Нараджэнне Багародзіцы

“Прыйдзіце, верныя, пойдзем да Дзевы, бо вось родзіцца прадказаная Маці Бога нашага з кораня Ясеевага, скарбніца дзявоцтва, жэзл Аарона, прароцкае прапаведаванне, парастак Якіма і Ганны. Ейным нараджэннем свет абнаўляецца і Касцёл красуецца.

Яна – хорам святы і скарбніца Боства, дзявочы посуд, палата Уладара, у якой здзейснілася невыказная тайна злучэння аб’яднаных у Хрысце дзвюх прыродаў”.

 

 

Такімі словамі Касцёл апявае падзею Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы, Божай Маці. Гэтае свята сваім зместам і сутнасцю ўводзіць нас у таямніцу нашага жыцця і Збаўлення. Нараджэнне Марыі стала важнай радаснай падзеяй у гісторыі дачыненняў Бога з чалавецтвам, бо яно прадвяшчала найвялікшую і найбольш радасную падзею – хуткі прыход Месіі, ажыццяўленне старазапаветных прароцтваў. Нараджэнне Дзевы Марыі называюць променем надзеі для чалавецтва, якім паведамлялася пра прыход вялікага святла для свету – Езуса Хрыста. Менавіта Нараджэнне Багаро-дзіцы было важным крокам Бога па ажыццяўленню плана адкуплення чалавечага роду.

Касцёл звычайна адмаўляецца святкаваць нараджэнне нават найвялікшых святых, якія ў хвіліну нараджэння яшчэ застаюцца закранутымі першародным грахом. Адзінае выключэнне складае Хрыстовы Прадвеснік Ян, які, паводле вучэння святых Айцоў Касцёла, быў вызвалены ад першароднага граху дзеля заступніцтва Маці Божай, калі яна наведала яго маці Елізавету, пакуль Ян яшчэ не нарадзіўся (Лк 1, 41). Робіць Касцёл так таму, што ніхто не ведае, што будзе з нованароджанага дзіцяці, пакуль яно не падрасце і ўласным жыццём не дакажа, чаго яно вартае ў вачах Бога. З  Дзевай Марыяй было інакш, Яна з’явілася на свет цалкам беззаганнай, таму што была вызваленая ад першароднага граху ў момант свайго зачацця, паколькі Бог абраў Яе на Маці Свайго Сына Езуса.

Нараджэнне Найсвяцейшай Дзевы Марыі называецца “дзіўным цудам”, таму што “Марыя Божым хараством заззяла больш за ўсіх людзей”. Гэты цуд падвойны, таму што нарадзіла тая, якая была бясплодная, – святая Ганна, а таксама споўнілася даўняе абяцанне Пана Бога ў раі – з’явілася на свет жанчына, Сын якой раздавіць галаву змею,  г. зн. д’яблу (пар. Быц  3, 15).

Нараджэнне Найсвяцейшай Панны Марыі з’яўляецца адным з самых старадаўніх Марыйных святаў у Хрыстовым Касцёле. Святое Пісанне не ўспамінае нідзе пра нараджэнне Марыі. Традыцыя перадае, што Яе бацькамі былі святыя Ганна і Яўхім, які паходзіў з роду караля Давіда, і Ганна – з роду першасвятароў. Дзяцей у іх не было, але нават у пажылым узросце яны не гублялі надзеі  і  маліліся Богу, просячы аб дараванні ім дзіцяці. Іх малітвы былі пачуты:  анёл абвясціў ім аб хуткім нара-джэнні ў іх дачкі Марыі.

Першыя згадкі пра літургічнае святкаванне нараджэння Марыі паходзіць з VI ст. Свята паўстала праўдападобна ў Сірыі, калі пасля Эфескага Сабору Марыйны культ набраў у Касцёле рашаючую сілу. Увядзенне гэтага свята прыпісваецца Папе св. Сергію I у 688 г. Было прынята святкаваць гэтае свята 8 верасня і гэтую дату Касцёл пераняў з Усходу. А раней на 9 месяцаў, г.зн. 8 снежня мы адзначаем урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Найсвятая Багародзіца нарадзілася не толькі для таго, каб стаць маці Збавіцеля чалавецтва, але і каб стаць маці ўсяму Божаму стварэнню. Нявіннае дзіця прыйшло ў свет, дзе святое апаганьвалася, храмы напаўняліся бязглуздымі ідаламі, пекла было населенае чалавечымі душамі, у свеце панавала пакланенне д’яблу, так што можна было сказаць, што пекла зрабілася месцазнаходжаннем людзей, а зямля ператварылася ў царства дэманаў. Законам зрабілася свавольства кожнага, і богам – чэрава; свет страціў ранейшую прыгажосць і стаў сумным відовішчам, відовішчам, дзе распарадчыкам быў д’ябал, гледачом – Бог, прадметам ганьбы – род чалавечы. У такую цёмную ноч граху былі пагружаныя людзі, настолькі ж аддаленыя ад святла, наколькі пазбаўленыя Боскай ласкі.

У гэты свет Божым Провідам прыходзіць Найчысцейшая Дзева, Якая ззяе, нібы заранка, пры светлым з’яўленні Якой знікаюць цені старадаўняга закону, вусны святых настаўнікаў пачынаюць спяваць, чалавечы род, пагружаны ў грахоўны сон, абуджаецца да хрысціянскага жыцця ў праўдзівай веры. Заранка, перад якой рассейваецца цемра няведання, становіцца святлом ласкі, хлусня знішчаецца, наступае ісціна, адкрываецца пачатак нашага збаўлення, прыходзіць канец нашых пакутаў.

“Кожнаму з абраных ласка дадзеная часткова, Дзеве Марыі ж – уся паўната ласкі”, – кажа святы Еранім. Яна ўдастоілася абнаўлення і ўсынаўлення Богам; і сама Яна па сваёй бязмернай пакоры і найвялікшай чысціні і святасці стала годнай быць Маці Богачалавека! Яна заўсёды застаецца самай моцнай хадайніцай і заступніцай хрысціянскага роду перад сваім Сынам і Богам! Яна – наша бездакорная надзея. Яна адводзіць ад нас хмары праведнага Божага гневу, адчыняе нам старажытны рай сваім магутным хадайніцтвам.

Мы ж, прымаючы гэты дар ад Бога-Айца, возьмем сабе Яе за галоўную дарадчыцу як у цяжкіх абставінах, так і ў хвілінах радасці. Тады мы адчуем, як у нашым жыцці ўсё пачынае наладжвацца, мы пачуем голас з нябесных вышыняў: «Ты не адзін, не адна – вось Маці твая…»

 

 

 

Кс. Алег ГРЫГАРОВІЧ, SAC


 

 ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИKatechizis

 

 

 Девственное материнство Марии в замысле Божием

 

 508

«В потомстве Евы Бог избрал Деву Марию, чтобы быть Ей Матерью Его Сына. «Благодатная», Она есть «наипрекраснейший плод Искупления»: с первого мгновения Своего зачатия Она полностью предохранена  от скверны  первородного  греха  и осталась чистой от всякого личного греха на всем протяжении жизни».

 

509

«Мария  воистину  есть  «Матерь Божия», ибо Она есть Матерь Сына  Божия предвечного, вочеловечившегося, Который Сам есть Бог».

 

510

«Мария  «осталась  Девой, зачав Сына, Девой – рождая Его, Девой – кормя Его грудью, Девой присно»; всем Своим Существом Она есть  «Раба Господня» (Лк 1,38)».


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий