Сям’я ў небяспецы, літаральна. Рэдакцыя папрасіла мяне, каб падняў гэтую тэму. Пасля некаторых разважанняў прыйшоў да высновы, што загаловак павінен гучаць: «Ратуйма сям’ю». Зразумела, што з указаннем на пагрозы і пошукам спосабаў ратавання сямейных адносінаў.
У тым, што сям’я знаходзіцца ў глыбокім крызісе, нікога не трэба пераконваць. Дастаткова паглядзець навокал, паслухаць знаёмых. Можа, каго ўразіць той факт, што, калі я паступаў у духоўную семінарыю, то няпоўныя сем’і або сем’і з «чарговымі» сужонкамі (і што ідзе затым для родных братоў і сясцёр) былі вялікай рэдкасцю. Сёння, канешне, поўная, нармальная, кахаючая сям’я – менавіта яна становіцца чымсьці такім, што рэдка напаткаеш. Напэўна, хутка будзе запісана ў “Чырвоную кнігу”, таму, канешне, патрэбна ёй абсалютная ўвага і ахова.
Маючы на ўвазе, што кожная хрысціянская сям’я з’яўляецца часткаю Касцёла, шатан заўсёды будзе змагацца з ёю. Тое самае робіць марксісцкая і нэамарксісцкая ідэалогія, якая дзейнічала калісьці і дзейнічае ў свеце сучасным. Болей не здзіўляе (у сталінскія часы) культ маладога хлопца, які здрадзіў сваім бацькам, тым самым адправіўшы іх на смерць. Вядома: гэта не бацькі замяняюць Бога на зямлі, як навучаў Касцёл! Бога і бацькоў павінна была замяніць партыя, пэўная ідэалогія.
Сёння маем гендэрную ідэалогію, якая праводзіцца ў школах і медыя на Захадзе, часта супраць волі бацькоў. Гэтая д’ябльская барацьба супраць сям’і трывае далей і прыносіць рэзультаты.
Якія пагрозы для нашых сямей нясе яна тут і зараз? Напэўна, іх многа, назаву толькі некаторыя.
Матэрыялізм. Усе пагружаныя ў пагоню за грашыма, у матэрыяльныя клопаты, заангажаваныя тым, што будзённае. Мала хто памятае пра абяцанні, да-дзеныя падчас святога хросту (а давалі іх не толькі бацькі, але і бацькі хросныя). Калі б так не было, то штодзённая малітва ўсёй сям’і была б чымсьці нармальным. А як выглядае духоўнае жыццё нашых сем’яў? А можа пытанні навукі і практыкі малітвы “маладыя”, і забеганыя бацькі пакідаюць іх ксяндзам, сёстрам і бабулям? Без духоўнага аднаўлення, без практыкі супольнай малітвы ў сям’і і без нядзельнай Эўхарыстыі (разам з татам) не будзе моцных хрыс-ціянскіх сем’яў.
Брак аўтарытэту. Брак павагі да старэйшых сёння назіраецца паўсюдна (варта заўважыць, што павагу старэйшым таксама трэба заслужыць – ніхто не будзе шанаваць чалавека, калі ён сам сябе не шануе). Нашыя адносіны, людзей дарослых, са старэючымі бацькамі падхопліваюцца і дубліруюцца дзецьмі. Прыпамінаецца адна гісторыя, якую пачуў тут пра багатую сям’ю, якая павінна была раптоўна заняцца сваім занямоглым бацькам з вёскі. Канечне, сын-лекар саромеўся свайго бацькі, простага чалавека. У старым доме вызначыў яму пакой, падобны да каморкі, дзе бацька меў матрац, стол, стул і спецыяльную алюмініевую міску для супа. Пасля яго смерці сям’я пачала пераязджаць у новае памяшканне. Перад ад’ездам малы сынок доктара пабег ў каморку дзядулі і забраў адтуль старую алюмініевую міску. Здзіўлены бацька запытаў:
– Навошта табе гэта?
Сын адказаў:
– А з чаго буду цябе карміць, калі састарэеш?
Віртуальны свет. Здаецца непраўдападобнай сітуацыя, дзе не толькі ў адной мясцовасці, але і ў адным памяшканні (!) людзі дамаўляюцца паміж сабою праз тэлефон на снеданне або абед. Такі час. Брак элементарнай камунікацыі. Людзі папросту адзін з другім не размаўляюць… Затое гадзінамі могуць сядзець у інтэрнэце. І не толькі дзеці. Часам мама і тата «завісаюць» там на некалькі гадзін. Такая псеўдакамунікацыя вельмі бедная і яшчэ больш збядняе яе ўдзельнікаў. Калі большасць патрэбаў задавальняюцца ў інтэрнэце, то ніхто нікому не патрэбен у рэальнасці. Часта можна назіраць, як у адным пакоі цэлая кампанія дзяцей, але ніхто ні з кім не гуляе, таму што ўсе “прылепленыя” да экранаў сваіх тэлефонаў…
Галоўнае – кожны заняты сабою.
