У сучасным свеце варта перад тым, як размаўляць на тэму моцы малітвы, вызначыцца, а што людзі разумеюць пад словам “малітва”. Мешаніна і падмена паняццяў часта вядуць да таго, што ў свядомасці многіх, нават веруючых, малітву разумеюць як нейкую магічную формулу для маніпулявання рэчаіснасцю альбо пэўны праўны абавязак, неспаўненне якога вядзе да пакарання. Яшчэ часцей акцэнтуецца адзін з аспектаў малітвы, які чалавек прымае за цэласнасць. А гэта мала што мае з сапраўднай малітвай.
Чым жа насамрэч ёсць малітва?
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла дае на акрэсленне малітвы такія паняцці як адносіны, сувязь, саюз з Богам (пар. ККК 2558-2565). Малітва можа называцца малітвай толькі ў аднясенні да Кагосьці, а таму можам сцвярджаць, што яна пачынаецца са спаткання, у спатканні рэалізуецца. Без спаткання з Богам малітва губляе свой сэнс.
І вось, выходзячы ад гэтага, варта памятаць, што ў кожным спатканні рэалізуюцца пэўныя рэчаіснасці. Па-першае – гэта пазнаванне, праўда, якую пры сустрэчы мы адкрываем аб іншай асобе і, у той жа час, пазнаем, кім мы самі з’яўляемся ў адносінах да гэтай асобы. Па-другое – гэта стварэнне ў жыцці прасторы, месца, часу для развіцця адносінаў з іншай асобай. І па-трэцяе – спатканне, гэта верыфікацыя, спраўджванне таго, што мы зробім з адносінамі, якія ўжо існуюць. Ці будзем рэалізоўваць сваю волю, спрабуючы маніпуляваць іншай асобай, перарабляць яе пад сябе. Ці можа прымем рашэнне будаваць адносіны на сапраўднай свабодзе, на прыняцці ў вольнасці іншай асобы, нават адрознай ад таго, што б мы хацелі бачыць. Коратка затрымаемся над гэтымі трыма вымярэннямі, якія, так як і ў кожным спатканні, прысутнічаюць у малітве.
Вымярэнні гэтыя не ідуць адно за адным этапамі, але прысутнічаюць адначасова ў спатканні. У сапраўднай малітве мы пазнаем Бога, Яго дзеянне ў нашым жыцці, Яго волю адносна нас. У той жа час адкрываем тое, што ўнутры нас нараджаецца ў дачыненні да Бога, пазнаючы такім чынам праўду аб сабе. Таксама на малітве мы ствараем для Бога прастору ў нашым жыцці, дазваляем Яму дзейнічаць у тым, да чаго маем дачыненне. Але і прымаем удзел у Яго існаванні, у тым, Кім Ён ёсць. І, нарэшце, мы адкрываем: якую вольнасць дае нам Бог у адносінах з Сабою – не маніпулюючы і не змушаючы. Чым больш Яго пазнаем, тым больш можам убачыць, што з боку Бога гэтыя адносіны не знявольваюць. І тут добры час, каб паглядзець на іх са свайго боку. Ці гатовыя мы даць Богу вольнасць у нашых з Ім адносінах? Ці не намагаемся Яго “фармаваць” на свой вобраз і падабенства, ці не спрабуем толькі атрымаць “карысць” ці стварыць гандлёвую сістэму альбо шукаем спосабаў маніпуляваць?
І вось кожныя здаровыя адносіны нараджаюць давер. Давер, які заключаецца ў веданні адно аднаго, ў гатоўнасці ствараць прастору для спаткання – ахвяравання свайго часу і сіл адно да аднаго, у непрысвойванні сабе вольнасці іншай асобы, але пакіданні поўні свабоды адно аднаму. І вось тут мы падыходзім да зразумення моцы малітвы.
“Шмат можа шчырая малітва справядлівага”, – сцвярджае апостал Якуб (Як 5,16), даючы нам як прыклад прарока Іллю. Можам, перафразуючы, сказаць, што “малітва чалавека, сэрца якога правае перад Богам, можа чыніць цуды.” Наогул у 5 раздзеле гэтага паслання Ілля паказвае дзейснасць, моц малітвы. А каб у нас не ўзнікала думка, што Ілля быў больш выключны, чым мы, то апостал Якуб прыгадвае пра тое, што Ілля – такі самы слабы чалавек, як і мы. І ён паддаваўся слабасцям, адчаю, сумненням. Юдэйская традыцыя бачыла ў гісторыі гэтага прарока такую моц малітвы, што яе было дастаткова для таго, каб больш за тры гады дождж не падаў на зямлю, а пасля малітва становіцца тым, дзякуючы чаму Бог спасылае яго спрагнёнай зямлі (пар. 1 Вал 17-18). Але гэтая моц, паўтараюся, не ішла ад выключнасці чалавека, але ад шчырасці яго сэрца перад Богам і ад моцных адносінаў з Панам. Калі разумець пад справядлівасцю і праведнасцю чалавека дасканаласць яго маральнасці і захавання, то можна пабудаваць “малітву” на самадастатковасці і зайсці ў тупік. Менавіта таму як вобраз маем Іллю, чалавека “падобнага нам”, які мог быць на высокім узроўні веры і вернасці, а потым раптам быў ахоплены адчаем і смуткам. Мог быць мужным і рашучым, а пасля, перад абліччам небяспекі, уцякаць, ратуючы жыццё. Ён быў “звычайным” чалавекам, але меў сапраўдныя і моцныя адносіны з Богам. І гэтыя адносіны і яго вера садзейнічалі ўсім яго справам, гэта была ягоная “справядлівасць.”
