Кроў хрысціян працягвае пралівацца. Статыстыка не падманвае. Кожны год больш чым 100 тысяч хрысціян аддаюць сваё жыццё за веру. Вызнаўцы Хрыста пераследуюцца камуністычнымі рэжымамі ў Паўночнай Карэі, Кітаі, Лаосе, В’етнаме, Бірме. У мусульманскіх краінах хрысціяне згараюць, як у часы Нерона. Церпяць пакуты ў Індыі, але нярэдка і ў каталіцкай Калумбіі ці на Філіпінах…
Нядаўна на вочы трапілася інфармацыя аб тым, што ў ХХ стагоддзі загінула за веру больш хрысціян, чым за ўсе папярэднія. Гісторыя і нашай краіны ў мінулым стагоддзі складвалася так, што многія хрысціяне сталі ахвярамі двух таталітарных рэжымаў толькі за тое, што засталіся вернымі Хрысту. Многіх мы ведаем, яшчэ больш засталося нам невядомымі, але Бог напэўна не пакінуў без узнагароды сваіх верных слугаў. Вельмі важна “выкарыстаць” гэтую пакутніцкую кроў. Яна надта каштоўная, і мы не можам дапусціць, каб з-за нас яна змарнавалася.
З самага пачатку існавання хрысціянства вызнаўцы Хрыста былі вымушаны плаціць жыццём за сваю веру. Гісторыя Касцёла прасякнута крывёю мучанікаў. На працягу стагоддзяў пакутніцтва разумелася веруючымі як найбольш радыкальная магчымасць наследаваць Хрыста. Слова мучанік паходзіць ад грэчаскага слова “martyr” , што азначае “сведка”. Самы вялікі сведка веры ў Хрыста – гэта той, хто ўласнай крывёю засведчыў аб сваёй веры. Вядомы хрысціянскі пісьменнік Тэртуліан падчас найбольшага пераследу хрысціян у ІІ і ІІІ стагоддзях пісаў рымскім уладам: “Ніякая вытанчаная жорсткасць ваша не прыносіць вам поспеху; яна хутчэй спрыяе нашаму Касцёлу. Чым больш вы вынішчаеце нас, тым больш мы памнажаемся; кроў хрысціян ёсць насенне (semen est sanguis Christianorum). Многія сярод вас навучаюць, каб боль і смерць прымаць цярпліва. Словы гэтыя, аднак, не знаходзяць столькі паслядоўнікаў, колькі знаходзяць хрысціяне, навучаючы сваімі ўчынкамі. Калі прыгаворваеце нас вы, вызваляе нас Бог”. Гэтыя словы знакамітага апалагета адкрываюць неверагодную праўду, якая, здаецца, супярэчыць логіцы. Чым больш пераследуюць вызнаўцаў Хрыста, тым больш хрысціян аддае за Яго жыццё, тым больш Касцёл узмацняецца і павялічваецца.
Зразумела, што найвышэйшым узорам хрысціянскага мучаніцтва з’яўляецца Езус Хрыстус. Чым смерць Хрыста адрозніваецца ад смерці іншых знакамітых людзей, якія змагаліся за свае ідэалы і перакананні і загінулі, напрыклад, Сакрата? Такія людзі як Сакрат і яму падобныя выйгралі свае духоўныя паядынкі з ворагамі, даказваючы ім, што самае большае, што яны могуць зрабіць, – гэта забіць, аднак не зламаць. Нічога з гэтага няма ў пакутніцтве Езуса Хрыста. Ён нікога не хацеў пераконваць у сваёй нязломнасці. У Яго было нешто значна большае, чым нязломнасць. Ён нават на крыжы любіў усіх любоўю чыстай і бескарыслівай.
Хрысціянскіх пакутнікаў вызначае жаданне быць падобнымі да Хрыста ўкрыжаванага. Безумоўны давер сябе Богу і любоў нават да ўласных забойцаў – гэта найбольш характарыстычная рыса хрысціянскага мучаніка. Шмат мучанікаў, пачынаючы ад першага з іх, св. Стэфана, памерлі з малітвай за сваіх забойцаў на вуснах. Эгесіп, хрысціянскі пісьменнік з ІІ ст. запісаў асаблівы момант з мучаніцкай смерці св. Якуба. Пасля таго, як яго скінулі з даху святыні і пачалі дабіваць камянямі, ён пачаў маліцца за сваіх забойцаў. Гэта закранула кагосьці з удзельнікаў і той закрычаў: “Перастаньце! Што вы робіце? Справяд-лівы моліцца за вас!” . Але ў той момант хтосьці іншы нанёс смяротны ўдар.
Адзначаючы любоў як умову сапраўднасці муча-ніцтва, св. Аўгустын звычайна звяртаўся да словаў апостала Паўла: “І калі раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спаленне, а любові не маю, няма мне з гэтага ніякай карысці” (1 Кар 13,3). “Там, дзе ёсць любоў, – кажа св. Аўгустын, разважаючы на тэму сапраўднага і несапраўднага мучаніцтва, – усё прыносіць карысць; там, дзе няма любові, нічога чалавеку не дапаможа”.