Тое самае датычыцца і дарослых – кожны хоча быць зоркаю інстаграма або ютуба.
Не маем часу для сябе ўзаемна, бо большасць праводзім у нэце.
Фальшыва зразумелы фемінізм. Не ідзе мова пра ўраўнаважанне правоў мужчыны і жанчыны, бо гэта зразумела і не падлягае дыскусіі. Мова аб тым, што некаторае асяроддзе спрабуе “даказаць”, што няма ніякіх адрозненняў паміж жанчынай і мужчынай. Бачыў некалькі такіх літаральна “вар’яцкіх” спроб. А як жа, пані пастанавілі даказаць, што ні ў чым не ўступаюць мужчынам… на рынгу. Эфект лёгка было прадбачыць.
Пан Бог так стварыў мужчыну і жанчыну, каб адрозніваліся, але і дапаўнялі адзін другога. І гэта цудоўна. Ніякай нармальнай дзяўчыне не будзе падабацца жанчынападобны хлопец (ёсць сяброўкі), як і ніякі хлопец не будзе шукаць моцна мускулістай дзяўчыны, якая мае сапраўдныя мужчынскія рысы і інтарэсы (ёсць калегі).
Маці і жонка павінна быць у сям’і тым, кім ёсць, а не выдаваць сябе “зоркаю”. Яна патрабуе падтрымкі мужа таксама, як і ён – падтрымкі жонкі.
Кожны павінен выконваць сваю ролю і заданне. Не ўдасца замяніць маму, як і не ўдасца замяніць тату.
Эмацыянальная недаспеласць. Характарызуецца крайнім эгаізмам, бракам эмпатыі, прэтэнзіямі, бракам адказнасці за свае паводзіны, няздольнасцю прысвяціць сябе іншым.
У такіх выпадках маладая асоба звязваецца з іншай не для таго, каб яе ашчаслівіць, а каб яе выкарыстаць. Тыпічны паразітарны падыход. Безумоўна, такая сям’я – няўдача з самага пачатку, і сітуацыя пагаршаецца, калі паяўляюцца дзеці.
Нехта падсумаваў, што найчасцейшая прычына разводаў у цэлым не здрады сужэнскія. Найчасцейшая прычына разводаў – усведамленне таго, што ў гэтым саюзе мяне выкарыстоўваюць. Фінансава, фізічна, часова, псіхічна. Няма роўнага падзелу абавязкаў. Гэта падобна да таго, як два кані цягнуць фурманку, але фактычна цягне яе толькі адзін. Але ў выпадку з большай мэтай гэта не “працуе”.
Можа, на гэтым патрэбна было б засяродзіцца. Людзі часта наракаюць на сваіх сужонкаў, дзяцей, бацькоў за тое, што іх не разумеюць, не слухаюць, ігнаруюць і г.д. Я не сумняваюся, што так можа быць на самой справе. Але, можа, надышоў ужо час наогул змяніць падыход. Перафразіраваць вядомае выказванне: не пытай, што можа зрабіць для цябе сям’я, а пытай, што ты можаш зрабіць для сям’і.
Запытай сябе, колькі ўносіш цяпла, супакою, паразумення і свайго часу ў адносіны са сваім сужонкам, дзецьмі, з бацькамі. Ці ўмееш слухаць, ці сам без перапынку гаворыш, і ўсе астатнія павінны слухаць цябе. Ці ўмееш прызнаць свае памылкі і папрасіць прабачэння ці падаеш сябе за беспамылковага, як сам Пан Бог.
Ці можаш прысвяціць сябе сям’і, ці гэта сям’я павінна прысвяціць сябе табе.
Кожны з нас у гэтай “матэрыі” можа нешта паправіць. Кожны з нас можа дапамагчы ратаваць сям’ю.
кс. Яцэк ДУБІЦКІ, СМ
ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИ
Природа семьи
2201
«Супружеская община основывается на согласии супругов. Брак и семья предназначены для блага супругов, для продолжения рода и воспитания детей. Супружеская любовь и рождение детей создают между членами одной семьи личные отношения и первичную ответственность».
2202
«Мужчина и женщина , соединенные в браке, образуют вместе с рожденными ими детьми одну семью. Это положение не зависит от признания со стороны публичных властей: оно заставляет признать себя. Семья расценивается как нормальная точка отсчета, по отношению к которой должны оцениваться различные степени родства».
2203
«Создав мужчину и женщину, Бог установил человеческую семью и наделил ее основной структурой. Ее члены – личности равного достоинства. Для общего блага членов семьи и всего общества семья предполагает разные формы ответственности, прав и обязанностей».