Даволі часта – у казаннях, гаміліях, розных выказваннях – можам пачуць выраз Маці-Касцёл. Мы нават прызвычаіліся да гэтага прыгожага параўнання, яно прыемна ласкае наш слых. Але ці застанаўліваемся над яго сэнсам, практычным значэннем? Паразважаем аб гэтым разам.
У хрысціянскай традыцыі знаходзім шмат вобразаў Касцёла. Усе яны гавораць, што тыя, хто з верай разважае над таямніцай Касцёла, сустракаюцца з рэчаіснасцю, якую цяжка зразумець. У Старым Запавеце Божы народ называецца святым сходам, падобнае параўнанне знаходзім і ў Дзеях Апостальскіх. Параўноўваецца Касцёл і з вінаграднікам. Як вінаградар клапоціцца пра кожную галінку, каб яна прыносіла плод, так і Бог клапоціцца пра свой Касцёл. Таксама вобразам Касцёла з’яўляецца аўчарня. Святы Ян кажа пра Езуса Хрыста Добрага Пастыра, які абараняе кожную авечку са сваёй аўчарні і нават гатовы аддаць жыццё за яе. А святы Павел параўноўвае Касцёл з целам, якое складаецца з розных членаў, а Галавой гэтага цела з’яўляецца сам Хрыстус.
Але ёсць яшчэ адзін вельмі прыгожы вобраз, які ясна паказвае сутнасць Касцёла. Гэта вобраз Маці. Такое параўнанне мы можам знайсці ў айцоў Касцёла. Святы Цыпрыян піша: “Ніхто не можа мець Бога за Айца, калі не мае Касцёл за Маці”. А святы Аўгустын заахвочвае верных: “Любіце Пана, Бога нашага, любіце Яго Касцёл! Яго як Айца, Яго Касцёл як Маці”. Таксама ІІ Ватыканскі Сабор выбраў менавіта гэты вобраз, каб прыблізіць разуменне істоты Касцёла. У дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл “Lumen gentium” зварот Маці-Касцёл ужываецца даволі часта (пар. LG 6.14.15.41.42).
Менавіта над гэтым вобразам Касцёла як Маці я і хацеў бы паразважаць. Прапаную адказаць на два пытанні. Першае больш тэарэтычнае: чаму мы можам назваць Касцёл нашай Маці? І другое: якія ў мяне адносіны з Касцёлам – такія, як з маёй Маці?
Для кожнага чалавека мамай з’яўляецца перш за ўсё жанчына, якая яго нарадзіла. Таму цалкам справядліва называем Касцёл нашай Маці, бо ён нас нараджае праз сакрамэнт хросту да новага жыцця ў веры, якая вядзе нас да жыцця вечнага. Маці не толькі нараджае дзіця, але потым клапоціцца пра яго і корміць. Так і Касцёл няспынна корміць нас Словам Божым і Найсвяцейшым сакрамэнтам і падтрымлівае нашае духоўнае жыццё. Абавязкам маці з’ўляецца таксама адпаведнае выхаванне сваіх дзяцей, яна добра ведае, што важна, каб дзіця добра прайшло праз жыццё. Касцёл таксама няспынна выхоўвае сваіх дзяцей, навучаючы любіць Бога і бліжняга. Фармуе нашае сэрца, розум і волю, каб жыццё нашае было асэнсаваным і мы маглі дасягнуць канчатковай мэты, нашага Збаўлення. Маці ніколі не навучыць дрэннаму, жадае дабра сваім дзецям – тое ж робіць і Касцёл.
Здаецца, на першае пытанне адказалі. Сапраўды, дакладна разважыўшы, можна сцвярджаць, што ёсць усе падставы называць Касцёл Маці. А як з другім? Другое пытанне датычыць непасрэдна кожнага веруючага: якое значэнне гэты вобраз мае для мяне аса-біста і для разумення ролі Касцёла ў маім жыцці? Інакш кажучы, ці я магу сказаць, што адношуся да Касцёла, як да сваёй Маці?
На жаль, з сумам трэба прызнаць, што многія з тых, хто называе сябе хрысціянамі і католікамі, мякка кажучы, не маюць такіх чулых пачуццяў да Касцёла. Больш за тое, дазваляюць сабе даволі рэзкія выказванні, у якіх часта гучаць розныя абвінавачванні ў яго адрас. Сярод найбольш “папулярных” выказванняў можна пачуць сумненні ў неабходнасці Касцёла, бо “можна ж і без яго дапамогі звяртацца да Бога, а пераконваюць нас у адваротным святары, якія проста хочуць узбагаціцца за наш кошт”. Таксама гучаць абвінавачванні ў несучаснасці і кансерватызме: “Касцёл так моцна адстае ад гэтага цудоўнага часу, у якім мы жывём. Як у 21-м стагоддзі можна верыць у гэтыя пабожныя казкі?”. Пры гэтым крытыкі атрымоўваюць асалоду ад свайго “глыбокага пазнання” жыцця і сваіх магчымасцей. Захапляюцца “свабодай”, якую адбіраў у іх Касцёл, і расказваюць, якія яны шчаслівыя, што змаглі ад яго «вызваліцца».