Стаць справядлівым – гэта, па сутнасці, аднаўляць у сабе вобраз Бога. Дазволіць, каб “Хрыстус жыў ува мне.” У любых абставінах і сітуацыях ведаць, што адносіны не палягаюць на знешніх фактарах, але залежаць ад выбару, волі і даверу. Нягледзячы на пазітыўныя ці негатыўныя ўмовы, захоўваць адносіны, знаходзячы на іх час і прысвячаючы сілы.
Юдэі верылі, што ў малітве можна непасрэдна ўзаемадзейнічаць з моцай Бога, праз малітву гэтая моц і ласка мае прамы ўплыў на тыя сферы жыцця, з якімі ўзаемадзейнічаем мы. Бог не толькі стварыў сусвет добрым, але і пасля таго, што знішчыў ці сапсаваў грэх, хоча аднавіць усё ў добрым. І праз нашую добрую волю дазволіць яму дзейнічаць у нашых сферах уплыву, Ён гэта робіць. Часам не так, як зрабілі б мы, маючы такую моц і ўладу, часам з не зразумелай для нас логікай, але на гэтым і палягае давер, калі мы ўсё ж аддаём Яму права вырашаць і дзейнічаць.
Найчасцей мы хацелі б маліцца за сваіх блізкіх, знаёмых, свой Край, аб пэўных з’явах і працэсах у нашым жыцці і асяроддзі. І сапраўдная малітва – гэта не выкарыстанне Бога для спаўнення ўласнай волі, але павольны працэс, калі мы ўсё ў большай меры дазваляем Богу мець праз нас усё большы ўплыў на гэтыя рэчаіснасці. Усё больш становячыся часткаю нашага жыцця, Бог пачынае дзейнічаць ва ўсім, чаго гэтае жыццё датычыць. Бог можа чыніць надзвычайныя цуды, але мае права дзейнічаць і звычайна, калі хоча.
Гэта Бог зачыніў і адчыніў нябёсы, спыніў і спаслаў дождж. Ілля моліцца аб тым, у чым распазнае Яго Волю. Найчасцей мы не маем улады змяніць жыццё іншага чалавека, сваё здароўе, сітуацыю. І тады звяртаемся да Таго, хто мае поўню моцы і ўлады. Выяўляем Яму ўсё, што важнае для нашага сэрца, што мае для нас значэнне, і запрашаем Яго стаць дзейснай часткай гэтай рэчаіснасці. Не таму, што Ён не ведае, але і каб спраўдзіць, што гэта сапраўды важна для нас. Калі мы молімся пару дзён, а пасля, не атрымаўшы, забываемся і пераключаемся на іншае – то ці было гэта для нас сапраўднай каштоўнасцю? Ці сапраўды гэта было нашай патрэбай, а не дзіцячым “хачу”? У адносінах, каб знайсці праўду, на якой можна будаваць штосьці сталае, трэба размаўляць. Сцвярджаць, пытацца, слухаць, бараніць меркаванне і прызнаваць памылкі, дзякаваць і перапрашаць, прасіць растлумачыць, сумнявацца і прымаць на веру. Малітва – гэта не штосьці мёртвае. Яна – жывая, дынамічная, яна кідае выклік штодзённа, выклік, на які трэба адказаць.
бр. Андрэй БАГДАНОВІЧ, OFMCap
ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИ
«Отче!»
2779
«Прежде чем сделать «своим» этот первый порыв Молитвы Господней, не лишне очистить со смирением наше сердце от некоторых лживых образов «мира сего». Смирение помогает нам признать, что «Отца не знает никто, кроме Сына, и кому Сын хочет открыть «, то есть «младенцам» (Мф 11, 25-27). Очищение сердца касается образов отца или матери, порожденных личной и культурной историей и влияющих на наше отношение к Богу. Бог, Отец наш, превосходит категории тварного мира. Переносить на Него (или применять против Него) наши идеи в этой области – значит творить кумиров, чтобы поклоняться им или повергать их. Молиться Отцу означает входить в Его тайну – какой Он есть и каким открыл нам Его Сын.
Выражение «Бог Отец» никому никогда не было открыто. Когда сам Моисей спросил у Бога, Кто Он, он услышал другое имя. Нам это имя открылось в Сыне, ибо оно означает новое имя: Отец«.