць быць абвінавачанымі разам з Езусам, і таму яны спадарожнічаюць Яму на апошнім шляху на Галготу, а таксама з Янам Евангелістам і Божай Маці стаяць пад крыжам. Потым разам з Янам, Юзафам з Арыматэі і Нікадымам займаюцца пахаваннем. Нягледзячы на разгубленасць апосталаў, іх прыгнечанасць і няўпэўненасць у будучыні, жанчыны, а з імі і Марыя Магдалена, служаць свайму ўжо мёртваму Настаўніку, хоць, здаецца, таксама не вераць ва Ўваскрасенне Хрыста. Гэтае жаданне служыць вядзе іх да гробу Пана ў нядзельны паранак. Пахаванне адбывалася ў спешцы, і яны не паспелі намасціць цела Езуса пахучым алеем, цяпер ім трэба гэта зрабіць. Ідучы да гробу яшчэ перад світаннем, яны не задумваюцца, навошта гэта цяпер, яны нават не задумваюцца, хто адсуне ім цяжкі камень пры ўваходзе, любоў падштурхоўвае іх да выканання гэтай паслугі. За гэта яны атрымалі цудоўную ўзнагароду, першымі пачулі самую прыгожую навіну аб тым, што Езус уваскрос і першымі расказалі аб гэтым.
А што Марыя Магдалена? Хоць яна і бачыць знешнія прыкметы Ўваскрасення Езуса (пустую ма-гілу і анёлаў), але не можа пакуль нават дапусціць думку, што Ён ажыў. Засяроджаная на сваім горы з-за смерці Хрыста, яна шукае суцяшэння ў прысутнасці Яго мёртвага цела. Але і гэта суцяшэнне забралі ў яе. Факт смерці Езуса настолькі трывала замацаваўся ў памяці Марыі Магдалены, што ніхто і нішто не можа прымусіць яе падумаць інакш. Яна забыла словы Езуса, які  шмат  разоў  прадказваў  сваё  Ўваскрасенне, у гэты момант Марыя думае пра сябе, пра свае ўяўленні таго, што хацела перажыць каля магілы. Паколькі яна  не  змагла  зразумець дадзеных ёй знакаў Уваскрасення, сам  Езус  прыходзіць  да  яе. Але  яе асляпленне  смуткам і  жаданне знайсці мёртвае цела Езуса было настолькі вялікім, што яна не пазнала Яго. Хрыстос задае пытанні: «Жанчына, чаго  ты  плачаш?  Каго  шукаеш? «. Ён  хоча  дапамагчы ёй адарвацца ад канцэнтрацыі на мёртвым целе і накіраваць яе.
Сканцэнтраванасць выключна на сваім болі прыводзіць да таго, што Марыя Магдаліна траціць пачуццё рэальнасці: думае, што гэта садоўнік і што гэта ён забраў цела, хоць у гэтым няма ніякай логікі, а таксама выказвае жаданне забраць цела, хоць гэта было б фізічна немагчыма зрабіць жанчыне.
На жаль, падобныя сітуацыі адбываюцца і з намі, калі мы засяроджваем увагу толькі на сабе і на сваіх перажываннях, калі самі плануем, як павінна адбыцца наша сустрэча з Езусам, што падчас яе мы павінны адчуваць, якім чынам Бог павінен вырашыць нашы праблемы. Плачам, бо нашыя духоўныя пажаданні не здзяйсняюцца. Вельмі важна, каб мы маглі адарвацца ад сваіх уласных ілюзій і адкрыцца на рэальную прысутнасць Бога ў нашым жыцці, каб мы дазволілі Богу здзівіць нас  новымі спосабамі Яго аб’яўлення ў нашым  жыцці.
Варта заўважыць і тое, што Марыя Магдалена не была ў стане пазнаць Езуса без Яго дапамогі. Так, у пазнанні Езуса абавязковай з’яўляецца Яго ініцыятыва. Аднаго Яго слова – Марыя – дастаткова, каб адкрыліся яе вочы і ў садоўніку яна пазнала Ўваскрослага. Адно слова Езуса ўсё змяняе, гора Марыі змяняецца невыказнай радасцю. Адно слова Хрыста можа абудзіць нас, вылячыць, выратаваць. Адно слова можа адкрыць нам вочы, каб даць нам новае жыццё. Варта  прыслухацца!

 

 

кс. Юрый  ВАРАНКО.


 ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИKatechizis

 

Явления Воскресшего

 

641
«Мария Магдалина и другие жены-мироносицы, которые пришли, чтобы закончить помазание тела Иисусова,  поспешно погребенного ввиду того,  что вечером  Страстной Пятницы наступал праздник субботы, были первыми, кто   встретил  Воскресшего.  Поэтому  жены-мироносицы первыми принесли весть  о   Воскресении Христовом  самим   апостолам (Лк 24, 9-10). Затем Иисус явился апостолам – сначала Петру, потом двенадцати. Петр, призванный  укреплять  веру своих братьев, видит Воскресшего раньше, чем они, и на основе  его   свидетельства  община восклицает: «Господь истинно воскрес и явился Симону» (Лк 24,34).


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий