“Згодна з апостальскай традыцыяй, якая бярэ пачатак ад самага дня Змёртвыхпаўстання Хрыстуса, Пасхальную Містэрыю Касцёл святкуе на кожны сёмы дзень – у дзень, які слушна названы дзень Панскі або нядзеля. У гэты дзень верныя павінны збірацца разам для слухання слова Божага і прымаць удзел у Эўхарыстыі, каб такім чынам успамінаць Муку, Змёртвыхпаўстанне і хвалу Пана Езуса і складаць падзяку Богу, які іх “адрадзіў праз уваскрасенне Езуса Хрыста да жывой надзеі” (1 П 1,3). Нядзеля з’яўляецца найстарэйшым і першым святочным днём, які патрэбна так прадставіць і ўвесці ў пабожнасць верных, каб стаў таксама днём радасці і адпачынку ад працы. Паколькі нядзеля з’яўляецца асновай і ядром усяго літургічнага году, не належыць засланяць яе іншымі святкаваннямі, калі на самой справе гэта не так важна (Канстытуцыя святой літургіі Sacrosanctum Consilium, стар. 106).
Ужо сама крыніца ўтварэння слова “нядзеля” (не дзелай) гаворыць нам аб бяздзейнасці адносна ўсялякай працы. У Кнізе Быцця, у апісанні стварэння свету, бачым Пана Бога, які на сёмы дзень адпачывае: “Калі Бог скончыў на шосты дзень Сваю справу, над якою працаваў, на сёмы дзень адпачыў пасля ўсяе Сваёй працы. Бог паблагаславіў сёмы дзень і ўчыніў яго святым; і ў той дзень адпачыў пасля ўсяе Сваёй працы, якую выканаў, ствараючы” (Быц 2, 2-3).
Ці Пан Бог не ёсць Духам і да таго ж Усемагутным? Як так сталася, што праца стварэння так Яго “змучыла”, што павінен быў адпачываць цэлы дзень? На самой справе. Але тут рэч не пра Пана Бога, а пра нас – людзей. Ведаючы людскую натуру, Створца пакінуў нам вельмі важны прыклад. Пан Бог не павінны быў адпачываць – чалавек (калі хоча жыць нармальна) павінен. Канешне, сёння вельмі многа такіх, якім і сутак мала, і тыдзень кароткі. Заўсёды ім мала – часу, грошай… Людзі залежныя ад працы, працаголікі. Не чуваць ад іх алкаголю, яны не хістаюцца, не хвалююцца за грошы – наадварот, але яны таксама вымагаюць тэрапіі і лячэння. Згубілі межы. Забыліся пра адпачынак і пра тое, што ў жыцці важна. У нашыя часы такая пастава часта сустракаецца. Парадаксальна, але гэтаму дапамаглі развіццё тэхнікі і паўсюдная камп’ютарызацыя. Парадаксальна, але найноўшае адкрыццё тэхнікі павінна было служыць чалавеку і аблягчаць яго працу. Выйшла наадварот. Калісьці чалавек працаваў многа фізічна і працаваў з жывёламі (коньмі, валамі, каровамі). Відавочным было для яго, што такі, напрыклад, конь павінен адпачыць. Інакш, перасілены працай, загіне. Папросту здохне.
Адпачываць павінны былі жывёлы – павінен адпачываць і іх гаспадар. Сёння чалавек працуе з машынамі і камп’ютарамі, а яны не павінны адпачываць. Наіўны чалавек думае, што і ён можа болей. Не можа. Дастаткова звярнуцца да статыстыкі розных захворванняў, прычынаю якіх з’яўляецца стрэс, перасільванне і г. д. Гэтая статыстыка датычыцца як старых, так і маладых, якім заўсёды мала…
Вельмі важна ёсць яшчэ і тое, як мы адпачываем. Не можа гэта быць адзіным бяздумным ляжаннем на канапе перад тэлевізарам.
Памятаю свой побыт у маіх прыяцеляў у Амерыцы. У нядзелю ўстаў вельмі рана (розніца часу давалася мне ў знакі) і хацеў паглядзець навіны на якім-небудзь інфармацыйным канале. З кухні прыходзіць да мяне можа сямігадовая дачка гаспадароў са здзіўленнем у вачах.
– Дзядзя, што ты робіш? – пытаецца.
– Гляджу навіны, – адказваю.
– Але сёння нядзеля.
– І што?
– У нядзелю не ўключаем ні тэлевізар, ні камп’ютар. У нядзелю можам пайсці на прагулку, пагуляць у садзе, пагуляць у футбол або ў якую-небудзь настольную гульню.
Я быў у шоку. Не павінен дадаваць, што нядзельная святая Імша была для той сям’і чымсьці натуральным.
Адпачываць таксама трэба ўмець.
Цікавая рэч: Бог благаслаўляе дзень адпачынку. Нам заўсёды выдаецца, што трэба прасіць благаслаўлення на якое-небудзь дзела, на нейкую працу, а тут Бог благаслаўляе таксама і наш адпачынак.
Важна, каб не памыліцца ў сваіх благаслаўленнях. Нядзеля мае благаслаўленне на адпачынак. Не на мыццё бялізны ці прыбіранне ў кватэры, рамонт ці працу ў агародзе. Няма працы ў нядзелю (зразумела, што не гаворым у гэтым выпадку аб працы санітаркі ці вадзіцеля аўтобуса і інш.). Як казалі ў нас старэйшыя людзі: “Нядзельная праца ў гузік абернецца”. Прычым не ўжывалі слова “гузік”. Сам магу гэта пацвердзіць шматлікімі прыкладамі. Бачыў многа прыватных будоўляў, якія вяліся ў нядзелю, – па сённяшні дзень стаяць пустыя. Не было Божага благаслаўлення…
Дзень Панскі. Гэты дзень належыць Пану. Прыемна, калі чалавек навучыўся адпачываць і быць з найбліжэйшымі ў нядзелю. Сумесны абед (у працоўны тыдзень гэта звычайна немагчыма), прагулка ў лес, выезд у саўну ці басейн. Але і не ў гэтым сутнасць нядзелі. Гэта павінен быць дзень, прысвечаны Пану. Гэта Ён і спатканне з Ім на нядзельнай Эўхарыстыі павінна быць найважнейшым пунктам дня.
Безумоўна, у сённяшнія часы кожны хоча быць для сябе панам. Пры гэтым не толькі пазбаўляемся Божага благаслаўлення, але і страчваем паняцце дня Панскага.
А паколькі я сам сабе “пан” і я найважнейшы, то лічыцца толькі тое, што для мяне добра, выгадна і прыемна. Цяжка тады адмовіцца ад супер-закупаў, наведвання знаёмых, палявання ці рыбалкі на “карысць” нядзельнай святой Імшы.
Дзень святы. Ці слова “святасць” яшчэ што-небудзь азначае для сучаснага жыхара Еўропы?
Нядаўна група французскіх генералаў на пенсіі напісала адкрыты ліст да свайго прэзідэнта. Запэўнівалі яго ў тым, што для іх заўсёды найвялікшай вартасцю ёсць “Гонар і Айчына”. Неяк смутна зрабілася мне, бо быў прызвычаены да таго, што на вайсковых штандарах і харугвах заўсёды было: “Бог, Гонар, Айчына”. Такое “самапакалечанне”, такое “выразанне” Бога і таго, што святое (sacrum), з прасторы публічнай заўважальна ва ўсёй Еўропе.
Пандэмія каронавірусу паказала гэта вельмі выразна. Для сучаснага чалавека, які паддаўся дэсакралізацыі, без глыбокай духоўнасці, найвышэйшай вартасцю ужо з’яўляецца не Бог – існаванне. Чалавек не збіраецца і не шукае якойсьці святасці, але мэтаю яго жыцця стала само жыццё… Пагэтаму важнейшымі за касцёлы сталі супермаркеты.
Дзень святы дапамагае нам палепшыць нашае жыццё. Што ёсць найважнейшае ў жыцці на дзень сённяшні? А што павінна быць найважнейшым?
У найбольшым скарачэнні: супермаркет ці касцёл?
Выбар за табою.
кс. Яцэк ДУБІЦКІ, СМ
ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИ
День Господень
1167
«Воскресенье есть по своей сути главный день литургического собрания, когда верующие собираются, «чтобы, слушая слово Божие и участвуя в Евхаристии, вспоминать Страсти, Воскресение и Славу Господа Иисуса, воздавая благодарение Богу, возродившему их к живому упованию Воскресением Иисуса Христа из мертвых»:
Когда мы размышляем о Христе, о чудесах, свершенных в день Твоего святого Воскресения, мы говорим: Благословен день воскресный, ибо в этот день началось творение мира (…), спасение мира (…), обновление рода человеческого (…). В этот день возрадовались небо и земля, и все мироздание исполнилось света. Благословен день воскресный, ибо в этот день открылись двери рая, чтобы Адам и все изгнанные без страха вошли туда».