У дзяцінстве, калі мяне прыводзілі да касцёла, я даволі слаба разумеў, што ж насамрэч адбываецца падчас кожнай Эўхарыстыі, а тым больш, падчас Святога Пасхальнага Трыдуума, у Пасхальнай урачыстасці. Але ўжо тады простая і неверагодна глыбокая сімволіка абрадаў, якія там адбываліся, і пачуццё нейкай таямніцы прамаўлялі да сэрца, калі нават розум не быў здольны усяго агарнуць. З часам гэта змянялася – я стаў міністрантам, семінарыстам, дыяканам, святаром. Але нават і на гэтай дарозе быў доўгі перыяд, калі ў тэорыі ўжо вельмі добра разумеў, у чым жа тут справа, дасканала ведаў, як і што павінна адбывацца ў гэтыя дні, і… амаль не перажываў гэтых падзеяў, будучы засяроджаным больш на знешняй падрыхтоўцы і форме. Як ні дзіўна, але толькі тады, калі, будучы святаром, я перажываў Трыдуум у сітуацыі, дзе не меў дачынення да падрыхтоўкі літургіі, я змог адкрыць для сябе сапраўдную прыгажосць таго, што раней толькі адчуваў і “ведаў”. Пішу гэты маленькі прыклад, каб на самым пачатку падкрэсліць, як важныя ўмовы і ўнутранае настаўленне ў перажыванні пасхальнай Таямніцы. А на ўмовы і настаўленне часам можам паўплываць і мы самі. Зрэшты, шмат у гэтым нам дапамагае час Вялікага Посту.
Святы Пасхальны Трыдуум – гэта не толькі тры паслядоўныя дні, якія асаблівым чынам дазваляюць нам перажыць нанова падзеі мукі, смерці і змёртвыхпаўстання Езуcа Хрыста. Для першых хрысціянаў пасхальная ўрачыстасць была адной падзеяй – святкаваннем цэлебрацыі Адкуплення, якое было здзейснена праз смерць і вывышэнне ў змёртвыхпаўстанні Госпада. Першапачаткова гэта было само перажыванне пераходу Хрыста са смерці да жыцця. Трэба падкрэсліць, што Езус, Які “прыйшоў не адмяніць Права, але яго выканаць”, са сваімі вучнямі рыхтуе і святкуе Пасху згодна з усімі прадпісаннямі і традыцыямі габрэйскага народу. І толькі ў працэсе Пасхальнай Вячэры, абапіраючыся на ўсё тое, што было сказана і здзейснена праз гады публічнай дзейнасці Хрыста, Ён надае гэтай урачыстасці абсалютна новае значэнне, не змяняючы пры гэтым яе, але дапаўнаючы, адкрыўшы нанова ў новым святле.
«Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзвяду яе» (пар. Ян 2, 19), – кажа Езус і вось яно здзяйсняецца. Гэта адзіны перыяд у Касцёле, калі час святкавання літургіі з пункту гледжання веры супадае з часам, калі адбываюцца падзеі з жыцця Езуса. Час літургіі, месца святкавання – усё гэта становіцца прасторай Крыжовага шляху. Для хрысціянаў гэта час, калі яны могуць крок за крокам ісці па слядах Езуса.
Літургія Святога Пасхальнага Трыдуума складае адно цэлае, расцягнутае на тры поўныя дні. У нашай традыцыі Трыдуум заключаны ў трох этапах таямніцы адкуплення. Першы этап – прадвесце, або Апошняя вячэра. Імша Вячэры Пана, якая святкуецца вечарам у Вялікі чацвер, пераносіць нас на першую Эўхарыстыю, здзейсненую Хрыстом. Вельмі характэрны для яе абрад абмывання ног, які праводзіцца раз у год. Ён з’явіўся ў літургіі яшчэ ў першыя стагоддзі хрысціянства. Гэты жэст кіруе нас да сутнасці Эўхарыстыі – ахвярнай любові, якая імкнецца да служэння. Як Езус абмыў ногі сваім вучням, так яны пакліканы да такой любові ў адносінах да бліжніх.
Імша Вячэры Пана завяршаецца перанясеннем Найсвяцейшага Сакрамэнту ў «Цямніцу» – спецыяльнае месца адарацыі і малітвы. Перанос Цела Хрыста на асобны алтар разглядаўся як сімвал шляху Езуса і яго вучняў на Аліўную гару, а трыванне пры Найсвяцейшым Сакрамэнце – як трыванне пры Хрысце ў ноч перад Мукай. Усё стварэнне нібы затрымлівае дыханне, замаўкаюць званы ў святынях. Пасля завяршэння літургіі адбываецца так званае агаленне алтара.
Другім этапам становяцца падзеі пятніцы – Мукі Госпада, якая завяршаецца смерцю на крыжы. Паводле старажытнай традыцыі, у Вялікую Пятніцу Эўхарыстыя не цэлебруецца. Літургія Мукі Пана павінна быць здзейсненая ў другой палове дня, каля 15 гадзіны. Чырвоны колер шатаў – гэта не толькі колер пакуты, але і каралеўскі пурпур. Бо Хрыстус аб’яўляецца як Госпад, які валадарыць з Дрэва Крыжа. У гэты дзень чытаецца апісанне мукі Хрыста, паводле Святога Яна.
