Добра вядомая прымаўка падказвае: “Як сустрэнеш Новы год – так яго і правядзеш!”. У пэўным сэнсе можна аднесці яе і да літургічнага году, які заканчваецца Ўрачыстасцю Езуса Хрыста Валадара Сусвету, а пачынаецца менавіта з перыяду Адвэнту.
Пачынаючы “з канца”, кожны хрысціянін пакліканы да таго, каб як Хрыстус будзе валадарыць у сусвеце, так і мы, “калі церпім, то разам з Ім валадарыць будзем” (2 Цім 2, 12). Вельмі важна ў духоўным жыцці трымаць перад вачыма мэту – тое, для чаго мы зносім цярпенні і цяжкасці хрысціянскага шляху, на які згадзіліся. Гэтая думка можа добра паказаць тое, для чаго нам дадзены Адвэнт. Між іншым, для таго, каб навучыцца цярплівасці і чаканню. Гучыць банальна? Не зусім.
Бог, у сваёй мудрасці, праз Касцёл дае літургічны год не для таго толькі, каб мы “адзначалі” пэўныя моманты на ўспамін падзеяў, што адбыліся каля 2000 гадоў таму. Літургічны год мае сваё фармацыйнае вымярэнне. “Пражываючы” яго, вучымся жыць хрысціянскімі цнотамі, і кожны яго перыяд мае сваю ўласную педагогіку.
На пачатку літургічнага году варта прыпомніць і выхоўваць у сабе асноўныя рэчы, тыя, якім вучацца дзеці. Кожны з нас пакліканы “стаць, як дзеці” (пар. Мц 18, 3). І менавіта ў гэтым прыходзіць нам з дапамогай перыяд Адвэнту са сваімі набажэнствамі і сімваламі, якія выхоўваюць у нас цярплівасць і чаканне.
Што да цярплівасці, якую часта разумеем няпра-вільна, то вельмі добра напісаў пра яе айцец Аляксандр Мень: “Цярплівасць – гэта зусім не стан быдла, якое ўсё церпіць. Гэта не прыніжэнне чалавека, зусім не. Гэта ні ў якім выпадку не кампраміс са злом. Цярплівасць – гэта ўменне захоўваць спакой духу ў тых абставінах, якія гэтаму спакою загражаюць. Цярплівасць – гэта ўменне ісці да мэты, калі розныя перашкоды сустракаюцца на шляху. Цярплівасць – гэта здольнасць захоўваць радасны дух, калі зашмат смутку. Цярплівасць з’яўляецца перамогай і пераадольваннем, формай мужнасці – вось чым ёсць са-праўдная цярплівасць”. І праз інтэграцыйнае перажыванне адвэнтавага чакання такую цярплівасць мы ў сабе можам выхоўваць.
Ужо сама назва гаворыць аб тым, што Касцёл чакае – Хтосьці павінен прыйсці (ад лац. аdventus – прыйсце). Чакае і кожны з нас, як частка Касцёла. А ў чаканні адной з найважнейшых рэчаў з’яўляецца памяць – памяць аб тым, каго або што чакаем, аб тым, якое значэнне мае яно для нас. Сімволіка і абрады Адвэнту накіраваны на тое, каб пастаянна прыпамінаць нам аб Хрыстусе, Яго прыйсці і аб тым характары, які носіць гэты перыяд, – каб чаканне, якое ў літургічных тэкстах часта называецца радасным, са-праўды стала і нашай радасцю, і нашым пачуццём.
Калі казаць пра сімволіку, то пазнавальным Адвэнт з’яўляецца дзякуючы колеру, свечкам, Раратам, адвэнтавым вянкам і каляндару. Кожная з гэтых рэчаіснасцяў – дапамога для лепшага “пражывання” Адвэнту. Паспрабуем затрымацца над некаторымі з іх.
На працягу вякоў Адвэнт застаецца важным перыядам прыгатавання да Ўрачыстасці Божага Нараджэння і ўпісваецца ў старажытную юдэа-хрысціянскую традыцыю прыгатавання да асабліва важных падзеяў праз пост. А ў літургіі Касцёла колерам посту стаў фіялетавы, які сімвалізуе пакуту, пакаянне. Але пакаянне і пакута заўсёды поўныя надзеі, бо, пачынаючы ад прызнання сваёй слабасці і недасканаласці, мы імкнёмся да перамены жыцця, да паяднання з Богам і праз гэта – да асягнення сапраўднага супакою і радасці. Такім чынам, сузіраючы шматлікія элементы фіялетавага колеру ў літургіі, вучымся з мужнасцю зносіць цярпенні, дазваляць Богу перамяняць нашае жыццё і клапаціцца аб узрастанні цноты надзеі.