Усе гэтыя абвінавачванні разбіваюцца, калі сустракаеш чалавека, які страшна пакутуе ад страты веры і адыходу ад Касцёла, які адчувае самотнасць ад таго, што не можа быць у супольнасці веруючых людзей, прымаць сакрамэнты і слухаць Божае Слова. Але трэба прызнаць, што пад уплывам абвінавачванняў некаторыя ўсё ж пачынаюць сумнявацца і адыхо-дзяць ад Касцёла. Хочацца спытаць: у каго ці ў што гэтыя людзі верылі? Хіба слабая была іх вера, калі беспадстаўныя абвінавачванні ці фальшывыя тэорыі на тэму Касцёла прымусілі іх засумнявацца. Святы Ян Павел ІІ перасцерагаў, што “не”, сказанае Касцёлу, – гэта таксама “не”, сказанае Хрысту. А падчас аднаго з казанняў Папа Францішак сказаў: “Няма хрысціяніна без Касцёла, хрысціяніна, які ідзе адзін”. Аднак шмат людзей лічаць сябе самадастатковымі, з усім могуць справіцца самі. Усё гэта доўжыцца да моманту, пакуль яны не сустрэнуцца з сітуацыяй, якую не могуць вырашыць, напрыклад, цяжкая хвароба. У той час прыгадваюць сабе, што ёсць Касцёл. «Можа пайсці, памаліцца за хворага, ці папрасіць аб Святой Імшы ў яго інтэнцыі?». І тады раптам Касцёл становіцца патрэбным. Такія адносіны да Касцёла з’яўляюцца адлюстраваннем адносінаў “спажывец – вытворца” ці “кліент – супермаркет”.
А якія ж пачуцці павінен адчуваць чалавек, які сапраўды бачыць у Касцёле клапатлівую Маці, і якія павінен мець абавязкі перад ім?
Перш за ўсё гэта глыбокая ўдзячнасць. Мы ўдзячныя нашым бацькам за дар жыцця, павінны таксама быць удзячнымі Касцёлу за наша нараджэнне для жыцця вечнага ў сакрамэнце хросту. Гэта наш гонар – быць дзецьмі такой Маці, якой з’яўляецца Касцёл. Адчуваць удзячнасць Богу за тое, што паклікаў нас да Касцёла, бо Касцёл корміць нас Яго навукай і асвячае Яго сакрамэнтамі. Перад смерцю св. Тамаш Аквінскі сказаў: “Дзякую Табе, Божа, што я нарадзіўся ў Каталіцкім Касцёле, жыў у ім і вытрываў да канца”.
Пашана і павага. Чацвёртае прыказанне наказвае шанаваць бацьку і маці. Таксама мы павінны адно-сіцца і да Касцёла. Цяжка спаткаць чалавека, які адкрыта выступае з крытыкай і абвінавачваннямі ў адрас сваёй маці, радуецца, калі выпадае магчымасць выставіць яе у непрыглядным святле, выкарыстоўваючы розныя нагоды. Чаму ж у адносінах да Маці Касцёла гэта лічыцца прымальным?
Паслухмянасць. “А калі і Касцёла не паслухаецца, то няхай ён будзе для цябе як язычнік і мытнік” (Мц 18,17). Касцёл атрымаў ад Езуса абавязак сцерагчы веру, а таксама права перадаваць яе і навучаць. Наш абавязак – слухаць і быць паслухмянымі. Важна таксама пільна сачыць за выказваннямі і настаўленнямі Папы Рымскага і біскупаў. Усе расколы, падзелы, секты пачыналіся з непаслухмянасці Касцёлу.
Любоў. Кожная маці заслугоўвае любові сваіх дзяцей. У Касцёла хапае непрыяцеляў і нават ворагаў, якія хочуць знішчыць яго аўтарытэт. Таму Ён асабліва патрабуе тых, хто будзе любіць яго і праяўляць гэтую любоў у ахвярным служэнні, у гатоўнасці дапамагчы яму ў патрэбах і клопатах і нават абараняць, калі гэта спатрэбіцца. Менавіта дзякуючы такой любові да Касцёла многіх нашых бабуль і дзядуль ён вытрываў у часы пераследу, хоць многія заплацілі за гэта найвышэйшую цану.
Кс. Юрый ВАРАНКО.
Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстоўваліся думкі з кнігі Kosciol katolicki. Ks. Kazimierz Bisztyga T. J., Krakow 1931
ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИ
«Нет спасения вне Церкви»
846
«Как надо понимать это утверждение, часто повторяемое отцами Церкви? Сформулированное позитивно, оно означает, что спасение целиком исходит от Христа-главы через Церковь, Тело Его (…)».
847
«Это утверждение не относится к тем, кто не по своей вине не знает Христа и Его Церковь:
А кто без вины своей не знает Евангелия Христова и Его Церкви, но все же ищет Бога искренним сердцем и под воздействием Его благодати стремится исполнять своими делами Его волю, которую познает благодаря голосу совести, те могут наследовать вечное спасение».
848
«Итак, хотя людей, не по своей вине не знающих Евангелия, Бог может путями, которые Ему одному известны, вести к вере , без которой «Богу угодить невозможно» (Евр 11,6), однако на Церкви лежит обязанность и одновременно священное право проповедовать Евангелие всем людям».