У справе віншаванняў я не спецыяліст. Асабліва, калі хочацца адначасова шчыра,прыгожа і з пачуццём гумару. А калі яшчэ з аплаткай у руцэ трэба сказаць гэта адразу некалькім дзесяткам чалавек – на арыгінальнасць ды прыгажосць можна забыцца. Муза красамоўства адлятае з хуткасцю баліда “Формулы-1”, застаецца толькі шчырасць: усе гэтыя пажаданні Божага благаславення, “дзякуй, за тое, што ты ёсць” і “прабач за ўсё, што было не так», згодна з матэматычнай прагрэсіяй “чым бліжэй чалавек – тым цяжэй падабраць адпаведныя словы”. І ўсё ж часам здараюцца выключэнні з правіл: аднаго разу пачуў ад знаёмай манахіні матывацыйнае: “Езус стаў чалавекам, цяпер Твая чарга!” Але, калі нярэдка хтосьці менш знаёмы і не так матывацыйна жадае мне “адчуць усю магію калядных свят”, я, міла ўсміхаючыся, пачынаю задумвацца: і што ж такое насамрэч мы святкуем?
Што святкуем?
Доктар дапаможа
Мала які месяц так моцна асацыіруецца са святочнай атмасферай як снежань: у крамах гучаць інтэрпрэтацыі калядных спеваў, ялінка становіцца “дрэвам сезону”, а не пазнаць у чырвоным гноме-пераростку Санта Клаўса могуць, бадай, толькі нашыя бабулі і дзядулі (арыгінальны святы Мікалай у гэты час займаецца рахункам добрых учынкаў ды пакаваннем падарункаў – няма калі яму бегаць па гандлёвых цэнтрах). Прыемны, казачны час, што вяртае нас у дзяцінства з адчуваннем цеплыні, абароненасці і любові. Моманты, калі адчуваеш сябе звязаным з традыцыямі продкаў праз духмянае сена пад белым абрусам, першую зорку, традыцыйныя дванаццаць страваў (бабуля пільнуе, каб не пад’ядаў аладак з макам перад куццёю, бо ж “пчолы ўлетку паджаляць”), простыя мажорныя гармоніі калядак, смех і супольны спеў. Моманты, калі ўся сям’я збіраецца разам святкаваць… Святкаваць што, менавіта? Прыемны сямейны вечар з налётам папулярна — культурных асаблівасцей? Яшчэ больш гожы экскурс у сівыя ды рамантычныя традыцыі продкаў? Нараджэнне вельмі важнага чалавека, ад якога бярэцца адлічэнне “нашай эры”? Ці рэлігійная ўрачыстасць, якая нагадвае нашыя хрысціянскія карані? З гэтымі пытаннямі я накіраваўся да аднаго свайго старога сябра. Ён мае рэдкі дар знаходзіць розныя згубы, матэрыяльныя і не толькі. Да таго ж ён доктар Касцёла, чалавек адукаваны. Клічуць яго святы Антоні Падуанскі (і, на ўсякі выпадак, “Падуанскі” – гэта не прозвішча).
Святы Антоні вядомы ў Касцёле ў якасці фенаменальнага прапаведніка, які пехатою прайшоў усю Францыю і добрую частку Еўропы, вяртаючы ерэтыкоў да супольнасці Касцёла і праўдаў веры. З яго іменем звязана безліч легенд, гісторый і цудоўных здарэнняў (за што вернікі называюць Антонія Цудатворцам, а часам проста “il Santo” — “Святы”). Парадаксальна, змест яго казанняў, хоць усё жыццё займаўся менавіта прапаведніцтвам, амаль невядомы сучаснікам. А шкада, бо там можна знайсці шмат цікавых заўваг і параўнанняў, якія нанава адкрываюць нам сэнс хрысціянства.
Божае зацьменне
Не сакрэт, што Божае Нараджэнне з’яўляецца апалагетычным святам: хрысціянскія багасловы спецыяльна перанеслі святкаванне Нараджэння Хрыста на язычніцкае свята “Дзень Народзінаў Непераможнага Сонца” (Dies Natalis Solis Invicti), каб нават прыродны цыкл, што з гэтага дня павялічвае сонечны дзень і імкнецца да вясны, аддаваў хвалу Езусу – “Сонцу Справядлівасці”. “У гэты дзень цемра пачынае памяншацца і, з узрастаннем сонечнага святла, мера ночы скарачаецца. Нездарма, браты, і не сам па сабе ўстаноўлены такі лад падчас свята, калі Хрыстус аб’яўляецца сярод чалавечага жыцця, а створаны Богам свет праз гэта аб’яўленне выяўляе ўважлівым сваю таямніцу”, – тлумачыць святы Рыгор з Ныссы.