Сімволіка свечкі неразрыўна звязана з сімволікай святла, якое ззяе ў цемры, якое разганяе цемру. Так, як і дабро, перамагае зло. І памятаць пра гэта нам дапамагаюць адвэнтавы вянок, а таксама ліхтарыкі і свечкі ў Раратняй святой Імшы. Вянок са свечкамі не з’яўляецца тым, што вынайшлі ў Касцёле, бо яшчэ паганскія германскія плямёны і дахрысціянскія жыхары Скандынавіі, калі надыходзіла зіма, мелі звычай запальваць свечкі, расстаўленыя кругам, каб выразіць надзею на вяртанне вясны, святла і цяпла. Касцёл, убачыўшы ў гэтай практыцы прагненне пазнання Хрыста (“Святла свету”), прамінальнасці цемры граху, сімвал Пасхі (пераходу і ўваскрасення), выкарыстоўваў гэтыя знакі ў літургіі ўжо ад Сярэднявечча. А ўжо традыцыя запальвання паасобных свечак на адвэнтавым вянку ўзнікла толькі ў XIX стагоддзі, калі ў адной з пратэстанцкіх школ у Гамбургу (Германія) пастар Йоган Віхерн змайстраваў для дзяцей першы такі вянок, выкарыстаўшы свечкі, паводле колькасці дзён Адвэнту і запальваў па адной кожны дзень. З часам прынялася традыцыя 4 свечак – па адной на кожную нядзелю Адвэнту.
Моцна звязаная з сімволікай святла і Раратняя святая Імша (“Рараты”) ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Яе назва ўзнікла ад першага слова літургічнага спеву “Rorate coeli”. Сама мелодыя і сэнс тэксту гэтага цудоўнага спеву асацыіруюцца з часам Адвэнту, ствараюць атмасферу, будуюць настрой чакання. На працягу соцень гадоў свайго існавання, спеў гэты натхняў святых, скрушаў да пакуты сэрцы грэшнікаў, выклікаў слёзы ад прагнення прыйсця Пана.
Раратняя свечка – асобны знак гэтай Імшы, які сімвалізуе Багародзіцу Марыю – першую, якая асаблівым спосабам чакала прыйсця Месіі. Не так, як рэшта вызнаўцаў юдаізму, але ведаючы, што Ён ужо сярод нас, што нават фізічна Пан ужо сярод свайго народу. І Марыя не проста чакала, але сама сталася Чаканнем, чаканнем Таго, хто павінен быў прыйсці, каб быць “Богам з намі” і каб “выбавіць народ свой ад яго грахоў”. Хіба не памылюся, калі скажу, што пануе перакананне аб тым, што Раратняя святая Імша скіравана найперш да дзяцей. Але насамрэч дарослыя могуць глыбей чытаць тую сімволіку, якую дзеці часта толькі адчуваюць і шукаюць, каб ім растлумачылі. Ды і сам шлях да святыні, яшчэ цёмным паранкам, з запаленым адвэнтавым ліхтаром – гэта прыгожае і моцнае сведчанне веры для тых, каго спаткаем на дарозе, а таксама і для нас саміх.
Пра календары. Адвэнтавы каляндар упершыню з’явіўся таксама ў Германіі, а аўтарам лічыцца Герхард Ланг. Сам ён у дзяцінстве дасведчыў ад мамы цікавых спосабаў на тое, каб памятаць, колькі дзён засталося да Божага Нараджэння. Таму, калі стаў кіраўніком уласнай тыпаграфіі, вырашыў зрабіць для дзяцей чаканне прыйсця Збаўцы больш цікавым. Так з’явіўся першы каляндар Адвэнту – 24 каляровыя выявы з тэматыкай Божага Нараджэння.
У 1920 годзе выпусцілі каляндар з 24 дзверцамі, за якімі можна было знайсці салодкі пачастунак. Пасля іх пачалі выпускаць у розных формах – 24 цукеркі, падарункі, загадкі і інш., і інш.
Падсумоўваючы, можна сказаць, што Адвэнт – як кніга, цярпліва чытаючы якую, узбагачаем жыццё і разуменне нашай веры. А калі лепш разумеем самі, то можам данесці глыбокі сэнс радаснага адвэнтавага чакання да нашых бліжніх – родных і блізкіх, сяброў і знаёмых. Можам дзяліцца з іншымі тым, чым жывём самі.
бр. Андрэй БАГДАНОВІЧ, OFMCap
ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИ
Приготовления
522
«Пришествие Сына Божия на землю – событие столь необъятное, что Бог постановил подготовлять Его на протяжении веков. Обряды и жерт- воприношения, образы и символы «первого завета» (Евр 9, 15) – Он все устремляет ко Христу; Он возвещает Его устами пророков, сменяющих друг друга в Израиле. Вдобавок Он пробуждает и в сердцах язычников неясное ожидание этого пришествия».
524
«Совершая ежегодно литургию Адвента, Церковь возобновляет это ожидание Мессии: приобщаясь к долгому подготовлению Первого Пришествия Спасителя, верующие обновляют пламенное желание Его второго Пришествия. Празднуя рождение и мученическую кончину Предтечи, Церковь присоединяется к его желанию: «Ему должно расти, а мне умаляться» (Ин 3,30).«.