Варта звярнуць увагу яшчэ на дзве характэрныя рысы хрысціянскага пакутніцтва. Па-першае, хрыс-ціяне не маюць нават малейшых сумненняў у тым, што толькі моц Божая можа натхніць пакутніка прайсці праз смерць, як гэта зрабіў Езус. Цяжка тут не ўзгадаць эпізод з мучаніцтва карфагенскай хрысціянкі Феліцыты (+203). Яна была цяжарнай і павінна была чакаць выканання прысуду смерці да моманту нараджэння дзіцяці, рымскае права забараняла караць смерцю цяжарных жанчын. Роды былі цяжкімі і, бачачы гэта, турэмны дазорца груба заўважыў, што на арэне будзе ёй яшчэ цяжэй. На што Феліцыта адказала: “Цяпер пакутую я, на арэне будзе ўва мне цярпець Хрыстус”. Па-другое, каб Божая моц магла ахінуць пакутніка і ў ім перамагаць, патрэбна яму асаблівая дапамога Касцёла. “Маліцеся за мяне, бо я патрабую вашай любові і Божай міласэрнасці, – піша ў 108 г. св. Ігнацы з Антыёхіі, які плыве на сваё мучаніцтва, – каб быў я годны атрымаць удзел, які ляжыць перада мной і не быў адкінуты”. Касцёл верыў, што пакутніцтва – гэта дар з вышыні, і, чакаючы ад пакліканых да пакутніцтва, што яны будуць вартымі гэтага дару, моцна клапоціцца аб тым, каб пакліканых да пакутніцтва ўмацаваць Эўхарыстыяй. У 252 г. Карфагенскі сінод пастанавіў: “Ніхто не здольны да мучаніцтва, калі Касцёл яго не ўзброіць. Ён зломіцца духоўна, калі прыняцце Эўхарыстыі яго не ўмацуе і не заахвоціць”.
Ну і зразумела, што хрысціянскае мучаніцтва немагчыма ўявіць без моцнай веры ў жыццё вечнае і будучую сустрэчу з Езусам Хрыстом уваскрослым.
Папа Рымскі Францішак часта звяртаецца да тэмы мучаніцтва і ролі мучанікаў у сучасным Касцёле. На катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі 28 чэрвеня 2017 года Папа казаў: “Хрысціяне любяць, але іх любяць не заўсёды. Ад самага пачатку Езус ставіць нас перад гэтай рэальнасцю: у большай ці меншай ступені, вызнанне веры адбываецца ў атмасферы варожасці (…) Таму хрысціяне з’яўляюцца мужчынамі і жанчынамі, якія “ідуць супраць плыні”. Гэта нармальна, таму што свет адзначаны грахом, які праяўляецца ў розных формах эгаізму і несправядлівасці. А тыя, хто ідзе за Хрыстом, ідуць у процілеглым кірунку. Не з-за палемічнага духу, але па прычыне вернасці логіцы Божага Валадарства, якая з’яўляецца логікай надзеі і звязана з ладам жыцця, заснаванага на ўказаннях Езуса”. Таксама раней Папа заўважыў: “СМІ пра гэта не кажуць, таму што гэта для іх не вялікая навіна, але многія хрысціяне ў сучасным свеце благаслаўлёныя, таму што іх пераследуюць, абражаюць, кідаюць у турму. Іх шмат у турмах толькі таму, што яны носяць крыж або вызнаюць Езуса Хрыста”.
Як раней, так і сёння нялёгка быць хрысціянінам, верным сваім каштоўнасцям і перакананням. Ці гатовы я як хрысціянін “ісці супраць плыні”? Пазбегнуць гэтага можна толькі пагадзіўшыся з ідэалогіяй гэтага свету і пры гэтым забыць пра тое, чаму вучыў нас Езус. Можа нас ахапіць страх, што мы не зможам вытрываць і паддамося. Аднак хрысціянін ніколі не траціць надзеі. Хрысціянская спадчына дае нам прыклады многіх братоў і сясцёр, якія нават у нашай сучаснасці змаглі, нягледзячы на сур’ёзныя перашкоды, супрацьстаяць ім, заплаціўшы за гэта найбольшую цану.
Кс. Юрый ВАРАНКО.
ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИ
«Свидетельствовать о истине»
2473
«Мученичество есть высшее свидетельство об истине веры; оно означает свидетельство до смерти. Мученик свидетельствует о Христе умершем и воскресшем, с Которым он соединен любовью. Он свидетельствует об истине веры и христианского учения. Он принимает насильственную смерть. «Отдайте меня на съедение зверям. Только так мне будет дано прийти к Богу».
2474
«Церковь с самым бережным вниманием хранит воспоминания о тех, кто отдал жизнь, чтобы свидетельствовать о своей вере. Деяния мучеников составляют свидетельства Истины, написанные кровью:
Ничто из очарований этого мира и царств века сего не нужно мне. Мне лучше умереть, чтобы соединиться со Христом Иисусом, чем царствовать над странами до концов земли. Я ищу Того, Кто умер за нас; Хочу Того, Кто воскрес для нас. Приближается мое рождение (…) «.