Сімвал Хрыста – Сонца, што сваім нараджэннем нясе святло і жыццё змучанаму свету, даўно прыняты і зразумелы. Аднак Святы Антоні ў сваім казанні, прысвечаным першаму прыйсцю Хрыста, ідзе яшчэ далей.
“Сонца стала чорнае, як мех валасяны”, – чытаем мы ў кнізе Апакаліпсіс ( Ап 6,12). Наўрад гэта жудасная сцэна зацьмення, якую малюе нам аўтар, можа прадвяшчаць штосьці добрае. “Можа!” – адказвае святы Антоні, бо, паводле яго, гэта – выраз пакоры Хрыста, які нараджаецца ў Бэтлееме.
“І валасніцаю нашай чалавечай сутнасці засланіў святло Свайго Боства”… І што Табе, Божы Сыне і валасніцы? Адзенне гэтае не Бог, але падсудны, не Створца, але грэшнік павінен апрануць. Таму, хто навяртаецца, а не таму, хто грахі адпускае, належыць гэтае адзенне… Францішканская інтуіцыя пра вялікую пакору Бога, схаваную ў факце Яго Ўцелаўлення, не чужая Антонію. Бог нараджаецца ў нашым “тут і зараз”, прымаючы на сябе ўвесь досвед чалавека. Увесь, апрача граху, ад якога прыходзіць вызваліць. Божае Нараджэнне ў гэтым святле становіцца не толькі сантыментальным успамінам, але і момантам святкавання любові Бога да нас. Любові сапраўднай, бо не баіцца ахвяраваць сябе, свой дабрабыт, сваю веліч, каб быць блізка і адчуваць. “Калі б чалавек не саграшыў першародным грахом, ці адбылося б Уцелаўленне Бога?”, – задае пытанне іншы вядомы францішканскі багаслоў, благаслаўлёны Ян-Дунс Шкот. І адразу ж адказвае: “Безумоўна, бо той, хто любіць, імкнецца стаць падобным да любімага.”
Калядная рыбалка
Перамога Езуса над злом у святога Антонія паказана не менш арыгінальна. Мы прызвычаіліся да маштабных апісанняў бітвы дабра і зла, а падуанскі прапаведнік малюе перад нашымі вачамі…рыбалку!
…Пра Яго кажа Ісая “Толькі ў Табе — Бог” і “Апроч Цябе няма бога”. Сапраўды, Ты ёсць Богам схаваным, Божа Ізраілеў, Збаўца!” і зноў: “быццам закрыты твар Твой”. І добра кажа – “закрыты”. Бо кручок Боства быў закрыты пад прыманкаю чалавецтва, каб, як заўважае Ісая, забіць кіта, д’ябла, што жыве ў моры, г. зн. у свеце салёным і горкім…
Хрыстус “хавае” сваё Боства пад чалавечаю натурай, прымаючы на сябе наш лёс, церпіць спакусы на пустыні, памірае з пачуццём пакінутасці Богам і перамагае злога ў яго ж гульні. Гэта, здавалася б, “ціхая” перамога добра адлюстроўвае праўду нашага жыцця: Бог вельмі далікатна, нават незаўважна ўваходзіць у чалавечае сэрца, каб закласці падмурак Свайго Валадарства. Вялікія змены ў нас не адбываюцца спектакулярна і напаказ – часам трэба доўгі час цярпліва чакаць, седзячы, як рыбак, на адным месцы і ўпарта верыць у тое, што Сонца асвеціць і нашую цемру.
Бог нараджаецца. Незаўважна і ціха, пад спевы калядак, святочныя распрадажы і традыцыйнае штогадовае “прыбіранне-гатаванне” прыходзіць у свет Любоў. Яна не мае выгляд волата і героя, хутчэй туліцца ў пялюшкі, як безабароннае дзіця. Гэта дзеля таго, каб ніхто не баяўся ўпусціць святло ў сваё сэрца. Каб не было на гэтым свеце аніводнага, хто адчуваў бы сябе меншым і горшым за Яго, нявартым Ягонай увагі…
а. Яўген ГОЛУБ, OFMConv
ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИ
Тайна Рождества
525
«Иисус родился в смиренной нищете хлева, в бедной семье; простые пастухи – первые свидетели события. В этой убогости открывается слава небесная. Церковь не устает воспевать славу этой ночи:
Дева днесь Пресущественнаго рождает,
И земля вертеп Неприступному приносит;
Ангели с пастырьми славословят,
Волсви же со звездою путешествуют;
Нас бо ради родися
Отроча младо, Превечный Бог!».
526
«Стать «как дети» по отношению к Богу – это условие вступления в Царство Небесное; ради этого надо унизить себя, умалить; более того – надо «родиться свыше» (Ин 3,7), «от Бога родиться» (Ин 1,13), чтобы стать «чадами Божьими» (Ин 1,12). Тайна Рождества исполнится в нас, когда Христос «изобразится» в нас (Гал 4,19). Рождество есть тайна этого «восхитительного обмена».