Літургія пачынаецца з ўваходу працэсіі ў поўнай цішыні. Алтар аголены – без абруса, крыжа і свечак. Святар кладзецца крыжам перад алтаром, а ўсе прысутныя схіляюць калені. Гэты жэст прастрацыі ў цішыні прамаўляе больш за многія словы. Пасля, без усялякай прадмовы пачынаецца малітва, за якой ідуць чытанні і апісанне Мукі Госпада.
Характэрнай для літургіі Вялікай пятніцы з’яўляецца ўрачыстая малітва верных, якая складаецца з дзесяці заклікаў і якую па чарзе спяваюць дыякан і святар.
Адным з найважнейшых элементаў Літургіі Мукі Пана з’яўляецца адарацыя Крыжа. Паходжанне гэтага абраду ўзыходзіць да IV стагоддзя, калі імператрыца Алена адшукала рэліквіі Святога Крыжа. Вернікі прыходзілі аддаць пашану дрэву Крыжа.
Трэці этап – супакой у магіле і ўваскрасенне. Сімвал запаленай свечкі пачынае Пасхальную літургію – у цёмную святыню ўносіцца запалены Пасхал. Пасля асвячэння агню Пасхал ўпрыгожваюць знакам крыжа, літарамі Альфа і Амега і лічбамі бягучага года, а таксама пяццю сімвалічнымі цвікамі.
Упрыгожаны і асветлены Пасхал працэсія ўносіць у ахінутую цемрай святыню, святар тройчы спявае «святло Хрыстова», ад Пасхалу запальваецца ўсё больш свечак, і святыня напаўняецца святлом уся.
Затым спяваецца велікодны спеў Exsultet – абвяшчэнне Пасхі. Распачынаецца разбудаваная Літургія Слова, якая складаецца з дзевяці чытанняў – сем са Старога Запавету і два з Новага. У іх паступова раскрываецца Гісторыя Збаўлення і дзеянне Бога ў ёй, што знаходзіць сваю поўню ў Евангеллі Ўваскрасення. Слова Божае чытаецца «ў святле Пасхала» – Хрыстос становіцца яго самым поўным адкрыццём і рэалізацыяй. Пасля апошняга чытання са Старога Запавету спяваецца, пры гуку званоў, аргана і іншых інструментаў гімн «Хвала на вышынях Богу». Тады ж запальваюцца алтарныя свечкі, спяваецца «Аллелюя».
Пасля наступае літургія Хросту. Амаль з самага пачатку ў ноч Уваскрасення Хрыста здзяйсняўся Святы Хрост. Гэтая Ноч па-ранейшаму з’яўляецца найбольш прыдатным часам для хросту дарослых, якія звычайна таксама прымаюць першую Святую Камунію і атрымліваюць Сакрамэнт Канфірмацыі.
Пасля літаніі да ўсіх святых, праз старадаўнюю малітву, падчас якой у ваду апускаецца Пасхал, асвячаецца вада. Усе прысутныя аднаўляюць свае абяцанні са святога Хросту – з запаленымі свечкамі ў руках яны выракаюцца сатаны і вызнаюць веру, а затым, на ўспамін хросту, наступае акрапленне толькі што асвечанай вадой. Пасля малітвы верных падрыхтоўкай дароў пачынаецца чацвёртая частка – Эўхарыстычная Літургія.
Такім чынам адбываецца ў нашай традыцыі Святы Пасхальны Трыдуум, асобны перыяд, падзея ў літургічным годзе. І вельмі важным у гэтым ёсць перажыванне разам з Езусам падзеяў, да якіх адносяць нас сімвалы і знакі абрадаў гэтых дзён. Праз гэтыя падзеі Езус здзейсніў нашае Адкупленне. Калі і мы, урэшце, зразумеем глыбіню гэтых падзей, то жыццё, напэўна, атрымае новае святло і новы сэнс.
бр. Андрэй БАГДАНОВІЧ, OFMCap
ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИ
Пасхальное Триденствие
1168
«Начиная с Пасхального Триденствия как с источника света, новое время Воскресения наполняет весь литургический год своим сиянием. Приближаясь и с той и другой стороны к этому источнику, год преображается литургией. Он действительно – «лето Господне благоприятное». Домостроительство спасения происходит в рамках времени, но после совершения его в Пасхе Христа и излияния Святого Духа конец истории предвосхищен в «предвкушении», и Царство Божие входит в наше время».
1169
«Поэтому Пасха не просто один из праздников: она «Праздник праздников», «Торжество торжеств», как Евхаристия есть таинство таинств (Великое таинство). Св. Афанасий называет Пасху «Великим Воскресеньем», как Святая неделя называется на Востоке Великой неделей (…)».