Спакой Хрыстусовы
“Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца” (Ян 14, 27). Такімі словамі звяртаецца Пан Езус да сваіх вучняў.
Які ж спакой прапануе свет? Ілюзорны.
Безумоўна, так ёсць у нашым свеце, што д’ябал усё “перавярнуў”. Зло спрабуе называцца дабром, скажона норма маральнасці, злачынцам ставяць помнікі і называюць іх героямі і г. д. Не іначай выглядае і з супакоем у свеце. Нобілеўскія ўзнагароды за мір атрымлівалі кіраўнікі краін, якія развязвалі войны, або не развітваліся з агнестрэльнай зброяй. У большасці канфліктаў у свеце ўдзельнічалі так званыя “міратворчыя сілы”, якія былі рэгулярнымі войскамі, часта прагнучымі заваяваць які-небудзь край.
Шмат гаворыцца пра мір, але жорсткая праўда заключаецца ў тым, што вайна нясе з сабою велізарныя прыбыткі, “бо дзе плыве кроў, там плывуць і грошы”.
З аднаго боку маем краіны ўбогія, бедныя, дзе паміраюць з голаду дзеці, а з другога – звышдзяржавы, якія штогод трацяць мільярды долараў на ўзбраенне…
Такі спакой нясе сучасны свет.
Хрыстус хоча абдарыць вучняў, а таксама і нас, сваім спакоем. І гэта – дар ад Змёртвыхпаўсталага Хрыста. Спакой, які нівеліруе страх перад (здавалася б, найстрашнейшым!) смерцю. Спакой, які дае ўпэўненасць Яго прысутнасці з намі да сканчэння свету. Спакой, які ўзмацняе нас у хваробе і цярпенні.
Таму гэты спакой, Божы спакой, для нас неабходны.
Спакой у Літургіі
Штогод 1 студзеня, у дзень Урачыстасці Найсвяцейшай Божай Маці, адзначаем Сусветны дзень малітваў аб супакоі ў свеце.
Усе маем свядомасць, што дзень гэты патрэбны і што нашай малітвы замала.
Трэба, аднак, заўважыць, што гэтая просьба паўтараецца штодзённа пры ўсіх алтарах свету:
“Просім Цябе, не зважай на грахі нашыя, але на веру Касцёла Твайго і будзь ласкавы згодна з Тваёй воляй адарыць яго супакоем і еднасцю”.
Якая ж прыгожая малітва, і як часта, аднак, гучыць не пачутая, ні ў кога не вызывае ніякай увагі. Калі на пачатку святой Імшы мы просім у Пана Бога аб прабачэнні грахоў і прызнаёмся ва ўласных слабасцях, б’ючы сябе ў грудзі, то зараз просім, каб Пан не звяртаў на іх увагі… Вельмі мудра. Бо, калі Пан Бог пачне пералічваць нашыя грахі, то будзем мець вельмі дрэнны выгляд. Псальм 130 гаворыць ясна: “Калі захоўваць памяць аб грахах, Пане, Пане, хто ўтрымаецца?”. Так, просім: не зважай на грахі нашыя, але на веру Касцёла Твайго.
Вера Касцёла. Вера Касцёла не павінна быць для мяне апраўданнем, але заахвочваннем да рэфлексіі і паглыблення маёй веры ў Бога. Гэта я – Касцёл!
Затым цэлебрант, звяртаючыся да прысутных, прамаўляе словы: “Супакой Пана няхай заўсёды будзе з вамі!”. Людзі жадаюць яму ўзаемна: “І з духам тваім”. Наступае момант перадачы знаку супакою.
Не азначае гэта, што людзі перадаюць сабе Спакой Хрыстусовы, але тое, што хочуць да яго дарастаць. Перадаём сабе знак дабразычлівасці, знак прабачэння і просьбы аб прабачэнні, бо праз хвіліну будзем прымаць Пана Езуса ў свае сэрцы.
Варта ў гэтым месцы ўспомніць словы з Евангелля паводле св. Мацвея: “Калі прынясеш дар свой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім, а тады прыйдзі і прынясі свой дар” (Мц 5, 23-24).
Невялікі пажытак будзе мець Твая малітва і Святая Камунія, калі ты не ў згодзе з братам, сястрою, з бліжнім. Ідзі і падай руку да згоды! І няма мовы тут пра твае пачуцці і тваю абражаную годнасць.Выразна напісана: “калі брат твой мае нешта супраць цябе…”
Працягваем рукі нават незнаёмым людзям, дабразычліва кажучы: “Pax tecum – “Cупакой вам!”.
Абы гэта не быў толькі пусты жэст, які нічога не значыць. Памятайма, што Бог ведае нашае сэрца. А толькі з сэрцам чыстым, поўным супакою і прабачэння, можам прыняць нашага Збавіцеля.
Марыя – Каралева Супакою
Найбольш вядомы і ясны “Мірны План з Неба” прадставіла Маці Божая з Фацімы.
Вядома, план той не рэалізаваны праз нас і не рэалізаваны да сённяшняга дня.
Сітуацыя, у якой знаходзіўся свет у маі 1917 года, вельмі турбавала Святога Айца. Найстрашнейшая і найбольш знішчальная вайна з усіх, якія былі да той пары, ішла ўжо трэці год. Першая Сусветная была сутыкненнем тэхнікі ХХ ст. і тактыкі – ХIХ ст. На палях бітвы знаходзіліся мільённыя войскі. Большасць сутыкненняў той вайны адбывалася ў акопах, дзе людзі часта гінулі цэлымі сотнямі за тое, каб фронт пасунуўся наперад хоць на некалькі метраў. Упершыню ў такім маштабе былі выкарыстаны баявыя ядавітыя газы, кулямёты, самалёты, падводныя лодкі і была знішчана такая колькасць мірнага насельніцтва.
І ніхто з кіруючых не рэагаваў на заклік Папы, каб пакласці канец таму “самазабойству Еўропы”. Менавіта дзеля гэтага Святы Айцец даручыў верным ва ўсім свеце, каб далучыліся да яго палымяных просьбаў, скіраваных да Маці Божай. 5 мая 1917 года у сваім пастырскім лісце Папа Бэнэдыкт звяртаецца да ўсяго каталіцкага свету: “Прагнем, каб просьбы яе дзяцей, найболей кранутых няшчасцем, былі ўзнесены з жывым даверам, у гэтую страшную гадзіну больш, чым калі-небудзь, да Маці Божай. Да Марыі, якая з’яўляецца Маці Міласэрнасці і, акрамя ласкі, – усемагутнай. Няхай поўная адданасці і любові просьба плыве з кожнага кутка зямлі – з вядомых святыняў і найменьшых каплічак, з палацаў каралеўскіх і рэзідэнцый багатых, з найбяднейшых хат – з кожнага месца, дзе верныя душы знаходзяць укрыцце, – з залітых крывёю раўнінаў і мораў. Няхай тая просьба занясе да Яе поўны болю плач матак і жонак, нэндзу нявінных немаўлят, уздых кожнага велікадушнага сэрца, каб парушыць Яе самую ласкавую ўдумлівасць, якая дае нашаму ўстрашанаму няшчасцем свету супакой, які ўсімі намі моцна пажаданы”.
Адказ не прышлося доўга чакаць. У Фаціме, у тым самым месцы Маці Божая аб’я вілася. Яе пасланне (у вялікім скарачэнні) яснае: штодзённа адмаўляйце Ружанец, і, калі людзі не перастануць абражаць Бога, то хутка пачнецца новая, яшчэ страшнейшая вайна (у 1917 г. у гэта не верылася!!! Аднак…), Расія павінна быць даручана Непакалянаму Сэрцу Марыі – у супрацьлеглым выпадку “распаўсюдзіць свае памылковыя навукі на ўвесь свет, якія вядуць за сабою войны і пераслед Касцёла. Колькі добрых людзей стане мучанікамі. Цярпець вымушаны будзе Святы Айцец. Многія народы будуць знішчаныя”.
Можна б дадаць: “Хто мае вушы, няхай слухае”!
На нашае шчасце, Маці Божая дадала: “Але напрыканцы маё Непакалянае Сэрца затрыумфуе”.
Што можам бачыць у сённяшнім свеце? Трыумф Непакалянага Сэрца Марыі?..
Так моцна патрэбны сёння спакой у сэрцы чалавека, у сем’ях, у свеце. Дактары раяць для заспакаення сучаснага чалавека медытацыю і цішыню. Многія шукаюць яго у практыкаваннях ёгі і іншых дзіўных практыках. Шкода, што таксама і католікі марнуюць на гэта час і грошы, а не могуць знайсці хвіліны на штодзённае адмаўленне часткі Ружанца, аб чым прасіла Каралева Супакою. Тая малітва прыносіць сапраўдны спакой.
Кс. Яцэк ДУБІЦКІ, СМ.
ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИ
Мир
2304
«Уважение и развитие человеческой жизни требуют мира«. Мир – это не только отсутствие войны, и он не ограничивается обеспечением равновесия враждующих сторон. Мир не может быть установлен на земле без сохранения личного достояния людей, без свободного общения между людьми, без уважения к достоинству людей и народов, без постоянного воплощения в жизнь братства. Он есть «спокойствие порядка». Он – дело справедливости и плод любви».
2305
«Мир на земле – образ и плод мира Христа, мессианского «Князя мира» (Ис 9,6). Кровью Креста Своего Он «в Своем собственном теле убил вражду» (Еф 2,16), Он примирил людей с Богом и сделал из Своей Церкви таинство единства человеческого рода и его единения с Богом. «Он есть мир наш» (Еф 2, 14). Он объявляет: «блаженны миротворцы» (Мф 5,9)».